РУНА ТРЫЦЦАЦЬПЕРШАЯ
Нелады паміж братамі Унтама і Калерва. Унтама пачынае вайну і вынішчае ўвесь род свайго брата за выключэннем адной цяжарнай жанчыны, якая ў палоне нараджае сына Кулерва (1—82). Немаўлятка ўвесь час думае аб помсце, і Унтама спрабуе забіць хлопчыка, але гэта яму не ўдаецца (83—202). Кулерва падрастае і пачынае працаваць па гаспадарцы, але стараецца шкодзіць і псуе ўсё, што толькі можна. Унтама прадае яго ў рабства Ілмарынену (203 – 374).
Куранят расціла маці,
белых лебядзяў расціла.
Вяла куранят да пуні,
лебядзяў вяла на рэчку.
5Тут напаў арол на птушак,
наляцеў драпежны ястраб,
усіх дзетак раскідаў ён:
адного ў Расію кінуў,
у Карэлію – другога,
10трэцяга пакінуў дома.
Той, што ў Расіі вырас,
гандляром стаў самавітым,
той, што рос сярод карэлаў,
Калервам стаў называцца,
15а з таго, што рос у доме,
вырас Унтама злахітры,
на бяду сваёй матульцы,
бацьку роднаму на гора.
Унтама закінуў нерат,
20там, дзе брат лавіў звычайна,
Калерва ўбачыў нерат
і забраў сабе ўсю рыбу.
Унтама, дзяцюк злахітры,
раззлаваўся, угнявіўся,
25ды пусціў у бой усе пальцы,
распачаў рукамі бойку,
сварку распачаў з-за рыбы,
дробных акунькоў паганых.
Ды не бачна пераможцаў
30у той бойцы, у той сварцы:
як адзін другога стукне,
адказ тут жа атрымае.
Дні праз два, можа на трэці,
адбылося зноў такое ж:
35Калерва авёс пасеяў
на палетках Унтамолы.
Тады Унтамы авечка
здратавала тую ніву,
Калервойнена ж сабака
40разадраў тую авечку.
Пагражаць стаў Унтамойнен
Калерву пачаў гразіць ён,
што ўвесь род ягоны знішчыць,
што паб’е старых і дзетак,
45вынішчыць усю радзіну,
спапяліць усе сядзібы.
Ён мячы раздаў мужчынам,
ваярам адважным зброю,
маладзёнам даў ён дзіды,
50дзецюкам раздаў сякеры
ды пайшоў Вось так вайною,
рушыў у паход на брата.
Калервы краса-нявестка
блізка ля вакна сядзела.
55Выглянула ў вакенца
дый прамовіла, сказала:
“Ці то дым густы клубіцца,
ці то хмара там чарнее
на ўскрайку той паляны,
60у канцы дарогі новай?”
Ды была гэта не хмара,
і не дым густы клубіўся
гэта войска з Унтамолы
набліжалася з вайною.
65Збройныя прыйшлі героі,
людзі Унтамы зь мячамі,
войскі Калервы разбілі,
знішчылі ўвесь род вялікі,
спепялілі ўсе сядзібы,
70усе хаты зруйнавалі,
адна дзеўка засталася,
і была яна цяжарнай.
Людзі Унтамы схапілі,
павязлі з сабой дзяўчыну,
75каб падлогу падмятала,
прыбірала там у хаце.
Час мінуў зусім кароткі –
нарадзіўся хлопчык жвавы
у бяздольнай той жанчынкі.
80Як назвалі тут немаўлятку?
Маці “Кулерва” сказала,
Унтама сказаў, што воін.
Вось паклалі немаўлятку,
сірацінку ўладкавалі,
85у люлку зыбацца-гайдацца,
гушкацца ў калысцы цеснай.
Хлопчык гойдаўся ў люльцы,
вецер валасы расчубіў.
Гойдаўся два дні спадраду,
90а на трэці дзень раптоўна
стаў на ногі ў калысцы,
моцна штурхануў ён люльку,
спавівач свой цесны скінуў,
выпрастаўся з-пад спавіваў,
95разламаў усю калыску,
на рыззё падраў пялёнкі.
З выгляду дзіцёнак моцны,
пэўна вырасце асілкам.
Унтамола ўся чакала,
100калі падрасце дзіцятка;
як набудзе сілу й розум,
стане добрым ён асілкам,
сотню ён рабоў заменіць,
можа й тысячу, не меней.
105Два, тры месяцы ўзрастаў ён,
ды ўжо на трэці месяц,
як стаў ростам па калена,
сам сабе сказаў ён ціха:
“Калі б вырас я вялікі,
110узмацнеў, набраўся б сілы,
я адпомсціў бы за бацьку,
за матуліны пакуты.”
Унтама, пачуўшы тое,
словы вымавіў такія:
115“Вось дзе роду майму гібель,
новы Калерва ўзрастае!”
Думаць пачалі мужчыны,
меркаваць кабеты сталі,
куды дзець таго дзіцёнка,
120як знайсці яму пагубу.
Пасадзілі хлопца ў бочку,
запіхнулі ў кадушку,
ды панеслі на ўзбярэжжа,
кінулі ў марскія хвалі.
125Праз тры дні і праз тры ночы
паглядзець прыйшлі на бераг,
ці зглынула хлопца мора,
ці загінуў ён у бочцы?
Ды хлапчук не утапіўся,
130не загінуў ён у бочцы!
Хлопчык выбраўся з кадушкі,
асядлаў марскую хвалю,
вуду медную трымаў ён,
зь лёскай тонкаю вудзільна;
135вудзіў ён у хвалях рыбу,
ваду ў моры вымяраў ён:
а вады было ў тым моры
толькі два каўшы напоўніць,
а калі дакладней змерыць,
140дык хапіла б і на трэці.
Унтама падумаў зноўку:
“Куды дзець таго дзіцёнка,
дзе знайсці яму пагібель,
адшукаць яму пагубу?”
145Загадаў сваім рабам ён
дроў бярозавых насекчы,
сотні цурбакоў сасновых,
тысячы карчоў смалістых,
каб спаліць на іх дзіцёнка,
150Кулерва навекі знішчыць.
Вось насеклі, назбіралі,
дроў бярозавых таўшчэзных,
сотні цурбакоў сасновых,
тысячы карчоў смалістых,
155тысячу вазоў бяросты,
ясеню пад сто сажэняў,
ды агонь пусцілі ў дровы,
полымя туды пусцілі,
кінулі ў агонь дзіцёнка,
160прама ў вогненнае пекла.
Вогнішча два дні гарэла,
увесь трэці дзень палала,
а туды прыйшлі і бачаць:
у попеле ён па калена,
165у вуголлі ён па локці,
качаргу ў руках трымае,
дзьмухае ў агонь, гуляе,
ды вуголле разграбае,
валаска не падпаліўшы,
170аніводнай нават пасмы!
Унтамойнен раззлаваўся:
“Куды дзець таго дзіцёнка,
дзе знайсці яму пагібель,
адшукаць яму пагубу?”
175Прывязаў яго да дрэва
і пакінуў так на дубе.
Так тры дні ўжо мінулі,
так прайшлі ўжо тры ночы,
Унтама тады падумаў:
180“Час настаў пайсці ды глянуць,
можа Кулерва памёр там,
можа ён сканаў на дубе?”
Паглядзець раба паслаў ён.
Хутка той вярнуўся зь весткай:
185“Кулерва там не загінуў,
не сканаў на дубе хлопчык!
Драпае ён там малюнкі,
моцна цвік рукою сціснуў.
На ствале малюнкаў поўна,
190дуб малюнкамі пакрыты:
ваяры стаяць з мячамі,
дзіды вострыя трымаюць.”
І нічога Унтамойнен
з хлопчыкам зрабіць не можа!
195Смерць яму як ні рыхтуе,
як ні насылае згубу,
хлопчык той ніяк не гіне,
не памрэ ніяк, паганец!
Ён ужо зусім знясілеў
200смерць прыдумваючы хлопцу,
вырашыў яго расціць ён,
як дзіця сваёй рабыні.
Унтама тады прамовіў,
словы вымавіў такія:
205“Калі будзеш паслухмяным,
будзеш хлопчыкам прыстойным,
жыць табе дазволю ў хаце,
працаваць рабом пакіну.
Дам табе такую плату,
210як заслужыш, як заробіш:
можа пояс дам прыгожы,
а можа заробіш поўху.”
Трошкі вырас Кулервойнен,
усяго на чвэрць узняўся,
215тут яго запрэглі ў працу,
тут знайшлі яму занятак:
нянчыць ды люляць малое,
немаўлятку з палец ростам.
“Даглядай дзіцё странна,
220дай яму й сабе паесці!
Вопратку памый у рэчцы,
у вадзе памый пялёнкі!”
Дзень, другі дзіцёнка нянчыў,
Вырваў ручкі, выбіў вочкі,
225а на трэці дзень наогул
загубіў дзіця хваробай,
і пялёнкі рэчка знесла,
і спаліў агонь калыску.
Унтама тады падумаў:
230“Непрыдатны гэты хлопец
даглядаць дзіця малое
немаўлятку з палец ростам!
Невядома, што за працу
даць яму, які занятак,
235можа лес валіць адправіць?”
І паслаў у лес дзіцёнка.
Калервы сын, Кулервойнен
тут сказаў такія словы:
“Толькі я вазьму сякеру,
240дык мужчынам дужым стану,
стану я болей прыгожым,
лепшым, чым раней я стану,
буду пяцярых я варты,
шасцярым героям роўны.”
245Потым ён пайшоў у кузню,
так да каваля прамовіў:
“Гэй кавальнік, братка любы!
Скуй мне добрую сякеру!
Скуй сякеру, як герою,
250мужа вартую прыладу.
Я пайду бярозы секчы,
лес пайду валіць пад ляда.”
Вось каваль зрабіў, што трэба,
спрытна выкаваў сякеру,
255змайстраваў, як для героя,
мужа вартую прыладу.
Калервы сын, Кулервойнен,
тут пачаў вастрыць сякеру;
ён удзень лязом займаўся,
260адвячоркам -- тапарышчам.
Ён у лес пайсці сабраўся
сосны звонкія там секчы,
лес прыдатны для будоўлі,
гонкія валіць лясіны.
265Дрэвы ён валіў сякерай,
падсякаў лязом сталёвым:
моцныя адным ударам,
тонкія – ў палову сілы.
Пяць лясін зваліў у злосці,
270восем дрэў зваліў магутных.
Сам сабе сказаў ён потым,
словы вымавіў такія:
“Хай нячысцік тут працуе,
Хійсі з Лемпа лес тут валяць!”
275Потым ён на пень ускочыў,
засвістаў што было моцы,
загукаў што было сілы,
словы вымавіў такія:
“Хай паваляцца ўсе дрэвы,
280лягуць стройныя бярозы,
дакуль далятае голас,
дакуль свіст мой далятае!
Хай ні парастка не ўзыйдзе,
хай не ўзрасце ні сцяблінкі,
285хай навечна пустка будзе,
пакуль месяц ясны свеціць,
там, дзе Кулерва знясілеў,
высякаючы лес дзікі!
Калі ўсё ж ячмень пасеюць,
290калі зарунее ніва,
калі парасткі ўзыйдуць,
бурна ўзрастуць пасевы,
хай ні каласка не будзе,
ні зярнятка на сцяблінках!”
295Унтама, дзяцюк руплівы,
паглядзець прыйшоў на месцы,
як сын Калервы працуе,
што зь ягонай працы выйшла:
дрэнная была падсечка,
300непрыдатная пад ляда.
Унтама падумаў зноўку:
“І куды ён толькі варты!
Сапсаваў усе бярвенні,
лес прыдатны для будоўлі!
305Невядома, што за працу
даць яму, які занятак,
можа плот ён пабудуе?”
Паслаў ставіць агароджу.
Калервы сын, Кулервойнен,
310будаваць паркан узяўся.
Прыцягнуў таўшчэзных соснаў
замест жэрдачак у плоце,
а яловыя бярвенні
ў зямлю забіў, як колле,
315і ўсю гэтую спаруду
павязаў лясной рабінай;
ён зрабіў паркан без брамы,
без праходаў плот паставіў.
А сабе сказаў ён потым,
320словы вымавіў такія:
“Хто не лётае, як птушка,
хто на крылах не ўзлятае,
той не зможа перадолець,
сына Калервы агароджу!”
325Унтама, дзяцюк руплівы,
паглядзець прыйшоў на месцы,
як тут Кулерва працуе,
гэты раб вайной здабыты.
Без варотаў плот убачыў,
330без праходаў ды без брамаў,
ад зямлі паркан узняўся
аж да самых хмар у небе.
Унтама прамовіў словы:
“І куды ён толькі варты!
335Згарадзіў паркан без брамы
ды без шчылінкі адзінай,
ад зямлі ўзняў да неба,
да аблокаў паднябесных,
і празь верх не пералезеш
340і не знойдзеш тут праходу.
Невядома, што за працу
даць яму, які занятак,
можа жыта ён змалоціць?”
Жыта малаціць прымусіў.
345Калервы сын, Кулервойнен,
жыта малаціў штомоцы:
на мякіну струшчыў зерне,
усю салому патрухлявіў.
Гаспадар прыйшоў праведаць,
350паглядзець прыйшоў на месцы,
як сын Калервы працуе,
як там Кулерва малоціць:
зерне струшчана ў мякіну,
у труху уся салома.
355Унтама тут раззлаваўся:
“Бесталковы ён работнік!
Як ні дам яму занятак –
сапсуе ўсё дашчэнту.
Ці яго ў Расію звезці,
360ці ў Карэлію прадаць мне,
Ілмарынену падручным,
каб там молатам махаў ён?”
Сына Калервы прадаў ён
У Карэлію на кузню,
365Ілмарынену падручным,
майстру слаўнаму слугою.
Як жа расплаціўся майстар?
Даў кавальнік вельмі многа:
два катлы старых гарэлых,
370рагачоў тры палавінкі,
даў пяць кос зусім скляпаных,
шэсць матык даў паламаных
за нікчэмнага мужчыну,
за нявольніка благога.