Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ДРУГАЯ

Вяйнямёйнен выходзіць на сушу, дзе няма ніводнага дрэўца і пасылае малога Сампсу Пеллервойнена засеяць зямлю дрэвамі (1 – 42). Дрэвы вырастаюць, не прарастае толькі дуб, але пасеяны зноўку разрастаецца так, што кронаю засланяе сонца і месяц (43 – 110). Маленькі чалавек выходзіць з мора і сьсякае дуб, сонца і месяц відаць зноў (111 – 224). На дрэвах пяюць птушкі, на зямлі вырастаюць травы, кветкі ды ягады, не расьце толькі ячмень (225 – 236). Вяйнямёйнен знаходзіць на беразе некалькі зярнят ячменя, высякае лес і пакідае толькі адну бярэзіну для птушак (237 – 264). У падзяку за гэта арол высякае для Вяйнямёйнена агонь, каб той мог выпаліць ляда (265 – 286). Вяйнямёйнен засявае ячмень і ўзносіць модлы, каб ячмень даў добрыя парасткі, а зямля заўсёды была урадлівай (287 – 378).

Вось падняўся Вяйнямёйнен,
стаў нагамі на ўзьбярэжжа
выспы сярод хваляў бурных,
выспы змрочнай і бязьлеснай.
Шмат гадоў так праляцела,
і герой жыў год за годам,
там на выспе сярод мора,
выспе змрочнай і бязьлеснай.
Думае герой, мяркуе
доўга галаву ламае:
хто ж яму засее землі
ды насеньне ў глебу кіне?
Пеллервойнен, сын паляны,
Сампса, хлопчык-недаростак,
ён засее яму землі
ды насеньне ў глебу кіне!
Засявае ён старанна
і пагоркі, і балоты
ды адкрытыя паляны,
камяністыя лагчыны.
Па гарах ён сосны сеяў,
елкі сеяў на пагорках,
верасы -- на сухадолах,
парасьнікі -- па нізінах.
Беразьняк у далінах сеяў
ды алешнік у мяккай глебе,
а чаромху – у вільготнай,
вербы сеяў у нізкім месцы,
у сьвятых месцах – рабіны,
у глебу пульхную – ракіты,
а ядловец – у цьвёрдай глебе,
а дубровы каля рэчак.
Сталі дрэвы падымацца,
парасткі пагналі ўгору.
Запярэсьціліся елкі,
весела ўзбуялі сосны
і бярэзіны ў далінах,
ды алешнік у глебе мяккай,
і чаромха заквітнела,
і ядловец з глебы ўзьняўся.
Плод чароўны ў ядлоўца
квет чаромухі -- цудоўны.
Векамудры Вяйнямёйнен
вырашыў зямлю агледзець,
паглядзець пасевы Сампсы,
Пеллервойнена работу.
Бачыць: дрэвы ўзняліся,
усе парасткі ўсквітнелі,
толькі дуб яшчэ не вырас,
не ўзыйшло сьвятое дрэва.
Неслуха ён так пакінуў,
хай расьце на сваё шчасьце;
пачакаў яшчэ тры ночы
і тры дні яшчэ марудзіў,
потым зноў пайшоў пабачыць,
тыдзень цэлы прачакаўшы:
толькі дуб яшчэ не вырас,
не ўзыйшло сьвятое дрэва.
Чатырох дзяўчат убачыў,
выйшлі пяць нявест на бераг.
На лугу траву касілі,
травы росныя зразалі,
на смугой пакрытым мысе,
на туманнай дальняй выспе;
Што накосяць – пазграбаюць,
пазьбіраюць для прасушкі.
Тут на бераг выйшаў Турсас,
муж з марскіх узьняўся хваляў,
сена ў полымя ён кінуў,
у агонь прагны, ненажэрны
і пусьціў на попел сена
ды на дым траву сухую.
Засталася толькі кучка
попелу з сухога сена.
Ён паклаў у попел лісьцік
разам з жолудам дубовым
і зь яго дубочак вырас,
зялёны расток узьняўся,
дзіўнаю паўстаў суніцай,
узбуяў ды раздваіўся.
Шырока гальлё раськінуў,
густа распусьціў лістоту,
верхавіну ўзьнёс да неба,
увесь сьвет накрыў сукамі,
хмарам не дае праходу,
плыць аблокам замінае,
засланяе ў небе сонца,
месяц ясны закрывае.
Вось тут мудры Вяйнямёйнен
пачаў меркаваць ды думаць:
хто ж паваліць дуб магутны,
хто сьсячэ гэтае дрэва?
Цяжка й сумна чалавеку,
рыбам у вадзе журботна,
калі сонца днём не сьвеціць,
месяц ноч не асьвятляе.
Ды няма на сьвеце мужа,
на зямлі няма асілка,
хто зваліў бы дуб магутны,
паваліў бы сто вяршыняў.
Тады мудры Вяйнямёйнен
словы гэткія прамовіў:
“Каві, родная матуля,
слаўная дачка прыроды!
Ты прышлі з вады мне сілу,
бо ў вадзе людзей нямала,
хто зваліў бы дуб магутны,
паваліў бы злое дрэва,
што закрыла сонца ў небе,
засланіла месяц ясны.”
Тут паўстаў з вады мужчына,
тут герой падняўся з хваляў;
ён не быў надта вялікі
і не надта быў маленькі:
ростам быў з мужчынскі палец,
не вышэй жаночай пядзі.
Быў той муж у меднай шапцы,
у боты медныя абуты ,
рукі – у медных рукавіцах,
рукавіцы ў медных знаках,
меднай дзягай апярэзан,
на баку – сякера зь медзі,
тапарышча было з палец,
а сама сякера -- з ногаць.
Векамудры Вяйнямёйнен
паглядзеў ды падзівіўся:
з выгляду нібы й мужчына,
выглядае, як асілак,
вышынёю толькі з палец,
ростам з капыток валовы.
Ён сказаў такія словы,
словы гэткія прамовіў:
“Што ж за чалавек ты, хлопец,
што ты будзеш за асілак?
Ненашмат за сьмерць прывабней,
ад нябогі прыгажэйшы!”
Адказаў мужчына з мора,
з хвалі так герой прамовіў:
“Я і сапраўды асілак,
муж малы з марскога роду.
Я прышоў твой дуб падсекчы,
дрэва крохкае парушыць”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Мабыць не зусім прыдатна
скроены дзеля таго ты,
каб вялікі дуб падсекчы,
дрэва страшнае парушыць.”
Толькі ён прамовіў гэта,
пазірнуў яшчэ разочак,
бачыць – муж пераўтварыўся,
новым стаў -- сапраўдны волат!
Ногі ўпёрліся ў скалы,
галава кранае хмары,
барада вісіць па пояс,
валасы да пятак зьвісьлі,
сажань цэлы між вачыма,
сажань шырынёй калошы,
паўтары -- каля каленяў,
цэлых два -- на паясьніцы.
Ён сякеру дбайна точыць,
ён лязо рупліва вострыць,
на шасьці брусочках цьвёрдых,
на сямі тачылах з крэмня.
Вось пакрочыў ён наперад
лёгкаю хадою пругкай,
разьвіваюцца калошы
ў штанах яго шырокіх.
Зь першым крокам апынуўся
на пясчанай мяккай глебе,
потым ён нагу паставіў
на карычневую глебу,
з трэцім і апошнім крокам
стаў ля вогненнага дуба.
Ён ударыў дуб сякерай,
секануў лязом ён вострым,
раз ударыў, два ударыў,
вось і трэці замахнуўся,
іскры сыплюцца з сякеры,
з дуба полымя шугае,
вось гатовы дуб сьхіліцца,
гнецца чортава ракіта.
І ад трэцяга ўдара
дуб магутны паваліўся,
на зямлю ракіта ўпала,
і апалі сто вяршыняў.
Дуб камлём на ўсход зваліўся,
а на захад лёг вяршыняй,
поўдзень закідаў лістотай,
а гальлё пакрыла поўнач.
Хто падняў галінку дуба,
той набыў навекі шчасьце,
хто узяў сабе вяршыню,
стаў навечна чарадзеем,
хто сабе адрэзаў лісьця,
атрымаў любоў навекі.
Трэскі, што ляцелі з дуба,
ды малыя ашкамёлкі
на хрыбты марскія ўпалі,
на бязьмежныя абшары,
вецер іх люляў на хвалях,
крутабокія гайдалі,
на хрыбтах марскіх, як лодкі,
караблі ў бурным моры.
Трэскі ў Пох’ёлу прыгнала.
Маладая дзеўка з Пох’і
хусткі ў моры паласкала
ды свае сукенкі мыла
на каменьні ўзьбярэжным,
на краю даўгога мыса.
Трэску ўбачыла на хвалях
ды ў кошык палажыла,
занясла яе дадому,
да сябе ў двор прынесла,
каб зрабіў з той трэскі стрэлы,
чараўнік зрабіў бы зброю.
Як зваліўся дуб вялізны,
як упала злое дрэва,
зноўку сонца засьвяціла,
засьвяціў і срэбны месяц,
паплылі ў небе хмары,
ды сьхілілася вясёлка
над смугой пакрытым мысам,
над туманнай дальняй выспай.
І бары страйней паўсталі,
і лясы вышэй узьняліся,
зашумела лісьце, травы,
птушкі зазьвінелі ў лесе,
радасна дразды сьпявалі,
ды зязюля кукавала.
Ягады павырасталі,
кветак залатых паляны,
травы вырасьлі паўсюдна,
узьніклі розныя расьліны.
А ячмень не прарастае,
няма парасткаў каштоўных.
ВекамудрыВяйнямёйнен
ідзе, крочыць задуменна
ўскрайкам сіняе затокі,
краем сіняга абшару.
Там знаходзіць шэсьць зярнятак,
сем зярнятак падымае
зь берага тае затокі,
зь мяккага пяску марскога.
У кашэль схаваў з куніцы,
ў скурку залатой вавёркі.
Стаў ён засяваць дзяляну,
расьсяваць па полю зерне,
побач з студняй Калевалы,
на краю паляны Осма.
Ды сініца прасьпявала:
“ Не ўзыйдзе ячмень у Осма,
Калевы авёс не ўстане,
не расчышчына там поле,
ды не высечаны лес там,
і не выпалена ляда.”
Векамудры Вяйнямёйнен
зладзіў вострую сякеру,
высек пожаг неабсяжны,
велізарную падсеку.
Высек дрэвы ўсе пад корань,
а бярэзіну пакінуў,
каб маглі садзіцца птушкі,
каб зязюля кукавала.
Прыляцеў арол нябесны,
з самых дальніх даляглядаў
паглядзець такое дзіва:
“Для чаго яе пакінуў,
гэту стройную бярозу,
гонкі ствол яе не зрэзаў?”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Для таго яе пакінуў,
каб маглі садзіцца птушкі,
каб зьлятаў арол нябесны.”
І сказаў арол нябесны:
“ Вельмі добра, што зрабіў так,
што расьці яе пакінуў,
гонкі ствол яе не зрэзаў,
каб адпачывалі птушкі,
каб я сам туды садзіўся.”
Тут арол ударам моцным
высек вогненныя іскры.
Успаліў паўночны вецер,
полымя раздзьмуў усходні,
выпаліў дашчэнту ляда,
спапяліў усё навокал.
Тады стары Вяйнямёйнен
адшукаў тых шэсьць зярнятак,
сем зярнятак у кішэні,
ў сумцы, зробленай з куніцы,
з залатой лапкі вавёркі,
з гарнастая скуркі тонкай.
Стаў ён засяваць дзяляну,
расьсяваць па полю зерне,
кажучы такія словы:
“Сею, расьсяваю зерне,
сыплю я праз пальцы творцы,
ўсемагутнага далоні,
каб расло на гэтай глебе,
каб узыйшло тут, на паляне.
Валадарыня палеткаў
і паляны гаспадыня,
абудзі зямлю да працы
дай ты глебе урадлівасьць,
і не высіліцца глеба,
і ніколі не зьбяднее,
калі ад дачок прыроды
ёй надасца моц і сіла!
Ты, зямелька, абудзіся
ты не сьпі, палетак божы!
Парасткі пусьці павышай,
умацуй сьцяблы у росьце!
Хай уздымуцца адросткі,
каласоў хай безьліч выйдзе,
на маіх палях, палетках,
за маю цяжкую працу!
“Гэй ты, Укка, бог вярхоўны,
гэй ты, бацька наш нябесны,
што кіруе навальніцай,
хмарамі што валадарыць!
Ты зьбяры на хмарах раду,
у сьвятле нябесным ясным,
прыгані з усходу хмару,
з поўдня прыгані другую,
з захаду гані аблокі,
з поўдня дажджавыя хмары!
Хай пальецца зь неба дожджык,
мёд нябесны з хмар на глебу,
на ячменныя палеткі,
каб зазелянелі гоні!”
Тады Укка, бог вярхоўны,
валадар усіх аблокаў
стаў трымаць на хмарах раду,
у сьвятле нябесным ясным.
Ён прыгнаў з усходу хмару,
з поўдня ён прыгнаў другую,
з захаду нагнаў аблокаў,
з поўдня -- хмараў навальнічных,
Чараду ўсіх гэтых хмараў
ён пасутыкаў краямі,
ды праліў дажджом на глебу,
мёдам на зямлю з-пад неба,
на ячменныя палеткі,
каб зазелянелі гоні.
І паўстаў ячмень вусаты,
і ўзьняў сьцяблы высока,
зь мяккай урадлівай глебы,
што дагледзеў Вяйнямёйнен.
Вось ужо два дні праходзяць
ды тры ночы пралятаюць,
скончыўся і цэлы тыдзень,
тады Вяйнямёйнен выйшаў
свой пасеў пайшоў пабачыць,
сваю ніву, сваё поле,
дзе ён працаваў нястомна.
Вырас там ячмень выдатны,
ў шэсьць бакоў пусьціў калосьсе,
і па тры вузлы сьцябліны.
ВекамудрыВяйнямёйнен
стаіць, ніву азірае,
тут вясеньняя зязюля
ўбачыла бярозу ў полі:
“Для чаго ты тут пакінуў,
гэту стройную бярозу?”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Для таго я тут пакінуў
гонкую бярозу ў полі,
каб на ёй ты кукавала.
Пакукуй ты нам, зязюля,
пазьвіні, залатагрудка,
пагукай нам , срэбнагрудка,
меднагрудка, ты паклікай,
на сьвітанку, адвячоркам,
пакукуй сьпякотным поўднем,
ты пра славу майго сьвету,
пра красу лясоў цудоўных,
берагоў маіх багацьце,
хлебародныя палеткі!”
↑ Змест