Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ШАСНАЦЦАТАЯ

Вайнямёйнен хоча пабудавць лодку і пасылае Сампсу Пеллервойнена шукаць дрэвы для пабудовы, потым замовамі робіць з дрэва човен, але яму не хапае трох словаў, каб скончыць працу. (1-118) Вяйнямёйнен шукае словы, але нідзе не знаходзіць і ідзе ў Туанелу, адкуль яго не хочуць адпускаць назад. (119-362) Дзякуючы моцы сваіх чараў Вяйнямёйнен вызваляецца, а вярнуўшыся назад папярэджвае ўвесь свой народ, каб ніхто не хадзіў у Туанелу. Потым ён расказвае, як дрэнна жывуць там людзі, якія былі злымі ў жыцьці (363-412)

Векамудры Вяйнямёйнен,
той адвечны прадказальнік
змайстраваць задумаў човен,
збудаваць пад ветразь лодку
на далёкім цьмяным мысе,
на смугой пакрытай выспе.
Толькі не хапала дрэва,
дошак не ставала ў цесьлі.
Хто ж тады здабудзе дрэва,
ствол дубовы адшукае
Вяйнямёйнену на човен,
песьняру на дно для лодкі?
Пеллервойнен, сын паляны,
Сампса, хлопчык невялічкі,
вось хто дрэва раздабудзе,
ствол дубовы адшукае
Вяйнямёйнену на човен,
песьняру на дно для лодкі!
Вось пайшоў ён па дарозе,
на паўночны ўсход пакрочыў,
абыйшоў адзін пагорак,
прамінуў другі і трэці,
залатую нёс сякеру
з медным тапарышчам ёмкім.
На асіну ён натрапіў
вышынёй у тры сажэні.
Захацеў зваліць асіну,
паваліць яе сякерай.
Ды сказала тут асіна
мовай чалавечай словы:
“А чаго ты, хлопец, хочаш,
што жадаеш атрымаць ты?”
Мовіў Сампса Пеллервойнен
у адказ асіне словы:
“Вось што ад цябе хачу я:
атрымаць добрыя дошкі,
Вяйнямёйнену на човен,
песьняру на лодку дрэва.”
Адказала ў зьдзіўленьні
стогалінная асіна:
“Дрэнны будзе зь мяне човен,
пацячэ такая лодка!
Я ў сярэдзіне пустая,
тройчы толькі гэтым летам
вусень праядаў мне сэрца,
карані чарвяк падточваў.”
Хлопчык Сампса Пеллервойнен
зноў пайшоў сваёй дарогай,
і да поўначы пакрочыў
ён у роздуме глыбокім.
Хутка напаткаў сасну ён
вышынёй у шэсьць сажэняў.
Стукнуў па ствалу сякерай,
па сасне матыкай ляснуў,
словы вымавіў такія:
“Ці не зможаш ты прыдацца
Вяйнямёйнену на лодку,
песьняру на човен ходкі?”
У адказ сасна сярдзіта
гучным голасам сказала:
“Не, не будзе зь мяне човен,
лодка ў шэсьць рэбраў не выйдзе!
Раны ўсю мяне пакрылі,
тройчы толькі гэтым летам
крумкаў крук на вершаліне,
вараны ў галлі гарлалі.
Хлопчык Сампса Пеллервойнен
зноў пайшоў сваёй дарогай,
і на поўдзень так пакрочыў
ён у роздуме глыбокім.
Па дарозе дуб сустрэўся
дзевяць сажняў таўшчынёю.
Сампса ў дуба запытаўся:
“Ці падыйдзеш бацька-дрэва
ты для чоўна пабудовы,
баявой імклівай лодкі?”
У адказ спакойна дрэва
Словы мовіла такія:
“Я багата маю дрэва,
каб зрабіцца кілем лодкі.
Я ўвесь стройны, беззганны,
Я дупла ў сабе не маю,
бо за гэта лета тройчы,
самай летняю сьпякотай,
сонца лашчыла мне голле,
месяц зьзяў у вершаліне,
тут зязюля кукавала,
птушкі спачывалі ў лісьцях.”
Хлопчык Сампса Пеллервойнен
зьняў з пляча сваю сякеру
ды сякерай дуб ударыў,
секануў лязом сталёвым;
хутка паваліў лясіну,
стройны дуб абрынуў долу.
Ён адсек сьпярша вяршыню,
ён расьсек камель на часткі,
нарабіў зь яго шалёвак,
дошак высек незьлічона
на патрэбу песнапеўцу,
Вяйнямёйнену на лодку.
ВекамудрыВяйнямёйнен,
Векамудры прадказальнік,
стаў закляцьцем ладзіць човен,
лодку сьпевам стаў зьбіваць ён
з тых дубовых моцных дошак,
з той драўніны бацькі-дуба.
Прасьпяваў і зладзіў донца,
другім сьпевам борт зрабіў ён,
трэцяй песьняю ён зладзіў
моцныя ўпоры вёсел,
дошкамі абшыў ён рэбры,
шчылінкі не засталося.
Вось гатовыя ўжо рэбры,
шчытна зьвязаныя дошкі,
не хапае трох славечак,
каб дакончыць пабудову,
каб дакончыць нос высокі,
ды карму давесьць да ладу.
ВекамудрыВяйнямёйнен,
прадказальнік Векамудры,
так сказаў і так прамовіў:
“Вохці мне, якое ліха!
Не спусьціць на воды човен,
лодку новую на хвалі!”
Ён памеркаваў, падумаў
дзе знайсьці такія словы,
дзе ўзяць тыя заклінаньні,
можа з галавы касатак,
зь белай чарады лябёдак,
са сьпіны гусей лятучых?
Вось пайшоў шукаць ён словы,
зьнішчыў чараду лябёдак,
ды лятучы клін гусіны,
безьліч ластавак- касатак.
Марна толькі час патраціў,
не знайшоў нават поўслова.
Так памеркаваў, падумаў:
“Можа сотню слоў знайду я
там, пад языком аленя,
у роце жвавай вавярыцы?”
Вось пайшоў шукаць ён словы,
здабываць замову-песьню,
зьнішчыў ён аленяў статак,
ды набіў капу вавёрак.
Шмат было там розных словаў,
але не было патрэбных.
Так памеркаваў, падумаў:
“Я здабуду сотню словаў
у хацінках Туанелы,
у хатках Маналы глыбокай.”
І пайшоў туды па словы,
у Маналу пайшоў па веды.
Ён ступаў рашучым крокам,
тыдзень ён ішоў праз хмызы,
праз чаромху другі тыдзень,
трэці тыдзень празь ядловец:
выспу Маналы ўбачыў,
горку Туані заўважыў.
Векамудры Вяйнямёйнен
гучным голасам паклікаў
каля рэчкі Туанелы,
каля Маналы глыбокай:
“Дзева Туані, дай човен,
дзіцё Маналы, дай плыт мне,
перабрацца праз пратоку,
пераплыць паток шырокі!”
Невялічка дзева Маны,
Туані дзіця малое
мыла на рацэ бялізну,
паласкала там адзеньне
ў чорным Туані патоку,
у водах Манала глыбокай.
Так яна ў адказ сказала,
словы мовіла такія:
“Для цябе знайду я човен,
калі скажаш мне навошта,
ты чаго прыйшоў у Ману
не памерлы ад хваробы,
ды не пакараны сьмерцю,
не загінулы ад бедаў.”
Векамудры Вяйнямёйнен
словы вымавіў такія:
“Заманіў мяне Туані,
Мана сам сюды завабіў.”
Невялічка дзева Маны,
Туані дзіця малое
словы мовіла такія:
“Што прыдумаў ты, хлусьлівец!
Калі б сам прывёў Туані,
Мана сам цябе завабіў,
сам цябе і нёс бы Мана,
Туані цябе прывёў бы,
даў бы табе сваю шапку,
рукавіцы табе даў бы
Кажы праўду, Вяйнямёйнен,
ты чаго прыйшоў у Ману?”
Векамудры Вяйнямёйнен
словы вымавіў такія:
“Прывяло жалеза ў Ману,
сталь мяне сюды паслала.”
Невялічка дзева Маны,
Туані дзіця малое
словы мовіла такія:
“Брахуна адразу бачна,
калі б сталь цябе паслала,
ды паклікала б жалеза,
кроў бы з вопраткі лілася,
ды цурком цурчэла б з ранаў.
Кажы праўду, Вяйнямёйнен,
кажы праўду гэтым разам!”
Векамудры Вяйнямёйнен
словы вымавіў такія:
“У Маналу вада прыгнала,
хваля ў Туані прыбіла.”
Невялічка дзева Маны,
Туані дзіця малое
словы мовіла такія:
“Зноўку я хлусьню пачула!
Бо калі б вада прыгнала,
хваляю цябе прыбіла,
дык вада зь цябе лілася б
з вопраткі цурком цурчэла.
Ты скажы мне зараз праўду,
ты чаго прыйшоў у Ману?”
Ды старэча Вяйнямёйнен
схлусіў ёй і гэтым разам:
“Полымя мяне прыгнала,
прагнае зьвяло ў Ману.”
Невялічка дзева Маны,
Туані дзіця малое
словы мовіла такія:
“Зноў ты схлусіў мне, дзядуля!
Калі б полымя прыгнала,
прагнае зьвяло б у Ману,
бараду тваю спаліла б,
валасы б твае згарэлі.
Гэй, старэча Вяйнямёйнен!
Калі хочаш пераехаць,
дык кажы мне толькі праўду,
бо нахлусіў ты замнога.
Ты чаго прыйшоў у Ману
не памерлы ад хваробы,
ды не пакараны сьмерцю,
не загінулы ад бедаў?”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Я крыху табе нахлусіў,
не сказаў адразу праўду,
зараз ісьціну скажу я:
ведамі я човен ладзіў,
сьпевамі я ладзіў лодку.
Дзень і два сьпяваў замовы,
а на трэці дзень зламаў я
санкі тых дзівосных сьпеваў,
палазы маіх закляцьцяў.
Я прыйшоў у Туанелу,
за сьвярдзёлачкам у Ману,
каб наладзіць песень сані,
песенны вазок паправіць.
Дык давай мне зараз човен,
прысылай свой плыт за мною,
перасекчы мне пратоку,
праз раку мне пераехаць!”
Пачала сварыцца дзеўка,
лаяцца дзяўчына стала:
“Гэй, дурны ты, неразумны,
чалавеча безгаловы!
Без прычыны, без хваробы
ты ў Маналу спусьціўся.
Лепей ты назад вярніся
ў сваю родную краіну:
шмат сюды людзей прыходзіць,
а вярнуўшыхся не бачна!”
Адказаў ёй Вяйнямёйнен:
“З поўдарогі толькі баба
павярне, а не мужчына,
хай сабе і не герой ён!
Давай човен, дзеўка Маны,
плыт гані мне з Туанелы!”
Вось тады дачка Туані
перавезла дзеда Вяйнё,
на плыту цераз пратоку,
у лёгкай лодцы цераз рэчку,
словы мовіла такія:
“Гэй, старэча Вяйнямёйнен!
Незабіты едзеш у Ману,
йдзеш жывы ў Туанелу!”
Гаспадыня Туанелы,
веку сталага кабета,
півам госьця частавала,
куфаль прынясла аберуч,
словы мовіла такія:
“Выпі, стары Вяйнямёйнен!”
ВекамудрыВяйнямёйнен
паглядзеў у гэты куфаль:
жабы квакалі ў куфлі,
робакі ляжалі збоку.
У адказ стары прамовіў:
“Не за тым сюды прыйшоў я,
каб асушваць куфлі Маны,
піва жлукціць у Туані,
ад яго п’янеюць людзі,
так сп’янелыя і гінуць.”
Так сказала гаспадыня:
“Гэй, старэча Вяйнямёйнен!
Ты чаго прыйшоў у Ману,
да хацінак Туанелы
богам Туані нязваны,
незапрошаны на госьці?”
Адказаў ёй Вяйнямёйнен:
“Там сабе я ладзіў човен,
лодку новую рабіў я.
Мне бракуе трох славечак
каб карму закончыць лодцы,
каб давесьці нос да ладу.
Не знайшоў я тыя словы
нідзе ў сьвеце паднябесным,
вырашыў схадзіць у Ману,
да хацінак Туанелы,
каб знайсьці тыя славечкі,
вывучыць тую замову.”
Гаспадыня Туанелы
словы мовіла такія:
“Бог не дасьць табе замоваў,
Мана словы не падкажа!
І не вернешся адгэтуль
ты дадому ўжо ніколі,
не пабачыш родных гоняў,
роднага не ўбачыш краю.”
Напусьціла сон чароўны,
госьця адпачыць паклала
на чароўны ложак Туані.
Там ён і ляжаў заснулы,
сном агорнуты глыбокім,
вопратка ж яго не спала.
Там жыла адна старая
са ськівіцаю адвіслай,
што з жалеза прала нітку,
вылівала нітку зь медзі.
У сто клетак сець зьвязала,
у тысячу ячэяў нерат
толькі адной летняй ноччу,
на каменьнні ўзьбярэжным.
Жыў стары ў Туанеле,
меў ён усяго тры пальцы,
ён вязаў з жалеза сеткі,
зь медзі нераты вязаў ён.
У сто клетак сець зьвязаў ён,
у тысячу ячэяў нерат
толькі адной летняй ноччу,
на каменьнні ўзьбярэжным.
Маны сын жалезнапалы,
крыварукі дзед з Туані,
сотню нератоў паставіў
на пратоцы Туанелы.
Уздоўж і ўпоперак паставіў,
нерат расьцягнуў наўскоса,
каб не выйшаў Вяйнямёйнен,
каб не зьбег Уванталайнен
за ўсё жыццё ніколі,
пакуль ясны месяц сьвеціць,
з падзямельляў Туанелы,
Маналы хацінак вечных.
ВекамудрыВяйнямёйнен
Словы вымавіў такія:
“Няўжо мне канец прыходзіць,
чорны дзень мой наступае
ў падзямеллях Туанелы,
Маналы хацінках вечных?”
Хуценька зьмяніў аблічча,
выгляд свой непазнавальна,
чорным ценем сплыў у мора,
жвавай выдрай да чароту,
сьлізгануў жалезным цмокам,
чорнаю прапоўз гадзюкай
праз патокі Туанелы,
сотню нератоў жалезных.
Маны сын жалезнапалы,
крыварукі дзед з Туані,
выйшаў досьвіткам на рэчку
нераты свае праверыць:
сотню ён злавіў тайменяў,
тысячу маленькіх рыбак,
не злавіў ён толькі Вяйнё,
зьбег стары Уванталайнен.
ВекамудрыВяйнямёйнен
па вяртаньні ў Калевалу
так сказаў і так прамовіў,
словы вымавіў такія:
“Ніколі, вялікі Божа,
ты не дазваляй нікому
самахоць ісьці ў Ману,
у Туані ісьці нязваным!
Шмат людзей туды сыходзіць,
ды вяртаецца ня многа
з падзямельляў Туанелы,
Маналы хацінак вечных.”
Ён тады яшчэ прамовіў,
ён дадаў такія словы,
так сказаў ён маладзёнам,
падрастаючаму люду:
“Ніколі, сыны людзкія,
на сваім вяку ніколі
не чыніце зла нявінным,
зла бязгрэшным не чыніце,
бо чакае вас расплата
ў змрочных лёхах Туанелы,
там, дзе месца вінаватым,
дзе адным злачынцам месца:
з камянёў гарачых ложак
пад палаючай скалою
з коўдраю з паўзучых гадаў,
Туанелы зьмей атрутных.”
↑ Змест