Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ТРЫНАЦЦАТАЯ

Леммінкяйнен просіць гаспадыню Пох’ялы аддаць яму ў жонкі сваю дачку. Яна згаджаецца, але выстаўляе ўмову: Леммінкяйнен павнен злавіць у лесе лася Хійсі. (1-30) Ён пачына ўсяляк выхваляцца і едзе ў лес па задбычу. Але ўхуткім часе хвалько разумее, што адным пустаслоўем жывёлу не ўпалюеш. (31-270)

Лёгкадумны Леммінкяйнен
да старой прамовіў словы:
“Ты аддай дачку мне, баба,
прывядзі сюды дачушку,
ты з усіх красунь красуню,
найвышэйшую з высокіх!”
У адказ яму старая
так прамовіла, сказала:
«Не аддам табе дачку я,
не аддам табе дзяўчыну,
ты ніякай не пабачыш,
ні высокай і не нізкай,
бо даўно ты маеш жонку,
маеш гаспадыню ў хаце».
Адказаў так Леммінкяйнен:
«Кюллікі адпрэчу з хаты,
да чужых дзьвярэй-парогаў,
да чужых людзей-суседзяў;
тут знайду я лепей жонку.
Дык вядзі ж сюды дачушку,
ты з усіх красунь красуню,
з доўгаю касой нявесту!»
Адказала гаспадыня:
«Я дачку сваю не выдам
за нікчэмнага мужчыну,
за героя-недарэку.
Ты прыходзь тады у сваты,
сватайся да маёй кветкі,
як лася дагоніш Хійсі,
на глухіх лясных прагалах».
Бестурботны Леммінкяйнен
хуценька наладзіў дзіду,
цеціву на лук прыладзіў,
накаваў сьмяротных стрэлаў
ды сказаў такія словы:
«Я сваю наладзіў дзіду,
цеціву напнуў на лук я,
стрэлаў нарабіў сьмяротных,
мне на ногі толькі лыжаў
не хапае хуткабежных».
Бесклапотны Леммінкяйнен
Так падумаў, так памысьліў:
«Дзе б я мог дастацца лыжаў,
ды з чаго зрабіць іх змог бы?
Вось пайшоў да хаты Каўппі,
у кузьню Люліккі зайшоў ён:
«О мудры жыхар Вуаёлы,
лепшы з кавалёў лапландзкіх,
ты зрабі мне пару лыжын,
адгаблюй іх па-майстэрску,
каб лася дагнаць я змог бы
ў Хійсі на палях далёкіх!»
Люліккі ў адказ прамовіў,
Каўппі хуткадумны ськеміў:
«Ты дарэмна, Леммінкяйнен
па лася ідзеш на ловы,
пень карчавы ты ўпалюеш,
ды і той з натугай цяжкай.»
Не бядуе Леммінкяйнен!
Словы ён такія мовіў:
«Ты зрабі мне толькі лыжы,
каб яны сьлізгалі добра!
Даганю лася тады я
на глухіх палянах Хійсі.»
Люліккі, мастак той лыжны,
Каўппі, знаўца сваёй працы,
дошкі рыхтаваў увосень,
габляваў узімку лыжы,
дзень рабіў кійкі для лыжаў,
кружлякі другім днём ладзіў.
Лыжыну адну зрабіў ён,
дый другую хутка зладзіў,
і кійкі рабіць ён скончыў,
кружлякі да іх прыладзіў.
Выдры той кіёк каштуе,
кружлякі -- лісінай скуркі.
Ён намазаў лыжы здорам,
ды нацёр лоем з аленя;
агарнула яго дума,
ён тады прамовіў словы:
«А ці знойдзецца малойца
з падрастаючага люду,
каб змог моцна стаць на лыжы,
каб паехаць змог на лыжах?»
А бяздумны Леммінкяйнен
у адказ яму прамовіў:
«Вось і знойдзецца малойца
з падрастаючага люду,
ён на лыжы моцна стане,
адштурхнецца дый паедзе.»
За сьпіну калчан закінуў,
новы лук тугі на плечы,
моцна ўзяў кійкі ў рукі,
слізгануў ён левай лыжай,
потым праваю падаўся,
ды сказаў такія словы:
«Не знайсьці на Божым сьвеце
пад нябесным гэтым дахам,
не знайсьці у цёмным лесе
бегуноў чацьвераногіх,
якіх я не ўпаляваў бы,
не дагнаў бы я на лыжах,
лыжах Калевы героя,
Леммінкяйнена сьлізгачках.»
Ды пачулі гэта хійсі,
злыя ютасы празналі.
Вось ствараюць лася хійсі,
ютасы аленя робяць:
галаву з гнілой калоды,
зь вілаватай лазы – рогі,
ногі з узьбярэжных траваў,
з чаратоў балотных лыткі,
ды з жардзін даўгіх хрыбціну,
а з сухой саломы жылле,
вочы – з кветачак балотных,
вушы – з кветак азяровых,
а з кары яловай – скуру,
цела – зь бервяна гнілога.
Хійсі так вучыў аленя,
злыдзень так ласю прамовіў:
“ Ты бяжы, мой лось магутны,
ты ляці туды прыгожы,
дзе алені дзетак водзяць,
на палі сыноў лапландзкіх!
Заганяй да поту хлопца,
Леммінкяйнена да стомы.”
Хійсін тут алень памкнуўся,
паляцеў той лось магутны,
каля Пох’ялы кладоўкаў,
па палях сыноў лапландзкіх:
ён перакуліў там цэбар,
зьбіў з агню кацёл з заціркай,
мяса ў попел паськідаў ён,
ды ў агмень зацірку выліў.
Тут узьняўся гвалт страшэнны
на палях сыноў лапландзкіх,
плач дзіцячы тут узьняўся,
пачалі брахаць сабакі,
засьмяяліся жанчыны,
нараканьні загучалі.
Лёгкадумны ж Леммінкяйнен
за ласём на лыжах гнаўся,
па зямлі і па балотах,
па лясных прагалах чыстых:
полымя з-пад лыжаў сьвішча,
дым зь кійкоў у неба валіць,
ды нідзе лася не бачна,
і не бачна, і не чутна.
Ён імчаўся па ўзгорках,
аб’язджаў за морам землі,
пушчы Хійсі ён аб’ехаў,
ды ўсе паляны Калмы,
праімчаў пад носам Сьмерці,
па задворках хаты Калмы,
Сьмерць раскрыла рот шырока,
Калмы галаву сьхіліла,
каб схапіць таго героя,
Леммінкяйнена пажэрці.
Ды героя не схапіла,
не схапіла, не пасьпела.
Толькі адзін куточак пушчы
не пасьпеў герой аб’ехаць
на прасторах сініх Пох’і,
на лапландзкіх тых абшарах.
Ён туды і ськіраваўся,
каб агледзець той задворак.
Вось дабраўся да ўскрайку
і пачуў страшэнны вэрхал
на прасторах сініх Пох’і,
на зямлі сыноў лапландзкіх:
чуў ён гучны брэх сабачы,
чуў дзіцячы плач няспынны,
ды жаночы гучны рогат,
ды мужчынаў нараканьні.
Легкамысны Леммінкяйнен
павярнуў адразу лыжы
ды на брэх сабак паехаў,
на палі сыноў лапландзкіх.
Ён пад’ехаў, прыпыніўся
і такія словы мовіў:
“І чаму жанкі сьмяюцца,
і чаму рыдаюць дзеці
ды старыя тут бядуюць,
брэшуць тут штомоц сабакі?”
“Вось таму жанкі сьмяюцца,
вось таму рыдаюць дзеці,
ды старыя тут бядуюць,
ды сабакі гучна брэшуць,
што прабег тут лось магутны,
стукнуў моцна капытамі
ды перакуліў нам цэбар,
зьбіў з агню кацёл з заціркай,
мяса ў попел паськідаў ён,
ды ў агмень зацірку выліў.”
Тое чуўшы Леммінкяйнен,
прайдзісьвет чырвонашчокі
шпарка сьлізгануў па сьнезе,
як гадзюка пад травою,
быццам жвавая гадзюка
пад балотнаю сасною.
З усяе імчаўся сілы
сам сабе казаў ён словы:
“Усе лапландзкія мужчыны
дапамогуць лася несьці,
а лапландзкія жанчыны
ўсе катлы памыюць чыста,
а зь дзяцей лапландзкіх кожны
назьбірае розных трэсак,
і ў катле лапландзкім кожным
будзе Хійсі лось варыца.”
Вось напружыўся штомоцы,
адштурхунуўся, паімчаўся,
першы раз пасунуў лыжы
і прапаў з вачэй адразу,
як пасунуўся другі раз,
дык яго нячутна стала,
трэцім разам адштурхнуўся
і ласю на карак трапіў.
Добры кол узяў кляновы,
зьвіў зь бярозы ён прывязку,
прывязаў лася да плоту,
да дубовай агарожы:
“Вось пастой тут, лось магутны,
тут пабудзь, жывёла Хійсі!”
Ён лася па скуры гладзіў,
па сьпіне ласкава ляпаў:
“Адпачыць пара настала,
паляжаць на мяккай скуры
з маладой дзяўчынай гожай,
разам з птушачкай-падлеткам!”
Распаліўся тут лось Хійры,
біць алень пачаў азадкам
і такія мовіў словы:
“Хай табе дазволіць Лемпа,
бавіць час з дзяўчынай юнай
з маладою забаўляцца!”
Лось напружыўся штомоцы,
разарваў пятлю зь бярозы,
кол кляновы паламаў ён,
паваліў той плот дубовы,
вырваўся наўпрост зь няволі,
наўскапыта паімчаўся
праз палі ды праз балоты,
пералескі на пагорках,
і не бачна яго стала,
і не бачна, і не чутна.
Прайдзісьвет чырвонашчокі
расшалеў, развар’яваўся,
узгарэўся лютай злосьцю,
кінуўся на лыжах сьледам,
моцна зь месца штурхануўся,
ды нагой у яму трапіў
левай лыжынай глыбока,
правая зусім загрузла,
адляцеў канец у дзіды,
надвая кіёк зламаўся.
Галава ласёва зьнікла,
лось прапаў за небакраем.
Легкадумны Леммінкіяйнен
зьвесіў галаву у маркоце.
Ён агледзеў свой рыштунак
ды сказаў такія словы:
“Хай ніхто ў жыцьці ніколі,
хай ніхто з мужчынаў нашых
не пахваліцца, што ў лесе
ўпалюе лася Хійсі,
як хваліўся я, гаротны.
Лыжы добрыя зламаў я
ды кіёк прыгожы страціў,
паламаў сваю я дзіду.
↑ Змест