РУНА ДЗЕСЯТАЯ
Вяйнямёйнен вяртаецца дадому і прапануе Ілмарынену ехаць у Пох’ялу сватаць дзяўчыну, якую ён атрымае ў жонкі, калі скуе Сампа(1—100). Ілмарынен не хоча ехаць у Пох’ялу, але Вяйнямёйнен сваімі чарамі пымушае Ілмарынена паехаць туды ((101—200). Ілмарынен прыязджае ў Пох’ялу, яго там гасьцінна сустракаюць і прапануюць выкаваць Сампа (201 – 280). Ілмарынен выкоўвае Сампа і гаспадыня Пох’ялы, старая Лоўхі, хавае Сампа ў каменнай гары Пох’ялы (281 – 432). Ілмарынен просіць сабе ў жонкі дзяўчыну, як узнагароду за працу, але дзеўка выдумляе ўсялякія прычыны, па якіх яна не можа пакінуць родны дом (433 – 462). Ілмарынену даюць човен, той вяртаецца дадому і расказвае Вяйнямёйнену , что ён выкаваў Сампа ў Пох’яле (463 – 510)
Акселі Галлен-Калела, «Каванне Сампа», 1893. Грамадскі набытак.
В екамудры Вяйнямёйнен
гнедага каня выводзіць,
ставіць дужага ў аглоблі
запрагае яго ў сані.
5 Сам тады ўсеўся ў сані,
паямчэй уладкаваўся.
Сьцебануў каня ён пугай,
пугай з перламі на ручцы;
Конь імчыць, бяжыць дарога,
10 карацее падарожжа,
палазы рыпяць зь бярозы,
ды рыпіць дуга з рабіны.
Ён адтуль імчаўся з шумам,
па палях ды па балотах,
15 па лясных палянах чыстых.
Ехаў дзень, другі праехаў,
і, нарэшце, ўжо на трэці,
дасягнуў маста даўгога,
ў Калевале верасовай,
20 ля шырокіх ніваў Осма.
Тут сказаў такія словы,
словы гэткія прамовіў:
“Воўк, зарэж таго празорцу,
хворасць, ты забі лапландца!
25 Ён сказаў, што не дабрацца,
не пабачыць мне ніколі
краю роднага і дому,
пакуль месяц залацее,
Вяйнёлы мне не ўбачыць,
30 Калевалы вольных гоняў.”
Засьпяваў тут Вяйнямёйнен
чарадзейныя замовы,
насьпяваў пышную елку
з залатой іглістай кронай;
35 аж да неба паднялася
вершалінаю праз хмары,
ў небе распушыла крону,
небасьхіл увесь закрыла
Ён сьпявае, заклінае,
40 падымае песьняй месяц
на вяршыню залатую,
а Мядзьведзіцу ў галіны.
Шумна ён далей імчыцца,
да роднай імкнецца хаты
45 ў думах чорных, невясёлых,
шапка зьбілася гаротна:
Ілмарынена прадаў ён,
каваля аддаць пакляўся,
вызваліць сябе з палону
50 выкупам аддаць зь няволі;
ў Пох’ялу, прытулак цемры,
ў Сарыёлу, край туманны.
Супыніў каня ля кузьні,
каля новай нівы Осма.
55 Векамудры Вяйнямёйнен
са свайго вазка падняўся;
чуліся ўдары з кузьні,
звон жалеза, пах вугольля.
Векамудры Вяйнямёйнен
60 пасьпяшаўся зайсьці ў кузьню.
Там кавальнік Ілмарынен
стукаў малатком старанна.
Запытаўся Ілмарынен:
“Гэй, старэча Вяйнямёйнен!
65 Дзе прабыў ты безьліч тыдняў,
дзе так доўга заставаўся?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Там прабыў я безьліч тыдняў,
70 там так доўга заставаўся,
ў Пох’яле, прытулку цемры,
ў туманнай Сарыёле.
Па лапландзкіх хадзіў сьцежках,
між магутных чарадзеяў.”
75 А каваль той Ілмарынен
вымавіў такія словы:
“Гэй ты, стары Вяйнямёйнен,
Векамудры заклінальнік!
Што ты нам пра вандраваньні,
80 пра жыцьцё сваё раскажаш?”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Шмат чаго табе скажу я,
жыве ў Пох’яле дзяўчына,
дзева ў халоднай вёсцы,
85 жаніхоў не прынімае,
самых лепшых выганяе.
Хваліць дзеўчыну ў краіне,
прыгажосьць яе ўслаўляюць:
на брывах сьмяецца месяц,
90 на грудзях палае сонца,
з плеч Мядзьведзіцы зіхценьне,
са сьпіны бляск сямізорны.
Дык зьбірайся, Ілмарынен,
Векамудры ты кавальнік,
95 здабываць сабе нявесту,
паглядзець на яе косы!
Калі зможаш скаваць Сампа,
покрыўку як сьлед аздобіць,
узнагародай дзева будзе,
100 платай за тваю работу.”
Адказаў так Ілмарынен:
“Гэй, старэча Вяйнямёйнен!
Дык няўжо паабяцаў ты,
ў Пох’ялу мяне адправіць,
105 каб табе ўратавацца,
вызваліцца з той няволі?
Не пайду, пакуль жыву я,
пакуль ясны месяц сьвеціць,
у Пох’ялы халоднай хаты,
110 ў хаты змрочнай Сарыёлы,
дзе зямля людзей глытае ,
дзе мужы ў моры тонуць.”
Хітрамудры Вяйнямёнен
словы вымавіў такія:
115 “Ёсьць яшчэ другое дзіва:
елка ў квецені вясновай,
золатам палае хвоя,
на ўскрайку нівы Осма.
На вяршыні сьвеціць месяц,
120 Сямізор’е на галінах.”
Адказаў так Ілмарынен:
“Не магу табе паверыць,
пакуль сам я тое дзіва
на свае пабачу вочы.”
125 Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Калі мне зусім не верыш,
дык пайдзём туды, паглядзім,
праўду я сказаў, ці схлусіў.”
Пайшлі паглядзець на дзіва,
130 на квітнеючую елку.
Вяйнямёйнен рушыў сьмела,
а за ім пайшоў кавальнік.
Падыйшлі яны да елкі,
на ўскрайку поля Осма,
135 і застыў каваль ля елкі,
разглядае цуда-дрэва:
Сямізор’е на галінах,
ясны месяц на вяршыні.
Хітрамудры Вяйнямёнен
140 словы вымавіў такія:
“Ну браток, каваль цудоўны,
лезь, здымі зь вяршыні месяц,
забяры з галін сузор’е,
з цуда-елкі залацістай.”
145 Тут кавальнік Ілмарынен
стаў на дрэва падымацца,
лезе ў неба ён высока,
каб забраць зь вяршыні месяц,
каб з галінак зьняць сузор’е,
150 з цуда-елкі залацістай.
Тут квітнеючая елка
словы мовіла такія:
“Гэй, дзяцюк ты неразумны,
ты асілак прастадушны!
155 Ты ўзлез, дзівак, на елку,
як дзіцёнак на вяршыню,
каб забраць прывідны месяц,
здань Мядзьведзіцы ўкрасьці!”
Тады стары Вяйнямёйнен
160 стаў паціху пець замовы,
каб ўзьняўся моцны вецер,
каб віхура ўзьнялася.
Сам сказаў такія словы,
словы гэткія прамовіў:
165 “Веснавы халодны вецер!
Ты вазьмі яго ў свой човен,
ды зьнясі, як можаш хутка
ў Пох’ялу, краіну цемры!”
Заклубілася віхура,
170 скаланулася паветра,
Ілмарынена панесла
па паветранай дарозе
ў Пох’ялу, краіну цемры,
ў Сарыёлу, край туманны.
175 Паімчаўся Ілмарынен,
Зь ветрам паляцеў імкліва!
Ён ляцеў дарогай ветра,
шляхам ветрыкаў вясновых,
вышэй месяца, пад сонцам,
180 над Мядзьведзіцай Паўночнай,
У Пох’ялу, на двор прымчаўся,
ў Сарыёлу, каля лазьні,
не пачулі і сабакі,
не паднялі нават брэху.
185 Гаспадыня Пох’і, Лоўхі,
рэдказубая старая,
ў двары сваім стаяла,
запыталася ў госьця:
“Ты зь якога роду будзеш,
190 з племені якіх герояў?
Прыляцеў дарогай ветра,
шляхам веснавой віхуры,
не пачулі і сабакі,
нават брэху не паднялі!”
195 Адказаў так Ілмарынен:
“Не за тым сюды ляцеў я,
каб мяне сабакі ўчулі,
пышнахвостыя брахалі
ля няведамай мне брамы,
200 ля дзьвярэй мне незнаёмых.”
Тады Пох’і гаспадыня
чужаніцу запытала:
“Можа чуў, ці сустракаўся,
“Мо’ знаём табе, наведнік,
205 той каваль, славуты майстра,
каваль-майстра Ілмарынен?
Мы даўно яго чакаем,
мы яго жадаем бачыць
у нашай Пох’яле далёкай,
210 каб ён выкаваў нам Сампа.”
Тут кавальнік Ілмарынен
у адказ прамовіў слова:
“З кавалём даўно знаёмы,
Ілмарынен мне вядомы,
215 бо і ёсьць я Ілмарынен,
той каваль, славуты майстра.”
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
рэдказубая старая,
шпарка забягае ў хату
220 і такія словы кажа:
“Мая меньшая дачушка,
любае маё дзіцятка!
Апрані ўбор прыгожы,
строі новыя надзень ты
225 зь перлаў ты вазьмі аздобы,
імі грудзі упрыгожыць,
ты дастань свае маністы,
ды падвесачкі на скроні,
нарумянь свае ты шчокі,
230 будзеш дзеўка-чараўніца!
Ілмары, каваль славуты,
у Пох’ялу да нас прыехаў,
каб скаваць для Пох’і Сампа,
нам стракатую накрыўку.”
235 Дзева Пох’ялы, красуня,
прыгажосьць зямлі і мора,
лепшыя ўзяла ўборы,
строі лепшыя адзела,
апранулася, як лепей,
240 узяла свае аздобы,
медныя ўзяла падвескі,
пояс залаты прыгожы.
Са двара ў хату прайшлася
праплыла з кладоўкі ў хату,
245 вочы вабяць прыгажосьцю,
стройны стан вышэй здаецца,
гожы твар, гарыць, як сонца,
шчокі ярка пунсавеюць,
грудзі золатам палаюць,
250 а чало пакрыта срэбрам.
Пох’ялы тут гаспадыня
Ілмарынена прыводзіць
прама ў Пох’ялы пакоі,
ў харомы Сарыёлы;
255 добра госьця частавалі,
выпіць далі колькі хочаш,
а калі нагадавалі,
Лоўхі так загаварыла:
“Гэй каваль ты, Ілмарынен,
260 Векамудры той кавальнік!
Зможаш ты скаваць нам Сампа,
нам стракатую накрыўку,
ты з канца пяра лябёдкі,
з малака каровы ялай,
265 ды зь ячменнага зярняці,
ды з авечкі летняй воўны?
Тады возьмеш за работу,
ты маю дачку-красуню.”
Адказаў так Ілмарынен,
270 словы гэткія прамовіў:
“Я, вядома ж, скую Сампа,
расьпішу я вам накрыўку
хоць з канца пяра лябёдкі,
з малака каровы ялай,
275 хоць зь ячменнага зярняці,
ды з авечкі летняй воўны.
Змог жа я скаваць нябёсы,
дах паветраны зрабіў я,
калі не было нічога,
280 не было ў мяне прыпасаў.”
Вось пайшоў каваць ён Сампа,
расьпісаць накрыўку ярка.
Ён спытаўся, дзе тут кузьня,
дзе прылады кавалёвы?
285 Ды няма ніякай кузьні,
няма кузьні і прыладаў
горана няма й кавадла,
нават малатка няма тут.
І сказаў так Ілмарынен,
290 словы гэткія прамовіў:
“Хай палохаюцца бабы,
справу што зрабіць не могуць,
а не муж, хаця й лядашчы,
не герой, хаця і слабы!”
295 Для мяхоў шукае месца,
і для горана прытулак
на шырокіх земдях Пох’і,
ў краіне неабсяжнай.
Дзень шукаў, другі шукае,
300 трэцім днём нарэшце ўбачыў,
адшукаў узорны камень,
камень напаткаў прыдатны.
Тут спыніўся наш кавальнік
ды расклаў агонь вялікі;
305 першым днём мяхі наладзіў,
на другі дзень зладзіў горан.
Вось каваль той Ілмарынен,
Векамудры той кавальнік,
усе прыпасы ў горан кінуў,
310 у агонь усе нарыхтоўкі
Да мяхоў рабоў паставіў,
каб агонь той раздувалі.
Вось рабы з усяе сілы
раздуваць агонь пачалі,
315 працавалі тры дні летніх
і тры ночы без спачыну:
змазалелі пяткі ў камень,
камяні ўзрасьлі паміж пальцаў.
Вось на першы дзень работы
320 сам каваль той Ілмарынен
нахінуўся, прыглядзеўся,
горан позіркам працяў ён,
каб убачць, што выходзіць
з полымя што паднялося?
325 Лук там з полымя выходзіць,
залаты з агню падняўся,
серабром канцы блішчэлі,
ручка зіхацела меддзю.
З выгляду той лук прыгожы,
330 ды ўласьцівасьць меў дурную:
кожны дзень прасіў ахвяры,
а па сьвятах дзьве хацеў ён.
Сам кавальнік Ілмарынен
не ўзрадаваўся луку,
335 наплам яго зламаў ён,
ды ізноў у горан кінуў,
зноў рабоў туды паставіў,
каб мацней агонь раздулі.
Дзень яшчэ адзін праходзіць,
340 сам каваль той Ілмарынен
нахінуўся, прыглядзеўся,
горан позіркам працяў ён:
човен з полымя выходзіць,
з парусам плыве чырвоным,
345 нос у золатых аздобах,
а ўключыны ўсе зь медзі.
Выгляд човен меў прыгожы,
ды ўласьцівасьць меў дурную:
сам сабой ірваўся ў бітву,
350 без патрэбы лез у у бойку.
Сам кавальнік Ілмарынен
не ўзрадаваўся лодцы,
паламаў яе на трэскі,
ды ізноў у горан кінуў,
355 зноў рабоў туды паставіў,
каб мацней агонь раздулі.
Вось на трэці дзень работы
сам каваль той Ілмарынен,
нахінуўся, прыглядзеўся,
360 горан позіркам працяў ён:
а з агню карова выйшла,
рогі золатам блішчэлі,
зорачка ў ілбе зіхцела,
паміж рог палала сонца.
365 Добры выгляд у каровы,
ды дурная ўласьцівасць:
увесь час ляжыць у лесе,
малако ў зямлю зьлівае.
Сам кавальнік Ілмарынен
370 не ўзрадаваўся надта:
на кавалкі яе зрэзаў,
ды ізноў у горан кінуў,
зноў рабоў туды паставіў,
каб мацней агонь раздулі.
375 На чацьвёрты дзень работы
сам каваль той Ілмарынен,
нахінуўся, прыглядзеўся,
горан позіркам працяў ён:
а з агню там плуг выходзіць,
380 залаты лямеш у плуга,
нож таксама ў пазалоце,
ручкі выкаваны зь медзі.
Плуг той меў выдатны выгляд,
ды ўласьцівасьці дурныя:
385 ён араў палі чужыя,
ўздымаў чужыя пожні.
Сам кавальнік Ілмарынен
не ўзрадаваўся плугу,
паламаў яго на часткі,
390 ды ізноў у горан кінуў.
Працаваць вятры прымусіў,
змусіў працаваць віхуру.
Вятры пачалі старацца:
дзьме заходні, дзьме ўсходні,
395 моцна дзьме паўднёвы вецер,
з поўначы мацней вятрыска.
Вятры раздувалі горан,
дзьмулі дзень, другі і трэці,
полымя з акна шугнула,
400 паляцелі зь дзьвярэй іскры,
слупам пыл падняўся ў неба,
чорны дым зьбіваўся ў хмары.
Сам кавальнік Ілмарынен
ужо на трэці дзень работы
405 нахінуўся, прыглядзеўся,
горан позіркам працяў ён,
бачыць: вырастае Сампа,
расьце ўзорная накрыўка.
І каваль той Ілмарынен,
410 слаўны майстра Векамудры,
стаў тады каваць старанна,
малатком часьцей пастукваць.
Так і выкаваў ён Сампа,
каб муку малола бокам,
415 а другім бы -- соль малола,
трэцім бы – малола грошы.
Сампа новае працуе,
меле ўзорная накрыўка,
скрыню поўную за вечар,
420 меле скрыню на патрэбу,
і на продаж меле скрыню,
меле трэцюю ў сусекі.
Гаспадыня Пох’і рада,
панясла цяжкое Сампа
425 ў скалы дзікія далёка,
занясла ў медны пагорак,
за дзевяць замкоў схавала.
Сампа карані зарыла
ў глыбіню на дзевяць сажняў,
430 адзін корань урос у глебу,
другі рос у вадакруце,
пад гарой ля хаты -- трэці.
Тут кавальнік Ілмарынен
папрасіў аддаць нявесту,
435 так сказаў і так прамовіў:
“Ці аддасі ты мне дзяўчыну,
бо зрабіў табе я Сампа,
цуда-покрыўка гатова?”
Пох’ялы красуня-дзева
440 так на гэта адказала:
“ Хто ж наступным годам будзе,
будзе хто наступным летам
клікаць кукаваць зязюлю,
выклікаць на сьпевы птушак,
445 калі родны край пакіну,
з’еду, вішня, на чужбіну?
Калі б кураняці зьнікла,
заблукала б гусяняці,
ягадка-дачушка зьнікла б,
450 ды паехала б ад маці,
зніклі б разам усе зязюлі,
пазьляталі б усе птушкі,
з дарагіх маіх пагоркаў,
з горак любых навакольных.
455 Ды й няма калі дзяўчыне:
не магу ж я ўсё пакінуць,
усе дзявочыя заняткі,
летнія свае турботы:
ягады б не пазьбіралі,
460 не пачуў бы бераг песень,
лес не пройдзеным застаўся б,
калі б я пайшла з табою.”
Тут кавальнік Ілмарынен,
слаўны майстра Векамудры,
465 галаву сьхіліў сумотна,
шапку зьбіў на бок панура,
думку думае, гадае,
ў галаве адно трымае,
як дамоў яму дабрацца,
470 трапіць ў родныя мясьціны,
з цёмнай Пох’ялы халоднай,
з той туманнай Сарыёлы.
Гаспадыня Пох’і мовіць:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен!
475 Ты чаго такі маркотны,
шапку ты на лоб насунуў?
Можа ты дамоў імкнешся,
да родных краёў ты хочаш?”
Адказаў так Ілмарынен:
480 “У край свой родны захацеў я,
каб спачыць мог там навекі,
у зямлі сваёй радзімай.”
Лоўхі, гаспадыня Пох’і
Ілмарынена частуе,
485 садзіць на карму ў човен,
да стырна з бліскучай медзі,
загадала ветру веяць,
каб падзьмуў паўночны вецер.
Тут кавальнік Ілмарынен,
490 слаўны майстра Векамудры,
у свой родны край паехаў,
грабянямі сініх хваляў.
Ехаў дзень, другі праехаў,
і на трэці дзень, нарэшце,
495 ён вярнуўся ў дом свой родны,
ў свае родныя мясьціны.
Мовіў стары Вяёнямёйнен,
у Ілмарынена пытае:
“Брат, кавальнік Ілмарынен,
500 слаўны майстра Векамудры,
ці скаваў ты тое Сампа,
покрыўку пакрыў узорам?”
Адказаў так Ілмарынен,
мовіў майстра спрытнарукі:
505 “Сампа новае працуе,
меле ўзорная накрыўка,
скрыню поўную за вечар,
меле скрыню на патрэбу,
і на продаж меле скрыню,
510 меле трэцюю ў сусекі.