РУНА ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТАЯ
Кулерва ўцякае ад Ілмарынена. Блукаючы па лесе ён сустракае старую, якая паведамляе яму, што бацькі, брат і сястра не загінулі пад час вайны. (1 – 128). Ён шукае сваю сям’ю і знаходзіць яе на мяжы з Лапландыяй (129 –188). Маці расказвае, што лічыла Кулерву страчаным навекі. Яна расказвае хлопцу, што ягоная сястра пайшла ў лес і болей не вярнулася (189 – 246).
Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
стройны, залатавалосы,
у прыгожых чаравіках,
5каваля сабраўся кінуць,
уцячы з ягонай хаты,
раней, чым каваль празнае,
як памерла яго жонка
ды ўскіпіць шалёнай злосцю,
10Кулерва заб’е ў шале.
Ён заграў у сваю дудку
і пайшоў, вясёлы, з Ілмы,
ішоў, граючы, па лесе,
весела па лядах крочыў,
15трэсліся зямля й балота,
рэхам адгукаўся верас
на зласлівую пацеху,
Кулервойнена напевы.
Стала чутна гэта ў кузні,
20там каваль пакінуў працу,
у прагон паслухаць выйшаў,
выйшаў паглядзець ля хаты ,
што за музыка ў пушчы,
што за звон стаіць у лесе.
25Тут ён праўду і ўбачыў,
што наісну адбылося:
спачыла навечна жонка,
прыгажуня там сканала,
пасярод двара ляжала
30на траве, нібы заснула.
Знерухомеў тут кавальнік,
ад тугі душа счарнела,
усю ноч рыдаў няўцешна,
цэлы тыдзень каваль плакаў:
35чорныя, як дзёгаць думкі,
скруха чорная на сэрцы.
Кулерва ішоў па лесе,
а куды – і сам не ведаў.
Дзень ішоў па цёмнай пушчы,
40па палянах верасовых,
а на ноч як павярнула,
адпачыць прысеў вандроўнік.
На зямлі сядзеў сіротка
беспрытульны ў задуменні:
45”Хто стварыў мяне на гора,
хто пусціў на свет нябогу
ўсё жыццё блукаць па лесе,
жыць бяздомнікам пад небам?
Усе людзі ідуць дадому,
50да жытла свайго імкнуцца,
мой жа дом у дзікай пушчы,
бор сасновы – мая хата,
мой агмень – халодны вецер,
дождж халодны – мая лазня.
55Ты ніколі, добры Божа,
не стварай дзіця бяздомным,
беспрытульным ды няшчасным,
каб было яно сіроткай,
гадавалася без бацькі,
60каб расло яно без маці,
як мяне стварыў ты, Божа,
на пакуты ў гэтым свеце,
нібы чайку беспрытульным,
нібы птушку сярод скалаў.
65Сонца ластавачак грэе,
верабейкаў сагравае,
радуе нябесных птахаў,
толькі мне яно не свеціць,
не дае цяпла мне сонца,
70радасці мне не прыносіць!
Невядома, хто мне маці,
імя бацькі невядома,
мо’ радзіла мяне качка,
пры дарозе, ці ў балоце
75дый пакінула ля мора,
на ўзбярэжжы камяністым?
Бацьку я ў дзяцінстве страціў,
маці страціў у дзяцінстве,
іх навечна смерць забрала,
80ўвесь мой род вялікі згінуў.
Чаравікі і шкарпэткі
ледзяныя змайстравалі
і на лёд мяне пусцілі
ды на хісткія масточкі,
85каб зваліўся я ў балота,
патануў у чорнай багне.
Я не ў тым яшчэ ўзросце,
пара тая не настала,
каб ляжаць, як хісткі мосцік,
90нібы гаць, у цёмнай багне.
Не загрузну я ў балоце,
дзве рукі яшчэ я маю,
я зьгінаю ўсе пяць пальцаў,
дзесяць маю я пазногцяў.”
95У яго ўзнікла думка
і намер такі з’явіўся:
вёскі Ўнтамы наведаць,
за бацькоў сваіх адпомсціць,
за ўсе крыўды бацькі й маці,
100за сваю ліхую долю.
Ён сказаў такія словы:
”Дык чакай жа, Унтамойнен,
злосны згубца майго роду!
Да цябе прыйду з вайною,
105спепялю твае сядзібы,
усе твае зруйную хаты!
Тут прыйшла лясная бабка,
у сваёй накідцы сіняй,
словы мовіла такія,
110так у Кулерва спытала:
”І куды ж ты, Кулервойнен,
крочыш, Калервы сыночак?”
Калервы сын, Кулервойнен,
у адказ ёй так прамовіў:
115” У мяне ўзнікла думка
і намер такі з’явіўся:
пайсці ў чужыя землі,
вёскі Ўнтамы наведаць,
за бацькоў сваіх адпомсціць,
120за ўсе крыўды бацькі й маці,
зруйнаваць усе пасады,
спепяліць там усе хаты!”
У адказ яму старая
словы мовіла такія:
125“Ацалеў твой род вялікі,
Калерва там не загінуў,
бацька твой жывы-здаровы,
не памерла твая маці.”
“Гэй ты, любая бабулька!
130Скажы праўду мне, старая,
Дзе жыве зараз мой татка,
дзе жыве мая матуля?”
“Там жыве твой татка родны,
там жыве твая матуля,
135на мяжы лапландзкай дальняй,
ля азёр, багатых рыбай.”
“Гэй ты, любая бабулька!
Скажы праўду мне, старая,
як туды змагу я трапіць,
140як знайду туды дарогу?”
“Ты туды дабрацца зможаш,
хоць не ведаеш дарогі:
ты прайдзі па цёмнай пушчы,
прайдзі шпарка ўздоўж рэчкі,
145дзень і два па лесе пойдзеш,
трэці дзень ідзі нястомна,
потым павярні на поўнач.
На шляху гара паўстане –
абыйдзі яе па нізе,
150леваруч пакінь узгорак!
Потым ты да рэчкі дойдзеш,
праваруч паток той будзе,
дык ідзі ўздоўж патока,
праміні тры вадаспады!
155Дойдзеш да касы вялікай,
да канца даўгога мыса,
там убачыш ты хацінку,
невялічкі дом рыбацкі,
Вось там і жыве твой татка,
160родная жыве матуля,
там жывуць і твае сёстры,
дзве прыгожыя дзяўчыны.”
Калервы сын, Кулервойнен,
у дарогу спешна рушыў.
165Дзень і два ішоў па лесе,
трэці дзень ішоў нястомна,
потым павярнуў на поўнач.
На шляху гара паўстала –
абыйшоў яе па нізе,
170леваруч пакінуў горку.
Потым ён дайшоў да рэчкі,
праваруч паток убачыў
левым берагам пакрочыў,
прамінуў тры вадаспады.
175Дайшоў да касы вялікай,
да канца даўгога мыса,
там убачыў ён хацінку,
невялічкі дом рыбацкі.
Ён зайшоў у гэту хатку.
180Не пазналі госця ў хаце:
“З-за якога мора, хлопец,
і адкуль ты будзеш родам?
“Дык няўжо вы не пазналі
свайго роднага сыночка?
185Людзі Унтамы калісці
у палон мяне забралі
быў зусім я невялічкі,
можа зь вераценца ростам.”
Так яму сказала маці,
190так прамовіла старая:
“Вох, сыночак мой няшчасны,
гэй ты, залатая спражка!
Ты жывы дамоў вярнуўся,
праз нязведаныя землі!
195Я ж праплакала ўсе вочы,
па табе ліла я слёзы!
Былі ў мяне два сыночкі,
дзве дачушкі-прыгажуні.
Ды прапала двое дзетак,
200у мяне, у бедалагі:
зьгінуў на вайне сыночак,
дзе дачушка – невядома.
Толькі ты адзін вярнуўся,
а яна, мусіць, не прыйдзе.”
205Калервы сын, Кулервойнен,
так у маці запытаўся:
“Дзе ж тады твая дачушка,
дзе сястра мая прапала?”
Адказала яму маці,
210словы мовіла такія:
“Знікла там мая дачушка,
там сястра твая прапала,
у ягады пайшла ў пушчу,
пад гарой збіраць маліны,
215там дзяўчына і прапала,
знікла, птушачка, у нетрах,
смерць сваю там напаткала,
невядомую пагібель.
Хто сумуе па дачушцы?
220Ніхто іншы, толькі маці!
Маці скрозь дачку шукае,
маці да яе ірвецца;
я знайсці дачку хацела,
і хадзіла я, нябога,
225як мядзведзіха па пушчы,
бегала, як выдра гаем.
Дзень шукала і другі дзень,
трэці дзень без адпачынку.
А як трэці трэці дзень мінуўся,
230як мінуўся цэлы тыдзень,
паднялася на гару я,
на высокую вяршыню.
Там гукала я дачушку,
клікала на поўны голас :
235“Дзе ты ёсць, мая дачушка,
ты прыходзь хутчэй дадому!”
Так гукала я дачушку,
клікала ды бедавала.
Горы так мне адказалі,
240адказала так мне пушча:
“Ты сваю не кліч дачушку,
не гукай на поўны голас,
бо не вернецца ніколі,
і назад яна не прыйдзе,
245пад крыло матулі роднай,
да бацькоўскга парогу!”