Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ТРЭЦЯЯ

Вяйнямёйнен запасіць веды і становіцца славутым (1 – 20). Ёўкахайнен едзе спаборнічаць зь ім у ведах, але не перамагае і выклікае яго на двубой мячамі. Раззлаваны Вяйнямёйнен чароўнымі сьпевамі заганяе яго ў балота (21 – 330). Спалоханы Ёўкахайнен прапануе яму сваю сястру ў жонкі і задаволены Вяйнямёйнен выпускае яго з балота (331 – 476). Засмучаны Ёўкахайнен едзе дадому і распавядае маці пра свае прыгоды (477 – 524). Маці ў захапленьні ад таго, што Вяйнямёйнен стане яе зяцем. Аднак гэтая навіна вельмі засмучае дачку і яна пачынае плакаць (525 – 580)

Векамудры Вяйнямёнен
жыў увесь час бестурботна
на палянах Калевалы,
ў пушчах Вяйнёлы зялёнай.
Там сьпяваў ён свае песьні,
Сьпевы–чары, заклінанні.
Дзень за днём сьпяваў ён песьні,
І ўначы сьпяваў пра тое
як радзіліся напевы,
старажытныя закляцьці,
пра што зараз нават дзецям,
ні героям невядома,
ў нашыя часы ліхія,
калі й хлеба не хапае.
Весткі несьліся паўсюдна,
разыходзіліся чуткі
пра цудоўныя напевы,
Вяйнямёйнена майстэрства.
Дасягнулі поўдня весткі,
чуткі поўначы дасталі.
Неяк юны Ёўкахайнен,
хударлявы сын лапландзкі,
недзе у гасьцях аднойчы
дзіўныя пачуў навіны,
нібы ёсьць і лепей песьні
ды майстэрскія закляцьці,
там, на Вяйнёлы палянах,
Калевалы верасовай,
лепш ад песень, што сьпяваў ён,
што раней пачуў ад бацькі.
Нарадзілася ў ім крыўда,
зайздрасьць сэрца апаліла,
ад таго, што Вяйнямёйнен,
нашмат лепшы песнапеўца.
Ён да бацькі пасьпяшаўся,
і да роднай да матулі,
кажа, што ў дарогу едзе,
што паехаць ён сабраўся
ў вёскі Вяйнёлы далёкай
паспаборнічаць у сьпевах.
Не дазволіў яму бацька,
ды забараніла маці
ехаць сыну ў Калевалу,
каб спаборнічаць там зь Вяйнё:
“Не, цябе там зачаруюць,
ды чароўным сьпевам кінуць
з галавою ў сумёты,
рукі – на мароз пякучы,
не паварухнеш і пальцам,
варухнуць нагой не зможаш.”
Маладзён у адказ прамовіў:
“Добрыя у бацькі веды,
яшчэ лепшыя – у маці,
а ў мяне – за ўсіх паболей.
Калі захачу зраўняцца,
я з мужамі ў песнасьпевах,
сьпевака сам зачарую,
чарадзейніка я словам,
лепшы ў сьвеце песнапеўца
ў мяне апошнім стане,
ў камень я яго абую
зраблю з дрэва нагавіцы,
прычаплю камень на грудзі,
на сьпіну дугу з каменьня,
дам з каменьня рукавіцы,
надзену шалом каменны.”
І пайшоў зьбірацца неслух,
вывеў ён каня са стойла:
з ноздраў полымя шугае,
снопам іскры з-пад падковаў.
Ён запрог каня у санкі
з пазалочанай аздобай,
сеў у добрыя ён сані,
сеў, ямчэй уладкаваўся,
хвастануў каня ён пугай,
пугай з пугаўём у перлах.
Жвава конь крануўся з месца,
паімчаўся па дарозе.
Доўга ехаў Ёўкахайнен,
ехаў дзень, другі праехаў,
трэці дзень быў у дарозе.
А калі прайшоў і трэці,
ўбачыў Вяйнёлы паляны,
Калевалы верасовай.
ВекамудрыВяйнямёйнен,
Векамудры многазнаўца,
тым жа самым шляхам ехаў,
тую ж ён дарогу мераў,
сярод Вяйнёлы палянаў,
Калевалы верасовай.
Малады той Ёўкахайнен
шпарка імчаў яму насустрач.
Сутыкнуліся аглоблі,
з гужам гуж перапляліся,
з хамутом хамут счапіўся,
і дуга з дугой канцамі.
Так спыніліся вазьніцы
і пасталі ў задуменьні.
Вада з дугаў выцякае,
а з аглобляў валіць пара.
Запытаўся стары Вяйнё:
“Ты зь якога будзеш роду,
што бяздумна так ганяеш,
езьдзіш так неасьцярожна?
Ты хамут мне паламаеш,
ты дугу мне пашчапаеш,
ты зламаеш мае сані,
палазы мае патрушчыш.”
Маладзён той Ёўкахайнен
у адказ прамовіў словы:
“Малады я Ёўкахайнен,
ну а ты зь якога роду,
ты зь якога будзеш дому,
ты зь якіх людзей, нікчэмнік?”
ВекамудрыВяйнямёйнен
імя сьмела называе,
дадае такія словы:
“Ты, юнача Ёўкахайнен,
маеш збочыць ты з дарогі,
саступіць, як маладзейшы.”
У адказ жа Ёўкахайнен
мовіў слова, так заўважыў:
“Мала маладосьць мужчыны,
маладосьць, ці старасьць значыць!
У каго з нас болей ведаў,
у каго з нас лепей памяць
толькі той займе дарогу,
а другі яму саступіць.
Ты, старэча Вяйнямёйнен,
рунапеўца Векамудры,
распачнём давай мы сьпевы,
паспаборнічаем словам,
хто каго яшчэ павучыць,
мы давай з табой пабачым.”
ВекамудрыВяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Ну які я рунапеўца,
заклінальнік чарадзейны,
калі ўсё жыцьцё сваё я
на тутэйшых жыў палянах,
жыў адзін на родных межах,
слухаў там адну зязюлю.
Ды хай будзе, так, як будзе,
хай пачуюць мае вушы
што ты ведаеш найлепей,
больш за іншых разумееш?”
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Што-небудзь і мне вядома!
Вось што добра мне вядома,
што найлепей разумею:
дым ідзе праз дзірку ў столі,
полымя палае ў печы.
Добра ў вадзе цюленю,
пёс марскі жыве нядрэнна:
ловіць бліз сябе ласосяў,
і сігі зь ім проста побач.
Сіг жыве на дне пляскатым,
а ласось – на роўным месцы.
Шчупак нерастуе ў сьцюжу,
ў час бязьлітасных марозаў.
Акунь, бедны баязьлівец,
у віры ідзе на восень,
а на нераст ідзе летам,
плешчацца на мелкіх месцах.
Калі ж гэтых ведаў мала,
я паведамлю і болей,
болей важнае скажу я:
арэ поўнач на аленях,
поўдзень жа – на кабыліцах,
за Лапландыяй – быкамі.
Я на Чортавым узгорку
добра ведаю ўсе дрэвы:
сосны ў скалах апраметных
вышынёй растуць да неба.
Ёсьць тры грозных вадаспады,
ёсьць тры возеры бяскрайніх,
тры вяршыні ёсьць высокіх
пад паветраным скляпеньнем:
У Хяме -- вадаспад Грымлівы,
у карэлаў -- Каатракоскі,
Вуаксу не пераплысьці,
Іматру не пераскочыць.”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Гэта бабскія балботкі,
гэта веды немаўляці,
а не мужа з барадою!
Ты скажы ўсяго пачатак,
Векамудрых дзеяў веды!
Мовіў юны Ёўкахайнен
у адказ такія словы:
“Ведаю я пра сініцу,
што яна з пароды птушак,
што з пароды зьмей – гадзюка,
ну, а ёрш – з пароды рыбін.
Разьмякчаецца жалеза,
чарназём перакісае,
кіпяток пячэ балюча,
ды агонь сьмяротна паліць.
Даўняе вада лякарства,
пена – лепшая прымочка,
Творца – першы заклінальнік,
Бог быў старажытны лекар.
З гор бярэ вада пачатак,
полымя пачатак – у небе,
а з іржы – выток жалеза,
а пачатак медзі – ў скалах.
Купіна - старэй балота,
дрэва першае – ракіта,
першае жытло ў соснах,
чарапок – катла пачатак.”
ВекамудрыВяйнямёйнен
тут прамовіў сваё слова:
“Можа што яшчэ ўспомніш,
ці што мог лухты сказаў ты?
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Не, яшчэ крыху прыпомню.
Успомню даўнія часіны,
калі мора апрацоўваў,
паглыбляў я дно матыкай,
я капаў віры для рыбы,
паглыбляў глыбіні мора,
наліваў вадой азёры,
ў вышыню ўздымаў узгоркі,
ды складаў са скалаў горы.
Быў я шостым там мужчынай,
сёмым быў я там героем,
дзе зямлю стваралі гэту,
я абвёў паветра межы
і ўзьняў апоры неба,
нёс я і на месца неба,
месяц ясны я ўзносіў,
дапамог паставіць сонца,
ды Мядзьведзіцу пашырыць,
зоркамі ўпрыгожыць неба.”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Без ніякай меры хлусіш,
там ніхто цябе не бачыў,
з тых, што мора ўзаралі,
дно марское ўскапалі,
выкапалі ямы рыбам,
ды глыбіні паглыблялі,
ваду ў ламбы налівалі,
ў вышыню ўздымалі ўзгоркі
і складалі скалы ў горы.
Пра цябе ніхто не ведаў,
і не чуў там, і не бачыў,
з тых, што нам зямлю стварылі,
абвялі паветра межы,
ўзьнялі апоры неба,
ды яго туды прынесьлі,
месяц узьнялі на неба,
сонца яснае ўздымалі,
ды Мядзьведзіцу ў нябёсы,
зоркі на аздобу небу.”
Малады той Ёўкахайнен
адказаў яму на гэта:
“Калі мала маіх ведаў,
меч адкажа на пытаньні.
Гэй, старэча Вяйнямёйнен,
самахвальны песнапеўца,
ну, давай мячы мы зьмерым,
паглядзім, чый меч даўжэйшы!”
Мовіў стары Вяйнямёйне:
“Мне не страшныя пагрозы,
ні мячы твае, ні веды,
ні намеры, ні памкненьні.
Ды хай будзе, так, як будзе,
ды з табою, недарэкам,
мераць я мячы не буду,
на клінкі глядзець, паскуднік.”
Маладзён той Ёўкахайнен
рот скрывіў, набычыў шыю,
злосна бараду пачубіў
і сказаў такія словы:
“Хто не згодзіцца са мною,
не памераецца зброяй,
ад майго закляцьця стане
парсюком з паганым рылам.
Раськідаю ўсіх герояў,
таго ўлева, таго ўправа,
заганю ў гной каровін,
у хляве ў кут зацісну!”
Узлаваўся Вяйнямёйнен,
узлаваўся, узгарэўся,
сам тады сьпяваць узяўся,
сам пусьціў за словам слова.
Гэта быў не сьпеў дзіцячы,
сьпевы бабам на забаву,
гэта былі сьпевы мужа.
Не сьпяваюць дзеці гэтак,
юнакоў – толькі палова,
жаніхі – дык кожны трэці
ў нашыя часы ліхія,
калі й хлеба не хапае.
Пачаў сьпеў свой Вяйнямёйнен,
ускалыхнуў азёры, землі:
горы медныя дрыжэлі
і крышыліся каменьні,
напалам біліся скалы,
камяні на ўзбярэжжы.
Ад тых сьпеваў у лапландца
парасткі дугу пакрылі
ды прарос хамут ракітай,
а гужы вярбою сталі,
пазалочаныя санкі
сталі ў возеры карчыгай,
з пугаўя ў бліскучых перлах
чарот вырас на ўзьбярэжжы;
і ад тых чароўных песень
конь скалою стаў ля рэчкі,
стаў маланкай меч героя
з рукаяткай залачонай,
з самастрэла расьпіснога
ў небе -- сьветлая вясёлка,
стрэлы зь лёгкім апярэньнем
ястрабамі паўзьляталі,
віславухага сабаку
ён ператварыў камень,
шапку з галавы хлапечай
ў хмару ён ператварае,
рукавіцы з рук лапландца --
ў лілелі вадзяныя,
сьвітку цёплую ён робіць
воблачкам у сінім небе,
а яго туманны пояс –
зоркамі зазьзяў высока.
Ад тых сьпеваў Ёўкахайнен
у балоце ўгруз па пояс,
у мокрай пожні -- аж па грудзі,
да плячэй -- ў пясчанай глебе.
Вось тады ўжо Ёўкахайнен
і спасьціг, і ўсьвядоміў,
што пайшоў не той дарогай,
каб дабіцца перамогі
ды спаборнічаць сур’ёзна
зь Вяйнямёйненам магутным.
Варухнуць нагой спрабуе
ды падняць яе не можа,
спрабаваў падняць другую
ды абута яна ў камень.
Вось тады ўжо Ёўкахайнен
зразумеў: бяда прыходзіць,
блізка ліха падступае.
Ён сказаў такія словы:
“Гэй ты, мудры Вяйнямёйнен,
Векамудры многазнаўца,
павярні сьвятыя словы,
забяры назад закляцьці,
выратуй мяне ад ліха,
ад бяды мяне пазбаў ты!
Я вялікую дам плату,
прынясу вялікі выкуп.”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Што ж ты даць мне абяцаеш,
як вярну сьвятыя словы,
забяру назад закляцьці,
вызвалю цябе ад ліха,
ад бяды цябе пазбаўлю?”
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Добрыя два лукі маю,
два выдатных самастрэлы;
б’е адзін зь вялікай сілай.
а другі страляе трапна.
Ты вазьмі які захочаш.”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Што мне твае лукі, дурань?
Не хачу я чужой зброі!
У мяне свае ёсьць лукі,
ля сьцяны стаяць ля кожнай,
на цьвіках вісяць па сьценах,
безь мяне ў лес лукі ходзяць,
самі йдуць на паляваньне.”
І закляцьцем маладзёна
апусьціў глыбей у багну.
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Добрыя дзьве лодкі маю,
Пару я чаўноў цудоўных;
адзін лёгкі, нібы птушка,
а другі для грузаў добры.
Ты вазьмі які захочаш.”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Мне твае навошта лодкі,
для чаго чаўны чужыя?
У мяне свае ёсьць лодкі,
яны занялі ўвесь бераг,
усе напоўнілі затокі,
і адны па ветру ходзяць,
а другія – супраць ветру.”
І закляцьцем маладзёна
апусьціў глыбей у багну.
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Двух я коней добрых маю,
двух жарэбчыкаў выдатных,
зь іх адзін імчыць, як вецер,
а другі цяжары возіць.
Ты вазьмі якога хочаш.”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Мне твае навошта коні,
жарабкі ў шкарпэтках белых?
У мяне свае ёсьць коні,
адны ходзяць у загоне,
а другія ў стойлах чыстых,
сьпіны гладкія ільсьняцца
і блішчаць крыжы ад тлушчу.”
І закляцьцем маладзёна
апусьціў глыбей у багну.
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Гэй ты, мудры Вяйнямёйнен,
павярні сьвятыя словы,
забяры назад закляцьці!
Шапку золата насыплю,
срэбра поўную адмеру,
што з вайны прывез мой бацька,
што здабыў у жорсткіх бітвах.”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“ Мне навошта тваё срэбра,
Золата тваё, паганец?
Сам я маю дастаткова,
ўсе напоўнены кладоўкі,
ўсе засыпаны куфэркі,
золатам, старым, як месяц,
срэбрам даўнім, нібы сонца.”
І закляцьцем маладзёна
апусьціў глыбей у багну.
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Гэй ты, мудры Вяйнямёйнен,
вызвалі мяне адгэтуль,
ты пазбаў мяне ад ліха!
Усе свае аддам я сьцірты,
ўсе засеяныя нівы,
за сваё выратаваньне,
выкупам за вызваленьне.”
Мовіў стары Вяёнямёйнен:
“Мне не трэба твае сьцірты,
і палі твае не трэба.
У мяне свае ёсьць нівы,
ёсьць у кожным баку поле,
і паўсюдна – сьцірты хлеба.
Даражэй мне свае нівы,
ды мілей свае палеткі.”
І закляцьцем маладзёна
апусьціў глыбей у багну.
Маладзён той Ёўкахайнен
тут амаль зьнямеў ад жаху:
ў дрыгве ўсё падбароддзе,
барада – ў гідкай твані,
мох балотны ў рот набіўся,
ў зубах гальлё завязла.
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Гэй ты, мудры Вяйнямёйнен,
Векамудры многазнаўца,
забяры назад закляцьці,
мне пакінь жыцьцё, нікчэмцу,
выпусьці мяне адгэтуль,
зацягнула дрыгва ногі,
жвір мне вочы выядае.
Павярні сьвятыя словы ,
забяры назад закляцьці,
дам сваю сястрычку Айна,
мілую дачку матулі,
каб мяла тваю падлогу,
дом старанна прыбірала,
мыла чыста ўсё начыньне,
ды бялізну чыста мыла,
ткала гунькі залатыя,
хлеб мядовы выпякала.”
Тады стары Вяйнямёйнен,
узрадваўся, разьвесяліўся,
што дзяўчына Ёўкахайнен
у старога будзе апорай.
На скалу для песнасьпеваў
сеў і засьпяваў закляцьці,
прасьпяваў ён час кароткі,
усяго два-тры імгненьні,
павярнуў сьвятыя словы
і забраў назад закляцьці.
Вылез юны Ёўкахайнен,
шыю вызваліў з балота,
бараду – з паганай твані,
конь паўстаў з каменнай глыбы,
санкі з – вадзяной карчыгі,
пуга – з тонкай чарацінкі.
Сеў пасьпешліва ў сані,
на сядзеньне апусьціўся,
і пануры, з горкім сэрцам
паімчаў назад дахаты,
да сваёй матулі роднай,
да бацькоў сваіх паехаў.
Паімчаў ён, як шалёны,
падляцеў да дому хутка,
паламаў аб клець ён сані,
ды аглоблі аб вароты.
Маці дзівіцца-гадае,
бацька ж мовіў сваё слова:
“Ты наўмысна зламаў сані,
назнарок разьнёс аглоблі!
Што ты езьдзіш, як шалёны,
ды ляціш, як безгаловы?”
Маладзён той Ёўкахайнен
тут расплакаўся ад гора,
і на лаву сеў панылы,
ён на твар насунуў шапку,
вусны сьцяў ад горкай крыўды,
нос павесіў у журбоце.
У яго маці спытала,
запыталася ласкава:
“Ты чаго, сыночак плачаш,
ты аб чым, дзіцятка, тужыш,
вусны сьціснуў ты ад крыўды,
нос павесіў у журбоце?”
Мовіў юны Ёўкахайнен:
“Вохці мне, мая матулька,
я не проста так бядую,
ёсьць бядотная прычына,
плачу я не без падставы,
ёсьць нагода горка плакаць.
Увесь свой век я буду плакаць,
правяду жыцьцё ў гароце:
Я аддаў сястрычку Айна,
я тваю дачку прасватаў
Вяйнямёйнену ў жонкі,
каб апорай дзеду стала,
ды старому абаронай.”
Маці пляснула ў далоні,
рукі радасна пацёрла,
мовіла такія словы:
“Не бядуй, не плач, сыночак,
бо няма прычыны плакаць,
і тужыць няма прычыны,
я ўсё жыцьцё хацела,
спадзявалася ўвесь век свой,
стаць раднёй зь вялікім мужам,
у сям’ю ўзяць героя,
каб стаў зяцем Вяйнямёйнен,
свяком стаў песнапеўца.”
Ёўкахайнена сястрычка
горкімі сьлязамі плача,
дзень рыдае, два рыдае,
плача на высокім ганку,
ад сваёй гароты плача,
ад сваёй вялікай скрухі.
Маці пачала казаць ёй:
“Што ты плачаш, мая Айна,
у цябе жаніх цудоўны,
ты ж ідзеш у дом вялікі,
каб сядзець там ля вакенца,
языком мянціць ля плоту!”
У адказ дачка ёй кажа:
“Гэй ты, родная матуля!
Ёсьць аб чым цяпер мне плакаць,
па касе прыгожай плачу,
галаве сваёй курчавай,
валасоў дзявочых шкода:
мне так рана іх завяжуць,
з маладых гадоў схаваюць.
Усё жыцьцё сваё праплачу
я па ласкаваму сонцу,
месячным сьвятле пяшчотным,
па старонцы сваёй мілай.
З маладых гадоў забыць іх,
давядзецца ўсіх пакінуць:
брата ля станка за працай,
пад акном роднага татку.”
Так дзяўчыне маці кажа,
маладой старая мовіць:
“Ты пакінь свае сумоты,
ды не плач ты, небарака,
бо няма чаго тут плакаць,
ды тужыць няма чаго тут.
Сонца Божае на сьвеце
ўсе куточкі сагравае,
а не толькі вокны бацькі,
ды вароты твайго брата.
Ягады на ўсіх пагорках,
шмат суніцаў на палянах,
каб і там ты, бедалага,
іх зьбірала на чужбіне,
а не толькі ў лесе бацькі,
ды на полі свайго брата.”
↑ Змест