Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ДВАЦЦАЦЬ ШОСТАЯ

Леммінкянен крыўдуе, што яго не запрасілі на вяселле і вырашае паехаць у Пох’ялу і без запросін. Маці адгаворвае яго і расказвае пра тое, якія смяротна небяспечныя перашкоды чакаюць яго на шляху. Але Леммінкяйнен яе не слухае і збіраецца ў дарогу(1—322). Леммінкяйнен пярэчыць матцы, але ўсё ж выслухоўвае апошнія парады (323—418) Па дарозе Леммінкяйнен сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі, але перадольвае іх, дзякуючы сваім ведам (419—776)

Жыў на выспе хлопец Ахці,
каля мыса Каўканіемі.
Там араў ён сваё поле,
там на ніве клаў барозны.
Слых меў тонкі незвычайна,
вуха вострае наш Каўка.
Вось пачуў ён шум ад вёскі,
ад азёраў шум далёкі:
сані па ільдах рыпелі,
палазы рыпелі ў лесе.
У яго ўзнікла думка,
ў галаву яму запала:
гэта ў Пох’яле вяселле
той народ спраўляе тайна!
Пахітаў ён галавою,
валасы рукой пагладзіў;
закіпела кроў ад злосці,
шчокі разам спалатнелі.
Кінуў ворыва адразу,
нават баразны не скончыў,
вершкі на каня ускочыў
і паехаў да сялібы,
да матулі сваёй любай,
да сваёй старой матулі.
Так прамовіў дома Ахці,
так звярнуўся ён да маці:
“Любая мая, матулька,
хуценька дай мне паесці,
каб насыціўся галодны,
голад наталіў мужчына!
Затапі таксама лазню,
напалі як след парыльню,
каб я слаўна там памыўся,
зноў адчуў сябе асілкам!”
Леммінкяйнена матуля
падала на стол сыночку,
каб насыціўся галодны,
голад наталіў мужчына,
пакуль паспявала лазня,
пакуль грэлася парыльня,
легкамысны Леммінкяйнен
хуценька падмацаваўся,
потым паспяшаўся ў лазню,
у гарачую парыльню.
Там памыўся птушанёнак,
пер’е ачысціў верабейка:
галава ільном бялела,
чысцінёй свяціла шыя.
Вось прыйшоў ён з лазні ў хату,
так сказаў і так прамовіў:
“Гэй, мая старая мама!
Ты схадзі ў клець на горцы,
прынясі маё адзенне,
усе святочныя ўборы,
каб я змог як след убрацца,
апрануцца, як на свята!”
Маці ў адказ спытала,
пацікавілася маці:
“Ты куды ідзеш, сыночак?
Можа рысс злавіць ты хочаш,
ці загнаць лася на лыжах
ці вавёрку ўпаляваці?”
Адказаў так Леммінкяйнен,
Прыгажун той Каўкаміелі:
“Гэй, мая старая мама!
Я іду не рысь лавіці,
не ганяцца за ласямі
ды не паляваць вавёрак:
на таемнае вяселле,
што ў Пох’яле спраўляюць.
Дык нясі маё адзенне,
дай святочныя ўборы,
каб надзеў я на вяселле,
красаваўся ў ім на свяце!
Ды не дазваляла маці,
жонка ісці не дазваляла,
дзве чароўныя істоты,
дзве дачкі прыроды-маці
пускаць не хацелі Каўка
ехаць у Пох’ялу на свята.
Сыну так сказала маці,
так прамовіла старая:
“Лепей ты не едзь, сыночак,
мой дзіцёнак, любы Каўка,
у Пох’ялу на тое свята,
на вялікае застолле!
Будзеш там нязваным госцем,
бо цябе не запрашалі.”
Лёгкадумны Леммінкяйнен
Так сказаў ды так прамовіў:
“Толькі ўбогіх запрашаюць,
зух прыходзіць без запросін!
Вось мой вечны запрашальнік,
мой вяшчальнік векавечны –
мой клінок вогненнавостры,
мой магутны меч іскрысты.”
Леммінкяйнена матуля
угаворвае сыночка:
“Лепей ты не едзь, сыночак,
у Пох’ялу на тое свята!
Шмат няшчасцяў па дарозе,
бедаў шмат цябе чакае,
тройчы смерць цябе спаткае
на шляху, пагібель тройчы.
Адказаў так Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Смерць усюды бачаць бабы,
па ўсіх вуглах – пагібель;
герой не баіцца смерці,
і не ў страх яму пагібель.
Хай і будзе так, як будзе,
я пачуць хацеў бы зараз,
што за першая пагібель
ды апошняя якая?
Леммінкяйнена матуля
так прамовіла, сказала:
“Пра пагібель скажу праўду,
а не тое, што ты хочаш.
Першая пагібель будзе
і найперш цябе сустрэне,
як праедзеш шлях кароткі,
адзін дзень праедзеш толькі,
вогненны паток сустрэнеш
папярок сваёй дарогі.
Там кіпяць агнём парогі,
і гарыць скала ў парогах,
камень там агнём палае,
вогненны арол сядзіць там,
зубы ён начамі точыць,
днямі вострыць свае кіпці
чужаніцам на пагібель,
на ўсіх, хто там праходзіць.”
Адказаў так Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Гэта смерць толькі для бабы,
для героя не пагібель.
Ведаю надзейны сродак,
як пазбавіцца ад згубы:
начарую каня з вольхі
ды альховага героя,
каб замест мяне праехаў,
каля смерці праімчаўся,
а я сам нырну, бы качка,
праплыву ў вадзе глабока
праплыву пад кіпцюрамі,
праміну тую пагібель.
Гэй ты, родная матуля!
Раскажы пра смерць другую!”
Маці так яму сказала:
“Вось табе другая згуба:
ты праедзеш шлях кароткі,
другі дзень праедзеш толькі,
вогненнны ты роў убачыш
папярок сваёй дарогі
ў бясконцасць даўжынёю
як на ўсход, так і на захад,
камянёў гарачых поўны,
быццам полымя пякучых,
сотні там нашлі ўжо згубу,
тысячы там смерць спаткалі,
сотні ўсе з выдатнай зброяй,
тысячы жалезных коней.
Адказаў так Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Гэта смерць не для героя,
ды не для асілка згуба,
ведаю я добры сродак
і магу знайсці я выйсце:
напяю снегавіка я,
з крыгі напяю ваяку,
паганю героя ў пекла,
у агонь яго пашлю я,
у распаленую лазню
медным венікам махаць там.
Сам я збочу і праеду,
полымя пераскачу я --
бараду агонь не спаліць,
не згарыць ніводзін волас.
Гэй ты, родная матуля!
Раскажы аб трэцяй згубе!”
Маці так яму сказала:
“Вось і трэцяя пагібель:
ты праедзеш шлях кароткі,
трэці дзень яшчэ праедзеш--
брама Пох’ялы паўстане
ў вузкім месцы паміж скалаў,
на цябе мядзведзь насядзе,
воўк накінецца драпежны
каля самай брамы Пох’і,
у цясніне паміж скалаў.
Там ваўкі пажэрлі сотні,
нават тысячы герояў,
дык чаму б цябе не з’есці,
слабасільнага не знішчыць?”
Адказаў так Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Лёгка там ягняці зжэрці,
разадраць яго ў кавалкі,
ды цяжэй пажэрці мужа,
хоць лядашчага героя!
А на мне героя пояс,
спражка моцнага мужчыны,
апаясак для асілка,
каб не трапіў я ў глотку,
Унтама ваўку ў пашчу,
заварожанага звера.
Ад ваўка я маю сродак,
ад мядзведзя абарону:
начарую ваўку цуглі
ды кайданы на мядзведзя,
я звяроў усіх раструшчу
ды праз сіта іх прасею
і прайду далей свабодна,
свой далёкі шлях закончу.”
Адказала маці Каўку:
“Да канца яшчэ далёка!
Ты сустрэнеш па дарозе,
цуды страшныя спаткаеш,
тры загубы для героя,
тры пагібелі асілку;
а калі туды прыедзеш
жудасныя дзівы ўбачыш.
Шлях ты пройдзеш невялікі,
на падворак Пох’і ўвойдзеш:
плот жалезны там пастаўлен,
а наўкол такія ж сцены
ўздымаюцца да неба,
а зь нябёсаў да зямелькі,
не слупы стаяць, а дзіды,
гады іх пераплятаюць,
змеі там заместа тыну,
яшчаркі той плот звязалі
ды гуляюць там хвастамі,
круцяць гады галавамі
і шыпяць усе жахліва,
пашчы зверху, хвасты ўнізе.
Унізе шмат яшчэ там гадаў,
розных змей унізе поўна,
уздымаюць джалы ўгору,
б’юць хвастамі па зямельцы.
А адна, за ўсіх жахлівей,
браму перагарадзіла,
сама з бэльку даўжынёю
і таўсцей за шулы ў браме;
сычыць, цягне джала ўгору,
уздымае пашчу грозна
і табе гразіць бядою,
аднаму табе, сыночак!”
Адказаў так Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Гэта гібель для дзіцёнка,
не для мужа гэта згуба.
Чараваць агнём я ўмею,
полымя ўняць любое,
ведаю і супраць змеяў,
супраць гадаў чарадзейства.
Я араў учора поле,
поўную гадзюк паляну,
непралазную ад змеяў;
там я змей хапаў рукамі,
гадаў пальцамі хапаў я,
ціскаў у руках магутных,
задавіў я змей дзясяткі,
сотні гадаў я прыкончыў,
аж застаўся тлушч змяіны,
кроў гадзючая на пальцах.
Проста так не саступлю я
і ніколі я не траплю,
як здабыча гаду ў пашчу,
у расшчэраную зяпу.
Задушу я брыдкіх гадаў,
сам паскудных растапчу я,
праганю іх прэч закляццем,
скіну змей усіх з дарогі
і ў двор Пох’ялы прыеду,
смела ўвайду ў хату.”
Маці так яму сказала:
“Не ўваходзь, ні ў якім разе
ты ў хату Сарыёлы,
цёмнай Пох’ялы хаціну!
Поўна там герояў збройных,
апаясаных мячамі
ды ад хмелю ашалелых,
лютых ад хмяльнога піва.
Начаруюць меч агністы
небараку прама ў сэрца,
лепшых там, чым ты герояў
чарадзействам загубілі.”
Адказаў так Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Мне даводзілася колісь
жыць у Пох’ялы хацінах.
Усе лапландцы ды тур’янцы
асіліць мяне не змогуць,
я лапландцаў зачарую,
ўсіх адолею тур’янцаў,
рассяку замовай плечы,
твары ім ўсім расквашу,
з плеч здзяру ўсе кашулі,
грудзі ім усім раструшчу.”
Маці так яму сказала:
“Гэй, няшчасны мой сыночак!
Успамінаеш ты былое,
хвалішся даўно мінулым!
Ты, вядома, жыў калісці
ў змрочнай Пох’ялы хацінах,
плаваў у азёрах цёмных,
па ўсіх праплыў пратоках,
вадакруты ўсе прамерыў,
усе грозныя патокі,
чорнай Туані парогі,
рэчкі Маналы падземнай!
Быў бы там ты і да сёння,
калі б не твая матуля.
Ты запомні, што скажу я!
Да хат Пох’ялы пад’едзеш --
убачыш колле на пагорку,
на двары -- слупы таўстыя,
і па чэрапу на кожным;
толькі адзін застаўся вольны,
вольны для цябе, сыночак,
галавы тваёй чакае!”
Адказаў так Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Хай баіцца недалужны,
хай палохаецца ўбогі,
год пяці - шасці ў бітвах,
ці сямі год у паходах!
А герой не пабаіцца,
не спалохаецца мужны.
Дык нясі мае даспехі,
баявое мае ўбранне!
Меч бацькоўскі сам вазьму я,
зброю бацюхны агледжу,
бо на холадзе ляжаў меч,
доўгі час ў цёмным месцы,
плакаў век там у самоце,
ваяра ў журбе чакаў ён.”
Ён узяў свае даспехі,
баявое сваё ўбранне,
меч бацькоўскі векавечны,
сябра вернага ў бітве,
усадзіў лязо ў падлогу,
у маснічыну ўдарыў
ды сагнуў клінок рукою,
як чаромхі вершаліну,
як галіначку ядлоўца.
І сказаў тут Леммінкяйнен:
“У Пох’яле наўрад ці будзе,
і ці будзе ў Сарыёле,
хто захоча меч мой змерыць,
паглядзець на меч героя.”
Са сцяны свой лук узяў ён,
лук тугі ён зняў са сценкі
і сказаў такія словы,
так сказаў і так прамовіў:
“Назавецца той мужчынам,
той героем назавецца,
хто напне мой лук магутны,
цеціву як след напружыць
там, у хатах Сарыёлы,
там, у Пох’ялы хацінах.”
Бесклапотны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
апрануў свае даспехі,
баявое сваё ўбранне,
потым да раба прамовіў,
словы вымавіў такія:
“Гэй ты, парабак прыдбаны,
раб мой куплены за грошы!
Падрыхтуй хутчэй каня мне,
для ваеннага паходу,
каб я змог паехаць смела
на вяселле ў Сарыёлу!”
Паслухмяны раб адразу
паспяшаўся на падворак
ды запрог каня ў сані,
вогненнага ў запрэжку.
Ён прыйшоў назад і мовіў:
“Я зрабіў усё , што трэба,
там каня падрыхтаваў я
і запрог яго ў сані.”
Леммінкяйнену пара ўжо
выпраўляцца ў шлях далёкі:
так адна рука хацела,
з пальцамі другая -- супраць,
але ён пайшоў без страху,
рушыў смела ў дарогу.
Раіла так сыну маці,
так дзіця сваё вучыла,
стоячы ля самай печкі,
ля дзвярэй і на парозе:
“Ты, адзіны мой сыночак,
мне адзіная апора!
Калі трапіш на застолле,
калі на бяседу трапіш,
выпівай палову чашы,
чарку да паловы выпі
ды аддай каму другому,
дай нягодніку астатак,
бо на дне вядуцца чэрві,
вусені на дне вядуцца.”
Так яна вучыла сына,
так дзіцёнка навучала
на ўскрайку свайго поля,
там, каля апошняй брамы:
“Калі трапіш на застолле,
калі на бяседу трапіш,
дык сядай на поўсядзення,
толькі на палову лавы,
аддавай сваю палову
тым, што горшымі здаюцца --
Вось тады героем будзеш,
будзеш мудрым чалавекам,
першым сярод лепшых будзеш,
першым будзеш сярод мужных
ды сярод мужоў адважных,
паміж ваяроў бясстрашных.”
Так ад’ехаў Леммінкяйнен,
у распісныя сані сеўшы,
сцебануў каня ён пугай,
бізуном зь пярловай ручкай.
Ірвануўся конь стаенны,
зазвінеў галоп імклівы.
Ехаў ён зусім нядоўга,
усяго з гадзіну ехаў --
чараду цяцерак згледзеў.
Разляцелася чародка,
узляцелі птушкі з шумам
перад жарабком імклівым.
Засталося толькі пер’е,
ад іх крылаў на дарозе.
Падабраў іх Леммінкяйнен
ды схаваў сабе ў кішэню,
бо ніколі невядома,
што там здарыцца ў дарозе,
ды затое ў гаспадарцы
можа ўсё яму прыдацца.
Вось яшчэ крыху праехаў,
ехаў час зусім кароткі,
раптам конь наставіў вушы
і спалохана запырхаў.
Весялун тут Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
стаў на ногі ў сваіх санках
і наперадзе разгледзеў
усё, як маці гаварыла,
усё, як прадказала маці:
вогненны паток убачыў
папярок сваёй дарогі,
там кіпелі агнём парогі,
і скала гарэла ў водах,
і палаў агнём узгорак ,
вогненны арол сядзеў там,
дзьмухаў полымем пякельным,
полымем гарачым з горла,
і агнём гарэла пер’е,
злымі іскрамі зіхцела.
Леммінкяйнена ён згледзеў,
Каўку ён здаля прымеціў:
“Ты куды імчысся, Каўка,
куды едзеш, Леммінкяйнен?
Адказаў тут Леммінкяйнен,
Каўка прыгажун прамовіў:
“Еду ў Пох’ю на вяселле,
на таемнае застолле.
Адыйдзі крыху ты далей,
крышку збоч з маёй дарогі,
дай вандроўніку праехаць,
Леммінкяйнену тым болей,
дай яму праехаць збоку,
дай прабраца край дарогі!”
Так арол яму прамовіў,
полымем дыхнуў пякельным:
“Дам вандроўніку дарогу,
Леммінкяйнену тым болей,
праз маю праехаць пашчу
ды праз глотку праімчацца,
Вось такі твой шлях тут будзе,
Вось куды твая дарога:
аж да вечнага застолля,
да бясконцай той бяседы.”
Леммінкяйнен не збаяўся,
не ўстрывожыўся ніколькі!
Руку ў кішэнь засунуў,
свой кашэль дастаў з кішэні ,
з кашаля дастаў ён пер’е,
пер’е перацёр між пальцаў,
між далонямі пацёр іх,
збіў паспешліва ў камочкі –
птушак чарада ўзляцела,
рабчыўкаў зляцелі гурмы,
ён арлу іх у пашчу кінуў,
нібы корм туды шпурнуў іх,
прама ў вогненнае горла,
у зубы агнявой пачвары.
Так ён першы дзень закончыў,
ад бяды ўратаваўся.
Сцебануў каня ён пугай,
бізуном зь пярловай ручкай.
Ірвануўся конь стаенны,
зазвінеў галоп імклівы.
Ён зусім няшмат прехаў,
шляху нейкую часцінку,
ізноў конь наставіў вушы
зноў спалохана запырхаў.
Каўка стаў на ногі ў санках
і наперадзе разгледзеў
усё, як маці гаварыла,
усё, як прадказала маці:
вогненнны ён роў убачыў
папярок сваёй дарогі
ў бясконцасць даўжынёю
як на ўсход, так і на захад,
камянёў гарачых поўны,
быццам полымя пякучых.
Не збаяўся Леммінкяйнен!
Укку ён узнёс малітву:
“Укка, мой высокі Божа,
любы татка мой нябесны!
Прыгані з поўначы хмару,
з захаду пашлі другую,
трэцюю прышлі з усходу,
з поўначы усходняй хмару!
Хмары сутыкні краямі,
каб грымоты раздаліся,
намяці сумёт высокі,
вышынёй з кап’ё героя,
намяці на глыбы снегу,
на пякучыя каменні!
Тады Укка, бог вярхоўны,
той стары айцец нябесны,
хмару з поўначы насунуў,
з захаду прыгнаў другую,
трэцюю прыслаў з усходу,
з поўначы нагнаў усходняй,
сутыкнуў краямі хмары
і грымоты раздаліся.
Ён намёў сумёт высокі,
вышынёй з кап’ё героя,
наваліў на глыбы снегу,
на пякучыя каменні;
выйшла возера з сумётаў,
сажалка вады халоднай.
Весялун тут Леммінкяйнен
мост начараваў лядовы
над тым возерам з сумётаў,
сажалкай вады халоднай.
Так ён тут уратаваўся,
так другі дзень ён закончыў.
Сцебануў каня ён пугай,
бізуном зь пярловай ручкай.
Паімчаўся конь наперад,
зазвінеў галоп імклівы.
Праімчаў вярсту, другую,
скараціў часцінку шляху;
раптам жарабок спыніўся,
застыў, быццам укапаны.
Весялун той Леммінкяйнен
стаў на ногі і разгледзеў:
воўк стаіць ля самай брамы
мядзведзь у прагоне ходзіць
каля Пох’ялы варотаў,
у канцы таго прагону.
Весялун тут Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
залез у кішэнь рукою,
у кашэль руку засунуў
і дастаў авечай воўны,
збіў ён воўну ў камочак,
між далонямі паціскаў
ды пацёр дзясяткам пальцаў.
Раз падуўу ён на далоні –
здуў з рукі авечак статак,
цэлы гурт ягнятак жвавых,
чараду жывёл вясёлых.
Кінуўся мядзведзь за статкам
і ваўкі ўслед паімчалі,
а вясёлы Леммінкяйнен
зноў далей сабе паехаў.
Ён зусім нядоўга ехаў
і да Пох’ялы дабраўся.
Там убачыў плот жалезны,
сталёвую агарожу,
углыб зямлі на сто сажэняў,
тысячу сажэняў у неба,
дзіды там заместа колля,
гады іх пераплятаюць,
змеі там заместа тыну,
яшчаркі той плот звязалі,
унізе іх хвасты віселі,
галовы сычэлі злосна,
гойдаліся чарапы ўверсе,
хвасты білі па зямельцы.
Бесклапотны Леммінкяйнен
так разважыў, так падумаў:
“Так прадказвала мне маці,
так мне родная казала.
Прада мною плот той самы,
ад зямлі ідзе да неба!
Нізка поўзаюць гадзюкі,
ды ніжэй убіта колле,
высака лятаюць птушкі,
ды вышэй колле ўзнята.”
Леммінкяйнен не збаяўся,
не ўстрывожыўся ніколькі.
Выцягнуў ён ножык з похваў,
выняў страшнае жалеза,
паласнуў нажом па плоце,
напалам рассек жардзіны,
разламаў той плот жалезны,
разбурыў паркан змяіны,
выламаў ажно пяць праслаў,
сем праломаў у тым плоце.
Сам герой далей паехаў,
аж да Пох’ялы варотаў.
Упоперак варот гадзюка
на шляху яго ляжала,
сама з бэльку даўжынёю
і таўсцей за шулы ў браме.
Сотнямі вачэй глядзела,
тысячы цягнула джалаў,
вочы ўсе, нібы рашоты,
нібы дзіды ўсе джалы,
у пашчы зубы, нібы граблі,
шырынёй спіна ў сем лодак.
Лёгкадумны Леммінкяйнен
не адважыўся на бітву
з той гадзюкаю ставокай,
са змяёй тысячаджалай.
Леммінкяйнен так прамовіў,
так сказаў красун той Каўка:
“Чорны гад ты падзямельны,
Туані чарвяк калматы,
той, што поўзае між траваў,
паміж тых лістоў нячыстых,
паміж купін зьдзірванелых
паміж каранёў глыбокіх!
Хто ўзняў цябе адгэтуль,
абудзіў у траве засохлай,
каб ты вылез на паверхню,
каб круціўся на дарозе?
Хто падняў высока пашчу,
хто зняволіў, хто прымусіў
уздымаць высока голаў,
шыю падымаць высока?
Можа бацька або маці,
ці, напэўна, брат старэйшы,
ці малодшая сястрыца,
можа ўвесь твой род вялікі?
Сцісні зубы, схавай голаў
ды ўцягні язык свой вузкі,
у клубок хутчэй скруціся,
у клубок скруціся шчыльна,
вызвалі мне поўдарогі,
дай вандроўніку праехаць!
Ці зусім сыйдзі з дарогі,
брыдкі, адпаўзі ў кустарнік,
адпаўзі, паскудны, у верас,
у імху схавайся, злосны,
зьгінь, нібыта клок кудзелі,
як асінавая трэска,
пад дзірван лезь галавою,
у купіну глыбей тачыся,
бо пад дзірваном і дом твой,
там, пад купінай глыбока!
Калі ж галаву ўздымеш,
разаб’е твой чэрап Укка,
стрэламі праб’е навылет,
разаб’е сталёвым градам!”
Заклінаў так Леммінкяйнен.
Не ўзяло закляцце гада,
усё сычэў жахлівым джалам,
смерцю ўсё гразіў герою,
языкі ўздымаў угору
Леммінкяйнену на згубу.
Тут успомніў Леммінкяйнен
старадаўнія замовы,
што раней ён чуў ад маці,
чутыя яшчэ ў дзяцінстве.
І прамовіў Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Не паслухаешся зараз,
не адступіш ты з дарогі,
ад пакутаў увесь распухнеш,
разнясе цябе ад болю,
надвая, паганы, лопнеш,
на тры часткі разляцішся,
як знайду я тую маці,
што на свет цябе пусціла.
Ведаю адкуль ты родам,
ведаю, адкуль ты ўзяўся:
Сюэтар-вядзьмарка -- маці,
Вадзянік паганы – бацька.
Плюнула ў ваду вядзьмарка
ды пусціла слюнькі ў хвалі.
Вецер іх гайдаў на хвалях,
дух вады люляў пяшчотна,
гойдаў шэсць гадоў на водах,
сем гадоў ганяў па моры,
па марскіх прасторах светлых,
па бурлівых пенных хвалях.
Мора слюнькі расцягнула,
размякчыла спёкай сонца,
вынесла вада на бераг,
да зямлі прыгнала хваля.
Тры дачкі прыроды-маці
ішлі берагам аднойчы,
ля шумлівага прастору,
убачылі ў моры слінькі,
словы мовілі такія:
“Што б магло тут атрымацца,
калі б Творца даў дыханне
ды стварыў для слінькаў вочы?”
Пачуў Творца тыя словы
і ў адказ сказаў такое:
“З брыды толькі брыда выйдзе,
злое -- з жабіных адкідаў,
нават калі дам дыханне,
вочы брыдзе падарую.”
Тое ўчуў нячысцік Хійсі,
зло тварыць заўжды гатовы.
Сам узяўся быць за творцу:
ён уклаў душу ў погань,
у вядзьмаркіны аплёўкі,
тыя Сюэтар адкіды.
І сліна змяёю стала,
стала чорным брыдкім гадам.
Дык адкуль узяў душу ён?
З горана ў чорта Хійсі.
Дзе ён браў для гада сэрца?
Дала Сюэтар-вядзьмарка.
Дзе ж тады мазгі знайшоў ён?
У пене бурнага патоку.
Адкуль вылюдка пачуцці?
З вогненнага вадакрута.
З чаго галаву зрабіў ён?
З гідкага зярняці бобу.
А з чаго ў гада вочы?
З ільнянога зерня Лемпа.
З чаго ж у гадзюкі вушы?
Зь лісця лемпавай бярозы.
А з чаго ў гада пашча?
З гузіка старой вядзьмаркі.
А з чаго язык у гада?
Зь дзіды злога духу Кейта.
А з чаго ў гада зубы?
З асцюкоў ячменя Туані.
А з чаго ў гада дзясны?
Зь дзяснаў дзевы бога смерці.
А з чаго спіна ў гада?
З рагача, што быў у Хійсі.
А з чаго хвост атрымаўся?
З пасмаў валасоў нячыстых.
А з чаго ў гада кішкі?
З пояса ад бога смерці.
Вось адкуль ты ўзялася,
уся краса твая і слава!
Чорны гад ты падзямельны,
Туані чарвяк калматы,
колеру зямлі ды траваў,
усіх колераў вясёлкі!
Вызваляй ты шлях герою,
адпаўзай хутчэй з дарогі!
Дай вандроўніку прабрацца,
Леммінкяйнену праехаць
на застолле ў дальняй Пох’і,
на вясёлую бяседу!”
Зварухнулася гадзюка,
прэч папоўз тут змей ставокі,
павярнуў той гад таўшчэзны
на ўзбочыну дарогі,
адступіў перад героем.
Леммінкяйнен змог праехаць
на вяселле ў дальняй Пох’і,
на таемнае застолле.
↑ Змест