Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМАЯ

Леммінкяйнен уцякае з Пох’ялы і пытаецца ў маці, дзе яму лепей схавацца ад помсты пах’яланцаў (1 – 164). Маці дакарае яго за бяздумныя ўчынкі. Яна перабірае месца за месцам і, нарэшце, раіць схавацці на выспе ў далёкім моры, дзе раней хаваўся ад бедаў ягоны бацька (165 – 294).

Вось тут Ахці Астраўлянін,
лёгкадумны Леммінкяйнен,
убачыў, што пара хавацца,
уцякаць пара настала
зь цёмнай Пох’ялы суровай,
зь непрыветнай Сарыёлы.
З хаты вылецеў віхурай,
дымнай хмарай паімчаўся,
каб хутчэй схавацца недзе,
уцячы ад помсты жорсткай.
Вылецеў у двор маланкай,
павярнуўся, двор агледзеў,
каб знайсці каня ў дарогу_
ды каня нідзе не згледзеў--
толькі камень на ўзмежку
ды вярбу на ўскрайку поля.
Дзе дарадца той разумны,
і адкуль чакаць парады,
каб пагібелі пазбегнуць,
галаву сваю не скласці
разам з чубам на падворку
сярод Пох’ялы суровай?
Узляцеў над вёскай грукат,
пыл над хатамі ўзняўся,
як маланкі заблішчэлі
вочы злосныя ў вокнах.
Лёгкадумны Леммінкяйнен,
гэты Ахці Астраўлянін,
вырашыў змяніць свой выгляд,
іншае прыняць аблічча.
Узляцеў арлом высока,
даляцець хацеў да неба,
ды сляпіў у вочы месяц,
сонца шчокі апякала.
Лёгкадумны Леммінкяйнен
стаў маліцца богу Укку:
“Гэй ты, Укка, добры Божа,
літасцівец наш нябесны,
валадар грымотных хмараў,
лёгкіх аблачын уладнік!
Ты схавай мяне ў тумане,
хмары выпусці на неба,
каб пад іхняй абаронай
змог я даляцець да дому,
да матулі сваёй любай,
да роднай сваёй матулі!”
Ён ляцеў штомоц па небе,
раз назад ён азірнуўся:
даганяе шэры ястраб,
свецяцца агніста вочы,
нібы вочы Пах’яланца,
з Пох’і ворага былога.
Тут прамовіў шэры ястраб:
“Гэй ты, братка Каўкаміелі!
Памятаеш нашу бітву,
наш двубой у чыстым полі?”
Мовіў Ахці Астраўлянін,
так сказаў прыгожы Каўка:
“Ястраб, птушачка мая ты!
Лепш вяртайся ты дадому!
А як вернешся, скажы там,
у сваёй цёмнай Сарыёле,
што ўзяць арла нялёгка,
немагчыма зьесці ў небе.”
Даляцеў прамой дарогай
да матулі сваёй роднай,
даляцеў са змрочным сэрцам,
чорнаю сумотай поўным.
Вось насустрач выйшла маці,
ля двара яго сустрэла,
каля плоту ў прагоне.
Маці так яго спытала:
“Што сыночак мой малодшы,
любы мой, мая апора,
ты чаму ў такой маркоце,
сумны з Пох’ялы вярнуўся?
Можа чаркаю абнеслі
цябе ў Пох’і на вяселлі?
Калі чаркаю абнеслі,
возмеш тут і лепшы келіх,
на вайне здабыты бацькам,
ім узяты ў жорсткай бітве.”
Адказаў так Леммінікяйнен:
“Гэй ты, любая матуля!
Каб мяне абнеслі чаркай,
я не зважыў бы нікому,
паказаў бы я героям,
сотню й тысячу пакрыўдзіў!”
Маці адказала Каўку:
“Дык чаму ты ў маркоце?
Каня можа абсмяялі,
можа зганілі запрэжку?
Жарабка купі другога,
лепшага каня купі ты,
на бацькоўскае багацце,
на здабытыя ім грошы!”
Адказаў так Леммінікяйнен:
“Гэй ты, любая матуля!
Калі б хто каня мне зганіў,
бег ягоны абсмяяў бы,
я таго б і сам зняславіў,
абсмяяўбы іхных коней,
усіх герояў з жарабкамі,
з коньмі разам тых асілкаў.”
Маці адказала Каўку:
“Дык чаму ў такой маркоце,
чаму з такім чорным сэрцам,
сумны з Пох’ялы вярнуўся?
Ці кабеты абсмяялі,
паднялі на смех дзяўчаты?
Калі абсмяялі бабы,
паднялі на смех дзяўчаты,
іх усіх зняславіць можна,
абсмяяць жанчын і дзевак.”
Адказаў так Леммінікяйнен:
“Гэй ты, любая матуля!
Калі б абсмяялі бабы,
паднялі на смех дзяўчаты,
сам бы я ўсіх зняславіў,
усіх дзевак абсмяяў бы,
сотню баб я мог бы зганіць
тысячу нявест збрахаў бы.”
Маці адказала Каўку:
“Што з табой, маё дзіцятка?
Што з табою адбылося,
ў змрочнай Пох’яле на свяце?
Можа ты паеў замнога,
можа проста лішку выпіў,
ці дурное ўвосні бачыў
як заснуў пасля застолля?”
Тут гарэза Леммінкяйнен
у адказ прамовіў словы:
“Хай разгадваюць бабулькі,
што там бачылі ўвосні!
Сны свае ўдзень і ўночы
сам я ведаю напамяць.
Вох, матулька ты старая!
Ты складзі мне ў торбу ежы,
палажы мукі ў мяшэчак
ды насып кулёчак солі,
бо павінен сын твой ехаць
і свой родны край пакінуць,
кінуць родную сялібу,
уцякаць з роднае хаты:
воіны рыхтуюць дзіды,
мячы востра натачылі.”
Маці ў адказ сказала,
так настойліва спытала:
“Для чаго рыхтуюць дзіды,
мячы востра натачылі?”
Адказаў ёй Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Для таго рыхтуюць дзіды,
мячы востра натачылі,
каб здабыць маю галоўку,
каб жыцця мяне пазбавіць.
Сварка здарылася ў Пох’і,
бітва ў двары яе шырокім.
І загінуў пах’яланец,
гаспадар суровай Пох’і.
Пох’яла ўся ўзнялася,
увесь край ідзе вайною
на мяне, на небараку,
і адзін я супраць войска.”
Маці так яму сказала,
Так прамовіла матуля:
“Я ж табе раней казала,
і прасіла, і маліла,
я табе забараняла
ехаць на вяселле ў Пох’ю.
Калі б ты мяне паслухаў,
калі б дома ты застаўся
пад крылом у роднай маці,
у сваёй сялібе роднай,
дык вайна не пачалася б,
з-за той бойкі нешчаслівай.
Дык куды ж цяпер, сыночак,
беднаму табе падацца,
дзе ўратавацца ад помсты,
дзе схавацца ад навалы,
зберагчы сваю галоўку,
на плячах яе пакінуць,
валасы свае густыя
не пусціць лятаць за ветрам?”
Адказаў ёй Леммінкяйнен:
“Я не ведаю закутка,
Куды мог бы зараз збегчы
ды ад помсты ўратавацца!
А ты, родная матулька,
дзе параіш мне схавацца?”
Маці так сказала Каўку,
словы мовіла такія:
“Невядома што й сказаць мне,
што сказаць і што параіць.
Станеш ты сасной на горцы,
ці ядлоўцам на паляне --
знойдзе там цябе пагібель,
там няшчасце напаткае,
бо з пагоркаў сосны часта
валяць, каб шчапаць лучыну,
а ядловец вельмі часта
на калкі ў плот зразаюць.
Стань бярозкай у лагчыне,
ці алешынай у лесе –
знойдзе там цябе пагібель,
там няшчасце напаткае,
бо з лагчын бярозы часта
распілоўваюць на дровы,
а алешнік густалісты
спрэс выпальваюць на ляда.
Будзеш ягадкай на ўзгорку,
ці бруснічынай у лесе,
прарасцеш сунічкай дома,
ці чарніцкай на чужыне –
знойдзе там цябе пагібель,
там няшчасце напаткае,
бо сарвуць цябе дзяўчаты
ў аздобах алавянных.
Шчупаком сплывеш у мора,
сігам у патоку станеш –
знойдзе там цябе пагібель,
там няшчасце напаткае:
малады рыбак мурзаты
там свае закіне сеткі,
ці старыя рыбаловы
цябе зловяць нератамі.
А ваўком збяжыш у пушчу,
у нетры цёмныя мядзведзем –
знойдзе там цябе пагібель,
там няшчасце напаткае:
там дзяцюк табе на згубу
дзіду вострую рыхтуе.
Ён заб’е ваўка ў пушчы
і мядзведзя ў цёмных нетрах.”
Тут бяздумны Леммінкяйнен,
так сказаў і так прамовіў:
“Дрэнныя ўсе тыя месцы,
непрыдатныя для сховаў,
там я траплю ў лапы смерці,
знойдзе там мяне пагібель.
Мая любая матулька!
Ты ж мяне ўзгадавала!
Дык скажы мне дзе схавацца,
куды збегчы мне параіш?
Смерць мне кідаецца ў вочы,
лезе прама ў твар пагібель,
адзін дзень жыцця застаўся,
ды і той пражыць не ўдасца.”
Адказала маці Каўку,
словы мовіла такія:
”Я табе скажу, напэўна,
дзе знайсці такое месца,
каб нягодніку схавацца,
збегчы ад бяды паганцу,
ведаю зямлі палоску,
невялічкую мясцінку,
дзе не сварацца, не б’юцца,
меч туды не мае шляху.
Святой клятвай пакляніся,
клятвай вечнай, непарушнай,
што шэсць год і нават дзесяць
на вайну хадзіць не будзеш,
хоць здабыць захочаш срэбра,
золата здабыць захочаш!”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“Я святой клянуся клятвай
што ні ў першае я лета,
ні ў другое, ні найдалей
на вайну хадзіць не буду,
меч не агалю для бітвы.
У мяне ўсе плечы ў ранах,
шнары на грудзях палеглі
ад маіх забаў нядаўніх,
ад былых маіх сутычак
на палях баёў мінулых,
на палях геройскіх бітваў.”
Леммінкяйнену матуля
Так прамовіла, сказала:
“Ты вазьмі бацькоўскі човен
і да сховішча спяшайся,
праплыві праз дзевяць мораў
праз дзясятага палову
да самотнай дальняй выспы,
да скалы пасярод мора!
На той выспе ратаваўся
у гады былыя бацька,
ад бязлітасных ганенняў
у часы вайны вялікай;
там ён жыў – бяды не ведаў
час праводзіў бестурботна.
Год, другі ты там хавайся,
прыязджай дамоў на трэці
на знаёмы двор бацькоўскі,
да бацькоўскіх узбярэжжаў!”
↑ Змест