Якуб Лапатка
Часта , як аргумент аб непаўнавартасьці беларускай мовы прыводзяць довад, што няма па-беларуску ні Дон Кіхота ні Роланда, ні тэрміналогіі. Мушу сказаць, што была ў нас выдатная серыя ”Бібліятэка замежнай прозы”, дзе друкаваліся і французскія, і нямецкія, і англійскія пісьменьнікі ў перакладзе таленавітых перакладчакаў накшталт таго ж Л.Баршчэўскага ці З. Коласа. Была і серыя скарбаў сусьветнай літаратуры, але ў парадку барацьбы з мовай, усё было зьліквідавана. А пераклады паэзіі такіх -- не пабаюся таго слова --геніяльных перакладчыкаў як Васіль Сёмуха ці Рыгор Барадулін? Самы глухі той, хто не хоча пачуць.
Яшчэ болей часта кажуць пра адсутнасьць навуковай ды іншай тэрміналогіі, і ў тым вышукваюць ”недаразьвітасьць” мовы. Я скончыў школу болей за 60 год таму. І скончыў беларускую вясковую школу, дзе руская мова і літаратура выкладаліся як прадмет. А ўсё астатняе мы вучылі па-беларуску: і фізіку Пёрышкіна, Фалеева, Краўкліса, і алгебру зь геаметрыяй Кісялёва, і хімію,-- прабачце, не памятаю аўтараў – і ўсё астатняе. І куды ж падзелася тая тэрміналогія? І спасылаюцца на сусьветныя прыклады. А гэта ўжо, скажам так, паталагічная недасьведчанасьць. Фінская мова стала раўнапраўнай і правадзейнай мовай толькі ў 1863 годзе па так званаму ”моўнаму ўказу” Аляксандра ІІ, за што дагэтуль яму стаіць помнік на Сенацкай плошчы ў Хельсінках. А да той пары, нягледзячы на ”Калевалу”, мова гэтая лічылася мужыцкай мовай, мовай быдла, мовай непрыдатнай ні да чаго. І довады былі такія ж: няма шэдэўраў, няма тэрміналогіі і зноўку ўсё тое самае, што зараз кажуць пра беларускую мову. Але тэрміналогія – рэч нажыўная. Зараз у фінаў ёсьць свая тэрміналогія з апорай на рэсурсы менавіта фінскай мовы, міжнародная тэрміналогія толькі што пранікае да фінаў, але тут жа адаптуецца пад законы вымаўленьня, правапісу ды граматыкі. Тое ж самае і чэхі, якія за кароткі час стварылі сваю тэрміналогію. Пра немцаў і казаць не даводзіцца: там нават няма слова ”тэлевізар”, як такога, а ёсьць ”даляглядзец” – Fernseher.
Кожны год 28 лютага фіны адзначаюць дзень “Калевалы”, бо гэтым днём у 1835 годзе першае выданьне эпаса паступіла ў друкарню. Яго аддаў туды Эліас Лёнрут (Тут патрабуецца тлумачэньне: Lönnrot – гэта шведзкае прозьвішча і чытаецца менавіта Лёнрут, у адрозьненьне ад рускага Лёнрот. Па-беларуску та ды б мусіла быць Лёнрат, але гэта задалёка ад сапраўднага гучаньня, а транслітэрацыя перакруціць яго зусім). Наклад кнігі быў невялікі – недзе 500 асобнікаў. Гэта была скарочаная версія эпасу-- 12 078 радкоў. Канчатковая версія “Калевалы” з’явілася ў 1849 годзе і складалася з 22 795 радкоў. Гэта была інфармацыйна-літаратурная бомба. Нямы народ раптам загаварыў мовай высокай паэзіі! І загаварыў ён дзякуючы нястомнай працы зьбіральніка народных рунаў-сьпеваў Эліасу Лёнруту (09.04.1802--19.03.1884). Ён нарадзіўся ў сям’і вясковага краўца. Сям’я – як гэта можна заўважыць па прозьвішчу—была шведзкамоўнай. (Але парадокс адраджэньня фінскай мовы і заключаецца ў тым, што галоўнымі адраджэнцамі былі фінскія шведы: Рунеберг, Тапеліус, Партан ды іншыя. У адрозьненьне ад рускіх, якія жывуць на Беларусі, яны выступалі за роўнасьць моваў, валодалі як шведзкай, так і фінскай мовамі.)
Здольны хлопец змог паступіць ва ўніверсітэт у горадзе Турку, дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па фінскаму фальклору, а пасьля сканчэньня ўніверсітэта ў Хельсінках стаў лекарам. Але яго вабіла філалогія, і ў прыватнасьці фальклор. Ён пачаў зьбіраць народныя сьпевы, руны ды галашэньні яшчэ ў студэнцкую пару, вандруючы па Фінляндыі, рускай Карэліі ды Інгерманландыі (сучасная Ленінградзкая вобласьць). Усяго ён зрабіў 11 вандровак, пад час якіх і сабраў матэрыялы для “Калевалы”. Практычна гэта былі сюжэтна не зьвязаныя руны аб подзьвігах Вяйнямёйнена ды іншых фальклорных герояў. Лёнрут апрацаваў запісаныя сьпевы, надаў ім сюжэтную стройнасьць і фактычна стварыў “Калевалу”.
Практычна адразу ж з’явіліся пераклады на іншыя мовы. Першы вершаваны пераклад калевальскім памерам быў зроблены на шведзкую мову ў 1850 годзе. Рускі класічны пераклад Лявона Бельскага з’явіўся ў 1888 годзе. Украінскі пераклад Яўгена Цімчанкі – у 1901 годзе. Наш, беларускі, крыху-- на 170 год -- прыпазьніўся, але гэта прамы пераклад з фінскай мовы, у той час калі і Бельскі, і Цімчанка карысталіся мовамі пасярэдніцамі: лацінай, французскай, нямецкай, рускай. Усяго ”Калевала” перакладзена прыкладна на 150 моваў сьвету.
Калі героямі славутых эпасаў аб Роландзе, Нібелунгах, рыцарах караля Артура і г.д. з’яўляюцца каралі, герцагі, высакародныя рыцары ды паненкі, то дзейныя асобы ”Калевалы” – гэта звычайны вясковы люд. І не дзіва, бо гэтыя руны сьпяваліся не пры дварах магутных валадароў ды высакародных арыстакратаў, а ў цесных хацінах карэлаў ды фінаў, пры сьвятле лучын ды каганцоў.
Давайце кінем позірк на герояў Калевалы.
Вяйнямёйнен – мудрэц, рунапеўца, заклінальнік і чараўнік. Адначасова ён паказваецца і не зь лепшага боку. Нібы паўлін, стары грыб распускае хвост перад дзяўчынай і кідаецца выконваць ейныя дурныя пажаданьні, з-за чаго трапляе ў бяду і ледзь не сыходзіць крывёю. А яго ж папярэджвалі: не глядзі ты на тую дзеўку – трапіш у бяду! Куды там! А потым зноў жа з-за ягонай упэненасьці, што ўсе дзеўкі яго любяць, гіне няшчасная Айна. І малы хлопчык, якому Вяйнямёйнен патрабуе разьбіць галаву ды кінуць у балота, у апошняй, 50-й, руне кажа яму аб тым:
Леммінкяйнен – гэта нахабны хвалько, задзірака і бабнік. Незапрошаны ён з’яўляецца на сьвята, пачынае бойку і .. атрымлівае на поўніцу. Толькі маці сваёй любоўю выцягнула яго зь пекла Туанелы. Хаця яго таксама прасілі не лезьці куды не сьлед. Ён злуецца, што жонка схадзіла на вёску і там крыху павесялілася з другімі жанчынамі. А сам ён у той час басьцяўся нямаведама дзе.
Ілмарынен. Каваль-майстра, лепш за якога няма на сьвеце. І адначасова – баязьлівец. У цяжкі момант замест таго, каб сьмела біцца, ён галосіць, што дарэмна згадзіўся паехаць на гэтай лодцы ў паход.
Ды і сам паход у Пох’ялу па Сампа нагадвае звычайны рэкет. Ілмарынен скаваў гэтае Сампа для гаспадыні Пох’ялы, Лоўхі, ў якасьці калыма за дзеўку. Яму чэсна аддалі дзяўчыну ў жонкі. І ўсё, квіты. Не, героі сабраліся і падаліся адбіраць чароўны млын. А зь якіх такіх жалудоў Лоўхі павінна была зь імі дзяліцца? Яна ж разьлічылася з кавалём. Не, -- настойваюць героі, -- давай дзяліцца, а то забярэм усё. У выніку-- нікому нічога, Сампа разьбіваецца і патанае ў моры.
Жонка Ілмарырнена – дачка Лоўхі. Тыпова -паганая вясковая кабета. Ні за што зьдзеквалася з сіраты Куллерва, падсунула хлопцу камень замест хлеба на полудзень, вось і атрымала ў адказ: той нацкаваў на яе мядзьведзя.
Ёўкахайнен. Хвалько, балбатун і зайздросьнік. Яму не дае спакою слава Вяйнямёйнена. А потым, каб уратавацца ён абяцае аддаць сваю сястру ў жонкі старому рунапеўцу. А той і рады. А на справе дзеўка ўтапілася, каб толькі не ісьці замуж за дзеда. Але Ёўкахайнен—як, дарэчы, і Вяйнямёйнен – сябе вінаватым не лічыць. Ён помсьціць Вяйнямёйнену, хаця маці ўгаворвае чго не рабіць гэтага.
Вось вам шэраг тыповых вясковых жыхароў. На мой погляд яны болей зразумелыя людзям паспалітым, чым Роланд з кампаніяй. І гэтыя чыста чалавечыя рысы ніякім чынам не зьмяньшаюць эпічнай велічы смужыцкіх герояў. Нягледзячы на ўсё, яны патрыёты сваёй Калевы, і любоў да радзімы і свайго народу яны даказваюць сваімі незвычайнымі гераічнымі зьдзяйсьненьнямі. Але прытым застаюцца людзьмі сярод людзей.
Я сам вырас у вёсцы, жыў вясковым жыцьцём, і да 16 гадоў іншага і не ведаў. Таму, напэўна, мне было, не скажу лёгка, але болей зразумела вясковая канва эпасу. Апрача таго, там маюцца дэталі, якія проста невядомыя сучаснаму перакладчыку, жыхару горада. Хто з маладых скажа, што такое супонь або гужы? Якая розьніца паміж сядлом і сядзёлкай? Я не сьцьвярджаю, што гэта добра ці дрэнна. Так яно ёсьць, і нічога не памяняецца ад майго асуджэньня або пахвалы. Проста мне болей вядомае вясковае жыцьцё і вясковая праца, што ў значнай меры аблегчыла мне пераклад.
Не буду апранаць беларускую вышыванку ды абвязваць лоб бел-чырвона-белай стужкай. Гадоў да сарака лёс беларускай мовы не турбаваў мяне. Часам ва ўспамінах людзі пішуць з жалем, болем, з крыўдай і нават з пагардай, што вясковыя хлопцы, трапіўшы ў горад, стараліся пазбыцца вясковага вымаўленьня, цураліся ўсяго беларускага і не падтрымлівалі ”змагароў”. Таму ёсьць разумнае тлумачэньне. Пакуль нашыя гарадзкія аднагодкі слухалі джаз, ды гулялі ў валасатую Фронду, нам вясковым мальцам, было не да таго. Вясковае жыцьцё ў тыя часы – гэта практычна жыцьцё пры натуральнай гаспадарцы. У краме бралі галоўным чынам газу для лямпаў, цукар, соль. Верхам радасьці была скамянелая на складзе пячэніна (Я, дарэчы, быў бязьмежна зьдзіўлены, што ёсьць мяккае пячэньне, калі ўпершыню трапіў у Полацак.) А такое жыцьцё вымагала цяжкой бясконцай працы. І мы ад шасьці гадоў уключаліся ў , так бы мовіць, вытворчы працэс: пасьвілі кароў, даглядалі коней, вучыліся хадзіць за плугам, касіць, запашвалі дровы на зіму. А гэта зусім не тое, што паездка ”на бульбу”, калі адрацаваўшы шэсьць гадзін у полі, гарадзкія падлеткі пад ”струнный звон” сьпявалі аб сваёй цяжкой долі і аб тым, як мужна яны перажываюць адсутнасьць унітазаў.
І зьвязана такое жыцьцё для нас было менавіта зь вёскай, зь беларускай мовай, з надсьмешкамі гарадзкіх валуёў над нашым вымаўленьнем.
Шаснаццацігадовым падлеткам я прыйшоў на будаўніцтва Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу. Вядома ж, чорнарабочым. Але сялянскае жыцьцё прывучыла мяне да цяжкой працы, а вось тое, што пасьля шасьці гадзін працы на будоўлі я быў вольны, і родная будоўля да заўтрашніх васьмі гадзін магла праваліцца скрозь зямлю – гэта было нязвычна. Можна было чытаць, вучыцца, бегаць за дзеўкамі – каму што падабалася, а падабалася ўсё.
Я не цікавіўся станам беларускай мовы, хаця чытаў і Караткевіча, і Быкава, і Барадуліна, карацей, не грэбаваў мовай і лічыў, што ўсё тут у парадку, мы квітнеем пад сонцам сацыялістычнай радзімы. Маё пераўтварэньнё з Саўлы ў Паўлу ў васьмідзесятых гадах мінулага стагоддзя арганізавалі два чалавекі: Уладзімір Арлоў і Сяргей Сокалаў-Воюш. Арлоў тады ачольваў ім жа створанае літаратурнае аб'яднанне «Крыніцы», а Сяргей (тады яшчэ проста Сокалаў) працаваў са мной у адной школе. Не ведаю, хто быў болей зьдзіўлены – Сяргей, калі ў адказ на сваю беларускую гаворку пачуў ад мяне беларускую мову, ці я, калі пачуў беларускую гаворку ад Сяргея. У «Крыніцах» рэй вялі беларускамоўныя творцы: У. Арлоў, С. Сокалаў-Воюш, І. Жарнасек, В. Мудроў ды шмат іншых добрых дзяўчат і хлопцаў, адданых роднай мове і справе яе адраджэньня на Беларусі. Па няздольнасьці маёй да прыгожага пісьменства хлопцы ськіравалі мяне на пераклады. Па дыплому Мінскага інстытута замежных моваў я -- ”іспанец” і ”англічанін”. Апрача таго займаўся рознымі іншымі мовамі: французкай, нямецкай, балгарскай ды яшчэ некалькімі. Вось я ўзяўся перакладаць. Але мая перакладчыская манаполія цягнулася нядоўга. У хуткім часе на ”Крыніцы” завітаў малады выкладчык Наваполацкага палітэхнічнага інстытута Лявон Баршчэўскі. Ягоная незвычайна шырокая эрудыцыя, добразычлівасьць і старасьвецкая ветлівасьць прыйшліся нам вельмі да спадобы. І, вядома ж, мы зь ім пасябравалі, дый як не пасябраваць двум перакладчыкам, двум выпускнікам Мінскага ін’язу? Зь ягонай падачы я і ўзяўся за фінскую мову. Аргументы на яе карысьць былі простыя, як граблі: ”іспанцаў”, ”немцаў” ды іншых ”еўрапейцаў” і безь цябе замнога. А вось ”фінаў” практычна няма. На жаль я і дагэтуль застаюся адзіным беларускім перакладчыкам з фінскай мовы.
У той час якраз пачынаўся ўздым—на жаль вельмі кароткачасовы—беларускага мастацкага перакладу. Выходзілі ”Далягляды” і ”Братэрства”, ”Ветразь” – штогоднікі замежнай літаратуры і літаратуры народаў СССР, выходзіла ”Бібліятэка замежнай прозы”, бібліятэчка ”Паэзія народаў сьвету”, арганізоўвалася бібліятэка ”Скарбаў сусьветнай літаратуры”. І трэба зазначыць, што якасьць перакладаў была на вельмі высокім узроўні, бо надзейным фільтрам ад халтуры быў геніяльны беларускі перакладчык Васіль Сёмуха, які працаваў тады ў рэдакцыі замежнай літаратуры выдавецтава”Мастацкая літаратура”. Я дагэтуль удзячны яму за тыя даволі рэзкія заўвагі ў мой адрас, якія ён рабіў пры рэдагаваньні маіх перакладаў.
На зьдзіў, такія зубры перакладу як Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін, Карлас Шэрман не чынілі перашкодаў нам, правінцыйным пачаткоўцам, наадварот. Зь лёгкай рукі Рыгора Барадудліна я некалькі разоў езьдзіў у камандзіроўкі ў Карэлію, хаця і не быў сябрам беларускага Саюзу пісьменьнікаў.
Тады я і пачаў прыглядацца да ”Калевалы”. Але шчасьлівы зьбег абставін не даў мне ўзяцца за яе дваццаць гадоў таму. Тады я пераклаў адну руну, і зараз бачу які гэта быў слабы, недарэчны, пераклад. Нават сваю першую кнігу, якую я пераклаў у супольнасьці з У. Арловым, зараз я перакладаў бы зусім іначай. Нездарма Карлас Шэрман даў нам зь Лявонам Баршчэўскім даслоўна такую параду: ”Хлоцы, зрабіце пераклад і пакладзіце яго на поўгода пад сраку. А потым перачытайце і самі ўбачыце ўсе свае хібы.”
З тае пары я выдаў сем кніг фінскіх аўтараў, браўся і пераклаў дванаццаць разьдзелаў Дона Кіхота і яшчэ шмат чаго, а ”Калевала” сядзела ў маёй сьвядомасьці, як цьвік у боце. Я падступаўся да яе і зноў адыходзіў зьняможаны, але паціху нешта пачало атрымлівацца. Праца з Калевалай заняла ў мяне два з паловай гады.
Часам мяне абвінавачваюць у вульгарным падыходзе да шэдэўра, у прыземленасьці майго погляду на высокую паэзію. Але маё ўспрыяцьце дзейных асобаў эпасу ніякім чынам не прыніжае яго паэтычнасьці. На маю думку, менавіта гэтая будзённасьць герояў і з'явілася залогам посьпеху "Калевалы". Перад літаратурным сьветам Яўропы замест -- як я ўжо казаў -- рамантычных рыцараў ды "юнакоў бледных з палаючым зіркам" паўсталі звычайныя вясковыя мужчыны ды жанчыны. Яны не рыцары без страху і заганы, яны звычайныя вяскоўцы-лесавікі. Гэта было адным шокам для літаратурнага сьвету. Другі -- гэта тое, што такіх вось простых мужыкоў аказваецца можна ўзвысіць да самых вяршынь паэзіі. Дзівосны "калевальскі" памер вершаў, ягоная нязвыклая рытміка, багацьце мовы і літаратурных тропаў таксама было нечаканасьцю. Асабліва тое, што гэтая паэтычная дасканаласьць нарадзілася не ў вялікіх сталіцах, не ў заканадаўчых цэнтрах літаратурнай моды, а недзе ў дзікіх лясах "змрочнай Гіпэрбарэі", дзе ніхто і ня чуў ні пра ямбы, ні пра законы вершаскладаньня. Вось гэтая будзённасьць герояў у спалучэньні з нябачанымі паэтычнымі сродкамі і ставіць "Калевалу" ў адзін шэраг з самымі выбітнымі паэтычнымі творамі сьвету. Куды, дарэчы, я адношу і нашу "Новую зямлю" Якуба Коласа. Нягледзячы на розьніцу ў месцы і часе ўзьнікненьня, "Калевала" і "Новая зямля" -- роднасныя творы. Менавіта таму, што паўсядзённае жыцьцё людзей паказваецца ва ўсёй сваёй прыгажосьці і моцы. А што можа быць прыгажэй за жыцьцё?