Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ТРЫЦЦАЦЬ СЁМАЯ

Ілмарынен бядуе і аплаквае сваю жонку, а потым куе сабе з золата і срэбра неадушаўлёную жонку (1—162). Ён кладзе гэтую неадушаўлёную жонку да сябе ў ложак, але адчувае, што той бок, якім ён датыкаўся да залатой статуі, зледзянеў (163—196) Ілмарынен прапануе залатую жонку Вяйнямёнену, але той адмаўляецца і раіць кавалю накаваць зь яе якіх-небудзь карысных рэчаў або адвезці ў тыя краіны, дзе жаніхі прагнуць золата (197 –250).

Той кавальнік Ілмарынен
увесь час па жонцы плакаў,
плакаў усю ноч бяссонна,
увесь дзень без ежы плакаў,
плакаў досвіткам няспынна,
з рання жальбаваў да поўдня,
што няма ягонай жонка,
што загінула красуня.
Ён не мог узяць у рукі
молат з меднай рукаяткай,
не звінела там каванне,
з месяц звон не раздаваўся.
Ілмарынен так прамовіў:
“Я не ведаю, няшчасны,
што рабіць і як жыць далей,
я даўно не сплю начамі,
цяжка мне, чарнеюць думы,
таюць сілы, моц сыходзіць.
Мне ўвечары маркотна,
і журботна мне ўранні,
па начах яшчэ маркотней,
ранкамі журба зь’ядае.
Мне начэй гэтых не шкода,
і не шкода гэтых ранкаў,
не па тых часах сумую,
я сумую па красуні,
па жаданай жонцы плачу,
па сяброўцы чарнабровай.
У росквіце гадоў мужчынскіх,
я, гаротны небарака,
вельмі часта сярод ночы
ложак мацаю спусцелы
мацаю рукой паветра,
ды няма нікога побач.”
Так без жонкі жыў кавальнік,
пастарэў ён без сяброўкі.
Плакаў месяц, другі, трэці,
а калі настаў чацвёрты,
золата набраў ён з мора,
срэбра назбіраў па хвалях,
навазіў касцёр вялізны,
дроў прывёз саней мо’ трыццаць,
выпаліў з тых дроў вуголля,
высыпаў вуголле ў горан.
Золата ўзяў кавальнік,
ды кавалак срэбра ўзяў ён
ростам з позняга ягняці,
або зайчаня ўзімку.
Кінуў золата ў горан,
срэбра ён туды закінуў,
да мяхоў рабоў паставіў,
гэткіх парабкаў падзённых.
Паддзімаць рабы ўзяліся,
з усяе працуюць моцы,
рукавіцы паскідалі,
агалілі нават плечы.
Сам кавальнік Ілмарынен,
перамешваў там вуголле,
чакаў залатую дзеву,
срэбную чакаў нявесту.
Ды нядбайна працавалі,
паддзімалі рабы слаба.
Сам кавальнік Ілмарынен
ля мяхоў за працу ўзяўся.
Раз падзьмуў, падзьмуў другі раз,
а за трэцім разам глянуў,
зазірнуў каваль у горан,
у палаючую бездань:
што там з горана выходзіць,
з полымя што там узнікла?
Выйшла з горана авечка
прама з полымя ўзнікла,
воўнай срэбнаю пакрыта,
залатой ды меднай поўсцю.
Дзіву ўсе даліся людзі,
ды быў сумны Ілмарынен.
Ілмарынен так прамовіў:
“Ваўкам гэта на патрэбу!
Срэбную чакаў я жонку,
чакаў залатую дзеву!”
Тут кавальнік Ілмарынен
у агонь авечку кінуў.
Дадаў золата ў горан,
срэбра ў полымя падкінуў,
да мяхоў рабоў паставіў,
гэткіх парабкаў падзённых.
Паддзімаць рабы ўзяліся,
з усяе працуюць моцы,
рукавіцы паскідалі,
агалілі нават плечы.
Сам кавальнік Ілмарынен,
перамешваў там вуголле,
чакаў залатую дзеву,
срэбную чакаў нявесту.
Ды нядбайна працавалі,
паддзімалі рабы слаба.
Сам кавальнік Ілмарынен
ля мяхоў за працу ўзяўся.
Раз падзьмуў, падзьмуў другі раз,
а за трэцім разам глянуў,
зазірнуў каваль у горан,
у палаючую бездань:
што там з горана выходзіць,
з полымя што там узнікла?
Выбег з полымя жарэбчык,
конь гарачы, конь агністы,
срэбнагрывы, залацісты,
капыты з чырвонай медзі.
Дзіву ўсе даліся людзі,
ды быў сумны Ілмарынен.
Ілмарынен так прамовіў:
“Ваўкам гэта на патрэбу!
Срэбную чакаў я жонку,
чакаў залатую дзеву!”
Тут кавальнік Ілмарынен
жарабка ў горан кінуў.
Дадаў золата ў горан,
срэбра ў полымя падкінуў,
да мяхоў рабоў паставіў,
гэткіх парабкаў падзённых.
Паддзімаць рабы ўзяліся,
з усяе працуюць моцы,
рукавіцы паскідалі,
агалілі нават плечы.
Сам кавальнік Ілмарынен,
перамешваў там вуголле,
чакаў залатую дзеву,
срэбную чакаў нявесту.
Ды нядбайна працавалі,
паддзімалі рабы слаба.
Сам кавальнік Ілмарынен
ля мяхоў за працу ўзяўся.
Раз падзьмуў, падзьмуў другі раз,
а за трэцім разам глянуў,
зазірнуў каваль у горан,
у палаючую бездань:
што там з горана выходзіць,
з полымя што там узнікла?
Выйшла з горана дзяўчына,
с залатымі валасамі
ды са срэбранай галоўкай,
прыгажосці незвычайнай,
аж спалохаліся людзі.
Ілмарынен не збаяўся.
Працаваць каваль узяўся
над выявай залатою,
ноч каваў бесперапынна,
дзень спачынку ён не ведаў.
Ногі ён скаваў дзяўчыне,
выкаваў дзяўчыне рукі,
ды хадзіць не могуць ногі,
рукі абдымаць не могуць.
Вушы выкаваў дзяўчыне,
ды не чуюць тыя вушы.
Вочы ёй зрабіў і вусны
прыгажосці непаўторнай,
ды без слоў нямеюць вусны,
глядзяць вочы без пачуццяў.
Каваль Ілмарынен мовіў:
“Была б дзева прыгажуняй,
калі б гаварыць умела,
каб мела душу ды мову.”
Ён панёс красуню-дзеву
за той полаг каля ложку,
на пуховыя падушкі,
на ядвабны мяккі ложак.
Вось кавальнік Ілмарынен
напаліў да жару лазню,
лазню мыльную наладзіў,
венікаў прынёс духмяных,
нанасіў вады тры цэбры,
каб памыўся зяблік любы,
змыла птушачка дачыста
залаты прыгар той з цела.
Парыўся й каваль дасхочу,
удосталь там каваль намыўся.
Лёг каваль з дзяўчынай побач,
на пуховую пярыну,
там, за полагам, на ложак
са сталёвымі нагамі.
Сам кавальнік Ілмарынен
той жа самай пешай ноччу
захацеў цяплей накрыцца,
прынёс гунькі ды прасціны,
дзве ці тры мядзвежых скуры,
коўдраў з воўны назапасіў,
уначы каб не замерзнуць
побач з жонкай залатою.
Ён сагрэўся з таго боку,
што пад коўдрамі хаваўся,
а другі бок, побач з дзевай,
каля залатой нявесты,
стыў, нібыта ў люты холад,
грудай халадзеў лядовай,
ледзянеў марскою крыгай,
камянём халодным стынуў.
Тут прамовіў Ілмарынен:
“Гэта мне не падыходзіць!
Завязу яе да Вяйнё,
хай яму сяброўкай будзе,
жонкай будзе векавечнай,
любым куранём пад бокам.”
У Вяйнялу павёз дзяўчыну,
а калі туды прыехаў,
словы вымавіў такія:
“Гэй ты, мудры Вяйнямёйнен!
Я прывёз табе дзяўчыну,
прыгажуню табе ў жонкі,
добрая будзе кабета,
слова лішняга не скажа”
Векамудры Вяйнямёйнен
паглядзеў на тое дзіва,
на выяву залатую,
і такія словы мовіў:
“А навошта ты прывёз мне
залатое страхалюддзе?”
Адказаў так Ілмарынен:
“Я дабра табе жадаю!
Будзе добраю кабетай,
любым куранём пад бокам.”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Гэй, каваль, мой бртака любы!
Кінь у полымя дзяўчыну,
нарабі прыгожых рэчаў.
Альбо завязі ў Расію,
ці ў Нямеччыну дзяўчыну,
хай багатыя збягуцца,
знатныя сваты наедуць.
Непрыстойна ў нашым родзе,
непрыстойна мне, старому,
сватаць залатую дзеўку,
браць сярэбранаю ў жонкі.”
Даў наказ тут Вяйнямёйнен,
забарону муж патокаў
падрастаючаму люду,
маладым усім героям,
перад золатам схіляцца,
саступаць дарогу срэбру.
Ён такія словы мовіў,
выказаў такія думкі:
“Гэй вы, хлопцы-небаракі,
вы, героі маладыя,
жаніхі з заможных хатаў,
ці з бядняцкіх гаспадарак,
на сваім вяку ніколі,
пакуль свеціць месяц ясны,
не бярыце залатую,
срэбную дзяўчыну ў жонкі!
Бляск у золата марозны,
срэбра сцюжай патыхае.”
↑ Змест