Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ТРЫЦЦАЦЬ ВОСЬМАЯ

Ілмарынен едзе ў Пох’ялу, каб пасватаць малошую сястру сваёй загіблай жонкі. Там яго лаяць і бэсцяь. У шале ён выкрадае дзяўчыну і едзе дадому (1—124). Па дарозе дзяўчына таксама лае Ілмарынена і абражае яго так, што раззлаваны каваль закліненнем ператварае яе ў чайку (125—286). Ён вяртаецца дамоў і распавядае Вяйнямёйнену аб тым, як заможна і бесклапотна жывуць людзі ў Пох’яле, таму што маюць цудадзейнае Сампа. Ён распавядае таксама аб сваім няўдалым паходзе ў сваты (287 – 328).

Так кавальнік Ілмарынен,
векавечны майстра слаўны,
кінуў дзеву залатую,
срэбную сваю нявесту.
Ён запрог каня ў сані,
гнедага запрог як трэба,
сам ямчэй уладкаваўся
у вазку сваім прыгожым.
Ён намерыўся паехаць
і задуму меў такую:
зноўку ў Пох’яле пасватаць
дзеву Поўначы другую.
Першы дзень каваль праехаў,
другі дзень імчаў няспынна,
а на трэці дзень дарогі
ў Пох’яле ў двор прыехаў.
Лоўхі, Пох’і гаспадыня,
у двары сама стаяла.
Пачала яна гаворку,
усё распытваць узялася:
як жыве яе дачушка,
як ёй можацца, гулубцы,
маладзенькай гаспадыні,
ў хаце мужа ды свякроўкі?
Тут кавальнік Ілмарынен
сумна галаву ўнурыў,
шапку аж на твар насунуў
і сказаў такія словы:
”Не распытвай лепей, цешча,
не пытайся ў мяне болей,
як жыве твая дачушка,
як ёй можацца, галубцы!
Смерць яе ўжо схапіла,
быў канец яе нялёгкі.
Ягадка мая ў зямельцы,
пад пясочкам прыгажуня,
пад травою чарнаброўка,
мая срэбная пад пожняй.
За другой дачкой прыехаў,
за малодшанькай сястрычкай.
Ты аддай дачку мне, цешча,
дай другую мне дачушку
замест першай гаспадыні,
замест той сястры-нябогі!”
Лоўхі, Пох’і гаспадыня
у адказ яму сказала:
”Дрэнна я тады зрабіла,
я зрабіла вельмі кепска,
што дазволіла дачушцы
выйсці за цябе, дзіцёнку
каб памерла маладою,
каб знайшла сваю пагібель,
нібы ў ваўчынай пашчы,
у ляпе звера ненасытнай.
Не аддам табе другую,
за цябе дачку не выдам,
каб тваю зьдзірала сажу,
копаць каб тваю змывала.
Лепей кіну я дачушку,
кіну любае дзіцятка,
у вадакрут з агністай пенай,
у палаючыя воды,
у пякельнай рыбы зяпу,
шчупаку ў Туанеле.”
Тут кавальнік Ілмарынен
рот скрывіў і ссунуў бровы,
валасы свае ўскалмаціў,
галавой махнуў кудлатай,
рушыў подбегам ў хату,
у святліцу ўварваўся,
словы вымавіў такія:
”Выйдзі за мяне, дзяўчына,
замяні сваю сястрычку.
У маім жытле ўтульным
будзеш хлеб пячы мядовы
ды варыць мне будзеш піва.”
Заспяваў з падлогі хлопчык,
праспяваў такія словы:
”Ты ідзі, чужак, адгэтуль,
прэч адгэтуль, чужаніца!
Ты і так наш дом зняшчасціў,
нарабіў бяды ў хаце,
калі першым разам быў тут,
ля дзвярэй нашых зь’явіўся.
Любая мая сястрычка!
Жаніхом не захапляйся,
словамі з прыгожых вуснаў
ды нагамі ў ботах новых.
У жаніха воўчыя зубы,
кіпцюры, як у лісіцы,
быццам у мядзведзя кіпці.
Нож ён носіць крыважэрны,
каб галовы рэзаць дзеўкам,
да крыві ім спіны драпаць.”
Так прамовіла дзяўчына,
Ілмарынену сказала:
”Не, я за цябе не выйду,
за нягодніка такога!
Звёў ты жонку ў магілу,
пагубіў маю сястрычку,
а цяпер мяне ты хочаш,
як сястру, у магілу звесці!
Заслугоўвае дзяўчына
нашмат лепшага мужчыну,
прыгажэй ды ростам болей,
ды ў лепшых санках ехаць
да палёў болей шырокіх,
да болей прасторнай хаты,
чым жытло дурнога мужа,
бруднае ад чорнай сажы.”
Раззлаваўся Ілмарынен,
векавечны той кавальнік,
рот скрывіў і ссунуў бровы,
валасы свае ўскалмаціў,
ухапіў штомоц дзяўчыну,
абшчапіў яе рукамі,
вонкі вылецеў віхурай,
да сваёй запрэжкі бегма,
у вазок дзяўчыну кінуў,
кінуў прыгажуню ў сані.
Быў ад’езд ягоны хуткім,
ён паспешліва ад’ехаў.
Лейцы ён трымаў рукою,
а другой –дзяўчыны грудзі.
Плакала, рыдала дзева,
словы мовіла такія:
“Нібы на балота еду,
у журавіны паміж купін,
там, напэўна, я й загіну,
птушаня, знайду пагібель!
Гэй, кавальнік Ілмарынен!
Калі ты мяне не пусціш,
разламаю твае сані,
пашчапаю іх на трэскі,
іх каленам паламаю,
разаб’ю ўсё на кавалкі!”
У адказ ёй Ілмарынен
словы вымавіў такія:
“Так каваль наладзіў сані,
што бакі ў іх з жалеза,
каб не нарабіла шкоды
сваім тупаннем дзяўчына!”
Бедавала так дзяўчына,
у аздобах медны пояс,
пальцы тонкія ламала,
ды выламывала рукі,
словы мовіла такія:
“Калі ты мяне не пусціш,
стану я марскою рыбкай,
ды як сіг нырну пад хвалі.”
У адказ ёй Ілмарынен
словы вымавіў такія:
“Уцячы табе не ўдасца,
як шчупак цябе злаўлю я.”
Бедавала так дзяўчына,
у аздобах медных пояс,
пальцы тонкія ламла,
ды выламывала рукі,
словы мовіла такія:
“Калі ты мяне не пусціш,
ад цябе збягу ў пушчу
гарнастаем паміж скалаў.”
У адказ ёй Ілмарынен
словы вымавіў такія:
“Не ўратуешся ты ў пушчы,
выдрай даганю цябе я.”
Бедавала так дзяўчына,
у аздобах медных пояс,
пальцы тонкія ламла,
ды выламывала рукі,
словы мовіла такія:
“Калі ты мяне не пусціш,
жаўруком тады зраблюся
ды схаваюся за хмарай.”
У адказ ёй Ілмарынен
словы вымавіў такія:
“Не схаваешся ты ў хмарах,
як арол цябе злаўлю я.”
Так праехалі нядоўга,
шлях адмерылі кароткі.
Раптам конь застрыг вушамі,
напалохана зафыркаў.
Падняла галаву дзева,
след убачыла на снезе
ды ў каваля спытала:
“Хто нам перабег дарогу?”
Адказаў ёй Ілмарынен:
“Заяц перабег дарогу.”
Дзеўка бедная ўздыхнула,
захліпнулася ў маркоце,
словы мовіла такія:
“Вохці мне, гаротнай дзеўцы!
Мне было б намнога лепей,
мне нашмат было б прыемней,
бегчы па слядах заечых,
услед ляцець за касавокім,
чым сядзець у санках свата,
з пакамечанаю коўдрай.
Прыгажэй у зайца волас,
рот у зайкі прыгажэйшы.”
Тут кавальнік Ілмарынен
пакусаў у злосці вусны
дый пагнаў каня штомоцы.
Так праехалі нядоўга,
ізноў конь застрыг вушамі,
напалохана зафыркаў.
Падняла галаву дзева,
след убачыла на снезе
ды ў каваля спытала:
“Хто нам перабег дарогу?”
Адказаў ёй Ілмарынен:
“Тут лісіца перабегла.”
Дзеўка бедная ўздыхнула,
захліпнулася ў маркоце,
словы мовіла такія:
“Вохці мне, гаротнай дзеўцы!
Мне было б намнога лепей,
мне нашмат было б прыемней
ехаць у лісіцы ў санках,
у вазку сядзець лісіным,
чым сядзець у санках свата,
з пакамечанаю коўдрай.
Прыгажэй лісіны волас,
прыгажэй рот у лісіцы.”
Тут кавальнік Ілмарынен
пакусаў у злосці вусны
дый пагнаў каня штомоцы.
Так праехалі нядоўга,
ізноў конь застрыг вушамі,
напалохана зафыркаў.
Падняла галаву дзева,
след убачыла на снезе
ды ў каваля спытала:
“Хто нам перабег дарогу?”
Адказаў ёй Ілмарынен:
“Воўк перабягаў дарогу.”
Дзеўка бедная ўздыхнула,
захліпнулася ў маркоце,
словы мовіла такія:
“Вохці мне, гаротнай дзеўцы!
Мне было б намнога лепей,
мне нашмат было б прыемней
гнацца па слядах за воўкам,
што ў зямлю глядзіць заўсёды,
чым сядзець у санках свата,
з пакамечанаю коўдрай.
У ваўка прыгожы волас,
рот ягоны прыгажэйшы.”
Тут кавальнік Ілмарынен
пакусаў у злосці вусны
дый пагнаў каня штомоцы,
да ночы ў сяло прыехаў.
Вось утомлены дарогай
моцна тут заснуў кавальнік,
а яна з другім мужчынам
насміхалася зь героя.
Той кавальнік Ілмарынен
яшчэ досвіткам прачнуўся,
рот скрывіў і ссунуў бровы,
валасы свае ўскалмаціў.
І сказаў так Ілмарынен,
так разважыў ды прамовіў:
”Мо’ пачаць мне спеў чароўны,
наспяваць замову дзеве,
каб лясной пачварай стала,
або вадзяным страшыдлам?
Не пашлю ў лес пачварай,
бо застыне пушча ў жаху,
не пашлю ў ваду страшыдлам,
бо ўсе рыбы разбягуцца.
Я вазьму свой меч у рукі,
хай клінок пакончыць зь ёю.”
Меч задуму тую ўцяміў,
адгадаў клінок жаданнне
ды такія словы мовіў:
“Не на тое я скаваны,
каб губіць жанчых бяздумных,
пазбаўляць жыцця няверных.”
Тут кавальнік Ілмарынен
распачаў свой спеў чароўны,
заспяваў песні-замовы.
Чайкаю зрабіў дзяўчыну,
каб увесь свой век птушыны
верашчала ў дзікіх скалах,
у каменнях узбярэжных,
каб у непагадзь лятала.
Тут кавальнік Ілмарынен
у вазок свой зноў усеўся
паімчаўся па дарозе,
галаву ўнурыў сумна
і прыехаў на радзіму,
у знаёмыя мясціны.
Векамудры Вяйнямёйнен
па дарозе ішоў насустрач.
Ён сказаў такія словы:
“Братка любы Ілмарынен,
ты чаго такі маркотны,
шапку аж на твар насунуў
па дарозе з дальняй Пох’і?
Як у Пох’яле жывуць там?”
Адказаў так Ілмарынен:
“У Пох’яле жывуць някепска!
Сампа меле там нястомна,
гудзе покрыўка няспынна,
меле дзень на харчаванне,
другі дзень на продаж меле,
на гулянне меле трэці.
Зноў магу сказаць я словы,
паўтарыць магу ізноў я:
добра ў Пох’яле жывецца,
калі ў пох’яле ёсць Сампа!
Там і нівы, і палеткі,
розныя растуць расліны,
вечна там пануе шчасце.”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Братка любы Ілмарынен!
Дзе ж пакінуў ты нявесту,
дзе схаваў ты маладзіцу,
што адзін у санках едзеш,
без кабеты пад’язджаеш?”
Тут кавальнік Ілмарынен
у адказ яму прамовіў:
“Я паганую жанчыну
чайкаю зрабіў марскою.
І над морам зараз чайкай
хай крычыць свой век птушыны,
верашчыць у дзікіх скалах,
у каменнях узбярэжных.”
↑ Змест