РУНА ВАСЕМНАЦЦАТАЯ
Вяйнямёйнен фарбуе човен і адплывае ў Пох’ялу сватацца да дачкі старой Лоўхі. (1—40) Сястра Ілмарынена зь берага распытвае яго, куды ён плыве, а потым бяжыць да брата, каб папярэдзіць таго, што ён можа спазьніцца ў сваты. (41 – 266) Ілмарынен зьбіраецца і вершкі едзе ў Пох’ялу (267 – 470) Гаспадыня Пох’ялы ўпадабала Вяйнямёйнена і раіць сваёй дачцы выбраць яго. (471 – 634) Але дачка адмаўляе Вяйнямёйнену і выбірае Ілмарынена, які зрабіў чароўнае Сампа. (635 – 706)
Векамудры Вяйнямёйнен
прыгадаў свае намеры,
вырашыў сабе сасватаць,
даўгакосую дзяўчыну
5з цёмнай Пох’ялы халоднай,
змрочнай, смужнай Сарыёлы,
дальняй Пох’і прыгажуню,
знакамітую нявесту.
Сінім човен упрыгожыў,
10чырваньню аздобіў лодку,
частку золатам расквеціў,
срэбрам расьпісаў палову.
І аднойчы спазаранку,
ледзьве золак засьвяціўся,
15у ваду сьпіхнуў ён човен,
свой стодошкавы на хвалі,
з тых абкораных бярвеньняў,
з моцных круглякоў сасновых.
У чаўне паставіў мачту,
20ветразі ўзьняў на дрэве.
Ён напяў чырвоны ветразь,
сіняе напяў вятрыла,
а тады спусьціўся ў човен,
у караблік свой маленькі,
25каб у мора ськіравацца,
на абшар бязьмежны сіні.
Словы ён сказаў такія,
так сказаў і так прамовіў:
“Божа, ты спусьціся ў лодку,
30у мой човен, Міласэрны,
падтрымаць мяне малога,
мужа слабага ў зьнямозе,
на шумлівых водах бурных,
на вірах бурлівых хваляў!
35Падганяй мой човен, вецер,
хваля, ты нясі мой човен,
каб зусім не веславаць мне,
не кранаць вёсламі воды,
па хрыбтах марскіх шырокіх,
40па бязьмежнаму абшару!”
Аннікі, красуня-дзева,
дзіця ночы, дзева змроку,
прабудзілася ўраньні,
раней сонейка ўзьнялася,
45узялася мыць бялізну,
паласкаць сукенкі чыста
на канцы масткоў чырвоных,
на краю шырокіх дошак,
на туманным мысе цёмным,
50на імглістай змрочнай выспе.
Азірнулася наўкола,
усё агледзела навокал,
у вышыню яна зірнула,
потым паглядзела ў мора,
55у вышыні блішчэла сонца,
хвалі ўнізе зіхацелі.
Кінула на мора погляд,
павярнулася да сонца:
каля рэчкі Суамелы,
60у водах Вяйнёлы шырокай,
згледзела на моры кропку,
нешта сіняе на хвалях.
Так тады яна сказала,
словы мовіла такія:
65“Што чарнеецца на моры,
што на хвалях там сінее?
Калі ты гусіны статак,
качак чарада вясёлых,
дык хутчэй ляці ў неба,
70у сінь высокую на крылах!
Калі ж ласасёў ты статак,
ці чародка іншай рыбы,
дык у глыбіню спускайся,
у глыбокія патокі!
75Калі ж ты камень падводны,
ці галінка ў водах сініх,
хай цябе пакрыюць хвалі,
хай вада цябе накрые!”
Новы човен набліжаўся,
80йшоў пад ветразем караблік,
да імглістай змрочнай выспы,
да касы туманнай цёмнай.
Аннікі, красуня-дзева
згледзела той новы човен,
85той стодошкавы караблік.
І тады яна сказала:
“Калі братава ты лодка,
калі таткаў човен новы,
падплывай да роднай выспы,
90павярні да роднай хаты,
носам да сваіх прычалаў,
а кармой да іншых земляў!
Калі ж ты чужынскі човен,
дык плыві сваёй дарогай,
95павяртай да іншых земляў,
а кармой да гэтай выспы!”
Не была сваёю лодка,
і не быў з чужыны човен,
гэта плыў караблік Вяйнё,
100песьняра старога лодка.
Ён пад’ехаў вельмі блізка,
гутарку пачаць хацеў ён,
каб сказаць адно-два словы,
гучна трэцяе прамовіць.
105Аннікі, красуня-дзева,
дзіця ночы, дзева змроку,
мараплаўца запытала:
“І куды ж ты Вяйнямёйнен,
сябра плёсаў, шлях кіруеш,
110куды едзеш, годнасьць краю?”
З лодкі Вяйнямёйнен словы
ў адказ стары прамовіў:
“Ласасёў лавіць я еду,
зь нерасьцілішчаў вядомых,
115з чорнай рэчкі Туанелы,
з водаў асакой зарослых.”
Аннікі, красуня-дзева
ў адказ яму сказала:
“Ты лухту чаўпеш, старэча,
120нерасту мне час вядомы!
Бацька мой не так зьбіраўся,
рыхтаваўся ён іначай
ласасёў лавіць у моры,
здабываць з вады тайменяў:
125нераты ляжалі ў лодцы,
розныя прылады побач,
сеткі там былі, вяроўкі,
збоку боўталы ляжалі,
восьці вострыя пад лаўкай,
130на карме ў радок жардзіны.
Дык куды ж ты, Вйнямёйнен,
едзеш так, Уванталайнен?”
Мовіў стары Вяйнямёйнен:
“Паляваць гусей я еду,
135дзе стракатыя гуляюць,
сьлюнькаватыя жыруюць,
на Саксонскай той пратоцы,
на прасторах неабсяжных.”
Аннікі, красуня-дзева
140словы мовіла такія:
“Я адрозьніваю праўду
ад паганых слоў хлусьлівых,
бо інакш мой татка ехаў,
ён зусім не так зьбіраўся,
145паляваць ішоў не так ён
тых гусей чырвонадзюбых:
меў магутны лук напяты,
лук аздоблены, прыгожы,
да яго сабака чорны
150быў прыкуты ланцугамі,
берагам харты імчалі,
шчанюкі нясьліся сьледам.
Кажы праўду, Вяйнямёйнен,
Куды ехаць ты сабраўся?”
155Мовіў словы Вяйнямёйнен:
“ А калі б я кіраваўся,
на вайну калі б я ехаў,
на палі вялікай бітвы,
дзе ільецца кроў ракою,
160дзе чырвоная струменіць?”
Аннікі ў адказ сказала,
дзева з брошкай валавяннай:
“Мне даводзілася бачыць
таткавы да бою зборы,
165зборы да вайны вялікай,
да вялікай страшнай бітвы:
сотні ваяроў на вёслах,
тысячы стаялі ў лодках,
лукі сьпераду трымалі,
170а мячы трымалі збоку.
Кажы праўду, падарожнік,
без хлусьні скажы мне праўду,
куды едзеш, Вяйнямёйнен,
шлях вядзеш, Суванталайнен?”
175Мовіў стары Вяйнямёйнен,
словы вымавіў такія:
“Ты, дзяўчына, сядзь у човен,
у лодку да мяне, красуля,
я скажу табе ўсю праўду,
180без хлусьні, без ашуканства.”
Аннікі ў адказ сказала,
дзева з брошкай валавяннай:
“Да цябе хай вецер сядзе,
сядзе хай у човен сівер!
185Я перакулю твой човен,
абярну тваю я лодку,
калі не пачую праўду,
куды ехаць ты сабраўся,
калі ты не скажаш праўду,
190ды хлусьні сваёй не скончыш.”
Тады стары Вяйнямёйнен
ёй сказаў такія словы:
“Раскажу усю праўду зараз,
хоць раней крыху і хлусіў:
195еду я дзяўчыну сватаць,
здабываць сабе нявесту
з цёмнай Пох’ялы халоднай,
ды са змрочнай Сарыёлы,
што зжырае слаўных вояў,
200ці тапельцамі іх робіць.”
Аннікі, красуня-дзева,
дзіця ночы, дзева змроку,
як пачула тую праўду
без хлусьні, без ашуканства,
205кінула сваю бялізну,
паласкаць яе не стала,
на канцы масткоў чырвоных,
на краю шырокіх дошак.
Падабрала спрытна сукню,
210узяла падол у рукі
і пакрочыла таропка,
шпарка кінулася бегчы
на падворак кавалёвы,
прама ў кузьню прыляцела.
215Працаваў там Ілмарынен,
Векамудры той кавальнік,
лаўку ён каваў з жалеза,
упрыгожваў яе срэбрам,
плечы попелам пакрыты,
220галава пакрыта сажай.
Аннікі ўвайшла ў кузьню,
Словы мовіла такія:
“Братка любы, Ілмарынен,
Векамудры ты кавальнік!
225Выкуй ты чаўнок мне ткацкі,
кольцаў ды пярсьцёнкаў выкуй,
завушніцаў выкуй пару,
ланцужкоў пяток на пояс,
я ж табе скажу ўсю праўду,
230без хлусьні, без ашуканства!”
Майстра Ілмарынен мовіў:
“Калі добрае што скажаш,
выкую табе чаўночак,
колькі выкую пярсьцёнкаў,
235крыжык выкую на грудзі,
ды зраблю на лоб аздобу,
калі ж дрэннай будзе вестка,
я ўсе твае аздобы,
паламаю, у горан кіну,
240кіну ў полымя ўборы.”
Аннікі, красуня-дзева,
у адказ яму сказала:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен!
Ты ўспомні пра дзяўчыну,
245да якой хадзіў у сваты,
пра заручыны ты ўспомні!
Ты куеш безь перадыху,
грукаеш бесьперапынна:
ты куеш падковы ўлетку,
250цуглі ты куеш узімку,
па начах майструеш сані,
упрыгожваеш іх днямі,
каб у Пох’ялу паехаць
ды забраць сабе нявесту.
255А тым часам ужо едзе
болей спрытны, болей хітры,
каб забраць тваю нявесту,
каб тваю дзяўчыну зьвесьці,
пакуль два гады глядзеў ты,
260тры гады ў сваты езьдзіў.
Ужо едзе Вяйнямёйнен,
па хрыбтах бурлівых сініх,
у лодцы з залатой кармою,
медным ён стырном кіруе,
265едзе ў Пох’ялу старэча,
сватаць дзеву Сарыёлы.”
Засмуціўся Ілмарынен,
туга майстра агарнула,
абцугі ўпалі долу,
270молат рукі не ўтрымалі.
Мовіў майстра Ілмарынен:
“Аннікі, мая сястрычка!
Я табе чаўнок змайструю,
накую табе пярсьцёнкаў
275ды прыгожых завушніцаў,
ланцужкоў на апаяску,
толькі напалі мне лазьню,
ды нагрэй мядовай парай,
тонкімі палі дрывамі,
280дробныя падкідвай трэскі!
Попелу вазьмі ты крышку,
шчолаку зь яго зрабі ты,
каб ім галаву памыць мне,
каб дачыста вымыць цела
285ад асеньняй даўняй сажы
ды ад копаці зімовай!”
Аннікі, красуня-дзева,
добра лазьню напаліла
бураломнымі дрывамі,
290дрэвам, бліскавіцай зьбітым.
Камянёў набрала зь віру,
каб як сьлед напарыць лазьню,
чыстаю вадой з крыніцы,
зь белапеннага патоку.
295Гольля наламала ў лесе,
густалістых шмат галінак;
парыла мядовы венік,
там, на камянях мядовых;
шчолак кіслы гатавала,
300мыла вадкае варыла
колеру вясёлкі мыла,
мыла, каб адмыцца добра,
жаніху памыць усё цела,
галаву дачыста вымыць.
305Сам каваль той Ілмарынен,
Векамудры той кавальнік,
накаваў дзяўчыне кольцаў,
галаўны ўбор аздобіў,
пакуль дзеўка гатавала,
310лазьню ладзіла для брата.
Усё аддаў дзяўчыне ў рукі,
а яна тады сказала:
“Я ўжо напаліла лазьню,
цёплым дымам падагрэла,
315я напарыла твой венік,
густалісты распушыла.
Мыйся, братка залаценькі,
разьлівай вады дасхочу,
каб як сьнег блішчэлі вочы,
320галава, як лён бялела!”
І кавальнік Ілмарынен
сам пайшоў у лазьню мыцца,
там намыўся ён удосталь,
вымыў цела ўсё странна,
325заблішчэлі ярка вочы,
ільном засьвятлелі скроні,
яйкам забялела шыя,
цела чысьцінёй блішчэла.
З лазьні як зайшоў у хату,
330ледзьве там яго пазналі:
прыгажосьцю твар сьвяціўся,
чырваньню палалі шчокі.
Ён сказаў такія словы:
“Аннікі, мая сястрычка!
335Дай сьвяточныя мне строі,
дай кашулю ільняную,
каб паставу ўпрыгожыць,
жаніха адзець уборы!”
Аннікі, красуня-дзева,
340падала кашулю брату,
на бялюткую паставу,
чыста вымытае цела;
ды прынесла нагавіцы,
што калісь пашыла маці,
345туга нацягнуць на клубы,
дзе зусім не бачна костак;
падала яму панчохі,
што зьвязала маці ў дзеўках,
брату апрануць на ногі,
350лыткі моцныя захутатць.
Вось прынесла чаравікі,
дар Саксоніі далёкай,
каб абуць іх на панчохі,
што зьвязала маці ў дзеўках.
355Сінюю дала паддзёўку
з подшыўкай чырвонай споду,
апрануць паверх кашулі
з тонкага ільну пашытай.
Падала жупан суконны,
360палатном на чвэрць падбіты,
на блакітную паддзёўку,
з подшыўкай чырвонай новай;
футра з тысячай пяцелек,
з сотняю аздобаў дзіўных,
365на жупан накінуць новы,
што сукном абшыты тонкім.
Падала прыгожы пояс,
шыты золатам багата,
што калісьці ткала маці,
370яшчэ ў дзеўках вышывала.
Падала і рукавіцы
з аблямоўкай залатою,
іх з Лапландыі прывезьлі
для магутных рук героя.
375Залацістае валосьсе
добраю пакрыла шапкай,
што купіў калісьці бацька,
як зьбіраўся маці сватаць.
Вось кавальнік Ілмарынен
380зборы скончыў, апрануўся,
і гатовы да ад’езду
так рабу тады прамовіў:
”Ты жарэбчыка пастаў мне
у расквечаныя сані,
385каб я хутка паімчаўся,
каб у Пох’ялу паехаў!”
Раб сказаў яму на гэта:
” Шэсць жарэбчыкаў у стайні
ласуюцца зернем добрым.
390Дык якога мне запрэгчы?
Майстра Ілмарынен мовіў:
”Лепшага каня вазьмі ты,
гнедага пастаў у сані,
жарабка мне маладога!
395Пасадзі ты шэсьць зязюлек,
сем бубеньчыкаў блакітных,
на дугу пастаў для звону,
каб зьвінелі над гужамі
усім дзеўкам на пацеху,
400прыгажуням на забаву!
Футра прынясі зь мядзьведзя,
каб сядзець было ўтутльна,
прынясі зь цюленя скуру
дзеля покрыва на сані!”
405І запрэг тут раб старанны,
парабак, найміт падзённы,
жарабка ў новыя сані,
гнедага ў вазок квяцісты.
Пасадзіў ён шэсьць зязюлек,
410сем бубеньчыкаў блакітных,
каб зьвінелі пад дугою,
над гужамі каб гучалі.
Ён прынёс цёплае футра,
каб сядзець было ўтульна,
415ды прынёс зь цюленя скуру
дзеля покрыва на сані.
Слаўны майстра Ілмарынен,
Векамудры той кавальнік,
так прасіў старога Укка,
420бога грознага грымотаў:
”Зь неба сьнег пашлі мне, Укка,
намяці парошы тонкай,
каб па ёй імчалі сані,
лёгкія па ёй сьлізгалі!”
425Зь неба сьнегам сыпаў Укка,
намятаў парошы тонкай,
вераса сьцяблы засыпаў,
ягады схаваў пад сьнегам.
Сам кавальнік Ілмарынен
430у сталёвыя сеў сані,
вымавіў такія словы,
так сказаў і так прамовіў:
“Шчасьце, падтрымай мне лейцы,
Божа, сядзь да мяне ў сані!
435Не парве мне лейцы шчасьце,
Санкі Бог не паламае.”
У адну руку ўзяў лейцы,
пугу ўзяў рукой другою,
хвастануў каня ён пугай,
440вымавіў такія словы:
”Ну, кранай жа, белалобы,
грыва белая, імчыся!”
Жвава конік паімчаўся
па хрыбтах пяскоў прыморскіх,
445па краях гаёў мядовых,
праз алешнік на пагорках.
Берагам ён паімчаўся,
звонка па пясках ля мора,
і ляцеў пясок у вочы,
450білі ў грудзі пырскі з мора.
Ехаў дзень, другі дзень ехаў,
трэці дзень амаль мінуўся;
і на трэці дзень нарэшце
Вяйнямёйнена дагнаў ён.
455Ён сказаў такія словы.
словы гэткія прамовіў:
”Гэй, стары ты Вяйнямёйнен!
Мы давай да згоды прыйдзем,
што не возьмем дзеўку гвалтам,
460а пасватаем, як трэба!
Жонку не бяруць гвалтоўна,
не прысільваюць нявесту.”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
”Згодны цалкам я з табою,
465жонку не бяруць гвалтоўна,
не прысільваюць нявесту.
За таго ідзе хай дзеўка,
хто ёй болей даспадобы,
а другі хай не крыўдуе,
470сваю крыўду хай не песьціць.”
Зноўку рушылі наперад,
кожны па сваёй дарозе:
шумеў човен ля ўзьбярэжжа,
конь ляцеў, зямля дрыжэла.
475Так няшмат мінула часу,
праляцеў той міг кароткі,
і пачуўся брэх сабачы
забрахаў сабака пільны
ў Пох’яле, краіне цемры,
480у туманнай Сарыёле.
Ціха ён брахаў спачатку,
рэдка гаўкаў ды скуголіў;
ён сядзеў на ўскрайку поля,
біў хвастом па цьвёрдай пожні.
485Гаспадар паўночны мовіў:
” Схадзі паглядзі, дачушка,
што там гаўкае сабака,
што скуголіць лапавухі!”
Дзеўка слушна адказала:
490”Татка, мне і так хапае:
хлеў вялізны чысьціць трэба,
даглядаць шматлікі статак,
ды круціць цяжкія жорны,
прасяваць муку праз сіта.
495З жорнамі цяжкая праца,
а млынар я слабасільны.”
Ціха зноў брахаў сабака,
шэры гаўкаў нетаропка.
Гаспадар паўночны мовіў:
500”Схадзі паглядзі, старая,
што там шэры наш загаўкаў,
што скуголіць наш ахоўнік!”
А кабета адказала:
”У мяне хапае працы:
505накарміць сям’ю мне трэба,
трэба згатаваць мне страву,
цеста замясіць у дзежцы,
хлеба мне напекчы трэба:
таўсты бохан з мукі дробнай,
510а я пекар слабасільны.”
Гаспадар паўночны мовіў:
”Вечна некалі кабетам,
працы ў дзевак вечна поўна:
трэба пасядзець ля печкі,
515паваляцца ў ложку трэба.
Схадзі, сынку, паглядзі ты!”
У адказ жа сын прамовіў:
”Некалі хадзіць глядзець мне,
навастрыць сякеру трэба,
520пашчапаць цурбак таўшчэзны,
дроў насекчы трэба тонкіх,
у касьцёр усе іх скласьці;
дроваў шмат, касьцёр вялікі,
сілы ж не багата маю.”
525А сабака ўсё брэша,
вартаўнік усё гаўкоча,
гаўкае ахоўнік люты,
і няма яму ўгамоньня;
на далёкім тым узьмежку,
530б’е хвастом па цьвёрдай пожні.
Гаспадар паўночны мовіў:
”Нездарама лютуе шэры,
не шалее без прычыны
і на сосны ён не брэша.”
535Паглядзець ён сам сабраўся,
выйшаў з хаты, двор пакінуў,
падыйшоў да дальняй нівы,
да апошняга загону.
Паглядзеў ён на сабаку,
540а той пысай павярнуўся
да вяршынь спавітых ветрам,
да альховых верхавінаў.
Вось тады і зразумеў ён
ад чаго збрахаўся шэры,
545лепшы на зямлі сабака,
і круціў хвастом калматым:
човен там імчаў чырвоны
па хрыбтах затокі Лемпі,
там імчаў вазок стракаты
550па ўскрайку цёмнай пушчы.
Гаспадар суровай Пох’і
хуценька пайшоў дадому,
увайшоў у хату шпарка
і сказаў такія словы:
555“Набліжаюцца чужынцы
па сініх хрыбтах шумлівых,
па зямлі ў вазку стракатым,
па ўскрайку цёмнай пушчы,
па моры ў вялікай лодцы,
560па затоцы блізкай Лемпа.”
Жонка так яму сказала:
“Як даведацца мы можам,
што за чужакі там едуць?
Гэй, малая ты дзяўчынка,
565пакладзі ў агонь рабіну,
ў полымя сьвятое дрэва!
Калі кроў там заструменіць,
дык з вайной чужынцы едуць,
а закапае вадзіца,
570жыць і далей мірна будзем.”
Пох’і дзеўка невялічка,
паслухмяная дзяўчынка,
кінула ў агонь рабіну,
ў полымя сьвятое дрэва;
575не было крыві там бачна,
не цякла вада з галінак,
толькі мёд струменіў чысты,
цёк адтуль напой мядовы.
Мовіла з кутка старая,
580зь лежака сказала ціха:
“Калі мёд бруіцца з дрэва,
капае напой мядовы,
дык тады на госьці едуць
жаніхі вялікім скопам.”
585Выйшла Пох’і гаспадыня,
выбегла дачка за ёю,
выскачылі на падворак,
потым за вароты выйшлі,
паглядзелі ў сінь марскую,
590азірнулі бераг дальні.
Човен згледзелі на моры,
лодку новую на хвалях,
той стодошкавы караблік
на хрыбтах затокі Лемпа.
595Сіні човен рэзаў хвалі
там, пад ветразем чырвоным,
сталы муж сядеў у лодцы,
меднае стырно трымаў ён.
Згледзелі, як конь магутны
600там вазок імкнуў чырвоны,
расьпісны вазок цягнуў там,
па ўскрайку цёмнай пушчы;
шэсьць зязюлек звонкачуйных
на дузе ў радок сядзелі,
605сем бубеньчыкаў блакітных,
на гужах сьпявалі дружна,
гожы муж сядзеў у санках,
кіраваў запрэжкай спрытна.
Гаспадыня Сарыёлы
610так прамовіла, сказала:
“За каго, дачка, ты пойдзеш,
як пасватацца захочуць,
да каго сяброўкаў вечнай
пойдзеш птушанём пад паху?
615Той, хто на чаўне імчыцца,
на чырвонай лодцы едзе
па затоцы бурнай Лемпа--
гэта мудры Вяйнямёйнен
на чаўне вязе прыпасы,
620незьлічоныя багацьці.
Той, што на вазку імчыцца,
у старакатых санках едзе
па ўскрайку цёмнай пушчы--
то кавальнік Ілмарынен;
625ён вязе хлусьню пустую
ды цацанкі-абяцанкі.
Як прыйдуць сваты у хату
паднясі ім куфаль мёду,
аберучную яндоўку;
630паднясі таму ты куфаль,
за каго пайсьці захочаш!
Вяйнямёйнену аддай ты,
бо вязе ён шмат багацьця,
шмат дабра вязе ў лодцы!”
635Пох’ялы красуня-дзева
так матулі адказала:
“Ты мяне насіла, мама,
песьціла ды гадавала!
Я пайду не за багацьце,
640не за славу мужа выйду;
мужа добрага хачу я,
гожага душой і целам.
Не было раней ніколі,
каб нявесту прадавалі;
645я і так за яго выйду,
жаніхом каваль мне будзе,
бо скаваў каваль нам Сампа,
зрабіў вечка распісное.”
Мовіла ў адказ матуля:
650“Ты дурненькае ягняці!
Ілмарынена бярэш ты,
успацелага ад кузьні,
паласкаць яму кашулі,
адмываць яго ад сажы!”
655Так дачка ёй адказала
словы мовіла такія:
“Не пайду за дзеда Вяйнё,
спарахнелага старога,
будуць зь ім адны турботы,
660нуднае жыцьцё зь ім будзе.”
Перш прыехаў Вяйнямёйнен,
ён да берага дабраўся,
човен сіні свой прычаліў,
лодку сьветлую паставіў
665на качулкі зь цьвёрдай сталі,
на масткі з чырвонай медзі;
сам жа рушыў да хаціны,
торапка зайшоў у хату.
Ён спыніўся на падлозе,
670ля дзьвярэй у хату стаў ён,
словы вымавіў такія,
так пачаў сваю гаворку:
“Станеш ты маёй, паненка,
маёй вечнаю сяброўкай,
675маёй жонкаю адзінай,
птушанёнкам мне пад паху?”
Пох’ялы красуня-дзева
тут пасьпешліва спытала:
“А ці выразаў ты лодку,
680ці зрабіў вялікі човен,
мне з абломкаў вераценца,
ды з кавалкаў матавіла?”
Стары Вяйнямёйнен мовіў,
так працягваў ён гаворку:
685“Карабель зрабіў я добры,
выразаў выдатны човен,
каб вытрымліваў ён буру,
быў надзейны ў непагоду,
каб ён лёгка рэзаў хвалі,
690па хрыбтах марскіх імчаўся,
лёгкай бурбалкай ляцеў бы,
кветкай гойдаўся ў прасторах,
у абшарах сіняй Пох’і,
сярод грабянёў дыблівых.”
695Пох’ялы красуня-дзева
У адказ яму сказала:
“Не хачу марскога мужа,
не жадаю мараплаўца,
зносіць вецер ў мора розум,
700бура розум адбівае.
Не магу я пагадзіцца,
і тваёй не буду жонкай,
векавечнаю сяброўкай,
птушанём табе пад паху,
705каб табе сьцяліць пасьцелю,
мяккія падушкі ладзіць.”