Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТАЯ

Леммінкяйнен едзе ў выгнанне і даплывае да выспы, дзе пачынае весці вясёлае жыццё з усімі дзяўчатамі і жанчынамі, за што мужчыны вырашаюць забіць яго (1—290). Леммінкяйнен збягае з выспы і трапляе ў вялікую непагадзь на моры. Човен разбіваецца, і Леммінкяйнен з цяжкасцю дабіраецца да берага, дзе атрымлівае новы човен і, нарэшце, дабіраецца да дому (291 – 452). Ён знаходзіць зруйнаваную сялібу, пачынае аплакваць смерць маці, але потым знаходзіць яе жывой у пушчы (453—546). Маці расказвае яму аб тым, як воіны з Пох’ялы прыйшлі і знішчылі іхнюю сялібу. Леммінкяйнен абяцае пабудаваць новае жытло і адпомсціць пах’’яланцам. Ён расказвае маці пра сваё вясёлае жыццё на выспе (547 – 602)

Лёгкадумны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
ежы ў торбе назапасіў,
масла ён паклаў у кошык
на ўвесь год узяў ён масла,
на другі -- ўзяў свініны
і ад’ехаў шукаць сховаў
у закутку патаемным.
Ён тады прамовіў словы:
“Ад’язджаю, уцякаю,
адыходжу на тры леты,
на пяць год я пакідаю
на пракорм чарвям радзіму,
пушчы – рысям на раздолле;
тут ласі здратуюць поле,
а паляны гусі абсядуць.
Дык бывай, мая матулька!
Калі прыйдуць пах’яланцы,
Піментолы племя злое,
галавы маёй захочуць,
адкажы, што я даўно ўжо
з’ехаў з роднае сялібы,
калі зь лядаў хлебародных
ураджай даўно сабралі.”
Лодку на ваду спусціў ён,
човен свой пусціў на хвалі,
па катках сталёвых склізкіх
па тых кругляках мядзяных.
Ён узняў на мачту ветразь,
палатно узнёс высока,
на карму ў лодцы сёў ён,
на сядзенні ўладкаваўся,
за дзяржак стырна ўзяўся,
скіраваў у мора човен.
Сам сказаў такія словы,
так сказаў і так прамовіў:
“Вецер, ты напоўні ветразь,
весялей гані мой човен!
Паімчыцца хай караблік,
хай вязе мяне сасновы,
на далёкі ціхі востраў,
безнайменны мыс туманны.
Гойдалі караблік хвалі,
вятры ўперад падганялі
па хрыбтах вады празрыстай,
па бязмежнаму абшару;
так два месяцы гайдалі,
ды амаль увесь трэці месяц.
На мысе былі дзяўчаты
каля роўнядзі блакітнай,
усё глядзелі, не звадзілі
вачэй з далячыні сіняй.
Адна браціка чакала,
а другая свайго татку,
але больш за ўсіх чакала
жаніха свайго дзяўчына.
Каўку згледзелі здалёку,
човен каля небакраю
цёмным воблачкам здаваўся
паміж небам і вадою.
Пачалі гадаць дзяўчаты,
так паміж сабой казалі:
“Што за дзіва там, на моры,
незнаёмае на хвалях?
Калі ты знаёмы човен,
калі з нашай выспы ветразь,
дык да выспы павярніся,
да сваіх прычалаў родных,
каб мы звесткі атрымалі
з берагоў чужых далёкіх,
ці жывуць там мірна людзі,
ці паміж сабой ваююць?”
Вецер поўніў дальні ветразь,
шпарка неслі човен хвалі.
Хутка Каўка лёгкадумны
падагнаў да скалаў човен,
аж да берага пад’ехаў,
да чужога ўзбярэжжа.
Толькі човен супыніўся
ён спытаў дзяўчат адразу:
“Можа ёсць на выспе месца,
знойдзецца зямлі палоска,
каб падняць на бераг човен,
каб яго сушыць паставіць?”
Дзевы з выспы адказалі,
мовілі дзяўчаты з мыса:
“Знойдзецца на выспе месца,
знойдзецца зямлі палоска,
каб падняць на бераг човен,
каб сушыць яго паставіць,
поўны бераг тут прычалаў,
шмат каткоў ужо гатовых,
хай з табою сотня лодак,
тысяча з табою будзе.”
Лёгкадумны Леммінкяйнен
лодку выцягнуў на бераг,
на каткі паставіў човен
і сказаў такія словы:
“Знойдзецца на выспе месца,
знойдзецца зямлі палоска,
каб схаваўся муж знямоглы,
каб знясілены схаваўся,
ад шума вялікай бітвы,
ад звону мячоў сталёвых?”
Дзевы з выспы адказалі,
мовілі дзяўчаты з мыса:
Знойдзецца на выспе месца,
знойдзецца зямлі палоска,
каб схаваўся муж знямоглы,
каб знясілены схаваўся;
ёсць тут крэпасці ды замкі,
ёсць вялізныя маёнткі,
хай і сто малойцаў прыйдзе,
хай і тысяча прыходзіць.”
Лёгкадумны Леммінкяйнен
так сказаў і так прамовіў:
“Знойдзецца на выспе месца,
знойдзецца зямлі палоска,
гай бярозавы маленькі,
ці другой зямлі кавалак,
каб зрабіць зь яго мне ляда,
ніву добрую засеяць?”
Дзевы з выспы адказалі,
мовілі дзяўчаты з мыса:
“Не, не знойдзецца на выспе,
нідзе тут не будзе месца
нават на спіну прылегчы,
ні пасеяць меру жыта,
ні лес выпаліць на ляда,
ніву добрую засеяць,
бо падзеленая выспа
на кліны ды на палоскі,
усе лугі ды ўсе паляны
даўно людзі разабралі.”
Тут прамовіў Леммінкяйнен
так спытаў прыгожы Каўка:
“Знойдзецца на выспе месца,
знойдзецца зямлі палоска,
дзе б я мог завесці спевы,
заспяваць даўгія песні?
Растаюць у роце словы,
з вуснаў птушкаю ірвуцца!”
Дзевы з выспы адказалі,
мовілі дзяўчаты з мыса:
“Знойдзецца на выспе месца,
знойдзецца зямлі палоска,
дзе ты заспяваеш песні,
прапяеш лепшыя спевы;
ёсць гаі для карагодаў,
ёсць паляны для ігрышчаў.”
Тут вясёлы Леммінкяйнен
спеў завёў свой чарадзейны.
У дварах стварыў рабіны,
ля дамоў дубы стварыў ён
з роўным голлем густалістым,
жалуды блшчэлі ў вецці,
кожны з залатым калечкам,
а на кольцах па зязюлі:
пачне кукаваць зязюлька --
зь дзюбкі золата сцякае,
медзь з бакоў яе струменіць,
срэбра з птушачкі ліецца
на пагоркі залатыя
ды на срэбныя ўзвышшы.
Спеў працягваў Леммінкяйнен,
усё спяваў свае замовы,
жвір ператвараў у жэмчуг,
камяням даў бляск дзівосны,
лес пафарбаваў чырвоным,
золатам абліў усе кветкі.
Спеў працягваў Леммінкяйнен,
студню наспяваў ля хаты
з покрыўкаю залатою,
наспяваў залаты кубак,
каб пілі вадзіцу хлопцы,
каб тут мыліся дзяўчаты.
Наспяваў ставок на полі,
сініх качак у ставочку,
срэбрадзюбых, медналапых,
залатагаловых птушак.
Дзіваваліся дзяўчаты,
усе былі ў захапленні
ад чароўных спеваў Каўкі,
ад дзівосных тых замоваў.
Так сказаў тут Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Я і лепей праспяваў бы,
лепшыя завёў бы песні,
калі б я спяваў пад дахам,
за сталом сядзеў гасцінным.
Калі ж буду без прытулку,
месца мне не будзе ў хаце,
занясу ўсе спевы ў пушчу,
усе замовы ў балота.
Дзевы з выспы адказалі,
мовілі дзяўчаты з мыса:
“Ёсць у нас для госця хата,
знойдзецца табе прытулак,
каб узяць са сцюжы словы,
каб сагрэць у хаце песні.”
Лёгкадумны Леммінкяйнен,
як толькі ўвайшоў у хату,
наспяваў замовай куфляў,
па краях стала паставіў
ды напоўніў куфлі півам,
гарлачы паставіў зь мёдам,
міскі, поўныя прысмакаў,
рознай ежы поўны посуд:
піва ўдосталь было ў куфлях,
у гарлачах – уволю мёду,
масла быў запас вялікі,
шмат было там і свініны,
каб наеўся Леммінкяйнен,
падкарміўся Каўкаміелі.
Фанабэрысты быў Каўка:
за стол сесці не хацеў ён
без нажа са срэбнай ручкай,
без нажа, што ў пазалоце.
Наспяваў срэбную ручку,
стварыў нож у пазалоце,
сеў за стол, падсілкаваўся,
і дасхочу піва выпіў.
Тут вясёлы Леммінкяйнен
вандраваць пайшоў па вёсках
дзеўкам з выспы той на радасць,
прыгажуням на пацеху.
Толькі галаву паверне,
як яго ўжо цалуць,
толькі ён руку працягне,
як яе ўжо хапаюць.
Начаваць прыходзіў позна,
калі ўжо зусім цямнела.
Не было ніводнай вёскі,
дзе двароў меней дзесятка,
не было ніводнай хаты,
дзе дачок дзесятка меней;
не было ніводнай дзеўкі,
любай матчынай дачушкі,
каб яе не ўцешыў Каўка,
не стаміў бы яе рукі.
Тысячу нявест спазнаў ён,
сотні ён удоў усцешыў.
Не знайсці і двух зь дзесятка,
і траіх не будзе з сотні,
дзевак, не спазнаўшых ласкі
ды самотных удоў няўцешных.
Бесклапотны Леммінкяйнен
весела жыццё праводзіў,
цэлых тры гады пражыў так
у вялікіх вёсках выспы,
усіх дзяўчат павесяліў ён,
усіх самотных удоў усцешыў,
не парадаваў ён толькі
у гадах адну дзяўчыну,
што жыла ў дзесятай вёсцы
на канцы даўгога мыса.
Ён збіраўся ўжо ад’ехаць,
у край родны свой вярнуцца,
як прыйшла старая дзева,
словы мовіла такія:
“Прыгажун мой любы, Каўка!
Калі ты мяне забудзеш
так зраблю, што ў дарозе
наляціць на скалы човен.”
Зь пеўнямі ён не падняўся,
не прачнуўся ранняй птушкай,
каб парадаваць старую
ім забытую дзяўчыну.
Неяк вечарам аднойчы,
вырашыў аднойчы ноччу,
раней месяца падняцца,
ранняй птушкаю прачнуцца.
А падняўся і раней ён,
да прызначанага часу.
Ён пусціўся ў шлях няблізкі,
па ўсіх прайшоў ён вёсках,
каб павесяліць дзяўчыну,
старой дзеве даць уцеху.
Прабіраючыся ноччу
праз усе вёскі на выспе
да канца даўгога мыса,
да дзесятай дальняй вёскі,
не ўбачыў двара такога,
дзе б тры хаты не стаялі,
ніводнай не бачыў хаты,
дзе было б не тры героі,
і кожны зь герояў гэтых
не вастрыў бы меч сталёвы,
не навострываў сякеру
Леммінкяйнену на згубу.
Тут бяздумны Леммінкяйнен
так сказаў і так прамовіў:
“Вось і дзень падняўся светлы,
сонейка ўзыйшло на небе
на маю бяду ўзнялося,
мне, няшчаснаму, на шыю!
Можа Лемпа ўратуе
пад сваёй кашуляй стоіць,
пад сваім плашчом схавае,
у сваёй схавае шапцы
ад сотні мужоў варожых,
тысячы асілкаў злосных!”
Шмат яшчэ дзяўчат пакінуў
без абдымкаў развітальных.
Ён пабег штомоц да мора
да свайго чаўна гаротнік,
ды ўжо спалілі лодку,
ў неба іскрамі пусцілі!
Зразумеў: пагібель блізка,
наступае дзень няшчасця.
Пачаў новы човен ладзіць,
новы карабель узводзіць.
Толькі лесу не хапала,
не ствала яму дошак.
Раздабыў крыху ён лесу,
дошкамі крыху разжыўся:
пяць кавалкаў вераценца,
шэсць кавалачкаў ад шпулькі.
Зь іх і збудаваў ён лодку,
човен новенькі наладзіў.
Усё стварыў сваім майстэрствам,
тым мастацтвам чарадзейным:
раз ударыў – борт з’явіўся,
борт другі – з другога разу,
пасля трэцяга ўдару
човен быў зусім гатовы.
Ён спіхнуў на хвалі лодку,
на ваду спусціў ён човен.
Так сказаў і так прамовіў,
Словы вымавіў такія:
“Бурбалкай ляці па хвалях,
кветачкай па бурных водах!
Дайце мне арол ды воран
тры і два пяры для лодкі,
каб ляцела лёгка лодка,
каб вышэй барты ўзняліся!”
Узыйшоў на човен новы,
ззаду сеў у новай лодцы.
У маркоце ды ў сумоце
свой шалом на лоб насунуў,
бо начэй болей не будзе
ды не будзе дзён вясёлых
разам з дзевамі на выспе,
на ігрышчах бестурботных.
Так прамовіў Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Час адплысці ўжо малойцу
ад хацін гэтых прыветных,
ад забаў дзявочых мілых,
ад дзявочых карагодаў.
А як адплыву адгэтуль
развітаюся я з выспай
не ўзрадуюцца дзевы,
і замоўкне смех вясёлы
ў гэтых прыветных хатах,
сум двары ўсе напоўніць.”
І рыдалі дзевы з выспы,
дзевы з мыса галасілі:
“Што жы едзеш Леммінкяйнен,
ты чаму, жаніх, з’язджаеш?
Ці жанчын табе бракуе,
ці занадта святы дзевы?”
Адказаў так Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Не, тут дзевы не святыя,
і жанчын хапае ўдосталь:
мог я мець жанчын хоць сотню,
тысячу дзяўчат прыгожых.
Таму я з’язджаю, Каўка,
таму я, жаніх, з’язджаю,
што змаркоціўся па дому,
па свайму роднаму краю,
па суніцах на пагорках,
па малінах ля падворку,
па дзяўчатах з свайго мыса,
па ўсіх птушках у сялібе.”
Тут вясёлы Леммінкяйнен
выехаў на лодцы ў мора.
Вецер наляцеў, узвіўся,
хвалі човен той панеслі,
на хрыбты прастораў сініх,
на адкрытыя прасторы.
А на беразе ў адчаі
на ўзбярэжных камянісках
дзевы з выспы галасілі,
залаценькія рыдалі.
Да пары плакалі дзевы,
гучна з мыса галасілі,
пакуль бачылі той ветразь,
кольцы медныя на мачце.
Не па мачце галасілі,
не аплаквалі той ветразь,
плакалі па хлопцу ў лодцы,
па герою там, пад мачтай.
Слёзы ліў і Леммінкяйнен,
да тае пары ён плакаў,
пакуль бачылася выспа
ды сінеліся ўзгоркі.
Не па выспе Каўка плакаў,
бедаваў не аб узгорках,
плакаў па дзяўчатах з выспы,
па галубкам з тых узгоркаў.
Так паехаў Леммінкяйнен
па марской прасторы сіняй,
дзень-другі ён плыў спакойна,
а на трэці дзень узняўся
вецер моцны ашалелы,
наляцеў з-пад небакраю,
з поўначы халодны вецер,
загудзеў свяжак з усходу,
борт зламаў, другі пашкодзіў,
і перакуліў той човен.
Лёгкадумны Леммінкяйнен
паляцеў рукамі ў мора,
пальцамі ваду ўзбіваў ён,
малаціў штомоц нагамі.
Так праплыў і дзень, і ноч ён,
заграбаў ваду штосілы,
хмарку ў небе ён заўважыў,
воблачка на даляглядзе.
Врблачка зямлёю стала,
стала мысам хмарка тая.
Увайшоў ён у дом на мысе,
пякла хлеб там гаспадыня,
дочкі там мясілі цеста.
“Гэй ты, слаўная жанчына!
Калі б ведала ты толькі,
як увесь я згаладаўся,
не марудзячы пабегла б
у клець за півам ды за ежай,
мне прынесла б куфаль піва,
ды прынесла б мне свініны,
на патэльні каб падсмажыць,
масла б ты паклала зверху,
каб паеў герой галодны,
смагу наталіў вандроўнік.
Плыў я днямі і начамі
па марскіх бурлівых хвалях,
вецер быў мне памагатым,
не далі загінуць хвалі.”
Літасцівая кабета
Пайшла ў свіран на пагорку,
узяла з кладоўкі масла,
мяса ўзяла з кладоўкі,
каб падсмажыць на патэльні,
каб паеў герой галодны,
ды прынесла куфаль піва,
каб герой напіўся ўдосталь,
лодку новую герою
аддала на падарунак,
каб данёс героя човен
да родных краёў далёкіх.
Лёгкадумны Леммінкяйнен
у свой родны край вярнуўся.
Ён пазнаў зямлю і бераг,
усе выспы ды пратокі,
усе масткі старыя згледзеў,
месца, дзе ён жыў калісці,
сосны ўсе пазнаў на горках,
на пагорках пазнаў елкі,
не пазнаў ён толькі месца,
дзе здаўна стаяла хата:
дзе была сяліба колісь,
там чаромуха квітнела,
сосны ўзраслі ў падворку
ды ядловец каля студні.
Так сказаў тут Леммінкяйнен,
так сказаў і так прамовіў:
“У гэты гай гуляць я бегаў,
я скакаў па гэтых скалах,
на лужку гэтым качаўся
ды ляжаў на тым узмежку.
Хто сцягнуў адгэтуль хату,
хто прыгожы дах раскідаў?
Спалена дачыста хата
і развеяў попел вецер!”
Вось тады заплакаў хлопец,
плакаў ён два дні спадраду,
не аб свірнах бедаваў ён,
не па хаце сваёй плакаў,
плакаў ён па сваіх крэўных,
па матулі роднай плакаў.
Птушку ў небе ён заўважыў,
ён арла ў хмарах згледзеў.
Ён тады спытаў у птушкі:
“Гэй арол, мая ты птушка!
Ці не можаш ты сказаць мне,
дзе мая матуля зараз,
што жыццё дала герою,
што мяне ўзгадавала?”
Не сказаў арол нічога,
птах дурны не ведаў толкам,
ведаў толькі, што нібыта
тут загінула жанчына,
што яе засеклі мечам,
ці сякераю забілі.
Тады мовіў Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Родная мая матулька,
ты ж мяне ўзгадавала!
А цяпер Вось ты памерла,
кінула мяне, галубка,
ты ўжо зямлёю стала,
у галавах падняўся ельнік,
у нагах ядловец вырас,
вербы выраслі між пальцаў!
Вось за тое мне адплата,
Вось мне, бедалагу, помста,
што памерыўся мячамі,
што сваю прынёс я зброю
на падворкі Піментолы,
на палі далёкай Пох’і,
на пагібель свайму роду,
роднай матухне на згубу!”
Ён агледзеўся навокал
і ледзь бачны след заўважыў
у траве нагой прымятай,
сярод вераса ляснога.
Ён пайшоў шукаць дарогу,
рушыў ён па той сцяжынцы,
што вяла ў лес маўклівы,
прама ў нетры цёмнай пушчы.
Вось прайшоў вярсту, другую,
невялікі шлях адмерыў –
апынуўся ў дзікіх нетрах,
у непралазным цёмным лесе .
Там у месцы патаемным
прытулілася хацінка
паміж скаламі ў цясніне,
паміж трох бухматых елак,
а ў хацінцы маці ўбачыў,
родную сваю матулю.
Тут бяздумны Леммінкяйнен
светлай радасцю ўзгарэўся
так сказаў і так прамовіў,
словы вымавіў такія:
“Любая мая матулька,
ты ж мяне ўзгадавала!
Ты ўсё яшчэ жывая,
не заснула ты навечна,
а я думаў, што памерла,
што ад нас пайшла навекі,
ад мяча знайшла пагібель,
ці ад дзіды смертаностнай!
Я праплакаў усе вочы,
ажно састарэў ад гора.”
Маці так сказала Каўку:
“Я пакуль што не памерла,
але збегчы давялося
ў патайную мясціну,
сярод гэтых дзікіх нетраў,
сярод пушчы непралазнай.
Войска з Пох’ялы далёкай
рушыла на нас вайною,
каб цябе знайсці, сыночак,
ды адпомсціць небараку,
нашы хаты ўсе спалілі,
зруйнавалі ўсе падворкі.”
Адказаў ёй Леммінкяйнен:
“Гэй ты, любая матулька!
Не бядуй аб гэтым болей,
не бядуй і не журыся!
Новыя паставім хаты,
яшчэ лепей, чым старыя.
Потым я пайду ў Пох’ю,
вынішчу ўвесь род паганы.”
Маці так сказала Каўку,
словы мовіла такія:
“Доўга, сын, ты заставаўся,
доўга жыў, сыночак любы,
у чужых краях далёкіх,
ля дзвярэй чужых нялюбых,
там, на мысе безнайменным,
на той выспе невядомай.”
Адказаў ёй Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі:
“Жыць было мне та нядрэнна,
я прыемна час там бавіў.
Лес там чырванню палае,
а зямля сінечай свеціць,
срэбрам зіхацеюць елкі,
золатам квітнее верас.
Там мядовыя пагоркі,
там з курыных яек скалы,
мёд струменіць там па елках,
малако цячэ па соснах,
там платы пакрыты маслам,
піва з шулаў там бруіцца.
Жыць было мне та нядрэнна,
я прыемна час там бавіў.
Толькі тым было нядобра,
неяк дзіўна ды няёмка,
што баяліся за дзевак,
за жанчын сваіх лядашчых,
за дзябёлых баб агідных,
за кабет сваіх распусных.
Думалі, што церпяць дзеўкі
па начах ад мяне крыўду.
Я ж ад дзевак тых хаваўся,
пазбягаў іх ды баяўся,
як свінней ваўкі баяцца,
як гусей баіцца ястраб.”
↑ Змест