Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА АДЗІНАЦЦАТАЯ

Леммінкяйнен едзе ў сваты да дзяўчыны Кюлліккі са знатнага роду Саары (1 –110). Спачатку дзяўчаты Саары сьмяюцца зь яго, але потым знаёмяцца зь Леммінкяйненам пабліжэй(111 – 156). Толькі адна дзяўчына, Кюлліккі, дзеля якой ён і прыехаў, не зьвяртае на яго ўвагі. Тады Леммінкяйнен выкрадае дзяўчыну, сілком садзіць у сані і выпраўляецца ў дарогу (157 – 222). Кюлліккі засмучаецца ад ваяўнічасьці Леммінкяйнена, і яны даюць адзін аднаму абяцаньні: Леммінкяйнен ніколі не пойдзе на вайну , калі яна ніколі не будзе бегаць у вёску і балбатаць з суседкамі (223 – 314). Маці Леммінкяйнена ў захапленьні ад маладой нявесткі (315 – 402).

Час настаў сьпяяць пра Ахці,
пра свавольніка-гарэзу.
Гэты Ахці жыў на выспе,
лёгкадумец з рода Лемпі.
Вырас ён у доме слаўным,
пад крылом у любай маці,
ля шырокае затокі,
каля мыса Каўканіемі.
Каўка вырастаў на рыбе,
акунёў лавіў той Ахці,
вырас дужы стройны хлопец,
мужам стаў прыгожым статным,
росту быў ён немалога,
твар румяніўся зарою,
ды была адна загана,
у паводзінах пахіба:
ён да дзевак заляцаўся,
з ночы ў ноч хадзіў хлапчына
зь дзеўкамі павесяліцца,
маладых дзяўчат пацешыць.
Кюлліккі жыла на Саары,
кветачка, красуня рода.
Вырасла ў доме слаўным,
узрасла ў багатай хаце,
ў сьветлых бацькавых харомах,
седзячы на лаўцы нізкай.
Час ішоў, ляцелі чуткі,
і сваты ішлі здалёку,
ў дом да дзеўчыны прыгожай,
на багатае падвор’е.
Сватала за сына Сонца:
не пайшла ў дом да Сонца,
побач зь ім сьвяціць не стала,
ды за ім сьпяшацца ўлетку.
Сватаў сыну дзеўку Месяц,
ды дзяўчына не схацела
побач зь Месяцам зіхцецца,
кружачы ўвесь час па небе.
Сватала за сына Зорка,
не пайшла туды красуня,
каб сьвяціць уначы бяссонна
ў марозным зімнем небе.
З Інгрыі сваты хадзілі,
эсты завіталі ў сваты,
не пайшла туды дзяўчына,
так яна сватам сказала:
“Марна золата не сыпце,
срэбра мне не прапануйце!
Не паеду я да эстаў,
нізавошта не пайду я
веславаць ў эстонскіх водах,
з вострава на востраў плаваць,
харчавацца эстонскай рыбай,
ды эстонскай юшкай поснай.
Я і ў Інгрыю не выйду,
ў камяністы край убогі;
там заўжды пануе голад,
мала дроў там і лучыны,
мала там вады й пшаніцы,
жытняга там хлеба мала.”
Лёгкадумны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
вырашыў туды паехаць,
Саары красачку пасватаць,
тую слаўную нявесту,
з распрыгожаю касою.
Маці не пускае сына,
адгаворвае старая:
“Ты не едзь сынок, не сватай,
дзеву, што вышэй па роду,
у радню цябе не прымуць,
у вялікім родзе Саары.”
Адказаў так Леммінкяйнен,
Каўкаміелі так прамовіў:
“Калі дом мой і не знатны,
род не надта мой славуты,
дык вазьму ўсіх я спрытам,
сілаю ды прыгажосьцю.”
Ды не адпускае маці
Леммінкяйнена ў дарогу,
сватацца ў род Саары знатны,
ў вялікае сямейства:
“Зясьмяюць цябе там дзеўкі,
ды й жанкі сьмяяцца будуць.”
Бесклапотны Леммінкяйнен
у адказ прамовіў словы:
“Сьмех жанок суняць змагу я
і дзявочыя пахмылкі:
нараблю дзяцей усім я,
кожнай зь іх па немаўлятку,
так і скончацца насьмешкі,
змоўкне сьмех жанок і дзевак.”
Маці ў адказ сказала:
“Вохці мне, старой гаротнай!
Саары ты жанчын пакрыўдзіш,
дзевак маладых зьняславіш,
свара страшная пачнецца,
бой вялікі ўзгарыцца!
Жаніхі, што ёсьць на Саары,
сотня воінаў пры зброі,
аднаго цябе абступяць,
і загінеш, бедалага.”
Леммінкяйнен не паслухаў
матчынай перасьцярогі,
жарабка бярэ палепей,
запрагае яго ў сані,
паімчаўся, як віхура
да той слаўнай вёскі Саары,
сватаць кветачку той вёскі,
Саары слаўную нявесту.
Зь Леммінкяйнена сьмяюцца
і жанчыны, і дзяўчаты,
што па вуліцы няскладна,
ды нязграбна ў двор заехаў:
зачапіўся за вароты
і кульнуў пацешна сані.
Лёгкадумны Леммінкяйнен
рот скрывіў, гледзячы долу,
бараду кусае злосна,
тут жа словы прамаўляе:
“І не бачыў, і не чуў я,
ніколі раней такога,
каб зь мяне дзяўчаты кпілі,
ды жанчыны жартавалі.”
Бестурботны Леммінкяйнен
словы мовіў ім такія:
“Можа ёсьць на выспе месца,
поле знойдзецца на Саары,
дзе б я змог павесяліцца,
на лужку якім патаньчыць,
Саары там дзяўчат пацешыць,
у карагодах пакружыцца?”
У адказ дзяўчаты Саары
мовілі такія словы:
“Поле знойдзецца на Саары,
знойдзецца на выспе месца,
дзе б ты мог павесяліцца,
на лужку дзе б мог патаньчыць,
калі пойдзеш ты падпаскам,
пастухом на ляда пойдзеш:
пасхуднелі дзеці ў Саары,
ды вось коні патлусьцелі.”
Не сумеўся Леммінкяйнен,
пастушком туды наняўся:
ўдзень пасе гавяду ў полі,
ўначы дзяўчат ён цешыць,
з маладзіцамі гуляе,
кружыцца ў карагодах.
Так вясёлы Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
супыніў жанчын насьмешкі
ды дзявочыя пахмылкі.
Не было такой дзяўчыны,
самай сьціплай незачэпы,
каб пазьбегла яго абдымкаў,
каб не пераспаў ён зь ёю.
Ды была адна дзяўчына
з роду Саары прыгажуня,
што йсьці замуж не хацела,
жаніхам усім адмаўляла,
гэта Кюлліккі, красуня,
роду кветачка-аздоба.
Лёгкадумны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
пратаптаў сто пар абутку,
зьвеславаў ён сотню вёсел,
імкнучыся ад дзяўчыны
дабрасьхільнасьці дабіцца.
Кюлліккі, дзяўчына-кветка,
словы мовіла такія:
“Што ты ходзіш тут, нягоднік,
што па беразе шуміш ты,
што ты ўсё дзяўчат чапляеш
у паясочках алавянных?
Замуж не пайду пакуль я
жорны не сатру дазваньня,
ды таўкач свой не раструшчу,
ступу не стаўку на трэскі.
Не пайду я за дурнога,
за дурнога, за паганца,
мне жаніх патрэбен зграбны,
бо я зграбная дзяўчына,
мне жаніх патрэбен гожы,
бо я гожая дзяўчына,
мне такі жаніх патрэбен,
каб усім мне быў пад пару.”
Вось кароткі час праходзіць,
месяца ўсяго палова,
як аднойчы днём прыгожым,
адвячоркам, на зьмярканьні,
выйшлі дзевы весяліцца,
карагод вялі красуні,
леса цёмнага на ўскрайку,
на палянцы верасовай.
Кюлліккі між іх квітнела,
роду кветка і аздоба.
Тут удалы зух пад’ехаў,
падкаціў герой бяздумны,
на сваім кані агністым,
жарабку сваім гарачым.
Стаў ён пасярод паляны,
паміж кветачак-дзяўчатак,
Кюлліккі ўцягнуў у сані,
кінуў дзеўку ў распісныя,
ды паклаў яе на футры
і да дна вазка прыціснуў.
Ён каня ўдарыў пугай,
хвастануў раменнай плёткай,
паімчаў адтуль штомоцы,
ды здалёк дзяўчатам крыкнуў:
“Пра мяне ніколі, дзеўкі,
і нідзе вы не кажыце,
што сюды да вас пад’ехаў
і дзяўчыну зьвёз з сабою!
Калі ж хто наказ парушыць,
дрэнна будзе вам, дзяўчаты:
я нашлю вайну закляцьцем,
хлопцаў і мужчын я вашых
на вайну, на сьмерць адпраўлю,
не пачуеце іх болей,
не пабачыце ніколі
іх на вуліцах ды нівах!”
Кюлліккі гаротна просіць,
моліць кветка роду Саары:
“Выпусьці мяне на волю,
адпусьці дзіцё дадому,
я дамоў хачу вярнуцца,
бо мая матуля плача.
Калі ж ты мне не дазволіш
у бацькоўскі дом вярнуцца,
пяць братоў маіх старэйшых,
сем сыноў роднага дзядзькі
знойдуць зайчыка па сьледу,
адаб’юць назад дзяўчыну.”
Ён не адпусьціў дзяўчыну.
Стала дзеўка ціха плакаць,
словы мовіла такія:
“Ах навошта бедалага,
нарадзіўшыся расла я,
пражыла свой час дарэмна,
трапілася я нікчэмцу,
лайдаку і абібоку,
што заўсёды лезе ў бойку,
толькі й можа, што пабіцца!”
Адказаў ёй Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Кюлліккі, квяточак сэрца,
ягадка мая лясная,
ты пакінь тужыць дарэмна!
Крыўдзіць я цябе не буду:
будзеш есьці – абдыму я,
на руках насіць я буду,
будзеш ты заўсёды побач
і са мною побач ляжаш.
Ну, чаму ты так бядуеш,
ад якой бяды ўздыхаеш?
Можа ты таго баішся,
Можа ад таго ўздыхаеш,
што ні хлеба, ні гавяды,
ні харчоў няма ніякіх?
Не журыся, мая зорка!
У мяне гавяды хопіць,
малака дае мне многа:
ёсьць Марошка на балоце,
ды Сунічынка на ўзгорку,
ды Брусьнічынка ў лесе.
Усе прыгожыя без корму,
прыгажэюць без дагляду,
не прывязваюць іх ноччу,
не адвязваюць іх ранкам,
не патрэбна ім ні сена,
соль і пойла непатрэбны.
Можа ты таго бядуеш,
ды журботна ты ўздыхаеш,
што нязнатнага я роду,
не такі мой дом славуты?
Хай нязнатнага я роду,
не такі мой дом славуты,
зато маю меч агністы,
лязо іскрамі бліскоча.
Славен меч сваёй радзінай,
славен сваім родам знатным:
Хійсі сам яго адточваў,
чысьцілі багі да бляску.
Ім здабуду веліч роду,
ўсю сям’ю сваю праслаўлю
агнявым клінком славутым,
тым лязом, што сыпле іскры.”
Бедная дзяўчына ў жаху
словы мовіла такія:
“Гэй ты, Ахці з роду Лемпі!
Калі хочаш мяне ўжонкі,
ў Векамудрыя сяброўкі,
птушачкай сабе падпаху,
пакляніся вечнай клятвай,
што не пойдзеш на вайну ты,
як бы золата ні прагнуў,
серабра як ні хацеў бы!”
Лёгкадумны Леммінкяйнен
словы гэткія прамовіў:
“ Я клянуся вечнай клятвай,
на вайну не йсьці ніколі,
як бы золата ні прагнуў,
серабра як ні хацеў бы!
Ты ж таксама пакляніся
на сяло гуляць не бегаць,
як бы ні хацела танчыць,
у карагодзе пакружыцца!”
Так прынесьлі яны клятвы
і зарок далі навекі
перад Богам усемагутным,
перад Небам усёведным:
Ахці – не хадзіць на войны,
Кюлліккі – ў сяло не бегаць.
Бесклапотны Леммінкяйнен
пугаю каня ўдарыў,
лейцамі яго прысьпешыў,
сам такія мовіў словы:
“Ну, бывай, бязьмежны Саары,
елак пні, карэньні соснаў,
месцы, дзе хадзіў я летам,
дзе блукаў зімой марознай,
дзе дажджлівымі начамі
я хаваўся ад непагоды,
як за курачкай сваёю,
мілай птушачкай ганяўся!”
Конік шпарка паімчаўся,
вось і дом на даляглядзе.
І спытала тут дзяўчына,
словы мовіла такія:
“Што там гэта за руіна,
мо’ прытулак для галодных,
хто валодае той хатай,
поўна чалавек нікчэмны?”
Бесклапотны Леммінкяйнен
у адказ ёй так прамовіў:
“Не журыся ты па хаце,
не бядуй ты па харомах!
Хаты новыя збудую,
лепшыя зраблю сьвятліцы,
са смалістага бярвеньня,
зь лепшых круглякоў сасновых.
Бесклапотны Леммінкяйнен
хутка ў родны дом прыехаў,
да сваёй старэнькай маці,
да сваёй матулі любай.
Маці так яму сказала,
словы мовіла такія:
“Што так доўга ты, сыночак,
на чужыне заставаўся?”
Бесклапотны Леммінкяйнен
у адказ ёй так прамовіў:
“Абсьмяяць хацеў жанчын я,
тых падманных багалюбак,
за ўсе іхныя насьмешкі,
за ўсе крыўды і зьнявагі.
Лепшую з усіх я выбраў,
пасадзіў на футры ў сані,
пад мядзьвежую запону,
покрыва зь мядзьвежай скуры.
Так я адплаціў за кпіны,
за жаночыя насьмешкі.
Ты мяне мая матуля,
не дарэмна нарадзіла:
тое, што хацеў, узяў я,
што хацеў, таго дамогся.
Пасьцялі ты нам пярыны,
памякчэй ускладзі падушкі,
каб узьлегчы ў роднай хаце
побач з маладой дзяўчынай.
У адказ сказала маці,
словы мовіла такія:
“Слава табе, моцны Божа,
слава, Творца ўсемагутны,
што паслаў ты мне нявестку,
мне яна затопіць печку,
будзе ткаць яна тканіну,
будзе спрытна прасьці ніткі,
ды бялізну мне памые,
слаўна выбеліць палотны!
Будзь удзячны свайму лёсу!
Напаткаў ты сваё шчасьце,
Бог паслаў табе удачу,
Творца літасьцівы зь неба.
Чысты сьнег зімой на скалах,
ды чысьцей твая нявеста,
пена белая на хвалях,
ды бялей твая нявеста,
стройная на хвалях качка,
ды страйней твая нявеста,
ясная ў небе зорка,
ды ясьней дзяўчына побач.
Ты зрабі шырэй падлогу,
ты зрабі паболей вокны,
сьцены новыя складзі ты,
новы дом пастаў палепей,
новыя зрабі парогі,
дзьверы новыя навешай,
бо ты ўзяў такую кветку,
выгледзеў сабе красуню,
што вышэй цябе па роду,
болей знатную дзяўчыну.”
↑ Змест