РУНА ЧАТЫРНАЦЦАТАЯ
Леммінкяйнен з дапамогай замоваў ды модлаў да сваіх багоў здабывае лася і прыводзіць яго ў Пох’ялу. (1-270) Тады старая Лоўхі ставіць яму другую ўмову: злавіць і ўтаймаваць вогненнага каня Хійсі. Леммінкяйнен спраўляецца і з гэтым заданьнем. (271-372) Апошняй умовай, якую выставіла яму Лоўхі, было заданьне забіць лебедзя на рацэ Туані, якая аддзяляе падземнае царства памерлых, ад царства жывых. Леммінкяйнен ідзе ў царства мёртвых Туанелу, але там, каля ракі, яго падпільноўвае стары пастух, якога Леммінкяйнен адлаяў у Пох’яле. Пастух сьпіхвае Леммінкяйнена ў вадаспад ракі мёртвых Туані. Сын сьмерці там расьсякае цела Леммінкяйнена на кавалкі. (373-460)
Бесклапотны Леммінкяйнен
доўга думаў ды вагаўся
па якой пайсьці дарожцы,
і якую лепей выбраць:
5ці пакінуць лася Хійсі
і пашыбаваць дадому,
ці паспрабаваць яшчэ раз
і злавіць у лесе зьвера
лясной маці на ўцеху
10ды на радасьць дзевам лесу.
Ён такія мовіў словы,
так казаў і так маліўся:
“Укка, наш высокі Божа,
бацька любы наш нябесны!
15Ты зрабі мне, бацька, лыжы
каб ляцелі хутка, лёгка,
каб ляцелі без затрымкі
празь лясы і праз балоты
прама ў край далёкі Хійсі,
20цераз Пох’ялы паляны
сьледам за ласём цудоўным,
па сьлядах аленя Хійсі!
Я пайду ў лес далёкі,
прама з хаты на абшары,
25я пайду да Тапіёлы,
паўз хацінак бедных Тапіа.
Я вітаю вас, пагоркі,
я вітаю лес яловы,
я асіньнікі вітаю,
30ды ўсіх да вас прыветных!
Дай мне шлях, глухая пушча,
Памажы мне, Тапіёла,
пакажы мне шлях да выспы,
давядзі мяне да ўзгорка,
35дзе схавалася здабыча,
дзе стаілася жывёла!
Нюрыккі, сын Тапіёлы,
чысты муж у меднай шапцы!
Ты пазнач мне шлях на соснах,
40зрабі крыжыкі на ўзгорках,
каб я здолеў, неразумны,
тут чужы, знайсьці дарогу,
адшукаць сваю здабычу,
упаляваць ляснога зьвера!
45Міеліккі, лясная маці,
лесавая гаспадыня!
Золота сваё раськінь ты,
срэбра раськідай па лесу
перад мужам, што блукае
50тут у пошуках здабычы!
Ты здымі з перапаяскі
залаты чароўны ключ свой,
адчыні ты сьвіран Тапіа,
не хавай багацьці леса,
55пакуль я палюю днямі
ў лясных далёкіх нетрах!
Калі ж ты сама не хочаш,
дык пашлі сваіх прыслужніц,
ты пашлі сваіх служанак,
60загадай сваім дзяўчатам!
Ты тады не гаспадыня,
калі служак не хапае,
калі іх няма і сотні,
тысячы няма наймітаў,
65каб лясныя пасвіць статкі,
даглядаць зьвяроў у лесе.
Ты, малая служка Тапіа,
дзева з голасам мядовым!
Ты вазьмі сваю жалейку,
70засьпявай салодка песьню,
гаспадыню абудзі ты,
валадарыню лясную,
каб яна пачула сьпевы,
з ложка мяккага паўстала,
75бо яна зусім не чуе,
змораная сном глыбокім,
хоць малю я неадступна,
золата язык мой сыпле!”
Лёгкадумны Леммінкяйнен
80марнаваў час без здабычы,
ён імчаўся па балотах,
па зьдічэлых ехаў пушчах,
божым пожагам імчаўся,
па палянах чорных Хійсі.
85Ехаў дзень, другі дзень ехаў,
а на трэці дзень дабраўся
да высокага пагорка,
на скалу падняўся шпарка
пільна паглядзеў на поўнач,
90праз балоты позірк кінуў.
Там стаялі хаты Тапіа,
дзьверы золатам зіхцелі,
праз паўночныя балоты,
праз кусты каля пагорка.
95Тут вясёлы Леммінкяйнен
рушыў да адной з хацінак,
да жытла бліжэй пад’ехаў,
падыйшоў да вокнаў Тапіа,
ціхенька зірнуў у хату
100ён праз шостае вакенца.
Там жылі лясныя маці,
што жыццё ўсім давалі,
там яны сядзелі ў простай
вопратцы старой і бруднай.
105Тут прамовіў Леммінкяйнен:
“Што ж ты, гаспадыня лесу,
носіш бруднае адзеньне,
быццам у асець ты пойдзеш?
Ты чаму нямытай ходзіш,
110маеш выгляд неахайны,
брыдкі выгляд, непрыстойны,
безь ніякай прыгажосьці?
Як раней хадзіў я лесам,
тры палацы ў лесе бачыў:
115касьцяны палац, драўляны,
трэці быў палац каменны,
шэсьць акенцаў з пазалотай
па вуглах было ў палацах.
Паглядзеў я праз акенца,
120прытуліўшыся да сьценкі,
і самога Тапіа ўбачыў,
убачыў там я гаспадыню,
Тэллерва, дачку-красуню,
люд лясны ў прыгожых строях,
125золатам багата ўбраных,
срэбрам усе яны зьвінелі.
А у гаспадыні лесу,
дзікіх пушчаў гаспадыні,
былі рукі ў бранзалетах,
130пальцы ў залатых пярсьцёнках,
залаты абруч на лобе,
залатыя кольцы ў косах,
завушніцы залатыя
ды жамчужныя каралі.
135Любая лясная пані,
Маці Метсалы мядовай!
Ськінь ты гэтыя атопкі,
лапці, у чым на пожаг ходзяць,
скінь кашулю для асеці,
140гэта бруднае адзеньне!
Апрані ты строі шчасьця,
ты надзень кашулю ўдачы,
пакуль я палюю ў лесе,
пакуль я лаўлю здабычу!
145Мне бывае так маркотна,
так нявесела бывае,
калі марна час праходзіць
і няма ў мяне здабычы,
калі мне не пасылаеш,
150не даеш ты мне ўдачы.
Без здабычы вечар змрочны,
дзень бясконцы без набытку.
Дзед лясны сівабароды,
у шапцы з хвоі, у шубе з моху!
155Ты адзень лясы ў палотны,
пушчы -- ў дарагія строі,
палатном пакрый асіны,
дай алешынам убраньне!
Срэбра раськідай па соснах,
160золатам абсып ты елкі,
хвоі апаясай медзьдзю,
срэбрам ты спаві падлесак,
дай бярозам завушнічкі,
звонкія ствалам каралі!
165Ты вярні часы старыя,
лепшыя свае часіны,
дзе гарэлі сонцам елкі,
месяцам зіхцелі сосны,
плыў па лесе дух мядовы,
170плыў мядовы дух па пушчы,
у нетрах квас духмяна пахнуў ,
а з балот алей струменіў.
Туліккі, дачка лясная,
мілая дзяўчына Тапіа!
175Выгані зьвяроў на ўзлесак,
на разлогія паляны!
Калі ж пабягуць лянотна,
не захочуць хутка бегчы,
ад куста вазьмі дубечык,
180выламай дубец зь бярозы
ды паказычы ім сьцёгны,
хвастані як сьлед па лытках!
Ты хутчэй гані здабычу,
шпарка падгані да месца,
185дзе яе даўно чакае
на сьцяжынцы паляўнічы!
А як выйдзе на сьцяжыну,
хай сьцяжынаю й шыбуе,
ты ж трымай ля сьцежкі рукі,
190уздоўж сьцежкі агарожай,
каб не ўцякла здабыча,
каб не збочыла з дарогі!
А калі са сьцежкі збочыць,
калі сыйдзе прэч з дарогі,
195за вушы вярні на сьцежку,
ды пастаў на шлях за рогі!
Трапіцца галлё на сьцежцы,
ськінь яго ўскрай дарогі,
будзе на шляху бярвеньне,
200разламай яго на часткі!
Калі ж трапіцца згарода,
хутка плот звалі той долу,
разламай цэлых пяць праслаў,
цэлых сем калоў звалі ты!
205Будзе рэчка праз дарогу,
ручаіна праз сьцяжынку,
дык збудуй шаўковы мосьцік,
пераход зрабі з хусьцінкі,
перакінь цераз пратокі,
210цераз водныя прасторы,
цераз Пох’ялы рачулкі,
над бурлівым вадаспадам!
Тапіа, гападар баровы!
І ты, лесу гаспадыня!
215Дзед лясны сівабароды,
залаты кароль лясовы!
Мімеркі, лясная пані,
гаспадыня ўсёй здабычы,
валадарыня балотаў,
220у сіняй вопратцы кабета!
Ты прыходзь мяняцца срэбрам,
золатам прыходзь мяняцца!
Зь месяц золата ўзростам,
срэбра зь дзень узростам будзе,
225на вайне багацьце ўзята,
ды здабыта ў жорсткай бітве.
У кашалі сатруцца грошы,
прападуць там без карысьці,
калі золата не траціць,
230калі срэбрам не мяняцца!
Так вясёлы Леммінкяйнен
па лясах на лыжах бегаў,
ён сьпяваў на ўскрайку леса,
спеў тры песьні ў глухамані,
235улашчыў леса гаспадыню,
ды гаспадара ўлесьціў,
ды лясных дачок задобрыў,
маладых паненак Тапіа.
Да яго лася прыгналі
240зь нетраў Хійсі патаемных,
з-за гары высокай Тапіа,
з-за харомаў цёмных Хійсі
паляўнічаму насустрач,
заклінальніку ў рукі.
245Сам вясёлы Леммінкяйнен
спрытна свой аркан накінуў
на загорбак лася Хійсі,
на плячо вярблюдзяняці,
каб не надта біў азадкам,
250як сьпіну яму пагладзяць.
Бестурботны Леммінкяйнен
Вымавіў такія словы:
“Валадар лясной краіны,
пан з палянаў верасовых!
255Міеліккі, лясная маці,
гаспадыня ўсёй здабычы,
ты прыходзь, бяры ўсё срэбра,
золата маё вазьмі ты,
пасьцялі сваю сваю хусьціну,
260расьцягні яе шырока
ты пад золата патокі,
ды пад ручаіны срэбра,
каб не трапілі ў балота,
не запэцкаліся ў брудзе!”
265Ён да Пох’ялы прыехаў,
там сказаў такія словы:
“Я лася дагнаў на лыжах
і злавіў яго ў лесе.
Дык аддай дачку мне, баба,
270дай нявесту маладую!”
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
у адказ яму сказала:
“ Я аддам табе дзяўчыну,
дам нявесту маладую,
275калі зловіш ты каня мне,
зацугляеш каня Хійсі,
жарабяці ўсяго ў пене,
на лугах мурожных Хійсі.”
Бесклапотны Леммінкяйнен
280павады ўзяў залатыя,
срэбную аброць узяў ён
ды шукаць каня падаўся,
падпільноўваць жарабяці
на лугах мурожных Хійсі.
285Ён пакрочыў асьцярожна,
прыслухоўваўся ён пільна,
на зялёных нівах Хійсі,
на ўзьмежку сьвятога поля,
там шукаў каня старанна,
290белагрывага шукаў ён,
на плячо аброць закінуў,
прывязаў на пояс лейцы.
Дзень шукаў ён, і другі дзень,
а на трэці дзень, нарэшце,
295адшукаў высокі ўзгорак,
выйшаў на хрыбет скалісты.
Кінуў позірк на ўсход ён,
павярнуў свой твар да сонца
на пяску каня ўбачыў,
300белагрывага бліз елак,
полымя з-пад поўсьці біла,
дым валіў з-пад белай грывы.
Тут прамовіў Леммінкяйен:
«Укка, мой высокі Божа,
305гаспадар нябесных хмараў,
валадар грымотаў грозных,
адчыні абшар нябесны
раскалі абсяг паветра,
градам сыпані жалезным,
310накідай ільдзін марозных
добраму каню на грыву,
на сьпіну ўлюбёнцу Хийси!»
Укка, творца ўсемагутны,
валадар аблок нябесных,
315адчыніў абшар паветра,
раскалоў надвое неба,
сьнег і лёд уніз абрынуў,
рынуў зь неба град жалезны
град жалезны велізарны,
320з галаву людзей памерам,
ськінуў ён каню на грыву,
на сьпіну ўлюбёнцу Хійсі.
Бесклапотны Леммінкяйнен
падыйшоў бліжэй пабачыць,
325разглядзець здабычу лепей,
сам сказаў такія словы:
«Добры Хійталы жарэбчык,
горны конь пакрыты пенай,
залатым чалом сьхіліся,
330срэбнай галавой бліскучай,
перад залатой аброцьцю
у бубенчыках са срэбра.
Крыўдзіць я цябе не буду,
гнаць цябе не буду шпарка
335па дарозе недалёкай,
на шляху зусім кароткім
прама да хацінак Пох'і,
да двара суровай цешчы.
Моцна біць цябе не буду,
340хвастану, нібы паглажу
я цябе шаўковай стужкай,
нібы мяккаю тканінай.»
Гнеды Хійталы жарэбчык,
Хійсі конь у белай пене
345залатым чалом сьхіліўся
срэбнай галавой бліскучай
перад залатой аброцьцю
у бубенчыках са срэбра.
Тут вясёлы Леммінкяйнен
350зацугляў каня гнядога,
цуглі ўставіў залатыя,
кантар срэбраны накінуў,
на каня рудога ўскочыў,
з зорнаю адзначкай Хійсі.
355Хвастануў каня лазінай,
выцяў дубчыкам лазовым.
Быў ягоны шлях кароткі,
за вяршыню стромкай сопкі,
за паўночны сьхіл пагорка,
360за хрыбет, пакрыты сьнегам.
Ён у Пох'ялу прыехаў,
са двара ўвайшоў у хату,
у жытло ўвайшоў сказаўшы,
словы мовіўшы такія:
365«Я злавіў каня ліхога,
зацугляў я зьвера Хійсі
на мурожыстых разлогах,
на ўзьмежку сьвятога поля.
Да цябе лася прывёў я
370з тых палёў далёкіх Хійсі,
дык аддай дачку мне, баба,
дай нявесту маладую!»
Лоўхі, гаспадыня Пох'і,
у адказ яму сказала:
375“ Я аддам табе дзяўчыну,
дам нявесту маладую,
калі лебедзя падстрэліш,
упалюеш птушку ў рэчцы,
у Туані патоку чорным,
380у сьвяшчэнным вадакруце
ты заб'еш адной стралою,
з аднаго разу пацэліш.»
Бесклапотны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каукаміелі,
385хоча лебедзя паслухаць,
даўгашыйнага пабачыць
у Туані патоку чорным,
там, ў Манале глыбокай.
Ён сьпяшаўся, шпарка крочыў,
390і дабраўся без затрымкі
да сьвятога вадакрута,
чорнай рэчкі Туанелы,
з добрым лукам за плячыма
ды з калчанам за сьпіною.
395А пастух у мокрай шапцы,
Пох'ялы дзед невідушчы,
каля рэчкі Туанелы,
ля сьвятога вадакрута,
галавой круціў, выглядваў,
400ці не прыйдзе Леммінкяйнен.
І нарэшце злыдзень гэты
Леммінкяйнена ўбачыў.
Той імкліва набліжаўся
да сьмяротнай чорнай рэчкі,
405да сьвятога вадакрута,
Туанелы вадаспаду.
І тады пастух лядашчы
выцягнуў з вады гадзюку
ды працяў зьмяёю сэрца
410Леммінкяйнену праз печань.
Гадзіна прайшла пад пахай,
зь левага пляча направа.
Тут вясёлы Леммінкяйнен
боль адчуў неўтаймавальны
415і сказаў такія словы:
«Як зрабіў я неразумна,
што спытаць не здагадаўся,
не спытаўся ў матулі,
не даведаўся два словы,
420тры вельмі патрэбных словы,
як мне жыць і што рабіць мне,
калі страшны дзень настане,
як лячыцца-ратавацца
ад змяінае атруты?
425Вохці, родная матуля,
ты ж мяне ўзгадавала!
Каб даведалася б толькі,
дзе твой сын бяздольны зараз,
прыляцела б ты адразу,
430ты прыйшла б на дапамогу,
ты б мяне ўратавала
і зьвяла з дарогі сьмерці,
не дала б заснуць навекі,
да жыцьця мяне вярнула б.»
435Пох'ялы дзед невідушчы,
той пастух ў мокрай шапцы,
Леммінкяйнена закінуў,
сына Калевы сьпіхнуў ён
у чорныя патокі сьмерці,
440у вадакруты Туанелы.
Зьгінуў бедны Леммінкяйнен,
шумна ў вадаспад зваліўся
і зьнясло яго патокам
да хацінак Туанелы.
445Крыважэрны сын Туані
там ударыў хлоца кордам,
секануў лязом сталёвым.
Высек іскры тым ударам
і расьсек на пяць кавалкаў,
450разьдзяліў на восем частак,
кінуў іх у рэчку сьмерці
ў нетрах Маналы глыбокай:
«Тут ляжы цяпер да веку,
разам з лукам ды калчанам,
455лебядзей палюй на рэчцы,
птушак вадзяных у патоку!»
Так загінуў Леммінкяйнен,
зьгінуў так жаніх упарты,
у чорных водах Туанелы,
460у водах Маналы падземнай.