Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ДВАНАЦЦАТАЯ

Кюлліккі забывае на сваю клятву і ідзе ў вёску. Леммінкяйнен у гневе вырашае тут жа кінуць яе і паехаць у сваты да дзяўчыны Пох’ялы (1 -- 128). Маці адгаворвае яго ад паездкі, кажучы, што там яго чакае пагібель. Але Лемммінкяйнен, які расчэсваў валасы, сярдзіта кідае грэбень і кажа, што калі яго параняць, дык з грабяня пацячэ кроў (129 – 212). Леммінкяйнен зьбіраецца ў дарогу і прыязджае ў Пох’ялу, дзе песьнямі заклінае ўсіх мужчын, апрача аднаго злоснага пастуха (213 – 504).

Гэты Ахці Леммінкяйнен,

прыгажун той Каўкалайнен,

бавіць час жыцьця паціху

разам з жонкай маладою.

5 Сам ён на вайну не ходзіць,

Кюлліккі не йдзе ў вёску.

Ды надарылася неяк,
самым ранкам на сьвітаньні
пайшоў Ахці Леммінкяйнен
паглядзець на нераст рыбы,
ды пад вечар не вярнуўся,
не вярнуўся і да ночы.
Кюлліккі ж пайшла ў вёску,
дзе было ігрышча ў дзевак.
Хто ж паведаміў пра тое,
чый язык панёс вясьціну?
Айніккі, сястрычка Ахці,
расказала тое брату,
прынясла вясьціну тую:
“Ахці, братачка мой любы!
Кюлліккі хадзіла ў вёску,
да чужых хадзіла весьніц,
там, ў дзевак на ігрышчы,
ў карагодах весяліцца.”
Ахці, сын адзіны ў маці,
лёгкадумны Леммінкяйнен,
ад таго злаваўся моцна,
цэлы тыдзень сердаваў ён,
ды нарэшце мовіў словы:
“Маці любая старая!
Ты памыла б мне кашулю
ў атруце гадаў чорных,
пасушыла б яе хутка,
каб я мог пайсьці на бітву
ў Пох’ялу з яе сынамі,
на палі сыноў лапландзкіх.
Кюлліккі хадзіла ў вёску,
да чужых хадзіла весьніц,
там, ў дзевак на ігрышчы,
ў карагодах весяліцца.”
Кюлліккі тады сказала,
пасьпяшалася прамовіць:
“Гэй ты, Ахці, мой каханы
не хадзіў бы ты на бітву!
Сон прысьніўся мне жахлівы,
толькі я заснуць пасьпела:
шугануў агонь з агменю,
яркім полымем узьняўся,
падваконьнем праімчаўся,
праляцеў ля сьценак хаты,
у пакой наш уварваўся,
ён шалёным вадаспадам
біўся ад падлогі ў бэлькі,
ад вакенца да вакенца.”
Бесклапотны Леммінкяйнен
у адказ прамовіў словы:
“Я не веру снам жаночым,
як не веру бабскім клятвам.
Ты ўзрасьціла мяне, маці!
Прынясі ж мае дасьпехі,
баявы нясі рыштунак!
Я палаю ўвесь жаданьнем
ап’янець ад піва бітвы,
ды мядоў вайны напіцца!”
Маці ў адказ сказала:
“Гэй ты, Ахці, мой сыночак,
не хадзіў бы ты на бітву!
Піва ёсьць у нас і дома,
ў альховай моцнай бочцы,
за дубоваю затычкай;
паднясу табе я піва,
пі ад раніцы да ночы.”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“Не хачу я піва дома,
лепей вып’ю вады з рэчкі,
са смалістага вясла я,
саладзей вада мне тая,
чым дамашнія напоі.
Прынясі мае дасьпехі,
баявы нясі рыштунак!
У вёскі Пох’ялы пайду я,
на палі сыноў лапландзкіх,
каб там золатам разжыцца,
ды ўзбагаціцца срэбрам.”
Адказала маці сыну:
“Гэй ты, Ахці, мой сыночак,
золата хапае й дома,
серабро ляжыць у клеці.
Вось што ўчора адбылося:
перад сонцам, на сьвітанку
раб араў гадзючы пожаг,
ён зьмяіны клін разорваў
і падняў куфэрак плугам,
выкапаў з грашыма скрынку,
там былі схаваны сотні,
тысячы ляжалі ў скрынцы.
Прынясла яе ў кладоўку
і паклала на паліцу.”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“Што мне скарбы ў кладоўцы!
Срэбра, што вазьму я ў бітве,
даражэй намнога будзе,
чым усё золата ў кладоўцы,
срэбра, што здабыта плугам.
Прынясі мае дасьпехі,
баявы нясі рыштунак!
На вайну пайду я ў Пох’ю,
каб пабіць сыноў лапландзкіх.”
У мяне ўзьнікла думка,
нарадзілася жаданьне
на свае паслухаць вушы,
на свае пабачыць вочы,
ці ёсьць у Пох’яле дзяўчына,
дзева ў Піментоле цёмнай,
што не хоча выйсьці замуж,
гоніць жаніхоў з падвор’я.”
Адказала маці сыну:
“Гэй ты, Ахці, мой сыночак,
Маеш Кюлліккі ты ў жонках,
гаспадыню на ўсе рукі!
Не па-людзку – дзьве кабеты
ў адной пасьцелі з мужам.”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“Кюлліккі па вёсцы ходзіць,
нагуляўшыся яна там,
хай пасьпіць у кожнай хаце,
хай павесяліцца ўволю
зь дзеўкамі ў карагодах!”
Не дае дазволу маці,
перасьцерагае сына:
“Не хадзі, сынок мой любы,
ў вёскі Пох’ялы халоднай!
Не хадзі без чарадзейства,
без чароўнага майстэрства,
ты да Пох’ялы агменяў,
на палі сыноў лапландзкіх!
Сьпевам-чарамі лапландзец,
ды замовамі тур’янец,
па вушы загоніць у попел,
у гарачае вуголле,
з галавой цябе загоніць,
у распаленую печку.”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“Чаравалі чарадзеі,
закліналі мяне зьмеі,
тры лапландцы спрабавалі
летняй ночкаю адною,
чаравалі пад скалою,
голыя, без апаясак,
а без нітачкі на целе.
Ад мяне там разжыліся
атрымалі недарэкі,
што бярэ сякера з камня,
са скалы бярэ сьвярдзёлак,
што абцас сьцірае зь лёду,
сьмерць бярэ ў пустых пакоях.
Пагубіць мяне гразілі,
атрымалася іначай.
Паваліць мяне хацелі,
заваліць сьмяротнай стомай,
грэбляю зрабіць балотнай,
кладкаю ў бруднай лужы,
у дрыгву мяне ўкласьці,
з галавой у твань-брыдоту.
Толькі я не з баязьліўцаў,
я ў дрыгве не разгубіўся,
сам зрабіўся чарадзеем,
сам пачаў я заклінаньні,
я загнаў тых чарадзеяў,
тых стральцоў з чароўным лукам,
тых чараўнікоў з нажамі,
вядзьмакоў з чароўнай стальлю
ў раку краіны сьмерці,
у сьмяротныя бяздоньні,
ў вадаспад самы высокі,
ў жудасныя вадакруты.
Хай яны там і падрэмлюць,
там няхай і сьпяць зладзюгі,
пакуль травы не праб’юцца
праз галовы і шаломы,
ды праз плечы не пралезуць,
праз бакі і праз лапаткі,
чарадзеяў пазаснулых,
вылюдкаў, заклятых мною.”
Маці ўсё ж не дазваляе,
каб паехаў Леммінкяйнен,
не пускае сына маці,
ў адчаі жонка просіць:
“Не хадзі адгэтуль, любы,
ў тыя вёскі ледзяныя,
цёмнай Пох’ялы халоднай!
Прыхадня там сьмерць чакае,
там пільнуе мужа гібель,
прападзе там Леммінкяйнен.
Сто разоў распавядзі мне,
я ўсёроўна не паверу,
быццам стаў ты чарадзеем,
Пох’ялы сыноў спалохаў,
ты ж ні слова па тур’янску,
па лапландзку ты ні слова!”
Бесклапотны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
валасы часаў старанна,
шчоткай іх старанна гладзіў.
На сьцяну павесіў грэбень,
шчотку ён на слуп павесіў,
ды сказаў такія словы,
словы гэткія прамовіў:
“Калі кроў са шчоткі пойдзе,
з грабяня пачне бруіцца,
значыць гіне Леммінкяйнен,
злое ліха яго душыць.”
І паехаў Леммінкяйнен
у Пох’ялу, краіну цемры,
не паслухаў забароны,
ён сваёй старой матулі.
Ён сабраўся, узяў папругу
апрануў сваю кальчугу,
зацягнуў сталёвы пояс
і сказаў такія словы:
“Ў панцыры мацнее воін,
надае кальчуга сілы,
а сталёвы пояс чараў,
супраць чарадзеяў розных:
самых слабыў не збаіцца,
не спалохаецца моцных.”
Ухапіў ён меч свой верны,
свой клінок загартаваны,
шліфаваны ў царстве Хійсі,
ды адточаны багамі;
кінуў той клінок у похвы
і на пояс свой павесіў.
Як аберагаўся Ахці
ад замоваў тых злавесных?
Сілы ўзяў крыху ён дома
ад замоваў тых злавесных,
дакрануўшыся да бэлькі,
вушакі рукой крануўшы,
пастаяўшы ў завулку,
каля весьнічкаў апошніх.
Так герой абараніўся
ад жаночых чараў розных;
ды такая абарона
ненадзейная заступа,
трэба перасьцерагчыся
ад мужчын злавесных чараў;
сілы ўзяў на раздарожжы,
на сьпіне каменнай сіняй,
на бяздоннай чорнай багне;
сілы ўзяў з крынічкі сьветлай,
з бурнай грознай вадакруці,
з грукату вады шалёнай.
Тут бяздумны Леммінкяйнен
выгукнуў такія словы:
“Ну, паўстаньце, вы са зброяй,
з-пад зямлі герояў духі,
вы з бяздоньняў мечаносцы,
лучнікі з глыбокіх рэчак!
Лес, прыдзі сюды з мужамі,
прывядзі народ свой, пушча,
горны дух прыходзь магутны,
Хійсі вадзяны з пачварай,
маці вод з усёю моцай,
вадзянік з цудоўнай сілай,
вы, з усіх далін русалкі,
юныя крыніц жыхаркі,
станьце ў абарону мужа,
як супольнікі героя,
каб яго не бралі стрэлы,
ні нажы тых чарадзеяў,
ні чараўнікоў жалеза,
ні стральцоў лютая зброя.
Калі ж гэтага не хопіць,
ведаю я іншы сродак:
я ўзьнясу малітву ў неба,
Укка, нашаму абаронцу,
што ганяе ў небе хмары,
навальніцамі кіруе.
Гэй ты, Укка, бог вярхоўны,
вечны бацька наш нябесны,
што праз хмары прамаўляеш,
праз усю прастору неба!
Дай мне востры меч агністы,
ў похвах агнявых надзейных,
каб пасек ім перашкоды,
перадолеў усе замінкі,
перамог бы чарадзеяў
і зь зямлі, і з водаў бурных,
тых, што стануць прада мною
тых што застануцца ззаду,
зьверху я абаранюся,
засланюся з двух бакоў я,
ад зачараваных стрэлаў,
ад жалеза чарадзеяй,
ад нажоў зачараваных,
ад паганых мечаносцаў!”
Легкадумны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
высьвістаў каня з паляны,
зь лесу грыву залатую,
у вазок яго стаўляе,
запрагае ён рудога,
потым сеў герой у сані,
на сядзеньні ўладкаваўся,
сцебануў каня ён пугай,
хвастануў яго раменнай.
Карацее шлях далёкі,
конь імкліва лічыць вёрсты,
золатам зьвініць дарога,
срэбрам жвір звініць ля рэчкі.
Едзе дзень, другі праехаў,
трэці дзень ужо мінае,
і на трэці дзень, нарэшце,
ён да вёскі пад’язджае.
Лёгкадумны Леммінкяйнен
зараз крыху засьпяшяўся,
ніжняю дарогай едзе,
ён да ніжняй едзе хаты.
Вось ён стаў на ганку крытым
і пытае з-за парога:
“Можа ёсьць у доме гэтым,
хто б супонь маю аслабіў,
апусьціў мае аглоблі,
ды хамут з дугою зьняў бы?”
Мовіла дзіцё з падлогі,
так малы сказаў з прыступка:
“Няма ў доме тут нікога,
хто б супонь тваю аслабіў,
апусьціў твае аглоблі,
ды хамут з дугою зьняў бы.”
Не бядуе Леммінкяйнен,
хвастануў каня ён пугай,
ляснуў бізуном жамчужным,
і далей сабе паехаў
па сярэдзіннай дарозе,
да сярэдняй едзе хаты.
Вось ён стаў на ганку крытым
і пытае з-за парога:
“Можа ёсьць у доме гэтым,
хто прыняў бы мае лейцы,
хто б супонь маю аслабіў,
ды гужы з аглобляў зьняў бы?”
Зь печкі баба адказала,
адазвалася зь ляжанкі:
“Знойдзецца ў гэтым доме,
хто прыняў бы твае лейцы,
ды супонь тваю аслабіў,
ды на дол спусьціў аглоблі;
знойдзецца людзей дзясятак,
сотня нават, калі хочаш,
што цябе адсюль адправяць,
дадуць коней для падвозу,
ды зьвязуць дамоў пралазу,
да сваёй зямлі паганца,
на бацькоўскія ўслоны,
мацярынскія сьцяжынкі,
да варотаў твайго брата,
да масткоў сястры даедзеш,
да таго, як дзень пагасьне,
да таго, як сядзе сонца.”
Не бядуе Леммінкяйнен,
словы гэткія прамовіў:
“Мо’ застрэліць мне старую,
мо’ забіць пляткарку злую?”
Пасьпяшаўся ён адгэтуль,
што ёсьць моцы паімчаўся,
верхняю дарогай едзе,
ён да верхняй едзе хаты.
Лёгкадумны Леммінкяйнен,
да таго двара пад’ехаў,
словы вымавіў такія,
так сказаў і так прамовіў:
“Хійсі! Пашчу ты заткні сабаку,
ськівіцы зацісьні псіне,
Лемпа, ўстаў затычку ў глотку,
клін устаў надзейны ў зубы,
каб не гаўкаў твой сабака,
пакуль міма не прайду я.”
Вось туды ў двор зайшоў ён,
пугай па зямлі ўдарыў,
ад зямлі туман падняўся,
а ў тумане – чалавечак.
Хамуты ён рассупоніў,
ськінуў на зямлю аглоблі.
Лёгкадумны Леммінкяйнен
прыслухоўвацца стаў чуйна,
непрыкметна падабраўся,
незаўважаным стаіўся,
і пачуў ён з дома сьпевы,
праз мох у сьцяне – размовы,
а праз сьцены чуў музыкаў,
сьпевакоў -- праз аканіцы.
Заглянуў ціхенька ў хату,
праз акенца незаўважна:
чарадзеяў поўна ў хаце,
заклінальнікаў на лаўках,
а музыкаў у прасьценках,
ведуноў перад дзьвярыма,
прадракальнікаў ля сьценак,
падпявалаў у закутках;
шмат лапландзкіх песень пелі,
Хійсі рунаў шмат гарлалі.
Тут вясёлы Леммінкяйнен
захацеў зьмяніць аблічча
і зусім пераўтварыцца;
ён з вугла пранік у хату,
шчылінку там адшукаўшы;
там сказаў такія словы:
“Скончаная песьня лепей,
сьпеў кароткі цешыць вуха;
лепш не пачынаць тых сьпеваў,
чым парваць іх на паўслове.”
Пох’ялы тут гаспадыня,
што якраз была ў хаце,
стала пасярод пакоя,
словы мовіла такія:
“Быў раней у нас сабака,
быў брахун жалезнай масьці,
мяса і касьцей пажорца,
да сьвежай крыві ахвотнік.
Ты зь якога будзеш роду,
ты зь якіх герояў будзеш,
што прыйшоў да нас у хату,
ты праз шчыліну ў зрубе,
так, што пёс цябе не ўнюхаў
не пачуў брахун той люты?”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“Я сюды прыйшоў не проста
без майстэрства і без ведаў,
без магутнасьці, без сілы,
без бацькоўскіх даўніх чараў,
без дзядоў маіх закляцьцяў,
каб сабакі не пажэрлі,
брахуны не разарвалі.
Маці мяне часта мыла,
калі быў я немаўляткам,
тройчы мыла летняй ноччу,
разоў дзевяць ноччу ўвосень,
каб на кожнай я дарозе
ведуном быў неадольным,
сьпеваком вялікім дома,
чарадзейнікам паўсюдна.”
Бесклапотны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
выгляд памяняў адразу:
стаў магутным чарадзеем,
полымем кажух успыхнуў,
полымя з вачэй шугнула,
як пачаў ён заклінаньні,
свае песьні Леммінкяйнен.
Самых лепшых рунапеўцаў
зрабіў горшымі на сьвеце,
рот набіў ім камянямі,
горла ім заткнуў каменьнем,
самым лепшым рунапеўцам,
самым лепшым чарадзеям.
Так закляў мужоў няшчасных,
раськідаў па розных месцах:
па палянах пустазельных,
па даўно зарослых нівах,
нежывых лясных азёрах,
дзе і акуня не зловіш,
у Рут’і вадаспад шалёны,
ў вогненныя вадакруты;
у паток пакрыты пенай,
камянямі іх паставіў,
каб яны гарэлі гарам,
каб ад іх ляцелі іскры.
Так вясёлы Леммінкяйнен
заклінаў тых мечаносцаў,
тых узброеных героеў,
засьпяваў старых і юных,
перамог мужчын магутных,
аднаго ён так пакінуў,
пастуха закляць забыўся,
дзеда бруднага, сьляпога.
Той пастух у мокрай шапцы,
вымавіў такія словы:
“Сын бяздумны з роду Лемпі!
Ты закляў старых і юных,
ты закляў мужчын магутных,
дык чаму ж мяне пакінуў?”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“Я таму цябе пакінуў,
што ты й з выгляду паганы,
брыдкі ты і без закляцьцяў.
Ты яшчэ толькі падлеткам,
ты падпаскам недалужным,
дачку сваёй маці зганьбіў,
ты сястру сваю зьняславіў,
і кабыл ты ўсіх паганіў,
жарабят малых калечыў,
заганяючы ў балота,
у твань паскудную, у багну.
Той пастух у мокрай шапцы
ўськіпеў, разьлютаваўся,
выскачыў за дзьверы з хаты,
выскачыў праз двор у поле,
зьбег да рэчкі Туонелы,
да сьвяшчэннага патока,
пачакаць там Каўкаміелі,
падпільноўваць сына Лемпі,
калі той з далёкай Пох’і,
ў родны дом будзе вяртацца.
↑ Змест