Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА СЕМНАЦЦАТАЯ

Вяйнямёйнен ідзе па словы да Антэра Віпунена і абуджае яго ад працяглага сну. (1-98) Віпунен праглынае Вяйнямёйнена, які пачынае да болю непакоіць яго, паставіўшы ў чэраве кузьню. (99 –146) Віпунен чарадзейнымі замовамі імкнецца выгнаць Вяйнямёйнена, але беспасьпяхова. Вяйнямёйнен пагражае не выйсьці з чэрава Віпунена да тае пары, пакуль не даведаецца трох патрэбных яму словаў. (147-526) Віпунен называе тры словы і Вяйнямёйнен, нарэшце, вяртаецца дадому і дабудоўвае човен. (527-628)

Векамудры Вяйнямёйнен
не здабыў патрэбных словаў,
не прынёс іх з Туанелы,
з Маналы хацінак вечных.
Доўга думаў Вяйнямёйнен,
разважаў і так і гэтак:
дзе здабыць чароўных словаў,
дзе знайсьці тыя замовы?
Трапіўся пастух насустрач
словы вымавіў такія:
“Знойдзеш ты і сотню словаў,
песень тысячу здабудзеш
ты ў Віпунена з роту,
у чэраве ягоным знойдзеш.
Але мусіш па дарожцы
ты пайсьці, па вузкай сьцежцы
па сьцяжыначцы ня добрай,
але не зусім і кепскай:
прабяжыш ты частку шляху
па жаночых вострых голках,
а другую частку пройдзеш
па канцах мячоў сталёвых,
напасьледак давядзецца
тупаць па сякерах вострых.
Векамудры Вяйнямёйнен
cвой нялёгкі шлях абдумаў
і да каваля пайшоў ён,
словы вымавіў такія:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен!
Скуй абутак мне жалезны,
скуй жалезныя пальчаткі
ды сталёвую кашулю!
Ты зрабі вагар жалезны,
выкуй вагавік сталёвы.
Звонку хай будзе жалеза,
у срэдзіне сталь будзе.
Я пайду шукаць трох словаў,
здабываць тыя замовы,
з чэрава я іх дастану,
з роту Віпунена выйму!”
Тут кавальнік Ілмарынен
так сказаў і так прамовіў:
“Віпунен даўно загінуў,
Антэра даўно ня бачна,
ён свае не ставіць пасткі,
сілы па лясах не ставіць.
Ты нічога не здабудзеш,
ні паўслова атрымаеш.”
Векамудры Вяйнямёйнен
не паслухаўся і рушыў:
першы дзень прабег бадзёра
па жаночых вострых голках,
дзень другі ўвесь ён крочыў
па канцах мячоў сталёвых,
трэці дзень ён ледзьве тупаў
па лязах сякераў вострых.
Віпунен, стары магутны,
валадар чароўных сьпеваў,
разам з песьнямі загінуў,
з чарамі заснуў навечна.
На плячах расла асіна,
ды бярэзіна на скронях,
вольхі пакрывалі шчокі,
вербы ніклі з падбароддзя,
елка на ілбе ўзрастала,
на зубах расла хваіна.
Падыйшоў тут Вяйнямёйнен,
выняў меч, дастаў жалеза
з похваў скураю абшытых,
з пояса валовай скуры.
Ён зваліў з плячэй асіну,
сьсек бярозы ўсе на скронях,
на шчаках пасек ўсе вольхі,
вербы з барады парэзаў,
лоб ад елачак ачысьціў,
зубы вызваліў ад хвоі.
Ён вагар жалезны ўставіў
Віпунену ў рот вялізны,
у разяўленую пашчу,
у сківіцу ўбіў жалеза
ды сказаў такія словы:
“Падымайся, раб нядбайны,
не ляжы, у зямлю ўрослы,
сном ахоплены глыбокім!”
Віпунен, сьпявак замоваў,
вокамгненна абудзіўся
ад балючага ўдару,
ад пакуты невыноснай.
Вагавік пачаў ён грызьці,
пракусіў жалеза зьверху,
пракусіць нутро не здолеў,
разжаваць сталёвы стрыжань.
Векамудры Вяйнямёйнен,
стоячы ля самых вуснаў,
нагой левай спатыкнуўся,
сьлізгануў нагою правай,
Віпунену ў рот зваліўся
паміж ськівіцаў кашчавых.
Віпунен, сьпявак замоваў,
рот разявіў свой шырока,
ськівіцы свае рассунуў,
каўтануў героя з мечам,
прапіхнуў праз сваё горла
Вяйнямёйнена старога.
Віпунен, сьпявак замоваў,
словы вымавіў такія:
“Шмат чаго я еў на сьвеце,
еў я коз, авечак еў я,
паглынаў ялавічыну
і кабанчыкаў глытаў я,
ды такога мне кавалка
не даводзілася есьці!”
А тым часам Вяйнямёйнен
словы вымавіў такія:
“Пэўна мне канец прыходзіць,
дзень сьмяротны наступае
ў гэтым цёмным стойле Хійсі,
Калмы закуце цяснотным!”
Ён паразважаў, падумаў
як тут мецца, як жыць далей.
Нож на поясе ў Вяйнё,
нож з бярозаваю ручкай,
і зь яе стварыў ён човен,
лодку сьпевам чарадзейным.
Ён паплыў на гэтай лодцы,
кішкі ўсе наўсьцяж праехаў,
кожны там куток агледзеў,
не мінаючы закуткаў.
Віпунен, сьпявак замоваў,
ад таго не ўстурбаваўся,
і тады той Вяйнямёйнен
кавалём зрабіўся спрытным,
стаў кавальнікам жалеза.
Ён зрабіў кашулю кузьняй,
рукавы -- кавальскім мехам,
подзьмеўкай зрабіў кажух свой,
з калашын зрабіў ён комін
дзьверкі горана -- з панчохаў,
за кавадла ўзяў калена,
локаць быў яму за молат.
Моцна ён каваць узяўся,
грукатаць пачаў страшэнна;
дзень каваў без перапынку,
не спачыў ні хвілі ўночы
у вантробах валатоўскіх,
у чэраве ў чарадзея.
Віпунен, сьпявак замоваў,
словы вымавіў такія:
“Ты зь якога племя родам,
між якіх узрос герояў?
Я зглынуў герояў сотні,
тысячы герояў зьнішчыў,
ды такіх, як ты, не еў я:
галавешкі ў рот мне лезуць,
лезе на язык вугольле,
гарам горла забівае.
Ты выходзь, чужак, адгэтуль,
вылязай хутчэй, паскуднік,
покі маці не знайшоў я,
не сказаў тваёй матулі!
Калі ж раскажу я матцы,
усё распавяду старой я,
засумуе твая маці,
цяжка на душы ёй стане
ад таго, што сын тут робіць,
так жыцьцё праводзіць дрэнна.
Не магу я разабрацца,
не магу ніяк уцяміць,
ты адкуль узяўся, гіцаль,
ліхадзей, адкуль прыйшоў ты,
каб мяне кусаць і жэрці,
шкуматаць мяне ў кавалкі?
Можа ты стварэньне Бога,
немач ты мая ад Творцы?
Ці можа цябе наслалі
нейкія багі другія?
Можа ты прыйшоў за грошы,
ў чэрава маё, за плату?
Калі ты стварэньне Бога,
немач- насланьнё ад Творцы,
я аддамся Богу ў рукі,
перад Госпадам сьхілюся:
добрага Бог не пакіне,
не загубіць Усявышні.
Калі ж на мяне наслалі
іншыя багі хваробу,
дык знайду я твой пачатак,
вызнаю адкуль ты родам!
З даўніны ідуць хваробы
ды ліхоты ад закляцьцяў,
ад хаўрусаў чарадзейскіх,
з пашаў-выганаў далёкіх,
ад чараўнікоў паганых,
ал варажбітоў магутных.
Зло ідзе ад бога сьмерці,
з глыбіні зямлі прыходзіць
ды з хацін людзей памерлых,
з тых падворкаў падзямельных,
праз ральлю яно выходзіць,
праз глыбокія барозны,
з той жарствы кругаваротнай,
з тых пяскоў сыпучых звонкіх,
з тых лагчын замакравелых,
з балатоў без дна й без моху,
з хваляў бурных вечнашумных
ды з крыніц з вадою чорнай,
зь лесавых загонаў Хійсі
ды з пяці цясьнінаў цёмных,
з вышыні гары мядзянай
ды з пагоркаў меднарудных,
з цёмных елак шапатлівых
ды з сасоньнікаў шумлівых,
зь вершалін дуплістых хвояў
ды зь лясоў старых яловых,
ды з паганых нор лісіных,
з шарпаку палян ласіных,
ды зь мярлогаў медзьвядзёвых,
з тых пячораў крывалапых,
з Пох’ялы краёў туманных,
зь дзікай поўначы лапландзкай,
са спустошаных палянаў,
з незасеяных палеткаў,
зь месца гібелі герояў,
з поля гераічнай бітвы,
ад травы сухой стаптанай,
ад крывавага патоку,
з дальняга хрыбта марскога,
з неабдымнага абшару,
з той глыбокай чорнай твані,
з глыбіні бяздоннай цёмнай,
з тых патокаў грукатлівых,
з тых агністых вадакрутаў,
з тых парогаў бурнай Руц’і,
з тых віроў неўтаймавальных,
з задняй часткі небасьхілу,
з тых пушыстых лёгкіх хмарак,
са сьцяжын вятроў вясеньніх,
з маладых вятроў калыскі.
Можа й ты адтуль з’явіўся,
мне ў нутро адтуль прабраўся,
у нявіннае ўлез сэрца,
у бязгрэшныя вантробы,
каб мяне кусаць і жэрці,
шкуматаць мяне ў кавалкі?
Супакойся, цюцька Хійры,
Маналы сабака, сьціхні,
ды выходзь хутчэй, паскуднік,
кат, пакінь маю пячонку,
ты выходзь, зладзюга, з сэрца,
селязёнку мне не крэмзай,
ды не рві мае вантробы,
не сьвідруй балюча грудзі,
не грызі жывот мне люта,
не чапай маіх ты скроняў,
не ламай ты мой хрыбетнік,
не зьгінай мне паясьніцу!
Калі ж мала будзе сілы,
я пашлю мужоў мацнейшых,
каб зь мяне прагналі ліха,
вылюдка зь мяне прагналі.
Земляў гаспадынь паклічу,
запрашу валадароў я,
збройных з-пад зямлі герояў,
коньнікаў з пясчаных нетраў
на падмогу ды падтрымку,
ўратаваць мяне, пазбавіць
ад маіх цяжкіх пакутаў,
ад пакутаў невыносных.
Калі ж гэта не паможа,
калі выйсьці не захочаш,
хай паўстане лес з мужамі
ды ядловец з розным людам,
ды з радзінай бор сасновы,
возера лясное зь дзецьмі,
сто ўзброеных герояў,
тысячу ў жалезных латах,
каб нячысьціка ўтрупяніць,
раздушыць ліхую немач!
Калі ж гэта не паможа,
калі выйсьці не захочаш,
гаспадыня вод, з’явіся,
з сіняй стужкаю з-пад хваляў,
у тонкай вопратцы з імшары,
выйдзі, чыстая з-пад багны
мужу кволаму заступай,
мне, герою, ацаленьнем,
каб жыўцом мяне з’елі,
не забілі без хваробы!
Калі ж гэта не паможа,
калі выйсьці не захочаш,
ты прыйдзі, дачка прыроды,
прыгажуня залатая,
слаўная жанчына-маці,
пачынальніца ўсіх родаў,
на мае зірні пакуты,
люты боль мой супакой ты,
насланьня пазбаў ліхога,
прагані ты ліхадзея!
Калі ж гэта не паможа,
калі выйсьці не захочаш,
Укка, бог нябеснай высі,
валадар грамотных хмараў,
ты прыйдзі на дапамогу,
на мой заклік пасьпяшайся,
насланьня пазбаў ліхога,
адгані ты прэч сурокі,
агнявым магутным мечам,
зброі вастрыём зіхоткім!
Дык пакінь мяне, нягоднік,
уцякай хутчэй, нячысьцік!
Для цябе няма тут месца,
ты шукай сабе другое,
іншы для сябе прытулак
ад мяне як мага далей,
дзе пануе валадар твой,
са сваёю гаспадыняй!
А як дойдзеш ты да месца,
як закончыш шлях далёкі,
да бацькоў сваіх прыб’ешся,
да бацькоўскіх статкаў дойдзеш,
знак падай, што ты ўжо дома,
што да дому ты дабраўся,
заблішчы маланкай зыркай,
у грымотах раскаціся,
ламані нагой у дзьверы,
дошку апусьці ў вакенца,
сьлізгані ў хату спрытна,
як віхура ўварвіся!
Ты хапай усіх за ногі,
ухапі за пяткі чэпка,
хай і гаспадар там будзе,
ля парогу гаспадыня!
Ты мужчыне вырві вока,
раскалі жанчыне чэрап,
выкруці ім усе пальцы,
пазварочвай ім галовы!
Калі ж гэтага не хопіцць,
пеўнем вылеці ў вакенца,
птушанёнкам на падворак,
ты на гной грудзьмі зваліся!
Адгані каня ад ясьляў,
выгані гавяду з хлева,
хай уткнецца ў гной рагамі,
у зямлю хвастамі ўпрэцца,
у жывёл ты выбі вочы,
паламай жывёлам шыі!
Калі ж ты хвароба зь ветру,
мне прыгнаная віхурай
разам з холадам вясеньнім,
з веснавым марозам разам,
дык ляці сваёй дарогай,
сіверкі халодным шляхам,
не сядаючы на дрэвы,
ды не маючы спачынку,
на вяршыню меднай сопкі,
на пагорак меднарудны,
каб люляў цябе там вецер,
лашчыў холадам вятрыска!
Калі ж ты прыйшоў зь нябёсаў,
з аблачын на даляглядзе,
узьнясіся зноў на неба,
у паветра ўзьніміся
ты да хмараў навальнічных,
да дрыготкіх ясных зорак,
каб агнём там узгарэцца,
зыркім полымем успыхнуць
на шляху адвечным сонца,
месяца дарозе вечнай!
Калі ж ты прыйшоў з патокам,
выйшаў з хваляў грывапенных,
дык вяртайся зноў у мора,
зноў да хваляў ты вяртайся,
на хрыбты марскіх прастораў,
на край крэпасьці падводнай,
каб цябе ганялі хвалі,
воды цёмныя гайдалі!
Калі ж ты з палянаў Калмы,
ад хацін людзей памерлых,
дык вяртайся зноў дадому,
у вечныя абдымкі Калмы,
пад дзірван зялёны мяккі,
пад магільную зямельку,
дзе спачыў народ навекі,
люд навечна нас пакінуў!
Калі ж, дурань, ты з’явіўся
з цёмных нетраў пушчы Хійсі,
з селішчаў сваіх сасновых,
з котлішчаў сваіх з-пад елак,
праганю цябе назад я,
да глухіх мярлогаў Хійсі,
да жытла ў бару сасновым,
у глухой яловай пушчы,
каб да скону там застаўся,
пакуль столь не грукне долу,
не згніе падлога ў доме,
плесень не пакрые сьцены.
Праганю цябе, паганца,
выганю адсюль пачвару,
у закутак да мядзьведзя,
да мядзьведзіхі ў бярлогу,
на балоцістыя долы,
на стаячыя балоты,
у нетры багны непралазнай,
на балоцістыя рэчкі,
на бязрыбныя азёры,
дзе ні акуня, ні плоткі.
Калі ж там не знойдзеш месца,
паганю далей цябе я,
на задворкі дальняй Пох’і,
на лапландзкія абшары,
на пустэльныя паляны,
незасеяныя нівы,
дзе ні месяца, ні сонца,
дзе сьвятла зусім не бачна.
Там жыві сабе шчасьліва,
бестурботна, бесклапотна:
там ласі вісяць на дрэвах,
смачныя алені віснуць,
каб табе падсілкавацца,
наталіць голад і смагу.
Заганю далей цябе я
заклінаньнем ды загадам,
у вадаспад магутнай Руц’і,
у агністае прадоньне,
куды падаюць лясіны,
вырваныя з каранямі,
сосны з моцнымі стваламі,
ды зялёныя яліны.
Там паплавай ты, паганец,
у шалёным вадакруце,
у бурлівых пенных хвалях,
праплыві цясьнінай вузкай!
Калі ж там не знойдзеш месца,
паганю далей цябе я,
да спрадвечных вод Туані,
Маналы струменяў чорных,
каб не выбраўся адтуль ты,
каб навечна там застаўся,
пакуль я не дам свабоды,
ды цябе не адпушчу я
за дзевяць баранаў тлустых,
адной маткі ўсе ягняты,
за дзевяць быкоў магутных,
усе цяляты адной каровы,
дзевяць жарабкоў імклівых,
жарабят адной кабылы.
Калі воз сабе папросіш,
выбрацца адтуль захочаш,
памагу табе сабрацца,
дам каня табе ў дарогу:
добры конік ёсць у Хійсі,
рудагрывы на пагорку,
полымя шугае з носу,
з храпы б’е агонь пякучы,
капыты ўсе з жалеза,
на нагах сталёвых дужых,
лёгка ўскоквае на горкі,
выбіраецца з прадоньняў,
калі сам яздок умелы,
спрытны коньнік ім кіруе.
Калі ж гэтага не хопіць,
ты вазьмі ў Хійсі лыжы,
палазы з алешын Лемпа,
ад нячысьціка кіёчкі,
ды праедзь па землях Хійсі,
па гаях зялёных Лемпа,
праляці праз землі Хійсі,
праз нячысьціка прасторы!
Трапіцца ў дарозе камень,
раскалі яго на часткі,
трапіць бервяно пад ногі,
разламай яго надвое,
а героя як сустрэнеш,
адпіхні яго з дарогі!
Вон адгэтуль, непатрэба,
уцякай адсюль, нягоднік,
да таго, як дзень настане,
божая зара займецца,
да таго, як сонца ўзыйдзе,
певень крыкне галасіста!
Час паскудніку кранацца,
уцякаць пара адлюдку
пад сьвятлом маладзіковым,
па асьветленай сьцяжынцы.
Калі ж ты не пойдзеш, злыдзень,
не зьбяшыш, сабака дзікі,
у арла вазьму я кіпці,
крыважэрнага прылады,
чым хапае коршун мяса,
чым трымае ён здабычу,
каб схапіць цябе, зладзюгу,
ды навекі супакоіць,
каб не змог ты варухнуцца,
нават дыхаць ты не змог бы.
Зьбег жа неяк грозны Лемпа,
стрыгануў сыночак мамкін,
як падаў мне Бог падмогу,
Творца ў бядзе не кінуў.
Дык ці выйдзеш ты, бязродны,
пойдзеш, вырадак, адгэтуль,
без гаспадара сабака,
ты, сабака беспрытульны,
пакуль маеш час на ўцёкі,
пакуль месяц не схаваўся?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Мне жывецца тут нядрэнна,
добра час я прабаўляю:
замест хлеба ем пячонку
з добрай тлустаю прыправай,
смачны суп гатую зь лёгкіх,
сала смак выдатны мае.
Зараз я сваё кавадла
зацягну глыбока ў сэрца,
буду молатам я стукаць
па самым балючым месцы,
каб за ўсё жыцьцё ніколі
не было табе спакою,
калі слоў я не пачую,
не пачую заклінаньняў,
калі тысячы замоваў
я не вывучу напамяць.
Не павінны зьнікнуць словы,
мудрыя замовы згаснуць,
у зямлі сырой загінуць
пасьля сьмерці чарадзеяў.”
Віпунен, сьпявак замоваў,
хоць стары, але магутны,
ведамі напоўніў вусны,
грудзі сілаю напоўніў,
адамкнуў замоваў скрынку,
адчыніў куфэрак песень,
каб найлепшыя завесьці,
выбраць лепшыя паданьні
пра пачатак усіх рэчаў,
пра часоў першапачатак,
што ўжо не сьпяваюць дзеці,
ды забыліся героі,
бо ў часы гэты цяжкія,
нават хлеба не хапае.
Ён сьпяваў пра слоў вытокі,
пра паходжаньне закляцьцяў,
расказаў, як з волі божай,
па ўсявышняга загаду,
узьнікла па сабе паветра,
а зь яго вада ўзьнікла,
з-пад вады зямля паўстала,
з-пад зямлі пайшлі расьліны,
як стварыўся месяц ясны,
сонца ў небе запалала,
як вятроў слупы ўзьняліся,
зазіхцелі ў небе зоркі.
Віпунен, сьпявак замоваў,
песняпеўца быў майстэрскі!
І не бачылі, й не чулі,
не сьпявалі так спрадвеку,
не гучалі так закляцьці
гожа сьпевы не ліліся:
ад зубоў ляцелі словы,
песьні зь языка ляцелі,
нібы конь ляціць імклівы,
крыланогі той жарэбчык.
Дзень за днём сьпяваў ён песьні,
уначы сьпяваў бяссонна,
і заслухалася сонца,
месяц залаты спыніўся,
і застылі хвалі ў моры,
зьнерухомелі ў затоках,
не струменіліся рэчкі,
вадаспад заціх на Руц’і,
сьціхлі Вуаксы парогі,
Йордана замёрлі воды.
Векамудры Вяйнямёйнен
слоў паслухаў тых даволі,
ды патрэбныя запомніў,
выбраў лепшыя з тых песень
й вырашыў пайсьці адгэтуль,
з глоткі Віпунена выйсьці,
чарадзея рот пакінуць,
выбрацца з грудзей магутных.
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Гэй ты, Антэра Віпунен!
Ты раскрый свой рот вялізны,
ськівіцы рассунь шырока,
каб я мог на волю выйсьці,
каб дадому мне вярнуцца!”
Віпунен, сьпявак замоваў,
вымавіў такія словы:
“Зьеў і выпіў я даволі,
праглынуў нямала тысяч,
ды такіх не еў ніколі,
як старэча Вяйнямёйнен.
Добра, што мяне наведаў,
аднак, лепей прэч ідзі ты.”
Віпунен, сьпявак замоваў,
пазяхнуў з усяе сілы,
ськівіцы разьвёў шырока
ды раскрыў свой рот вялізны.
Векамудры Вяйнямёйнен
выйшаў з роту мнагазнаўцы,
чэрава яго пакінуў.
Ён з грудзей яго магутных
долу высьлізнуў праз вусны,
спрытна на зямлю саскочыў,
як вавёрка залатая,
срэбрагрудая куніца.
Шпарка ён пайшоў дадому,
у кузьні каваля наведаў.
Запытаўся Ілмарынен:
“Ці здабыў патрэбных словаў,
ці пачуў замоваў добрых,
каб дабудаваць свой човен,
ды карму надзейна зладзіць,
сьпераду паставіць мачту?”
Векамудры Вяйнямёйнен
словы вымавіў такія:
“Я здабыў пад сотню словаў,
тысячу здабыў замоваў,
сьпеваў тысячы таемных
я узяў з таемных сховаў”
Ён пайшоў да сваёй лодкі,
човен будаваць чароўны.
Хутка скончыў пабудову,
зьнітаваў як трэба дошкі,
ды карму зьвязаў надзейна,
мачту сьпераду паставіў:
не часаў для чоўна дошкі,
лодку збудаваў без трэсак.
↑ Змест