Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА СЁМАЯ

Шмат дзён плавае ў моры Вяйнямёйнен пакуль яго не ўбачыў арол. У падзяку за тое, што Вяйнямёйнен пакінуў сярод ляда дрэва для адпачынку птушкам, арол пасадзіў яго сабе на сьпіну і аднёс у Пох’ялу, дзе гаспадыня Пох’ялы, старая Лоўхі прыводзіць яго ў свой дом і ставіцца да госьця вельмі добразычліва. (1 –274). Але Вяйнямёйнен сумуе па родных мясьцінах. Лоўхі абяцае не толькі адпусьціць яго дадому, але і аддаць за яго сваю дачку, калі той выкуе Сампа для Пох’ялы. (275 –322). Вяйнямёйнен абяцае прыслаць у Пох’ялу каваля Ілмарынена, каб той выкаваў Сампа. Гаспадыня Пох’ялы дае Вяйнямёйнену каня і сані, каб паехаць дадому (323 – 368).

Векамудры Вяйнямёйнен
плаваў па марскіх прасторах;
плаваў, нібы корч яловы,
бервяном сасновым плаваў,
шэсьць дзён летніх так гайдаўся,
шэсьць начэй без перапынку,
перад ім – вады прасьцягі,
а за ім – бяздоньне неба.
Плаваў ён яшчэ дзьве ночы
і яшчэ два дні бясконцых.
Восем дзён так праляцела,
а пасьля, дзевятай ноччу,
стала прыкра песнапеўцу,
на душы тужліва стала:
з ног сарваліся пазногці,
зьбіліся ў кроў суставы.
Вось тут стары Вяйнямёйнен
словы горкія прамовіў:
“Вохці мне, няшчасьця сыну,
небараку-нешчасьліўцу,
што сваю зямлю пакінуў
ды пайшоў з краіны роднай,
каб пад гэтым цёмным небам
дзень і ноч блукаць па моры,
каб гайдаў мяне тут вецер,
злыя хвалі калыхалі
на прасьцягах вод бурлівых,
на пасторах неабдымных!
Холадна мне тут, няўтульна,
і пакутліва да болю
жыць на хвалях пастаянна,
на марскіх хрыбтах гайдацца.
І зусім мне невядома,
як тут жыць я буду далей
у свае гады старыя,
на сьхіле жыцьця сівога:
збудаваць на ветры хатку,
на вадзе жытло паставіць?
Як на ветры дом збудую
не знайду я ў ім апоры,
а зраблю на хвалях хату,
дык зьнясе яе вадою.”
Пралятаў арол над морам,
ён з Лапландыі імчаўся.
Быў не надта ён вялікі,
ды і не малы таксама:
ён адным крылом па хвалях,
а другім -- па небу -- чыркаў,
падмятаў хвастом ён мора,
дзюбаю разносіў скалы.
Палятаў ён, пакружыўся,
азірнуўся, павярнуўся,
Вяйнямёйнена заўважыў
на бурлівых хвалях сініх.
“Як ты ў моры апынуўся,
муж магутны, сярод хваляў?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Так я ў моры апынуўся,
муж магутны сярод хваляў:
ехаў у Пох’ялу нявесту,
дзеву зь Піментолы сватаць.
Шпарка я імчаў наперад,
па марской ляцеў раўніне,
і, нарэшце, раньнім раньнем,
толькі дзень пачаў сьвяціцца,
да затокі Луатолы,
вусьця Ёўкалы дабраўся.
Пада мной каня забілі,
і мяне забіць хацелі.
Там я ў ваду зваліўся,
пальцамі ўпёрся ў хвалі,
каб ганяла мяне бура,
хвалі пенныя гайдалі.
Ледзяны паўночны вецер
ды ўсходняя віхура
ад зямлі мяне далёка
на марскі абшар прагналі.
Шмат я так начэй гайдаўся,
не адзін дзень так праплаваў
па марскіх прасторах бурных,
па прасторах неабдымных,
і не ведаю я зараз,
не магу ніяк спасьцігнуць,
як сваё жыцьцё я скончу,
што раней са мною будзе:
ці ад голаду сканаю,
ці ў вадзе я ўтаплюся”.
Адказаў арол нябесны:
“Не бядуй і не журыся,
на сьпіну маю ўзьбірайся,
ды трымайся мне за шыю!
Вынесу цябе я з мора
куды толькі пажадаеш.
Памятаю дні былыя,
тыя добрыя часіны,
як ты ў Калевале ляда,
Осмалы лясы выпальваў,
адно ж дрэўца ты пакінуў,
адну стройную бярозу,
каб адпачывалі птушкі,
каб і я адпачываў там”.
Тады стары Вяйнямёйнен
галаву ўзьняў над морам,
выбраўся герой з глыбіняў
і над хвалямі ўзьняўся,
на крыло арлу падняўся,
ды абняў яго за шыю.
Вось панёс арол нябесны,
Вяйнямёйнена старога
па дарозе паднябеснай,
шляхам ветрыкаў вясеньніх,
да паўночных дальніх межаў,
да туманнай Сарыёлы.
Там арол пакінуў Вяйнё,
сам ўзьвіўся ў паветра.
Тут заплакаў Вяйнямёйнен,
бедаваў, рыдаў няўцешна
на ўскрайку вод бязьмежных,
там на мысе безнайменным,
сотня ранаў бок пакрыла,
тысяча – ад ветра драпін,
барада зьвілася ў кужаль,
лохмы валасоў павісьлі
Дзьве і тры праплакаў ночы,
гэтулькі ж і дзён спадраду,
ды не ведаў ён дарогу,
па якой пайсьці сьцяжынцы,
каб вярнуцца на радзіму,
у знаёмыя мясьціны,
ў край, дзе божы сьвет убачыў,
на радзімую старонку.
Бялявая дзева Пох’і,
спрытнае дзяўчо малое,
так дамовілася з сонцам,
з месяцам і сонцам ясным:
разам падымацца ўраньні,
адным часам на сьвітанку.
Ды раней яна ўстала,
і за сонца, і за месяц,
раней пеўневага сьпеву,
што нас будзіць на сьвітаньні.
Абстрыгла пяцёра авечак,
з шасьці -- воўны назьбірала,
з воўны той сукна наткала
ды адзеньня ўсім нашыла,
перш, чым сонейка ўзьнялося,
перш, чым ясны дзень пачаўся.
Вымыла сталы даўгія,
падмяла падлогу потым
венікам з галінак сьвежых,
шматлістоваю мяцёлкай.
Потым пазьмятала сьмецьце
ў невялічкі медны шуфлік
і праз двор яго панесла,
праз усё панесла поле
да мяжы самай далёкай,
самай дальняй агароджы.
Сьмецьце выкінула й стала,
павярнулася паслухаць,
бо пачула плач ля мора,
там, за рэчкаю, рыданьні.
Хуценька ў двор прыбегла
і адразу пайшла ў хату,
а зайшла – прагаварыла,
мовіла такія словы:
“Я пачула плач ля мора,
там, за рэчкаю, рыданьні”.
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
рэдказубая старая,
выбегла імгненна з хаты
і спынілася ля брамы,
там прыслухалася чуйна,
мовіла такія словы:
“ Так нідзе не плачуць дзеці,
так жанчыны не рыдаюць,
плачуць так адны героі,
барадатыя мужчыны”.
На ваду сьпіхнула човен,
свой трохдошкавы на хвалі,
і павеславала шпарка,
ськіравала туды човен,
дзе быў стары Вяйнямёйнен,
адкуль чуліся рыданьні.
Горка плакаў Вяйнямёйнен
і рыдаў Уванталайнен
ля зарослай ручаіны,
ў зарасьнях лазы й чаромхі.
Барада і рот дрыжэлі,
але моцна сьцяты вусны.
Словы гэткія сказала,
мовіла старая Лоўхі:
“Вох ты, дзед стары, няшчасны,
ты ў зямлю чужую трапіў!”
Векамудры Вяйнямёйнен
галаву падняў высока
і такія словы мовіў:
“Зразумеў даўно і сам я,
што вакол чужыя землі,
незнаёмыя прасторы.
Быў я дома лепш ад іншых,
на радзіме быў славуты.”
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
мовіла такія словы:
“Ці дазволіш мовіць слова,
ці магу ў цябе спытаць я,
што за чалавек ты будзеш,
і зь якіх герояў родам?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ ёй так прамовіў:
“Услаўлялі мяне дома
і заўсёды называлі
слаўнай вечароў уцехай,
усяго края песнапеўцам,
там, на Вяйнёлы палянах,
на прасторах Калевалы.
Зараз жа ў сваім няшчасьці
сам сябе не пазнаю я”.
Пох’ялы жанчына Лоўхі
мовіла такія словы:
“Ты выходзь, герой, з лагчыны,
падніміся па сьцяжынцы,
ды адкрый сваю бяду мне,
раскажы сваё няшчасьце!”.
Так суцешыла мужчыну,
супакоіла героя,
правяла яго да чоўна,
на карме ўладкавала,
а сама на вёслы села,
стала веславаць штомоцы,
прама ў Пох’ялу праз хвалі.
Госьця запрасіла ў хату,
там галоднага карміла,
вопратку яго сушыла,
цэлы тыдзень расьцірала,
расьцірала, сагравала,
хутка муж набраўся сілы,
зноўку стаў герой здаровым.
Пачала пытацца Лоўхі,
мовіла такія словы:
“Што ты плакаў, Вяйнямёйнен,
галасіў, Уванталайнен,
у глухім, нядобрым месцы,
каля берага марскога?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ прамовіў словы:
“Ёсьць прычына мне для плачу,
бедаваць мне ёсць прычына!
Доўга плаваў я ў моры,
хвалі разграбаў рукамі,
на прасьцягах вод бурлівых,
на пасторах неабдымных.
Увесь век свой буду плакаць,
усё жыцьцё сваё журыцца,
што свой родны край пакінуў,
ды прыплыў з краёў знаёмых
да чужых дзьвярэй нязнаных,
незнаёмай гэтай брамы.
Тут мяне кусаюць дрэвы,
колецца балюча хвоя,
б’юць бязьлітасна бярозы,
вольхі не даюць праходу.
Толькі вецер мне знаёмы,
толькі сонца – стары сябра
ў чужынскіх гэтых землях,
каля брамы чужаземнай”.
Гаспадыня Пох’і, Лоўхі,
мовіла такія словы:
“Ты не плач, о Вяйнямёйнен,
не бядуй Уванталайнен,
лепей заставайся з намі,
будзеш добра час праводзіць:
есьці сёмгу на талерцы,
а захочаш – і сьвініну”.
Векамудры Вяйнямёйнен
сам сказаў такія словы:
“На чужыне ўсе ласункі
маюць горкі смак, нямілы.
Лепей жыць у родным краі,
мужу там пашаны болей.
Калі б даў магутны Божа,
каб дазволіў сьвяты Творца
мне дамоў хутчэй вярнуцца,
зноў мой родны край убачыць!
Лепей на зямельцы роднай
нават з лапця піць вадзіцу,
чым далёка ў чужазем’і
мёд з залочанага кубка”.
Гаспадыня Пох’і, Лоўхі
словы мовіла такія:
“Што мне даць паабяцаеш,
калі ў родную старонку,
на знаёмыя паляны
давязу да самай лазьні?”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Што ты ў мяне папросіш,
калі ў родную старонку
давязеш да родных гоняў,
дзе пяе свая зязюля,
дзе свае сьпяваюць птушкі?
Шапку золата захочаш,
а мо’ срэбра возьмеш шапку?”
Гаспадыня Пох’і, Лоўхі
словы мовіла такія:
“Гэй ты, мудры Вяйнямёйнен,
прадракальнік Векамудры!
Золата твайго не трэба,
ды не трэба мне і срэбра:
золата -- для кветак дзецям,
срэбра – на аброць аздоба.
Зможаш выкаваць ты Сампа
мне стракатую накрыўку
з лёгкага пяра лябёдкі,
з малака кароў няцельных,
ды з ячменнага зярнятка,
ды з авечай тонкай воўны?
А табе ўзнагародай
будзе з Пох’ялы дзяўчына.
І паедзеш ты дадому,
дзе шчабечуць твае птушкі,
дзе сьпявае певень звонка,
дзе квітнеюць твае нівы”.
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ ёй так прамовіў:
“Не змагу скаваць я Сампа,
не змагу зрабіць накрыўку.
Адвязеш мяне дадому--
Ілмарынена прышлю я,
выкуе табе ён Сампа,
покрыўку табе змайструе,
хай прылашчыць ён дзяўчыну,
хай тваю дачку суцешыць.
Ён у нас каваль славуты,
ды кавальства многазнаўца:
ён скаваў калісьці неба,
дах цудоўны для паветра:
молата сьлядоў не бачна,
абцугоў сьлед не заўважыш”.
Гаспадыня Пох’і, Лоўхі
мовіла такія словы:
“Я таму аддам дачушку,
сваё роднае дзіцятка,
хто зрабіць мне зможа Сампа,
каляровую накрыўку
з лёгкага пяра лябёдкі,
з малака кароў няцельных,
ды з ячменнага зярнятка,
ды з авечай тонкай воўны”.
Жарабка яна запрэгла,
гнедага ў вазок цудоўны,
Вяйнямёйнена пачціва
у тыя сані пасадзіла,
ды яму такія словы
мовіла на разьвітаньне:
“Галаву не падымай ты,
не кідай на неба позірк,
пакуль вечар не настане,
а каня не зморыць стома.
Калі ж галаву падымеш,
калі пазірнеш на неба,
дык бяду сабе наклічаш,
на сябе наклічаш згубу”.
Векамудры Вяйнямёйнен
пугай жарабка прысьпешыў,
ільнагрывага ў дарогу.
Шпарка паімчалі сані
з цёмнай Пох’ялы халоднай,
з той туманнай Сарыёлы.
↑ Змест