Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ДЗЕВЯТНАЦЦАТАЯ

Ілмарынен заходзіць у хату, сватаецца да дзяўчыны Пох’ялы і маці нявесты даручае яму небясьпечныя заданьні. (1-32) Дзяўчына Пох’ялы дае кавалю разумныя парады, і той пасьпяхова выконвае заданьні. Ён узорвае зьмяінае поле, ловіць мядзьведзя Туанелы ды ваўка Маналы і ловіць вялізнага шчупака з рэчкі Туанелы. (33-344) Гаспадыня Пох’ялы робіць заручыны сваёй дачкі з Ілмарыненам. (345-498) Засмучаны Вяйнямёйнен вяртаецца ў сваю краіну і не раіць старым супернічаць з маладымі. (499-518)

Вось кавальнік Ілмарынен,
слаўны майстра Векамудры,
хуценька зайшоў у хату,
пад гасьцінны дах зайшоў ён.
Тут прынесьлі куфаль мёду.
Аберучную яндоўку
Ілмарынену паднесьлі.
У адказ каваль прамовіў:
“Не, я ў жыцьці ніколі,
пакуль ясны месяц сьвеціць,
піць напой гэты не буду,
калі сам я не пабачу,
ці гатовая нявеста,
ці сабраная ў дарогу.”
Пох’ялы тут гаспадыня
словы мовіла такія:
”Дзеўчыну сабраць нялёгка
у далёкую дарогу:
абуць трэба чаравікі
на адну нагу й другую.
Аддадуць табе нявесту,
выйдзе за цябе дзяўчына,
калі зможаш узараць ты,
збаразьніць зьмяіны выган,
так, каб не кранаць сахою,
лемяшом не зямлю не раніць.
Ужо араў той выган Хійсі,
баразьніў калісьці Лемпа
сашніком, каваным зь медзі,
вострым лемяшом жалезным;
небарака мой сыночак
неўзараным поле кінуў.”
Тут кавальнік Ілмарынен
пайшоў да дзяўчыны ў хату
ды сказаў такія словы:
”Дачка ночы, дзева змроку!
Памятаеш ты былое,
як скаваў для вас я Сампа,
зрабіў вечка расьпісное?
Ты клялася вечнай клятвай
перад Богам усемагутным,
перад сьветлым яго лікам,
назаўсёды стаць маёю
жонкай вернай мне навечна,
мужу добраму сяброўкай,
птушанёначкам пад паху,
ды не аддае вось маці,
мне дачку сваю ў жонкі,
пакуль не ўзару я ніву
не ўздыму гадзючы выган.”
Памагла яму нявеста,
добрую дала параду:
”Гэй, кавальнік Ілмарынен,
слаўны майстра Векамудры!
Залатым зрабі ты плуг свой,
срэбрам упрыгож багата!
Узарэш ім клін зьмяіны,
збаразьніш гадзючы выган.”
Тут кавальнік Ілмарынен
золата ў горан кінуў,
у полымя ён кінуў срэбра,
плуг скаваў сабе магутны.
Боты ён скаваў з жалеза
ды сталёвыя халявы,
іх абуў сабе на ногі,
налажыў сабе на лыткі.
Узяў жалезную кашулю,
ды сталёвы пояс зьверху,
рукавіцы ўзяў з жалеза,
ды каменныя пальчаткі.
Выбраў добрага каня ён,
агнявога ў запрэжку,
і пайшоў араць паляну,
ніву баразьніць падаўся.
Бачыў: круцяцца галовы,
чуў, як чарапы рыпелі.
Ён сказаў такія словы:
”Гэй, зьмяя, стварэньне Бога!
Хто ўзьняў тут тваю дзюбу,
хто зьняволіў ды прымусіў,
галаву ўздымаць да неба,
шыю так трымаць нягнутка?
Прэч, нягодніца, з дарогі,
у траву паўзі сухую,
у гушчар лясны схавайся,
у траве высокай зьнікні!
Калі ж зноў пакажаш джала,
Укка галаву праломіць,
сыпане сталёвых стрэлаў,
ды жалезны град абрыне!”
Сплужыў ён зьмяіны выган,
збаразьніў той клін гадзючы,
выкінуў гадзюк за ўзьмежак,
кожнае кубло парушыў.
А вярнуўшыся прамовіў:
”Я прайшоў зьмяіным полем,
узараў гадзючы выган,
кожнае кубло парушыў.
Дык ці аддасі дачку ты,
мне адзіную каханку?”
Пох’ялы тут гаспадыня
словы мовіла такія:
“Я аддам табе дзяўчыну,
прывяду табе нявесту,
калі Туані мядзьведзя,
Маналы ваўка ты зловіш,
у цёмных пушчах Туанелы,
у Манале, краіне мёртвых;
сотні іх здабыць хацелі,
ды ніводзін не вярнуўся.”
Тут кавальнік Ілмарынен
пайшоў да дзяўчыны ў хату
ды сказаў такія словы:
”Новая ў мяне турбота:
зацугляць мядзьведзя Маны,
Туані ваўка здабыцць мне,
з цёмных пушчаў Туанелы,
з Маналы, краіны мёртвых.”
Памагла яму нявеста,
добрую дала параду:
” Гэй, кавальнік Ілмарынен,
слаўны майстра Векамудры!
Ты зрабі з жалеза кантар
ды сталёвыя скуй цуглі,
на скале сярод патоку,
сярод пены трох парогаў!
Так ты Туані мядзьведзя,
ваўка Маналы здабудзеш.”
Тут кавальнік Ілмарынен,
слаўны майстра Векамудры,
выкаваў аброць з жалеза
цуглі выкаваў са сталі
на скале сярод патоку,
сярод пены трох парогаў.
Вось пайшоў лавіць ён зьвера,
сам сказаў такія словы:
”Тэрхнетар, дачка туману!
Ты насей туману сітам,
мроіва насып густога,
па глухіх зьвярыных нетрах,
каб звяры хады не чулі,
ад мяне не паўцякалі!”
Зацугляў ваўка надзейна,
ланцугом зьвязаў мядзьведзя,
у цёмных пушчах верасовых,
Туанелы сініх нетрах.
А вярнуўшыся прамовіў:
“Аддавай дачку, старая!
Маналы ваўка злавіў я,
зацугляў мядзьведзя Туані.”
Пох’ялы тут гаспадыня
словы мовіла такія:
“Птушаня сваё аддам я,
сіненькую сваю качку,
калі шчупака ты зловіш
тлустую здабудзеш рыбу
з Маналы патокаў цёмных,
Туанелы вод глыбокіх,
толькі нераты не стаў ты,
ды не выстаўляй мярэжы.
Сотні там лавіць хадзілі,
ды ніводзін не вярнуўся.”
Засмуціўся Ілмарынен,
спахмурнеў славуты майстра,
пайшоў да нявесты ў хату
ды сказаў такія словы:
“Новая ў мяне турбота,
болей цяжкае заданьне:
шчупака злавіць вось трэба,
рыбіну здабыць таўстую,
з Маналы патокаў цёмных,
Туанелы вод глыбокіх,
мне безь нератоў ды сетак,
безь ніякага рыштунку.”
Памагла яму нявеста,
добрую дала параду:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен!
Не бядуй па тым ніколі!
Птушку выкуй агнявую,
арла з полымя зрабі ты!
Шчупака табе ён зловіць,
тлустую здабудзе рыбу
з чорных водаў Туанелы,
Маналы цясьнінаў змрочных.”
Тут кавальнік Ілмарынен,
слаўны майстра Векамудры,
зрабіў птушку агнявую
арла з полымя скаваў ён,
кіпцюры зрабіў з жалеза,
ногі выкаваў са сталі,
крылы змайстраваў ён з дошак.
Сам узьлез на тыя крылы,
на сьпіне арла ўсеўся,
на хрыбце вялікай птушкі.
Потым даў арлу парады,
папярэдзіў сваю птушку:
“Гэй арол, мой птах магутны!
Ты ляці, куды хачу я:
да Туані чорнай рэчкі,
водаў Маналы глыбокіх!
Там злаві ты шчупака мне,
рыбіну злаві таўстую!”
Узьляцеў арол магутны,
шпарка паляцеў агністы,
шчупака злавіць з патоку,
страшназубую пачвару,
з Туанелы вод глыбокіх,
Маналы цясьнінаў цёмных.
За ваду чапляў крылом ён,
даставаў другім да неба,
кіпці баразьнілі мора,
дзюба скалы разьбівала.
Вось кавальнік Ілмарынен
пачаў пад вадою мацаць
шчупака шукаць у водах,
пільнаваў арол героя.
Раптам з-пад вады страшыдла
Ілмарынена схапіла,
ды ўхапіў арол пачвару
і скруціў зладзюгу шыю,
галаву да дна прыціснуў,
запіхаў у твань глыбока.
Тут прыплыў шчупак вялікі,
вадзяны прыплыў сабака.
Не малая была рыба,
дый вялікая не надта:
з дзьве сякеры язык мела,
зубы -- даўжынёй з грабільна,
пашчу -- на тры вадакруты,
сем чаўноў была хрыбціна.
Каваля схапіць хацела,
Ілмарынена прыкончыць,
ды прымчаў арол магутны,
прыляцела птушка зь неба.
Быў арол той не маленькі,
дый вялікі быў не надта:
дзюбу меў у сто сажэняў,
аж на шэсьць віроў меў пашчу,
дзідаў шэсьць язык вялікі,
кіпцюры – пяць касавільнаў.
Шчупака адразу згледзеў,
рыбіну здалёк заўважыў,
кіпцюрамі яе ўдарыў,
праз луску ўчапіўся ў цела.
Вось тады шчупак вялізны,
рыба вёрткая таўстая,
кіпцюры арла заціснуў,
пад празрыстаю вадою,
ды ўзьляцеў арол высока,
у паветра ўзьняўся шпарка,
над паверхняй вады чыстай,
вырваў кіпці з чорнай муці,
палятаў высока ў небе
і паспрабаваў яшчэ раз.
Кіпцюром ударыў вострым
шчупака прама ў хрыбціну,
у бок сабаку вадзянога;
кіпцюром другім ударыў
па сталёваму ўзгорку,
па скале жалезнай цьвёрдай.
Кіпець ад скалы адбіўся,
камень цьвёрды ледзь падрапаў,
а шчупак нырнуў глыбока,
зьбегла пад ваду пачвара
зь кіпцьроў арліных вострых,
са сталёвых пальцаў птушкі;
ды сьляды ўдар пакінуў
на сьпіне й на рэбрах рыбы.
Зноў сваім жалезным кіпцем
шчупака арол ударыў;
крылы полымем гарэлі,
як агонь палалі вочы;
шчупака схапіў ён моцна,
сьціснуў моцна кіпцюрамі.
Шчупака з вады падняў ён
вялізарнага на бераг,
з-пад глыбокіх вырваў хваляў,
на празрыстую паверхню.
Так арол жалезнапальцы
змог адолець трэцім разам
тую рыбіну Туані,
рыбу вёрткую таўстую
з цёмнай рэчкі Туанелы,
з Маналы глыбіняў чорных,
і вада густою стала
ад лускі той шчупаковай,
і паветра загусьцела
ад арліных пёраў цёмных.
Тут панёс жалезнапальцы
шчупака з лускою цьвёрдай
на галлё таўстога дуба,
на сасну з густой вяршыняй.
Рыбіну пакаштаваў ён,
раздзяўбаў увесь жывот ёй,
разьдзёр грудзі кіпцюрамі,
галаву адцяў ад цела.
Каваль Ілмарынен мовіў:
“Ты, арол, благая птушка,
ненадзейны мне памочнік,
памагач несамавіты,
калі рыбіны адведаў,
разьдзяўбаў увесь жывот ёй,
разьдзёр грудзі кіпцюрамі,
галаву адцяў ад цела!”
Тут арол жалезнапальцы
вельмі моцна раззлаваўся,
узьляцеў высока ў неба
да вялізнай цёмнай хмары:
застагналі хмары ў небе,
купал неба нахіліўся,
радуга ў нябёсах згасла,
рог маладзіковы трэснуў.
Тут кавальнік Ілмарынен
галаву прынёс ад рыбы
ў падарунак сваёй цешчы
і сказаў такія словы:
“Гэта будзе вечным крэслам
у хаце Пох’ялы дзівоснай.”
Ён дадаў такія словы,
так працягаваў гаворку:
“Я ўзараў зьмяіны выган,
збаразьніў той клін гадзючы,
ваўка Маналы адолеў,
з Туані прывёў мядзьведзя,
шчупака злавіў я потым,
рыбу вёрткую таўстую,
у чорнай рэчцы Туанелы,
Маналы цясьнінах цёмных.
Дык ці аддасі дзяўчыну,
мне дачку сваю ў жонкі?”
Мовіла так гаспадыня:
“Ты зрабіў вельмі нядобра:
галаву ў рыбы адрэзаў,
распароў жывот у рыбы,
ды разьдзёр ёй усе грудзі,
мяса шчупакова зь’еў ты.”
Тут кавальнік Ілмарынен
у адказ прамовіў словы:
“Не бывае беззаганнай
нават лепшая здабыча,
гэта ж з рэчкі Туанелы,
Маналы цясьнінаў цёмных.
Ці гатовая дзяўчына,
ці сабралася нявеста?”
Мовіла кабета Пох’і,
словы гэткія сказала:
“Так, гатовая дзяўчына,
і сабралася нявеста!
Качаня сваё аддам я,
любую сваю дачушку
Ілмарынену ў нявесты,
у вечныя яму сяброўкі,
на усё жыцьцё ў жонкі,
птушанёначкам пад паху.”
Быў дзіцёнак на падлозе,
засьпяваў адтуль малеча:
“Паказалася ля хаты
птушка нейкая чужая,
прыляцеў арол з усходу,
сокал зь неба апусьціўся,
біў крылом па небакраю,
а другім – па хвалях гладзіў,
разразаў хвастом патокі,
галавой чапляў за неба.
Ён агледзеўся навокал,
пакружляў ды прыпыніўся,
на мужчынскі сеў ён замак,
біць пачаў па даху дзюбай,
ды жалезам дах пакрыты,
трапіць у жытло не змог ён.
Ён агледзеўся навокал,
пакружляў ды прыпыніўся,
на жаночы сеў ён замак,
біць пачаў па даху дзюбай,
ды была страха мядзянай,
трапіць у жытло не змог ён.
Ён агледзеўся навокал,
пакружляў ды прыпыніўся,
на дзявочы сеў ён замак,
біць пачаў па даху дзюбай,
там была страха льняною,
змог туды арол папасьці!
Сеў на комін ён спачатку,
на страху спусьціўся потым
ды адсунуў аканіцы,
на акно жытла зьляцеўшы,
сеў арол на падваконьне,
густапёры сеў на вугал.
Прыгажуню ён убачыў,
даўгакосую дзяўчыну,
лепшую з дзяўчат заўважыў,
прыгажэйшую з сябровак,
у вянцы зь дзівосных пералаў,
кветак нізкамі спавітым.
Вось схапіў арол красуню,
ухапіў дзяўчыну ястраб,
лепшую з усіх дзяўчатак,
птушанёначка малога,
што з усіх мілей, пяшчотней,
жвавую схапіў бялянку.
Так схапіў арол дзяўчыну,
падхапіў магутным кіпцем,
панначку з прыгожай шыяй,
дзеву з гордаю паставай,
ласкавую прыгажуню,
нібы лёгкую пушынку.”
Пох’ялы тут гаспадыня
словы мовіла такія:
“Дзе ж пачуў ты, жаніх любы,
яблычак мой залаценькі,
што тут вырасла дзяўчына,
з ільняной касой красуня?
Ці было ў дзяўчыны срэбра,
можа золата ты згледзеў,
ці сьвяціў адгэтуль месяц,
сонейка ад нас блішчэла?”
Адказаў малы з падлогі,
адгукнуўся малалетак:
“Так даведаўся цікаўны,
так знайшоў сабе дарогу
да двара дзяўчыны слаўнай,
да сялібы той красуні:
бацька яе быў славуты
караблёў вялікіх майстра,
маці славілася болей
тым, што хлебам духмяністым,
сьпечаным з мукі пшанічнай
гасьцей шчыра частавала.
Так даведаўся цікаўны,
так праведаў той чужынец,
што ўжо вырасла дзяўчына,
знатнаю нявестай стала:
выйшаў неяк на падворак,
каля сьвіранаў прайшоўся,
спазаранку ціхім раньнем,
ледзь сьвітанак засьвяціўся,
чорны дым вяроўкай віўся,
сажа хмарамі ўзьлятала,
над жытлом дзяўчыны слаўнай,
над сялібай той красуні;
дзеўка там муку малола,
і сьпявалі птушкай жорны:
як зязюля рукаятка,
качкаю рыпелі дошкі,
цвыркуном зьвінела сіта,
жоран жэмчугам адзвоньваў.
Ён прайшоў тады яшчэ раз,
па ўзьмежку ён прайшоўся,
дзеўка фарбу гатавала,
корань жоўты здабывала,
поўніла гаршчкі чырвоным,
разам з жоўтым кіпяціла.
Ён прайшоў і трэцім разам
перад вокнамі паненкі
і пачуў як тчэ дзяўчына:
роўна рухалася бёрда
і скакаў чаўночак жвава,
нібы гарнастай у скалах,
стукалі пласьціны бёрды,
нібы дзяцел той у лесе,
раз-по-раз навой круціўся,
як вавёрачка на дрэве.”
Пох’ялы тут гаспадыня
словы мовіла такія:
“Дагулялася, дачушка!
Ці ж табе я не казала:
не сьпявай зязюляй у лесе,
не спявай у далінах песьні,
захінай крутую шыю,
рукі белыя хавай ты,
вышынёй грудзей дзявочых,
стройным станам не хваліся!
Усю табе казала восень,
цьвердзіла табе ўсё лета,
і казала табе ўвесну,
калі нівы засявалі:
мы табе збудуем хату,
каб не бачылі праз вокны,
як палотны тчэ дзяўчына,
як нацягвае аснову,
жаніхі каб не празналі,
фінскія сваты не лезьлі!”
Адказаў малы з падлогі,
адгукнуўся малалетак:
“Лёгка жарабка схаваеш,
ці з густым хвастом кабылу,
але не схаваеш дзеўку,
нікуды яе не дзенеш,
хоць збудуй каменны замак
пасярод марской раўніны,
каб там вырасьціць красуню,
выпеставаць птушанёнка,
ды дзяўчыну не схаваеш,
так паненку не ўкрыеш,
пра яе каб не празналі,
не прыйшлі красуню сватаць
жаніхі ў раскошных шлемах,
на звонкакапытных конях.”
Векамудры Вяйнямёйнен
голаў апусьціў журботна,
ад’язджаць дамоў сабраўся,
так на разьвітаньне мовіў:
“Вохці мне, сівому мужу,
што раней не здагадаўся,
маладым яшчэ жаніцца,
у маладосьці знайсьці жонку!
Толькі змрочны недарэка
ўсё бядуе, што жаніўся,
што завёў дзяцей ды жонку
яшчэ хлопцам маладзенькім.”
Не дазволіў Вяйнямёйнен,
заказаў Суванталайнен
старым сватацца да дзевак,
да малодак заляцацца.
І дзядам забараніў ён
з маладымі дзецюкамі
ў спаборніцтвах змагацца
за дзяўчыну маладую.
↑ Змест