РУНА ДЗЕВЯТАЯ
Вяйнямёйнен расказвае старому адкуль узялося жалеза (1 – 266). Стары праклінае жалеза і кроў спыняецца (267 – 418). Стары пасылае сына зрабіць гаючае зельле, змазвае і перавязвае рану. Вяйнямёйнен вылечваецца і ўзносіць хвалу Богу (419 – 586).
Вось падняўся Вяйнямёйнен
у сваіх санях на ногі,
сам падняўся, без падтрымкі,
без ніякай дапамогі.
5І пайшоў герой у хату,
у пакой чужы зайшоў ён.
З серабра прынесьлі куфаль,
залаты прынесьлі кубак,
ды малы ўвесь гэты посуд:
10толькі крышачку зьмяшчае
крыватоку з раны Вяйнё,
з раны на назе героя.
Забурчаў стары на печы,
так спытаў сівабароды:
15“Ты адкуль, зь якога роду,
ды зь якіх герояў будзеш?
Выцекла крыві сем лодак,
вылілася восем дзежак
зь бедалажнага калена
20прама на падлогу ў хаце.
Шмат я ведаю замоваў,
ды адно толькі не ўспомню:
як з’явілася жалеза
ды адкуль яно ўзялося”
25Тады стары Вяйнямёйнен
так сказаў і так прамовіў:
“Ведаю як сталь узьнікла,
як жалеза завялося:
маці ўсяму – паветра,
30вада будзе брат старэйшы,
а жалеза – брат малодшы,
ды агонь – той брат сярэдні
Укка, той вярхоўны творца,
Бог паветраных прастораў
35аддзяліў ваду ад неба,
ад вады – зямлю й каменьне;
не з’яўлялася жалеза,
сталь ніяк не вырастала.
Укка, валадар паветра,
40аб далонь пацёр далоньню,
ды рукой руку пагладзіў
на сваім калене левым.
Там з’явіліся тры дзевы,
тры самой прыроды дочкі,
45сталі сіняротай маткі,
тры прамацеры жалеза.
Калыхаліся ў паветры,
йшлі па краю хмаркі дзевы
малаком поўныя грудзі,
50сойчыкі аж набалелі,
малако цякло на глебу,
разьлівалася паўсюдна:
на паляны, на балоты,
на заснулыя азёры.
55І цякло струменем чорным
малако сястры старэйшай,
белым ручаём бруіла
малако сястры сярэдняй,
капала чырвонай кропляй
60малако сястры малодшай.
З таго чорнага струменя
стала мяккае жалеза,
там, дзе белае лілося
пругкая там сталь узьнікла,
65дзе ж чырвонае сьцякала,
там чыгун з’явіўся крохкі.
І праз нейкі час кароткі
захацелася жалезу
пабліжэй з агнём сыйціся,
70са сваім старэйшым братам.
Ды агонь палае страшна
ўсё вышэй расьце жахліва,
ледзь жалеза не спаліў ён,
брата роднага не зьнішчыў.
75Ды змагло жалеза зьбегчы,
уцячы і ўратавацца
ад палаючых абдымкаў,
ад агню страхотнай пашчы.
Так схавалася жалеза,
80затаілася ціхенька
пасярод дрыгвы бяздоннай,
сярод багністых прастораў,
на хрыбтах балот бяскрайніх,
на вяршынях дальніх сопак,
85там дзе лебедзі гнязьдзяцца,
птушанят выводзяць гусі.
У дрыгве ляжыць жалеза
ўсё пакрытае гразёю;
год ляжала, два – ў сховах,
90так хавалася і трэці
паміж двух пянькоў трухлявых,
пад карэньнем трох бярозак.
Ды жалезу не ўдалося
ўратавацца ад спатканьня
95і сустрэцца давялося
у жытле з агнём гарачым,
каб мячом стаць гартаваным,
зброяй воінаў магутных.
Па балоту воўк імчаўся,
100з гушчару мядзьведзь выходзіў;
пад ваўком дрыгва прасела,
а паляна – пад мядзьведзем,
з-пад дрыгвы іржа ўсплывала,
з-пад зямлі расло жалеза,
105там дзе воўк ступіў нагою,
дзе мядзьведзь паставіў лапу.
Нарадзіўся Ілмарынен,
як радзіўся, так і рос ён.
На гары вуглёў радзіўся,
110на паляне вугляпалаў,
зь медным молатам і рос ён,
з абцугамі ў пальцах моцных.
Уначы ён нарадзіўся,
ўраньні стаў і кузьню ладзіць.
115Стаў шукаць для кузьні месца,
дзе мяхі свае паставіць.
Убачыў ён прастор балотны
ды зямлі вільготнай крышку
і пайшоў туды пабачыць,
120пабліжэй разгледзець месца;
там свае мяхі паставіў,
там і горан разьмясьціў ён.
Па сьлядах пайшоў ваўчыных,
па сьлядах мядзьвежых лапаў,
125убачыў ён руды калючкі,
сінія палоскі сталі
у сьлядах ваўка глыбокіх,
у сьлядах мядзьвежых лапаў.
Мовіў ён такія словы:
130“Гэй ты, беднае жалеза,
ты ляжыш у кепскім месцы,
у вільготным месцы нізкім,
дзе ваўкі балотам ходзяць,
дзе цябе мядзьведзі топчуць.”
135Пагадаў ён, ды падумаў:
“А што будзе, калі ўкіну
я ў агонь жалеза тое,
пакладу яго ў горан?”
Скаланулася жалеза ,
140здрыганулася ад жаху,
як пра полымя пачула,
пра агонь пачула словы.
Каваль Ілмарынен мовіў:
“Не палохайся, жалеза!
145Сваяка агонь не спаліць,
не пагубіць ён радзіну.
Прыйдзеш да яго у хату,
трапіш да агня ў абдымкі,
вырасьцеш, папрыгажэеш,
150станеш моцным і трывалым,
станеш зброяй для героя,
ды аздобай для жанчыны.”
Вось з тае пары далёкай
здабываюць так жалеза,
155дастаюць з глыбокай багны,
кавалю нясуць у кузьню.
Вось прынёс каваль жалеза
і паклаў яго ў горан.
Працаваць пачаў мяхамі,
160моцна тры разы падзьмуў ён.
Стала плавіцца жалеза,
набрыняла, паднялося,
як з пшаніцы цеста ў дзежцы,
аржаным замесам лезла
165ў бязьлітасных абдымках
у абдымках палымяных.
Запрасілася жалеза:
“Гэй ты, слаўны Ілмарынен,
забяры мяне адгэтуль,
170зь пекла чырвані пякучай!”
Каваль Ілмарынен мовіў:
“Калі забяру адгэтуль,
можаш ты разьлютавацца,
ды бязьлітасным зрабіцца,
175свайго брата пакалечыць,
ды параніць сына матцы.
Паклялося тут жалеза,
кавалю вялікай клятвай,
перад горанам, кавадлам,
180перад молатам кавальскім
словы мовіла такія,
клятву кавалю прынесла:
“Дрэвы ёсьць, каб іх парэзаць,
камяні, каб вырваць сэрца,
185я не буду рэзаць брата,
сына маці не параню.
Мне жыцьцё прыемней будзе,
будзе жыць на сьвеце лепей,
калі стану сябрам людзям,
190падарожніку абаронай,
чым сваю радзіну рэзаць,
чым свой род навекі зганьбіць.”
І каваль той, Ілмарынен,
той кавальнік Векамудры
195выняў з полымя жалеза
і прыладзіў на кавадле,
ды каваў, каб стала мяккім,
рэчы вострыя скаваў ён,
накаваў сякераў, дзідаў
200і прыладаў разнастайных.
Ды чагосьці не хапала,
была нейкая патрэба:
не кіпеў язык жалеза,
не ствараўся рот зубаты,
205не загартаваць жалеза,
у ваду не апусьціўшы.
І каваль той Ілмарынен
сам аб тым ужо падумаў,
жменьку попелу ўзяў ён,
210шчолаку крыху дабавіў
у вадкасьць дзеля загартоўкі,
для трываласьці жалеза.
Сумесь языком смакуе,
думае ды разважае,
215і такія словы кажа:
“Не прыдатна гэта вадкасць
дзеля загартоўкі сталі,
для трываласьці жалеза.”
З купіны ўзьляцела пчолка,
220сінякрылая з квяточка,
палятала, пакружыла
і спынілася ля кузьні.
І каваль прамовіў слова:
“Пчолка, лёгкі чалавечак!
225Прынясі на крылах мёду,
а на языку – нектару
з шасьці веньчыкаў салодкіх
ды з сямі травінак смачных
дзеля загартоўкі сталі,
230для трываласьці жалеза.”
Чуў і шэршань, Хійсі птушка,
ён падслухаў тыя словы
Азірнуў-агледзеў з даху,
з-пад бяросты сачыў пільна,
235як гартуюць сталь у кузьні,
як жалеза вырабляюць.
Хійсі паляцеў, зазыкаў,
ды прынёс паскудстваў розных:
укінуў шмат атруты чорнай,
240ад гадзюк ды ад мурашак,
ад лягушак ды ад жабаў,
сык зьмяіны туды ўкінуў,
у вадкасьць дзеля загартоўкі,
для трываласьці жалеза.
245Сам каваль той Ілмарынен,
Векамудры той кавальнік,
не заўважыў і падумаў,
што там пчолка прыляцела,
ды прынесла мёд на крылах,
250ў роце – сок салодкі з кветак.
І тады каваль прамовіў:
“Зараз вось прыдатна вадкасьць
дзеля загартоўкі сталі,
для трываласьці жалеза.”
255Сталь туды ён апускае,
апусьціў туды жалеза,
з горана яго дастаўшы,
з сэрца чырвані пякельнай.
Выйшла злоснай сталь адгэтуль,
260злосным і жалеза выйшла
і парушыла прысягу,
гонар, як сабака з’ела,
рэзала без жалю брата,
родзічаў грызло ў шаленстве,
265мусіла крыві праліцца,
цячы з раны ручаінай.
Пахітаў стары на печцы
галавой і барадою:
“Я спазнаў пачатак сталі
270і спасьціг падступны нораў.
Ты, нікчэмнае жалеза,
ты, кавалак абгарэлы,
сталь жывой чароўнай сілы!
Гэтак ты расло на сьвеце,
275гэтак вырасла жахлівым,
можа вырасла вялікім?
Не было тады вялікім,
ні вялікім, ні нікчэмным,
не было высакародным,
280лютым не было ніколі,
калі малаком ляжала,
ды спакойна выцякала
з сойчыкаў чароўнай дзевы,
з поўных тых грудзей дзявочых,
285на краю вялікай хмары,
на бязьмежным небасьхіле.
Не было тады вялікім,
ні вялікім, ні нікчэмным,
калі ты гразёй ляжала,
290чыстаю вадой стаяла
пасярод балот вялізных,
ля падножжа змрочных сопак,
камяком зямлі ты стала,
стала іржаваю гразёю.
295Не было тады вялікім,
ні вялікім, ні нікчэмным,
як тады цябе ў балоце
і алень, і лось тапталі,
як цябе ваўкі душылі,
300кіпцюры мядзьведзяў дралі.
Не было тады вялікім,
ні вялікім, ні нікчэмным,
як цябе з балота бралі,
даставалі з чорнай багны,
305несьлі кавалю ў кузьню,
ды ў горан закладалі.
Не было тады вялікім,
ні вялікім, ні нікчэмным,
як агарынай кіпела,
310жарам–кіпеньню пляскала,
ў горана жахлівым пекле,
клятву страшную давала
ў горане і на кавадле,
перад молатам магутным,
315у задушлівай сьпякоце
кузьні, дзе каваль працуе.
Дык чаму ж вялікім зараз
ды раз’юшаным ты стала,
клятве здрадзіла, нікчэмнік,
320гонар, як сабака з’ела,
рэзала без жалю брата,
родзічаў грызло ў шаленстве?
Хто ж дурную даў параду,
падказаў тварыць злачынства?
325Навучылі маці з бацькам,
ці старэйшы брат параіў,
ці малодшая сястрычка,
ці які старэйшы родзіч?
Не вучылі маці з бацькам,
330не старэйшы брат параіў,
ні малодшая сястрычка,
не вучыў старэйшы родзіч:
ты само зла нарабіла,
пакалечыла героя.
335Паглядзі на сваю працу,
ды папраў бяду цяжкую,
пакуль матцы не сказаў я,
не паведаў гора бацьку.
Клопатаў у маці многа,
340ды прыбавіцца журботы,
калі сын бяды наробіць,
ці злачынных спраў натворыць.
Высахні, паток крывавы,
утаймуй свае струмені,
345кроплі мне ў твар не пырскай,
не бі ў грудзі вадаграем!
Ты замры сьцяной на месцы,
стань, як моцны плот ля хаты,
стой, як меч-трава ў моры,
350стой, як асака ў балоце,
як стаіць валун у полі,
як скала ў вадаспадзе!
Калі, ўсё ж, ты ліцца хочаш,
пахутчэй жадаеш бегчы,
355дык тады цячы па жылах,
косьці абмывай старанна!
Будзе там табе прыемней
працякаць пад цёплай скурай;
лепей ты струмень па жылах,
360па касьцях бруіся лепей,
чым дарэмна ліцца вонкі,
на дарожны пыл зьлівацца.
Малако, не ліся ў травы,
кроў нявінная, не капай,
365не пускай у глебу кроплі,
золата герояў марна.
Там , пад лёгкімі твой пограб,
там, жытло тваё, у сэрцы!
Дык бяжы туды штомоцы,
370як мага хутчэй вярніся.
Не патрэбна ліцца рэчкай,
ні як возера разьліцца,
ні бурліць крыніцай цёмнай,
ні чаўном дзіравым булькаць.
375Кроў, бясцэнная, не капай,
супыні струмень чырвоны!
Высахні, паток, стрымайся,
як парог на Тур’і высах,
Маналы паток спыніўся,
380мора высахла і неба,
летам засухі вялікай,
годам жудасных пажараў.
А не схочаш мне скарыцца,
ведаю шляхі другія,
385ведаю, чаго хачу я:
папрашу кацёл у Хійсі,
каб зварыць там кроў героя,
выварыць як сьлед на лекі,
і не выцеча ні кроплі,
390не прамочыць тую глебу
кроў чырвоная героя
на зямлю не праліецца.
Ці я болей не асілак,
ні герой, ні сын я Уккі,
395каб стрымаць патоп крывавы,
каб спыніць патокі з жылаў?
Ёсьць яшчэ нябесны бацька,
Бог, які жыве ў хмарах,
што мацней за ўсіх герояў,
400што дужэй за ўсіх асілкаў,
ён крыві зацісьне пашчу,
спыніць той патоп крывавы.
Гэй ты, ойча наш нябесны,
Укка, творца ўсемагутны,
405ты прыйдзі на дапамогу,
памажы ў бядзе, прашу я!
Ты рукой зацісьні рану,
пальцамі заткні ты зеўру,
каб паток крыві запрудзіць,
410зачыніць крыві дарогу.
Пакладзі пяшчотны лісьцік,
ды гарлачыкаў пялёсткі,
зачыні крыві дарогу
і паток запрудзь крывавы,
415каб на бараду не пырскаў,
не крывавіў мне адзенне!”
Так утаймаваў паток ён,
зачыніў крыві дарогу.
Сына ў кузьніцу паслаў ён,
420зёлак наварыць гаючых;
той набраў лякарскіх траваў
і ўзяў траву-крываўку,
іншых траў сабраў на лузе,
траў, што мёдам выцякалі.
425І пайшоў хлапчук да кузьні
зёлак наварыць гаючых.
Па дарозе дуб убачыў
і пытаецца хлапчына:
“Ці ёсьць мёд у тваіх галінах,
430пад карой напой салодкі?
Адказаў дуб так малому:
“Яшчэ ўчора адвячоркам
капаў мёд на вецьце зь неба,
расьцякаўся па вяршыні
435з хмараў, што ляцелі ў небе,
шпарка мерылі прастору.”
Трэсак ён набраў дубовых,
дрэва крохкага абломкаў,
шмат яшчэ набраў ён траваў,
440парастачкаў разнастайных,
што растуць у нас не ўсюды,
не паўсюдна іх сустрэнеш.
На агонь кацёл паставіў,
сумесь моцная ўськіпела,
445поўная кары дубовай,
лекавых шматлікіх траваў.
Варыва ў катле бурліла,
тры начы кіпела запар,
тры вясеньніх дні шумела.
450Паглядзеў тады хлапчына,
ці як сьлед перакіпела,
ці гатова будзе зельле?
Не такія выйшлі мазі,
не гатова было зельле.
455Зноў дадаў травы ў сумесь,
самых разнастайных кветак,
што здалёк да нас прывезьлі,
па шляхах глухіх ставёрстых
дзевяць мудрых чарадзеяў,
460восем ведуноў магутных.
Паварыў яшчэ тры ночы ,
дзевяць дзён варыў няспынна.
Вось кацёл з агню здымае,
пільна сумесь разглядае,
465згатаваліся ўжо лекі,
ці падзейнічаюць зёлкі?
Галінастая асіна
на краю расла паляны,
ды зламаў яе нячысьцік,
470пашчапаў на дзьве паловы;
хлопчык іх памазаў мазьзю,
іх нацёр чароўным зельлем,
кажучы такія словы:
“Калі ёсьць у зёлках сіла,
475што загойвае ўсе раны,
што залечвае калецтвы,
хай асіна цэлай стане,
болей моцнай, маладою!”
Стала цэлаю асіна,
480гожа вершаліна ўстала,
карой гладкай ствол пакрыўся,
зёлкі вылечылі дрэва.
Зноў ён выпрабаваў зельле,
мазаць стаў чароўным сродкам
485спрэс расколатыя скалы,
камяні ў расколах шчылін:
і зрасталіся паловы,
ды злучаліся абломкі.
Так пакінуў хлопчык кузьню,
490дзе варыў для раны зельле,
гатаваў гаючы сродак;
ён аддаў старому лекі:
“Вось магутнае лякарства,
цудадзейнай сьветлай сілы,
495гоіць шчыліны ў каменньні,
зрошчвае расколы ў скалах.”
Языком стары праверыў,
ды ў рот узяў тых зёлак,
палічыў прыдатным сродак,
500ды прызнаў надзейным зельле.
Вяйнямёйнена памазаў,
палячыў цяжкія раны,
мазаў зьверху, мазаў зьнізу,
пасярэдзіне памазаў
505і сказаў такія словы,
словы гэткія прамовіў:
“Не у сваім іду я целе,
я іду ў целе Творцы,
не сваёй іду я сілай,
510Усемагутны мной кіруе,
вусны не мае тут мовяць,
вусны Боскія вяшчаюць.
Прамаўляю мілагучна,
Творца прамаўляе лепей,
515Рукі гожыя я маю,
ды ў Яго рукі паглядней.”
Як памазаў гэтым зельлем,
як прыклаў да ранаў мазі,
Вяйнямёйнена скруціла,
520без прытомнасьці зваліўся,
ад пакутаў ды ад болю
сабе месца не знаходзіць.
Лекар болі заклінае,
гоніць страшныя пакуты,
525заганяе ў Боль-пагорак,
да Пакут-гары іх гоніць,
каб там камяні хварэлі,
каб пакутвалі там скалы.
Ён узяў ядвабны скрутак,
530ды на стужкі шоўк парэзаў,
стужкі зрэзаў на кавалкі
і нарыхтаваў павязак.
Абкруціў ён гэтым шоўкам,
абвязаў прыгожай стужкай
535Вяйнямёйнена калена,
палец на назе героя.
Сам сказаў такія словы,
словы гэткія прамовіў:
“Божы шоўк павязкай будзе,
540Творцы плашч будзе, як коўдра
на калене гэтым слаўным,
на назе на моцных пальцах!
Не пакінь, магутны Творца,
прыглядзі, дзівосны Божа,
545каб бяды яшчэ не зведаць,
каб не забалела рана!”
Векамудры Вяйнямёйнен
хутка ён адчуў палёгку,
стаў здаровым неўзабаве,
550стаў прыгожы звонку целам,
і знутры зусім здаровым,
няма болю ў сяродцы,
і не бачна шнараў зьверху,
звонку шнараў тых не бачна,
555чым было ўсё лепей стала,
больш прыгожым і магутным.
Вось ён змог ступіць нагою,
вось зьгінаецца калена,
загаіліся ўсе раны,
560не чуваць ніколькі болю.
Тады стары Вяйнямёйнен
пазірнуў высока ў неба,
паглядзеў туды з пашанай,
у магутныя нябёсы;
565сам сказаў такія словы,
словы гэткія прамовіў:
“Літасьць нам заўжды адгэтуль,
абарона зь неба прыйдзе,
з сіняга бяздоньня неба,
570ад Валадара нябёсаў.
Слаўны будзь, вялікі Божа,
слаўся, Творца ўсемагутны,
што прыйшоў на дапамогу,
які даў мне абарону,
575ды пазбавіў ад пакутаў,
што жалеза мне чыніла!”
Векамудры Вяйнямёйнен
тут дадаў такія словы:
“Ты народ, што будзеш потым,
580малады народ, што прыйдзеш!
Не рабі ў заклад ты човен,
не хваліся перад працай!
Пра канец вядома Богу,
вынік Творцу падуладны,
585без таго герой не ў сіле,
рукі майстра не спрацуюць.”