Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ВОСЬМАЯ

Па дарозе дадому Вяйнямёйнен сустракае дзяўчыну з Пох’ялы ў прыгожых строях і просіць яе выйсьці за яго замуж (1-50), Дзяўчына дае згоду, але пры ўмове, што Вяйнямёйнен змайструе човен з кавалкаў верацяна і спусьціць яго на чаду, не датыкаючыся (51-132). Вяйнямёйнен пачынае працаваць сякерай, ды расьсякае сабе калена і ніяк не можа спыніць кроў (133-204). Тады ён ідзе на пошукі чалавека, які змог бы загаварыць кроў, і знаходзіць старога, які абяцае зрабіць гэта (205-282).

Тая Пох’ялы дзяўчына,
прыгажосьць зямлі і мора
на дузе ў небе сядзела,
на каромысьле вясёлкі
ў ахайных чыстых строях,
зь белае тканіны ўборах;
ткала з золата палотны,
упрыгожвала іх срэбрам,
залаты чаўнок пускала
праз сярэбранае бёрда.
І зьвініць чаўнок у пальцах,
круціццаў далонях шпулька,
ніці медныя плятуцца,
бёрда срэбнае мільгае –
тчэ палотны прыгажуня,
упрыгожвае іх срэбрам.
Векамудры Вяйнямёйнен
шпарка едзе па дарозе
зь цёмнай Пох’ялы імчыцца,
з Сарыёлы непрыветнай.
Недалёка ён ад’ехаў,
невялікі шлях адмерыў,
як пачуў: чаўнок бразгоча
ў вышыні над галавою.
Ён узьняў да неба голаў,
азірнуў нябёс прасторы:
дуга ў небе зіхаціцца,
а на ёй сядзіць дзяўчына,
тчэ палотны залатыя ,
упрыгожвае іх срэбрам.
Векамудры Вяйнямёйнен
супыніў каня ліхога
вымавіў такія словы,
так сказаў і так прамовіў:
“Ты прыйдзі, дзяўчына ў сані,
ты садзіся са мной побач!”
У адказ яму дзяўчына
так прамовіла, спытала:
“А навошта мне, дзяўчыне,
у твае садзіцца сані?”
Векамудры Вяйнямёйнен
даў такі адказ дзяўчыне:
“А таму спусьціся ў сані,
сядзь таму са мною побач,
каб пячы мне хлеб мядовы,
смачнае варыць мне піва,
песьні мне сьпяваць на лаўцы,
быць вачам маім уцехай
у гонях Вяйнёлы зялёнай,
у падворках Калевалы.
Так дзяўчына адказала,
словы мовіла такія:
“Я хадзіла ў луг па кветкі,
ў жоўтым полі я гуляла
позна ўвечары ўчора,
перад тым, як сонца села,
раптам птушка засьпявала,
дрозд заліўся на галінцы
пра дзявочыя задумкі,
ды нявесты летуценьні.
Я зьвярнулася да птаха,
я спыталася ў птушкі:
“Гэй ты, птушачка малая!
Прасьпявай, каб я пачула,
як на сьвеце жыць прыемней,
як на сьвеце жыць мне лепей:
дзеўчынай ў бацькі дома,
ці нявесткай ў доме мужа?”
Прасьпявала мне сініца,
дрозд прашчабятаў з галіны:
“Сьветлы й цёплы дзень улетку,
ды сьвятлей дзяўчыны доля.
Люта мерзьне сталь узімку,
ды люцей кабеты доля.
Дзеўка ў бацькоўскім доме,
як сунічына на ўзгорку,
а кабета ў доме мужа,
як на ланцугу сабака.
Зрэдку й раб убачыць ласку,
а кабеціна – ніколі.”
Векамудры Вяйнямёнен
тут такія словы мовіў:
“Неразумны сьпеў сініцы,
у дразда дурныя песьні.
Дома дзеўчына – дзіцёнак,
а сталее толькі ў мужа.
Ты прыйдзі, дзяўчына, у сані,
ды сядай са мною побач.
Я ж не пустабрэх мужчына,
я асілак не з апошніх.”
Ды дзяўчына так сказала,
словы мовіла такія:
“За героя палічыла б,
ды мужчынам бы назвала,
калі б волас уздоўж разрэзаў
ты нажом тупым, нявострым,
яйка завязаў на вузел,
так, каб вузел быў нябачны.”
Векамудры Вяйнямёйнен
конскі волас уздоўж разрэзаў,
ножыкам тупым, нявострым,
ножыкам, ляза не меўшым,
яйка завязаў на вузел,
так, што вузел быў нябачны.
Запрасіў ён дзеву ў сані,
каб дзяўчына села побач.
Дзеўка ж так яму сказала:
“За цябе я можа й выйду;
надзяры бяросты з камня,
нашчапай з ільду драніцаў,
каб ні трэскі не адляцела,
каб і лёд не раскрышыўся.”
Векамудры Вяйнямёйнен
не зьбянтэжыўся ніколькі:
з камянёў надраў бяросты,
нашчапаў з ільду драніцаў
і ні трэскі не адляцела,
нават лёд не раскрышыўся.”
Запрасіў ён дзеву ў сані,
каб дзяўчына села побач.
Дзеўка ж так яму сказала,
словы мовіла такія:
“За таго пайшла б я замуж,
хто зрабіў бы добры човен
мне з абломкаў вераценца
ды з кавалачкаў трапала,
лодку на ваду сьпіхнуў бы,
новы карабель на хвалі,
не штурхаючы каленам,
не кранаючы рукамі,
не варушачы лакцямі
ды плячом не зачапіўшы.”
Векамудры Вяйнямёйнен
тут прамовіў у адказ ёй:
“На ўсёй зямлі, на сьвеце,
пад паветраным скляпеньнем
ты наўрад ці знойдзеш майстра,
які б мог са мной раўняцца.”
Узяў кавалкі вераценца,
ды ад шпулькі узяў кавалак,
майстраваць узяўся човен,
шыць стодошкавы караблік,
на гары стальной высокай,
на скале жалезнай стромкай.
Ён пачаў вычэсваць човен,
працаваў штомоц, старанна.
Працаваў адзін, другі дзень,
трэці дзень махаў сякерай,
не крануў сякерай камень,
па скале лязом не бразнуў.
Ды на трэці дзень няўдалы
Штурхнуў Хійсі тапарышча,
па сякеры Лемпа ўдарыў,
падштурхнуў яе нячысьцік.
Стукнула сякера ў камень,
у скалу лязо папала,
і адскочыла сякера,
упілася сталь у цела,
у калена небараку,
ў палец на назе ў Вяйнё.
Лемпа ськіраваў сякеру,
Хійсі штурхануў на жылы,
і пабегла кроў ракою,
пацякла руда патокам.
Стары верны Вяйнямёйнен,
Векамудры прадракальнік,
тут такія мовіў словы,
так сказаў і так прамовіў:
“Гэй ты, вострая сякера,
ты зь лязом сталёвым, гладкім!
Думала – сячэш ты дрэва,
мроіла, што валіш сосны,
што магутны ствол кусаеш,
белую сячэш бярозу,
калі мне ўпілася ў цела,
калі жылы мне пасекла?”
Чараўнік пачаў замовы,
загаворы ўсе прыпомніў,
адкуль беды ўсе ўзяліся,
слова кожнае ўспомніў,
ды не ўспомніў толькі словаў,
моцных словаў пра жалеза,
тых, што могуць стаць запорам,
што замкнуць крыві патокі,
калі рана ад жалеза,
ды ад сіняй вострай сталі.
Кроў лілася вадаспадам,
кроў цякла ракою бурнай,
залівала сьцёблы ягад,
верас на лясных палянах.
Усе купіны пакрылі,
затапілі ўсе травінкі
крыві бурныя патокі,
што нястрымана ліліся
зь Вяйнямёйнена калена,
ды з параненага пальца.
Векамудры Вяйнямёйнен
з камяня садраў лішайнік,
назьбіраў травы з балота,
выдраў купіну з травою,
каб заткнуць благую проразь,
зачыніць вароты злыя;
не дапамагло і гэта,
нават кроплі не стрымала.
Невыносным боль зрабіўся,
ды нясьцерпнымі пакуты.
Векамудры Вяйнямёйнен
ад пакутаў тых заплакаў,
сьпешна коніка паставіў,
гнедага запрог у сані,
цяжка ў вазок падняўся,
у санях уладкаваўся.
Хвастануў каня лазінай,
ляснуў плёткаю жамчужнай.
Конь імчыць, ляціць дарога,
карацее шлях далёкі.
Вось да вёскі ён пад’ехаў,
перад вёскай тры дарогі.
Векамудры Вяйнямёйнен
выбраў ніжнюю дарогу,
стаў ля самай ніжняй хаты.
Ён спытаўся ля парога:
“Ёсць у хаце, хто загоіць
злую рану ад жалеза,
хто мае пакуты зьменьшыць,
зможа раны зажывіць мне?”
Быў дзіцёнак на падлозе,
хлопчык той сядзеў ля печкі.
Адказаў ён так на гэта:
“Тут няма нікога ў хаце,
хто загоіць злую рану,
ды твой боль суцішыць зможа,
зьняць усе твае пакуты,
залячыць твае ўсе раны.
Зазірні ў другую хату,
да суседняга едзь дома.”
Векамудры Вяйнямёйнен
хвастануў каня лазінай,
паляцеў дарогай шпарка.
Недалека ён праехаў,
па сярэдзіннай дарозе,
ля сярэдняй хаты стаў ён
і спыніўся ля парога,
пад акенцам запытаўся:
“Ёсць у хаце, хто загоіць
злую рану ад жалеза,
спыніць хто крыві патокі,
вадапад крывавы спыніць?”
Старажытная бабулька
там стаяла каля печы.
Адказала так старая,
бразнула трыма зубамі:
“Тут няма нікога ў хаце,
лечыць хто сьляды жалеза,
крыві ведае вытокі,
хто пакуты суцішае.
Зазірні ў другую хату,
да суседняга едзь дома.”
Векамудры Вяйнямёйнен
хвастануў каня лазінай,
паляцеў дарогай шпарка.
Недалёка ён праехаў,
пракаціў дарогай верхняй,
стаў ля самай верхняй хаты
і спытаў каля парога,
запытаўся пад павецьцю:
“Ёсць у хаце, хто загоіць
злую рану ад жалеза,
спыніць хто крыві патокі,
рэкі чорныя ўтаймуе?”
Там дзядок сядзеў на печцы,
грэўся там сівабароды.
З печкі прабурчаў ён гэтак,
дзед стары сівабароды:
“Не такое мы спынялі,
і мацней паток стрымаў я
сілай словаў трох Гасподніх,
ведамі ўсяго вытокаў,
вусьцяў рэк, азёр прастораў,
вадаспаў злых кіпеньне,
паміж берагоў затокаў
ды за мысамі прастораў.”
↑ Змест