РУНА ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШАЯ
Сустрэча жаніха і ягоных сяброў у Пох’яле (1--226). Гасцей частуюць півам і смачнай ежай (227-- 252). Вяйнямёйнен пяе хваласпеў гаспадарам і дзякуе ім за гасьціннасць і пачастунак (253 -- 438).
Гаспадыня Сарыёлы,
Пох’і сталая кабета
працавала на падворку,
завіхалася ў сядзібе.
5Пуга свіснула з балота,
рыпнуў бераг пад палоззем.
Кінула на захад вокам,
пазірнула ў бок сонца
дый падумала старая:
10”Хто там берагам імчыцца
да мяне жанчыны кволай?
Можа войска налятае?”
Падыйшла бліжэй пабачыць,
азірнуць ды ўсё разгледзець.
15Аказалася не войска --
юнакоў натоўп шумлівы
разам зь зяцем паміж імі,
паміж добрымі сябрамі.
Гаспадыня Сарыёлы,
20Пох’і сталая кабета,
зяця згледзеўшы сказала,
словы мовіла такія:
“Падалося мне, што вецер
валіць дрэвы векавыя,
25хвалі бераг заліваюць
галькаю марской бразгочуць.
Вось і падыйшла пабачыць,
азірнуць ды ўсё разгледзець.
Ды не валіць дрэвы вецер,
30не шалее навальніца,
і не б’юцца ў бераг хвалі,
не каменні там бразгочуць.
Гэта зяць зь людзьмі прыехаў,
разам з ім сяброў дзве сотні.
35Як жа я пазнаю зяця
ў натоўпе добрых хлопцаў?
Зяць прыкметны ў натоўпе,
як чаромха сярод гаю,
нібы дуб у пералеску,
40нібы месяц сярод зорак
Жарабок у зяця чорны,
жвавы, нібы воўк галодны,
нібы той крумкач у небе,
у высокім паднябессі.
45Шэсць зязюлек залацістых
на дузе кукуюць звонка,
сем прыгожых птахаў сініх
на гужах спяваюць песні.”
Шум пачуўся з перавулку,
50ды ад студні трэск аглобляў:
гэта зяць у двор прыехаў
разам з хлопцамі сваімі.
Зяць стаяў сярод натоўпу,
сярод хлопцаў спадарожных,
55не выходзіў ён наперад,
дый не заставаўся ззаду.
“Гэй, выходзь хутчэй, героі,
усе асілкі на падворак,
рассупоніваць запрэжкі,
60адпускаць гужы тугія,
долу апускаць аглоблі,
запрашаць у хату зяця!”
Лёгканогі конь у зяця:
хутка даімчаў ён сані
65аж да цесцевага ганку.
Тут сказала гаспадыня:
“Гэй ты раб, найміт падзённы,
красун-парабак вясковы!
Ты вазьмі каня ад зяця,
70белалобага пазбаў ты
ад запрэжкі меддзю кутай,
ад супоні валавяннай,
ад гужоў з каштоўнай скуры,
ад дугі зь вярбы сагнутай!
75Ты вазьмі каня ад зяця,
ды вядзі яго няспешна
ў кантары, акутым срэбрам,
з повадам шаўковым лёгкім,
пакачацца ў мяккім полі,
80у прывольным полі чыстым,
спрэс парошаю пакрытым,
покрыўкай бялюткай пухкай!
Дай каню як след напіцца
з блізкай жвірыстай крынічкі,
85што зімой не замярзае,
што звініць струменем чыстым
там, пад елкай залатою,
у каранях сасны бухматай!
Накармі каня дасыта
90сечкай з залатых начовак,
у кошыку з аковай меднай
прынясі ячменю зерня,
летняй яравой пшаніцы,
жыта натаўчы ў кошык!
95Зяцева каня пастаў ты
да належных добрых ясляў,
у тым самым зручным месцы,
што ля задняй загародкі!
Прывяжы каня ты потым
100залатымі абручкамі
да скабы жалезнай моцнай,
да слупа з цвёрдай бярозы!
Прынясі на корм каню ты
чацвярык аўса паўнюткі,
105ды другі, набіты сенам,
трэці – з сеянай мякінай”
Зяцева каня пачысці
скрэбкаю з касці маржовай,
каб не вылязаў падшэрстак,
110не ламалася валоссье!
Ты накрый каня старанна
срэбрашытаю тканінай,
коўдрай залацістай з воўны,
покрывам зь мядзяных нітак!
115А вы, хлопцы-галубочкі,
завядзіце зяця ў хату
з непакрытай галавою
і з рукамі без пальчатак!
А я пагляджу на зяця,
120ці пралезе ён у хату,
не кранаючы завесаў,
вушакі не распіхнуўшы,
і не закрануўшы вершнік,
ды парог не затаптаўшы,
125не ламаючы прысценак,
вянец ніжні не зламаўшы!
Не пралезе зяць у хату,
не ўвойдзе ён у дзверы,
не кранаючы завесаў,
130вушакі не распіхнуўшы,
і не закрануўшы вершнік,
ды парог не затаптаўшы,
не ламаючы прысценак,
вянец ніжні не зламаўшы,
135бо на цэлы голаў з вухам
будзе ён вышэй за іншых!
Уздыміце вышэй вершнік,
каб не дакрануцца шапкай,
асадзіце ўніз парогі,
140каб абцас не датыкнуўся,
вушакі шырэй рассуньце,
з вушакоў здыміце дзверы,
каб жаніх пралез у дзверы,
увайшоў наш зяць у хату!
145Вось нарэшце, дзякуй Богу,
увайшоў наш зяць у хату!
Зараз трэба мне агледзець,
хату ўсю акінуць вокам,
ці ўсе сталы памыты,
150ці павыцерты ўсе лавы,
ці памытая падлога,
усе маснічыны адмыты?
Я агледзела ўсю хату--
сваёй хаты не пазнала:
155з якіх дрэваў збудавана,
з якіх дошак столь у хаце
і з якіх падлога дошак,
ды з якіх бярвенняў сцены?
З касцей вожыкавых -- збоку,
160з аленевых костак – ззаду,
дзверы -- з костак расамахі,
вершнік – з костачак ягняці.
Бэлькі зробленыя з яблынь,
шулы – з моцных касаслояў,
165лаўкі – з кветачак азёрных,
дах пакрыт лускою рыбнай.
Усе зэдлікі – з жалеза,
лавы ўсе -- з нямецкіх дошак,
пазалота стол пакрыла,
170шоўк пакрыў усю падлогу.
Печку вылівалі з медзі,
плітняком загнет пакрылі,
паднябенне -- з марской галькі,
з дрэваў Калевы – запечак.”
175Вось прыйшоў жаніх нарэшце,
пад гасцінны дах у хату
і такія словы мовіў:
“Ты пашлі здароўя, Божа,
шмат пад гэты дах славуты,
180у гэты слаўныя пакоі!”
Гаспадыня адказала:
“І табе здароўя госцік,
у нашым нізенькім прытулку,
у хацінцы цеснай цёмнай
185са смалістага бярвення,
у гнязьдзе нашым сасновым!
Гэй, маленькая рабыня,
парабчанка з нашай вёскі!
Прынясі агню ў бяросце,
190на канцы смалістай трэскі,
бо хачу разгледзець зяця,
жаніху зірнуць у вочы:
сінія яны, ці ў чырвань,
ці бялей палотнаў белых!”
195Тут маленькая рабыня,
парабчанка з гэтай вёскі,
у берасце агонь прынесла,
на канцы смалістай трэскі.
“Не, не той агонь з бяросты,
200чорны дым ідзе ад трэскі,
усе вочы зяцю выесць,
твар ад дыму пачарнее.
Прынясі агонь на свечцы,
яркага святла на воску! “
205І маленькая рабыня,
парабчанка з гэтай вёскі,
белую свячу прынесла,
яркага святла на воску.
З воску дым пайшоў бялюткі,
210заблішчэў агонь ад свечкі,
высвеціў ён вочы зяця,
твар прыгожы асвятліў ён.
“Бачу зяцевы я вочы:
і не сінія, не ў чырвань,
215не бялей палотнаў белых,
а святлей ад марской пены,
цямней чаратоў ля мора,
прыгажэй травы ўзбярэжнай.
Гэй вы, хлопцы-галубочкі,
220завядзіце зяця ў хату
на ўзвышанае месца,
ганаровае сядзенне,
да сіняй сцяны спіною,
тварам -- да стала з частункам,
225да ўсіх гасцей у хаце,
да вясёлага застолля!”
Так Вось Пох’і гаспадыня
ўсіх карміла ды паіла,
частавала смачным маслам
230ды аладкамі ўдосталь.
Усіх гасцей сваіх карміла,
але першым чынам -- зяця.
Ласасёў на стол паклалі
каля смажанай свініны;
235да краёў наліты чашы,
міскі поўніліся ежай,
усім гасцям на пачастунак,
але першым чынам -- зяцю.
“Гэй, маленькая дзяўчынка!
240Прынясі ў куфлях піва,
у двуручных ёмкіх куфлях,
усім гасцям на пачастунак,
але першым чынам – зяцю!”
245Вось маленькая дзяўчынка,
парабчанка з гэтай вёскі,
піва па гасцях разнесла
ў куфлях з пяццю абручамі,
каб цякло з барод хмяльное,
250пена белая сцякала,
усім госцейкам на радасць,
але першым чынам – зяцю.
Дык што піва нам сказала,
хмельнае з дубовай бочкі,
255калі трапіла ў куфаль
да старога рунапеўцы?
Вяйнямёйнена старога,
зберагальніка напеваў,
запрасілі на вяселле
260праспяваць замовы-песні.
Першым ён падняў свой кубак
і такія словы мовіў:
“Піва, наш напой славуты!
Не паі людзей дарэмна,
265дай ахвоту ім да песень,
вуснам залатым – да спеваў!
Гаспадар можа зьдзівіцца,
ды падумаць гаспадыня:
можа ўсе сканалі песні,
270языкі задубянелі?
Ці я дрэннае зварыла
піва людзям на пачостку,
калі песень не заводзяць
не спяваюць нам на радасць,
275залатыя вусны сцяўшы,
звонкай радасці зязюлі?
Хто ж тады нам праспявае,
хто парадуе нас песняй,
у Пох’яле пад час застолля,
280на вяселлі ў Сарыёле?
Лаўкі тут не заспяваюць,
калі моўчкі сядзяць госці,
і маснічына не рыпне,
калі людзі не спяваюць,
285не ўзрадуюцца вокны,
калі гаспадар смуткуе,
стол не пусціцца ў скокі,
калі госці не заскачуць,
не гудзе акно для дыму,
290калі там знямелі людзі.”
Быў дзіцёнак на падлозе,
каля самага прыпечку.
І прамовіў хлопчык знізу,
малалетак ад прыпечка:
295“Хоць гады мае малыя,
хоць і сам я невялікі,
заспяваць, усё ж, змагу я,
калі не пяюць мужчыны,
сытыя мужы прымоўклі,
300дужыя не весяляцца.
Я спяю, схуднелы хлопчык,
спяю, хлопчык сухарэбры,
хоць без сілы маё цела,
запяю, малы дзіцёнак,
305каб зрабіць вясёлым вечар,
дзень ушанаваць славуты.”
Дзед стары ляжаў на печы
і адтуль прамовіў словы:
“Чаго варты спеў дзіцёнка,
310балбатня адна, дый годзе:
шмат хлусні ў дзіцячых спевах,
а ў дзевак спеў бязглузды!
Хай спявае песні мудры,
што сядзіць на гэтай лаве!”
315І стары тут Вяйнямёйнен
сам сказаў такія словы:
“Дык ці знойдзецца тут хлопец
з усяго вашага роду,
што падасць свае мне рукі,
320ды са мною счэпіць пальцы,
каб мы разам заспявалі,
ды ў сваіх вясёлых песнях
дзень уславілі мінулы,
уславілі вясёлы вечар?”
325Дзед стары прамовіў зь печы:
“З даўняе пары не чулі
ды не бачылі ніколі
не было раней на свеце
пяюна, як я такога;
330лепшага і свет не бачыў,
чым быў я у маладосці,
бо спяваў з гадоў дзіцячых
я на чоўне ў затоцы,
у бары лунаў мой голас,
335звонкаю звінеў зязюляй
у глухіх яловых пушчах.
Моцны голас быў і звонкі,
і напеў мой быў прыгожы,
ён струменіў ручаінай,
340рэчкаю шумеў бурлівай,
лыжынай слізгаў па снезе,
ветразем – па сініх хвалях.
Не магу сказаць я зараз,
зразумець мне не пад сілу,
345што згубіла звонкі голас,
ад чаго схрыпнеў ён раптам,
не струменіць ручаінай,
не звініць патокам жвавым,
а рыпіць іржавым колам,
350як сасна на снежным полі,
як рыпяць па пяску сані,
човен -- дном па камянісках.”
І стары тут Вяйнямёйнен
сам сказаў такія словы:
355“Калі не знайду другога,
каб спяваць са мною разам,
запяю адзін я руны,
адзін песні праспяваю,
спеваком я нарадзіўся,
360спеваком я быў адроду,
і ў другога не спытаю
шлях да спеваў і паданняў.”
Векамудры Вяйнямёйнен,
старадаўніх песень майстра,
365мудры весялосці творца,
заспяваў жывыя песні:
радасці паток струменіў,
словы радасці ўзляталі.
Заспяваў тут Вяйнямёйнен,
370песні заспяваў, замовы,
добрых слоў ён ведаў безліч,
ведаў шмат дзівосных песень,
болей, чым у скал каменняў,
чым на возеры лілеяў.
375Песнапеўца Вяйнямёйнен
весяліў гасцей увесь вечар.
І смяяліся мужчыны,
і жанкі не сумавалі,
усе слухалі са зьдівам,
380як спяваў ім стары Вяйнё;
радасці ўсім хапала,
усім хапала весялосці.
Вяйнямёйнен так прамовіў,
так свае закончыў спевы:
385“Не такі ўжо я і добры,
ні спявак, ні заклінальнік!
Я ўжо ні на што не здатны
і не здольны песнапеўца.
Калі б Творца праспяваў нам
390спевы вуснамі сваімі,
Вось тады звінелі б руны,
песні, словы, заклінанні.
Стала б усё мора мёдам,
а пясчынкі ўсе – гарохам,
395атрымаўся б з глею солад,
солі шмат-- з марскіх каменняў,
стаў бы гай пшанічным полем,
стаўся б лес густы палеткам,
пірагі былі б з пагоркаў,
400а з вялізных скалаў—яйкі.
Ён спяваў і заклінаў бы,
прамаўляў замоваў словы,
наспяваў бы ў дом гасцінны
ялавак загон паўнюткі,
405поўны хлеў цялят пярэстых,
цэлы выган кароў дойных,
тысячы з багатым вымем,
не адну сотню рагатых.
Ён спяваў і чараваў бы,
410спевамі начараваў бы,
усім мужам – рысіных футраў,
а жанчынам усім – сукенкі,
чаравікі усім дзяўчатам,
а хлапцам – кашуль чырвоных.
415І зрабі ты, моцны Божа,
мудры літасцівы Творца,
каб жылі тут без турботаў,
каб так і было заўсёды,
на застоллях слаўнай Пох’і,
420на бяседах Сарыёлы.
Хай ракой ліецца піва,
хай мядовае струменіць
у хацінах слаўнай Пох’і,
у пакоях Сарыёлы.
425Хай спяваюць тут штодзённа,
вечарамі весяляцца,
пакуль гаспадар у сіле
ды здарова гаспадыня.
Ты ім дай, магутны Божа,
430добрую ўзнагароду:
гаспадару -- стол багаты,
жонцы – поўную камору,
каб сыны лавілі рыбу,
ды багата дочкі ткалі,
435каб праз год не шкадавалі
ды не каяліся горка,
што даўгім было застолле,
што так доўга балявалі!”