Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ДВАЦЦАЦЬ СЁМАЯ

Леммінкяйнен прыязджае ў Пох’ялу на вяселле і паводзіць сябе нахабна (1-204). Ён пачынае спаборніцтва ў чароўных спевах з гаспадаром Пох’ялы і перамагае яго (205 – 256). Гаспадар злуецца і выклікае Леммінкяйнена на двубой (257 – 282). Леммінкяйнен адсякае гаспадару галаву, а гаспадыня Пох’ялы збірае цэлае войска, каб адпомсціць яму (283—420).

Вось правёў я свайго Каўку,
Ахці, што жыве на выспе,
каля тых смяротных пастак,
каля самай глоткі Смерці,
і давёў да Сарыёлы,
дзе жыве народ таемны.
Зараз мушу распавесці,
працягнуць апавяданне,
як бяздумны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
прама ў Пох’ялу прыехаў,
да хацінак Сарыёлы,
як прыйшоў туды нязваным,
як прыехаў без запросін.
Бестурботны Леммінкяйнен,
у самым росквіце малойца,
ўвайшоў адразу ў хату
ды ў сярэдзіну пакрочыў:
рыпнулі масніцы зь ліпы,
сцены зь елкі загудзелі.
Тут вясёлы Леммінкяйнен
так сказаў і так прамовіў:
“Добры дзень усім у хату,
тым, што й мне таго жадаюць!
Гэй ты, гаспадар паўночны!
Ці не знойдзецца ў хаце
для каня майго ячменю,
піва добрага герою?”
Пох’і гаспадар вясёлы
на куце сядзеў у хаце,
з-за стала сказаў ён Каўку,
так сказаў і так прамовіў:
“На двары маім знайшлося б
месца, дзе каня паставіць.
Прынялі б цябе гасцінна,
калі б ты ўвайшоў пачціва,
ля дзвярэй калі б спыніўся,
каля самага парога,
там, паміж двумя катламі,
ля крукоў у сценку ўбітых.”
Тут бяздумны Леммінкяйнен
валасы рукой прыгладзіў,
чорныя, як сажа, космы,
так сказаў і так прамовіў:
“Хай сюды ідзе нячысцік,
каб тырчаць тут ля парогу,
выціраць тут вашу копаць,
сажай вашай абсыпацца!
Бацька родны мой ніколі
і ні разу, слаўны продак,
не стаяў на такім месцы,
ля дзвярэй каля парогу.
Места ўсім заўжды хапала:
стайні там былі для коней,
для гасцей – чыстая хата
ды пячуркі для пальчатак,
ды цвікі для рукавіцаў,
было месца і для зброі.
Дык чаму ж няма мне месца,
як раней было для бацькі?
Вось на самы кут прайшоў ён,
да канца стала дабраўся,
сеў на лаву каля краю,
на краю сасновай лавы:
лава пад ім зарыпела,
аж прагнулася сядзенне.
Так прамовіў Леммінкяйнен:
“Я, напэўна, госць нялюбы,
калі піва не прыносяць
хлопцу, што зайшоў у хату.”
Ілпатар тут гаспадыня
так прамовіла, сказала:
“Гэй ты, хлопец Леммінкяйнен!
Ну які ты госць у хату!
На бяду ты мне прыехаў,
галавы маёй закрута!
Піва наша ў зярнятах,
у соладзе напой вясёлы,
і не змолата пшаніца,
табе мяса не зварылі!
Лепей ты прышоў бы ўчора,
а яшчэ лепей, каб заўтра.”
Тут бяздумны Леммінкяйнен
рот скрывіў, пачухаў вусы,
галавой крутнуў упарта
ды сказаў такія словы:
“Значыць, з’елі ўсе прысмакі,
скончылася ўсё вяселле,
падзялілі ўсё піва,
выпілі увесь мёд у хаце,
гарлачы скідалі ў кучу,
куфлі горкай паскладалі!
Гэй ты, Пох’і гаспадыня,
даўгазубая, паслухай!
Дрэнна справіла вяселле,
люд сабачы запрасіла.
Напякла ты многа хлеба,
піва многа наварыла,
з шасці месцаў запрашала,
зь дзевяці кірункаў розных,
жабракоў зазвала, погань,
усіх рабаўнікоў зазвала,
усіх людзей сюды лядашчых,
парабкаў усіх паскудных;
усіх навокал запрасіла,
а мяне ты абмінула!
Дык чаму ж такая плата
за ячменны мой прыносак?
Хто прыносіў чарпакамі,
хто ў жменьцы нёс паціху,
я ж адсыпаў поўнай мерай,
адмяраў чацвярыкамі,
свой ячмень уласны добры,
са сваіх палеткаў збожжа.
Пэўна я не Леммінкяйнен,
мусіць госць я непрыстойны,
калі не прыносяць піва,
на агонь кацёл не ставяць,
у катле мяса не гатуюць,
не кладуць свініны ўдосталь,
каб наеўся я з дарогі,
піва добрага напіўся. “
Ілпатар тут гаспадыня
так прамовіла, сказала:
“Гэй, дзяўчынка-малалетка,
мая верная рабыня!
Пакладзі ў гаршчок ты мяса,
піва прынясі для госця!”
Неразумная дзяўчынка,
што начынне дрэнна мыла,
дрэнна лыжкі выцірала
ды палойнікі не мыла,
кінула ў гаршчок варыцца
косці, рыбныя галовы,
кінула бацвінне ад рэпы
ды скарыначкі сухія.
Прынясла напою куфаль,
кіслага старога квасу,
каб напіўся Леммінкяйнен,
наталіў бы сваю смагу.
Падала, сказаўшы словы:
“Калі ты герой сапраўдны,
дык асушыш гэты куфаль,
разам усё піва вып’еш!”
Каўка, хлопец безжурботны
паглядзеў у куфаль зь півам:
вусені на дне ляжалі,
змеямі ўсё дно кішэла,
чарвякі паўзлі па ўскрайку,
спрытна яшчркі слізгалі.
Так усклікнуў Леммінкяйнен,
бестурботны Каўкаміелі:
“Праваліцеся вы ў пекла
разам з вашым брыдкім півам,
да таго, як месяц выйдзе,
да таго, як сонца ўстане!”
І яшчэ ён так прамовіў:
“Піва, ты напой паганы!
Усёадно цябе я вып’ю,
калі трапіла мне ў рукі!
Высмакчу ўсё да кроплі,
смецце выкіну я з куфля
правым пальцам безыменным,
ды вялікім правым пальцам!”
У кішэнь палез рукою,
пальцы ў кашэль засунуў
і дастаў кручок для рыбы,
медную дастаў прыладу.
Апусціў кручок у куфаль,
вуду ў піва ён закінуў:
трапілі на вуду змеі,
на кручок гадзюкі злыя.
Ён злавіў лягушак сотню,
чарвякоў тысячу чорных.
Кінуў на падлогу гадаў,
на зямлю выкінуў погань;
выцягнуў ён ножык з похваў,
злое ён дастаў жалеза
ды адсек галовы ў гадаў,
шыі ўсе рассек гадзюкам.
Выпіў піва за здароўе,
цёмны мёд сабе на радасць,
словы вымавіў такія:
“Пэўна я тут госць нялюбы,
калі не нясуць мне піва,
лепшых трункаў не падносяць
хлебадайнаю рукою
у вялікіх медных куфлях;
і барана мне не рэжуць,
і быка не забіваюць,
не заносяць яго ў хату,
дзвюхкапытнага ў сенцы.”
Гаспадар Пох’ялы мовіў,
словы ён сказаў такія:
“Ты чаго сюды з’явіўся,
кім запрошаны ты ў хату?”
Жвавы Леммінкяйнен мовіў,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Госць запрошаны выдатны,
ды някліканы выдатней!
Слухай, сын ты пах’яланскі,
гаспадар вялікай Пох’і!
Прынясі за грошы піва,
дай напою мне за плату!”
Гаспадар Пох’ялы цёмнай
ускіпеў ды раззлаваўся,
злосцю лютаю наліўся.
Сажалку начараваў ён
Леммінкяйнену пад ногі,
сам сказаў такія словы:
“Вось табе вада, напіся,
жлукці з сажалкі ўдосталь!”
Ды не зважыў Леммінкяйнен!
Ён такія словы мовіў:
“Не цяляці я ў бабы
ды не бык табе хвастаты,
каб хлябаць ваду такую,
жлукціць з лужыны паганй.”
Чараваць ён сам узяўся,
стаў спяваць свае замовы.
Наспяваў быка ў хату:
дужы бык залаторогі
выпіў сажалку з падлогі,
выжлукціў ваду да кроплі.
Пох’ялы сын даўгалыгі
наспяваў ваўка ў хату,
на падлогу воўк ускочыў,
каб таго быка заесці.
Ды вясёлы Леммінкяйнен
наспяваў белага зайца,
на падлозе перад воўкам
паскакаць, збіць з панталыку.
Пох’ялы сын даўгалыгі
наспяваў тады сабаку,
каб злавіў сабака зайца,
касавокага каб знішчыў.
Ды вясёлы Леммінкяйнен
наспяваў тады вавёрку,
каб пад кроквамі скакала,
каб лавіў яе сабака.
Пох’ялы сын даўгалыгі
наспяваў тады куніцу,
каб пабегла за вавёркай
і пад кроквамі злавіла.
Ды вясёлы Леммінкяйнен
наспяваў лісу рудую,
каб яна куніцу з’ела,
разадрала разам з футрам.
Пох’ялы сын даўгалыгі
курыцу стварыў замовай,
каб яна лісу дражніла,
па падлозе каб хадзіла.
Ды вясёлы Леммінкяйнен
ястраба стварыў замовай,
птушку з вострымі кіпцямі,
каб схапіў драпежнік куру.
Гаспадар Пох’ялы мовіў,
словы вымавіў такія:
“Не, не будзе ў нас застолля,
калі меньш гасцей не стане;
дом за – працу, госць – дахаты,
тым і скончым мы бяседу!
Ты, нячысціка адростак,
добрым людзям дай спачынак!
Прэч ідзі адсюль, паганец,
вылюдак, дамоў вяртайся!”
Мовіў грубы Леммінкяйнен,
так сказаў прыгожы Каўка:
“Чарамі мяне не згоніш,
нават горшага мужчыну
ты прагнаць ніяк не зможаш,
уцякаць ты не прымусіш!”
Гаспадар тут пах’яланскі
ірвануў свой меч са сценкі,
ухапіў свой меч агністы
ды сказаў такія словы:
“Гэй ты, Ахці Астраўлянін,
прыгажун ты Каўкаміелі!
Ну, давай памерым зброю
ды клінкі разгледзім нашы,
можа лепшым меч мой будзе,
можа твой меч, Астраўлянін!”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“У мяне клінок бядняцкі,
увесь парэпаны касцямі,
лязо чарапамі збіта!
Ды няхай будзе па-твойму,
раз не йдзе на лад застолле,
мы памерым ды разгледзім
у каго меч будзе лепей!
У часы былыя бацька
не баяўся мерыць зброю,
дык і сын не пабаіцца,
не зняславіць род славуты!”
Узяў ён меч, дастаў жалеза,
вырваў меч загартаваны
з похваў, скураю пакрытых,
з пояса валовай скуры.
Разглядалі, вымяралі,
даўжыню клінкоў глядзелі:
меч у гаспадара Пох’і
быў даўжэй, чым меч у Ахці
на адзін толькі пазногаць,
меней, чым палову пальца.
Мовіў Ахці Астраўлянін,
так сказаў прыгожы Каўка:
“У цябе клінок даўжэйшы,
і ўдар твой першым будзе.”
Гаспадар Пох’ялы цёмнай
кінуўся ў напад адважна,
хоць хацеў, ды не пацэліў,
у галаву не трапіў Каўку.
Трапіў ён па бэльцы мечам,
біў па кроквах пад страхою:
пашчапаў на трэскі бэльку,
кроквы напалам рассек ён.
Мовіў Ахці Астраўлянін,
так сказаў прыгожы Каўка:
“Што табе зрабілі бэлькі,
правініліся ў чым кроквы,
што ты б’еш па кроквах мечам,
пашчапаў на трэскі бэльку?”
Слухай, сын ты пах’яланскі,
гаспадар вялікай Пох’і!
Цесна бой весці ў хаце,
бабы тут нам замінаюць,
дом табе спаганім новы,
абкрывавім усю падлогу.
Пойдзем лепей на падворак,
каб пабіцца нам на полі,
каб на волі нам змагацца!
Прыгажэй кроў выглядае
на палянах неабсяжных,
на снягах бялюткіх чыстых.”
Вось пайшлі ў двор героі,
там знайшлі валовых скураў,
па двары іх расцягнулі,
і байцы на скуры сталі.
Мовіў Ахці Астраўлянін:
“Слухай, сын ты пах’яланскі!
Твой клінок за мой даўжэйшы,
і за мой страшнейшы меч твой,
дык такі табе і трэба.
Перш, чым знойдзеш ты пагібель,
чым сваю ты смерць спаткаеш,
смела ў бой, сын пах’яланскі!
І напаў сын Пох’і цёмнай.
Раз ударыў і другі раз,
трэці раз ударыў моцна,
ды ні разу не пацэліў,
не дастаў да цела Каўкі,
нават скуры не падрапаў.
Мовіў Ахці Астраўлянін,
так сказаў прыгожы Каўка:
“Паспрабую я ўдарыць,
надыйшла мая радоўка!”
Толькі муж той пах’яланскі
не хацеў нічога слухаць:
сек направа ды налева,
і ніяк не мог патрапіць.
Сыпаў іскры меч шалёны,
полымя з ляза шугала
у руцэ магутнай Каўкі;
полымя язык ірваўся,
даставаў да самай шыі
сына Пох’ялы суровай.
Мовіў тут прыгожы Каўка:
“Гэй ты, гаспадар паўночны!
У цябе ж, падлюкі, шыя,
зараніцаю палае!”
Тут сын Пох’ялы суровай,
гаспадар далёкай Пох’і,
перавёў уніз свой позірк,
каб ўбачыць неяк шыю.
Вокамгненна Леммінкяйнен,
свой удар нанёс магутны
і клінком у мужа трапіў,
тым бязлітасным жалезам.
Толькі раз адзін ударыў--
галава з плячэй зляцела;
ён адсек ад шыі чэрап,
як бацвініну ад рэпы,
нібы каласок ад жыта,
быццам плаўнікі ад рыбы.
З плячэй галава зляцела,
пакаціўся з шыі чэрап,
нібы цецярук з галінкі,
збіты востраю стралою.
Сто слупоў стаяла ў полі,
тысяча ў двары стаяла,
сотні чарапоў на коллі,
адзін вольны кол застаўся.
Лёгкадумны Леммінкяйнен,
галаву ўзяў у рукі
і з двара панёс у поле,
насадзіў на кол апошні
Потым Ахці Астраўлянін,
прыгажун той Каўкаміелі,
увайшоў назад у хату,
так сказаў і так прамовіў:
“Дай вады, дзяўчына злая,
каб адмыць я мог з далоняў
кроў гаспадара-паганца,
што набегла зь яго шыі.”
Пох’ялы тут гаспадыня
ўзлавалася бязмежна,
ваяроў начаравала,
мужоў збройных, ваяўнічых,
сто мужоў з клінкамі выйшлі,
выйшла тысяча са зброяй,
Леммінкяйнену на гібель,
ды на згубу Каўкаміелі.
Наступіў тут час нядобры,
адступаць пара настала,
усё болей небяспечна,
усё страшней тут заставацца
маладому Каўкаміелі,
Леммінкяйнену ў Пох’і,
на вяселлі ў Сарыёле,
на таемным тым застоллі.
↑ Змест