Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ТРЫЦЦАЦЬ ПЯТАЯ

Кулерва бярэцца працаваць у бацькавай гаспадарцы, але карысці ад ягонай працы мала. Тады бацька пасылае яго адвезці пазямельны падатак (1—68). На зваротным шляху ён сустракае ў лесе сваю сястру, якая прапала раней, але Кулерва яе не пазнае і спакушае, заманіўшы ў санкі (69—188). Калі ж яны даведваюцца праўду, дык сястра кідаецца ў рэчку і патанае, а Кулерва едзе дадому і расказвае матцы, што згвалціў родную сястру. Ён вырашае закончыць жыццё самагубствам (189—344). Маці забараняе яму рабіць гэта і раіць пажыць ў якім-небудзь ціхім куточку. Кулерва вырашае адпомсціць Унтаму за ўсе свае беды (354 – 372).

Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
жыць пачаў у роднай хаце,
пад бацькоўскім цёплым дахам,
ды не стаў ён разумнейшым,
не ўвайшоў у сталы розум;
добраму не навучылі:
злосць у люльцы калыхала,
неразумнай была нянька,
і дурны быў выхавальнік.
Працаваць пачаў хлапчына,
за любую працу браўся.
Вось падаўся ён на рыбу,
расцягнуць вялікі нерат.
Вёслы ў руках трымаў ён,
і сказаў такія словы:
”Ці налегчы мне штомоцы,
веславаць з усяе сілы,
ці цягнуць не надта моцна,
веславаць не вельмі хутка?”
Стырнавы ў адказ прамовіў,
вымавіў такія словы:
”Хаця ты й штомоц наляжаш,
веславаць пачнеш штомоцы,
човен ты не разламаеш,
не сарвеш таўстых уключын.”
Калервы сын, Кулервойнен,
налягаць пачаў штомоцы,
веславаць з усяе сілы,
разламаў з ядлоўца рэбры,
праламіў з асіны човен
ды ўключыны зламаў ён.
Калерва прыйшоў пабачыць
і сказаў такія словы:
”Ты вясляр зусім ніякі!
Усе ўключыны сарваў мне,
разламаў зь ядлоўца рэбры,
праламіў з асіны човен!
Заганяй у нерат рыбу,
можа гэта зробіш лепей!”
Калервы сын, Кулервойнен,
рыбу ў нерат гнаць узяўся.
Вось пачаў ваду ён боўтаць
і сказаў такія словы:
“Ці махаць з усяе сілы,
рыбу заганяць штомоцы,
ці з развагай, асцярожна,
рыбу заганяць патрэбна?”
Адказаў так нератовец:
“Што гэта за праца будзе,
калі боўтаць асцярожна,
не з усёй мужчынскай моцы!”
Калервы сын, Кулервойнен,
боўталам махаць узяўся
з усяе мужчынскай сілы,
збіў ваду на калатуху,
збіў на пакулле ўвесь нерат,
рыбу ён змясіў, як кашу.
Калерва прыйшоў пабачыць
і сказаў такія словы:
”Рыбу гнаць ты непрыдатны,
збіў на пакулле ўвесь нерат,
паплаўкі пабіў на трэскі,
усе пашкуматаў мне сеткі!
Лепей адвязі падатак
пазямельную даніну!
Мо’ ў дарозе станеш лепшым,
на шляху паразумнееш.”
Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
стройны, залатавалосы,
у прыгожых чаравіках,
заплаціць паехаў подаць,
пазямельную даніну.
Заплаціў усё як трэба,
аддаў зерне на падатак
ды ў вазку сваім усеўся,
на санях уладкаваўся
і адтуль дамоў паехаў,
на радзімую старонку.
Весела рыпелі сані,
паглыналі шлях далёкі
па палянах Калевалы,
па неўзараных лядах.
Дзеўка – залатыя косы
мерыла лыжню насустрач
па палянах Калевалы,
па неўзараных лядах.
Калервы сын, Кулервойнен,
запыніў тут свае сані,
стаў да дзеўкі заляцацца,
гаварыць пачаў, упрошваць:
”Ты сядай, дзяўчына, у сані,
адпачні на мяккай скуры!”
На бягу яму дзяўчына,
прамільгнуўшы, адказала:
” Згуба да цябе хай сядзе,
а на скуру ляжа немач!”
Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
сцебануў каня тут пугай,
выцяў бізуном пярловым.
Конь імчаў, рыпелі сані,
шлях пад капыты сцяліўся.
Ён імчаў зь вялікім шумам,
шпарка ехаў па дарозе,
па марскіх хрыбтах зіхоткіх,
па бліскучаму абшару.
Дзеўка ішла яму насустрач
у прыгожых чаравіках
па марскіх хрыбтах зіхоткіх,
па бліскучаму абшару.
Калервы сын, Кулервойнен,
запыніў тут свае сані,
усміхнуўся ёй чароўна,
ветліва сказаў дзяўчыне:
“Прыгажуня, сядзь у сані,
прыгажосць зямлі, са мною!”
Адказала так дзяўчына
у прыгожых чаравіках:
“Хай нячысцік падзямельны
да цябе садзіцца ў сані!”
Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
сцебануў каня тут пугай,
выцяў бізуном пярловым.
Конь імчаў, рыпелі сані,
шлях пад капыты сцяліўся.
Ён імчаў з вялікім шумам,
шпарка ехаў па дарозе,
па пясках далёкай Пох’і,
па лапландзкіх тых прасторах.
Дзеўка ішла яму насустрач
ў аздобах алавянных
па пясках далёкай Пох’і,
па лапландзкіх тых прасторах.
Калервы сын, Кулервойнен,
запыніў тут свае сані,
усміхнуўся ёй чароўна,
ветліва сказаў дзяўчыне:
“”Ты сядай, дзяўчына, у сані,
адпачні пад мяккай коўдрай,
яблычкаў маіх паспытай,
пагрызі маіх арэшкаў!”
Так дзяўчына адказала
Ў аздобах алавянных:
“На твае пляваць мне сані,
на вазок зламаны гідкі!
Пад тваёю коўдрай холад,
брыдка мне ў тваіх санках!”
Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
падхапіў красуню ў сані,
у вазок дзяўчыну кінуў
пасадзіў яе на скуры,
зацягнуў яе пад коўдру.
Так прамовіла дзяўчына
ў аздобах алавянных:
“Выпусці мяне адгэтуль,
адпусці дзіцё на волю,
каб ганебных слоў не слухаць,
прапаноў не чуць няслаўных,
а не -- дык зламаю санкі,
дно ў санках праламаю,
палазы ўсе раструшчу,
увесь вазок твой -- на кавалкі!”
Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
адчыніў з грашыма скрынку,
падняў вечка распісное,
паказаў ёй сваё срэбра,
разаслаў сукна адрэзы,
срэбрам шытыя панчохі,
золатам расшыты пояс.
Спакусілася дзяўчына,
грошы ёй адбілі розум,
зацямніла срэбра думкі,
золата зачаравала.
Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
угаворваў так дзяўчыну:
словам лашчыў яе вушы,
лейцы ён трымаў рукою,
а другою гладзіў грудзі.
Прыгалубіў ён дзяўчыну
ў аздобах алавянных,
там, пад покрывам расшытым,
на стракатых мяккіх скурах.
Паслаў Бог светлае ранне,
новы Божы дзень пачаўся.
Тут прамовіла дзяўчына,
так сказала ды спытала:
“Ты скажы зь якога роду
ды зь якой сям’і, адважны?
Мусіць род твой не маленькі,
і славуты, пэўна, бацька?”
Калервы сын, Кулервойнен,
у адказ ёй так прамовіў:
“Род не надта мой вялікі,
ды і не зусім маленькі,
я з сярэдзіннага роду:
Калервы я сын бяздольны,
неразумны бедны хлопец,
малец ні на што не здатны.
А сама зь якога роду,
і зь якой сям’і, красуня?
Мусіць род твой не маленькі,
і славуты, пэўна, бацька?”
У адказ яму дзяўчына
так прамовіла, сказала:
“Род не надта мой вялікі,
ды і не зусім маленькі,
я з сярэдзіннага роду:
Калервы дачка дурная,
неразумная дзяўчына,
бедалажны я дзіцёнак.
Калі я была малою
і жыла з матуляй роднай
у ягады пайшла па лесе,
пад гарой збіраць маліны.
Я збірала там суніцы,
брала пад гарой маліны;
дзень збірала, ноч праспала,
дзень збірала і другі дзень,
а на трэці дзень, нарэшце,
не знайшла дамоў дарогу:
завялі сцяжынкі ў пушчу,
у нетры завялі дарожкі.
На зямлю я з плачам села,
дзень праплакала, другі дзень,
а на трэці дзень, нарэшце,
узыйшла я на пагорак,
на высокую вяршыню.
Я адтуль штомоц гукала,
а ў адказ гудзелі нетры,
адгукаліся паляны:
“Не гукай, дзяўчо дурное,
неразумнае, не клікай!
Дома цябе не пачуюць,
крык туды не далятае!”
Трэці дзень ішла, чацвёрты,
пяты, шосты дзень блукала,
захацела я памерці,
згубу напаткаць хацела,
ды ніяк не памірала,
не магла ніяк загінуць!
Калі б я тады памерла,
знайшла згубу, небарака,
дык на другі год, магчыма,
ці на трэцяе ўжо лета,
я травой бы зелянела,
зацвіла б, нібыта краска,
чырванела б я малінкай,
як бруснічынка ў лесе,
і квітнела б я без ганьбы,
без такой няславы страшнай!”
Толькі так яна сказала,
словы мовіла такія,
раптам выскачыла з санак,
кінулася сторч у рэчку,
у вадакрут агнёвы пенны,
у палаючую бездань.
Там спаткала смерць дзяўчына,
там знайшла сваю пагібель,
забыццё ў Туанэле
і спакой у чорных хвалях.
Калервы сын, Кулервойнен,
выскачыў са сваіх санак
і пачаў рыдаць няўцешна,
скардзіцца на лёс нялюдзкі:
“Вох, няма ў жыцці мне долі,
мне жахлівы лёс дастаўся!
Я сваю сястру зняславіў,
матчыну дачку я зганьбіў!
Вы скажыце бацька, маці,
прашчуры мае, скажыце,
для чаго мяне стварылі,
для чаго на свет пусцілі?
Лепей бы мне не радзіцца,
не з’яўляцца ў гэтым свеце,
не блукаць зь бядой па свету,
па зямлі гэтай нядобрай!
Смерць няправільна зрабіла,
памылілася хвароба,
што мяне не загубілі
на другую ноч ад роду.”
Ён хамут нажом парэзаў,
ён гужы лязом пакрэмзаў,
на спіну каня ўскочыў,
на шырокі крыж усеўся.
Ехаў ён зусім нядоўга,
недалёкі шлях адмерыў,
на бацькоўскі двор прыехаў,
на знаёмыя палеткі.
На двары стаяла маці.
“Гэй ты, любая матулька!
Калі б, родная, мяне ты,
як я толькі нарадзіўся,
у лазню дымную паклала,
зачыніла шчыльна дзверы,
горкім дымам задушыла
на другую ноч ад роду,
кінула ў ваду зь пялёнкай,
у рацэ мяне ўтапіла,
люльку кінула б у печку,
хай бы там яна згарэла!
А калі б спыталі ў вёсцы:
“Чаму няма ў хаце люлькі,
ды чаму замкнёна лазня?”
Ты ў адказ бы ім сказала:
“Я ў агні спаліла люльку,
у печку кінула калыску.
У лазні зерне прарастае,
будзе зь яго добры солад.”
Маці тут яму сказала,
запыталася старая:
“Што з табою, мой сыночак?
Нешта дзіўнае ты кажаш!
Ты прыйшоў нібыта зь пекла,
быццам з Маналы вярнуўся!”
Калервы сын, Кулервойнен,
У адказ ёй так прамовіў:
“Ліха страшнае са мною
Адбылося, злое ліха:
я сваю сястру спакусіў,
я тваю дачку зняславіў!
Езьдзіў я плаціць падаткі,
зернем заплаціў, грашыма.
Ішла дзева мне насустрач,
прыгалубіў я дзяўчыну,
сваю родную сястрычку,
тваю родную дачушку!
Смерць сваю яна шукала
і знайшла сваю пагібель
у агнёвым вадакруце,
у палаючым бяздонні.
Я не ведаю, гаротнік
не магу прыдумаць нават,
дзе сабе канец знайду я,
дзе я смерць знайду, няшчасны:
ці ў пашчы злога воўка,
ці ў кіпцюрах мядзведзя,
у чэраве кіта вялізным,
у ляпе рыбы людажэрнай?”
Маці так яму сказала:
“Не імкніся, мой сыночак,
лютаму ваўку ў пашчу,
ні ў кіпцюры мядзведзя,
ні кіту ў жывот вялізны,
ні галоднай рыбе ў ляпу!
Суомі прастор бязмежны,
неабсяжны лес у Саве,
лёгка там схавацца можна,
перажыць часіну ганьбы,
пяць і шэсць гадоў хавацца,
нават дзевяць гадоў можна,
пакуль час усё не згладзіць
ды гады журбу не сцішаць.”
Калервы сын, Кулервойнен,
у адказ сказаў матулі:
“Не, не буду я хавацца,
ад бяды ўцякаць не буду!
Сам пайду насустрач Смерці,
падыйду да брамы Калмы;
я пайду на поле бітвы,
дзе змагаюцца героі:
Унта яшчэ не загінуў,
вылюдак жыве на свеце,
раны бацькавы без помсты,
слёзы маці без адплаты;
я прыпомню ўсе пакуты,
што мне выпалі на долю.”
↑ Змест