РУНА ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГАЯ
Жонка каваля Ілмарынена пасылае Кулерва пасвіць кароў. Яна не ўпадабала свайго новага раба і на полудзень яму запякае ў хлеб камень (1-32). Гаспадыня выганяе статак на пашу і прамаўляе чарадзейныя заклінанні дзеля зберажэння статку ад усялякіх няшчасцяў, і асабліва ад мядзведзя (33-548).
Калервы сын, Кулервойнен,
хлопец у шкарпэтках сініх,
стройны, залатавалосы,
у прыгожых чаравіках,
5да чужой прыйшоўшы хаты,
папрасіў адразу працы,
у гаспадара – на вечар,
а на ранне – ў гаспадыні:
“Дайце мне якую працу,
10назавіце мне работу,
чым займацца я павінен,
што рабіць мне будзе трэба!”
Кавалёва гаспадыня
думаць пачала пра тое,
15чым жа зоймецца раб новы,
працу даць яму якую?
Будзе раб гавяду пасвіць,
сцерагчы вялікі статак.
Тут злахітрая жанчына,
20жонка каваля ліхая,
напякала хлопцу хлеба,
тоўсты бохан у дарогу:
знізу авёс, пшаніца зверху,
цвёрды камень у сяродцы.
25Змазала прагорклым маслам,
тлушчам змазала скарынку,
такі полудзень хлапчыне,
пастуху на дзень у полі.
Сама ж так раба вучыла,
30словы мовіла такія:
“Гэты хлеб еж не раней ты,
чым гавяду ў лес загоніш!”
Ілмарынена кабета
выгнала худобу ў поле,
35словы мовіла такія,
так прамовіла, сказала:
“У лес каровак выпускаю,
на лужок малакадайных,
крыварогіх праз асіны,
40праз бярозы прамарогіх,
каб тлусцелі на прыволлі,
хутчэй тлушчам абрасталі,
пасярод палян раздольных,
пасярод гаёў бухматых,
45у бярэзніках высокіх,
у асінах нізкарослых,
у залатых лясах яловых,
у срэбнахваёвых пушчах.
Беражы іх, добры Божа,
50барані, магутны Творца,
заслані іх ад няшчасцяў,
уратуй ад зла любога,
каб бяда іх не дагнала,
не спаткала іх нягода!
55Як ты дома зберагаў іх,
як сцярог іх у загоне,
гэтак зберагай на пашы,
сцеражы іх на прыволлі,
каб тлусцеў на волі статак,
60багацела гаспадыня,
добрым людзям на ўцеху,
і на зло ўсім нядобрым!
Калі ж пастух будзе кепскі,
ці нявартыя пастушкі,
65пастухом вярбу зрабі ты,
хай пасе кароў алешнік,
прыглядае хай рабіннік,
а чаромха ў хлеў прыгоніць,
каб я статак не шукала,
70ды людзей не турбавала!
А пасці вярба не будзе
ды не прыглядзіць рабіннік,
гнаць кароў не будзе вольха,
ці не ўсцеражэ чаромха,
75дык тады прышлі найлепшых,
прысылай дачок прыроды,
каб худобу пільнавалі,
за маім хадзілі статкам!
Маеш ты дзяўчат багата,
80сотні служак паслухмяных,
што жывуць у паднябессі,
любыя твае стварэнні.
Дачка лета, прыгажуня,
дачка поўдня, цяпла маці,
85ты, дачка лясоў сасновых,
ты, дачка ядлоўца, цуда,
ты, рабіны немаўлятка,
ты чаромха, дачка Тапіа,
Міеліккі, нявестка лесу,
90Тэлерва, лясная дзева!
Сцеражыце мне гавяду,
зберагайце мае статкі,
даглядайце іх улетку,
калі ўсё зазелянее,
95дрэвы зашумяць лістотай,
ды травой зямля зашэпча!
Дачка лета, прыгажуня,
дачка поўдня, цяпла маці!
Разгарні падол сукенкі,
100ды раскінь пярэднік белы
ды накрый маіх каровак,
заслані маіх цялушак,
каб злы вецер не крануў іх,
дождж ліхі каб не пашкодзіў!
105Зберажы іх ад няшчасцяў,
перапні бяды сцяжынкі,
прэч звядзі іх ад балота,
ад падступнай прагнай багны,
ад балотных тых рачулак,
110ад азёр дрыгвяных цёмных,
каб не здарылася ліха,
не было ніякай шкоды,
каб нага не слізганула
ў ненасытнае бяздонне
115супраць Боскага жадання,
Боскай літасці насупраць!
Хай ражок твой пастухоўскі
загучыць з нябёс высокіх,
гук мядовы з-за аблокаў,
120ад зямлі салодкі голас!
Хай гудзе ражок дзівосны,
хай ляціць чароўны голас,
прынясе на горы кветак
ды расквеціць усе паляны,
125краскамі пакрые ўзмежкі,
а лістотаю ўзлескі;
няхай мёдам стане багна,
поўняцца рачулкі мёдам!
Насілкуй маіх каровак,
130нагадуй маю худобу,
накармі мядовай ежай,
напаі вадой салодкай!
Залатой травой кармі іх,
срэбраны мурог пашлі ім;
135напаі іх з рэчак светлых,
свежых ручаёў празрыстых,
з вадакрутаў белапенных
ды з рачулак жывадайных;
дай пагоркі залатыя,
140срэбнатраўныя паляны!
Залаты ствары калодзеж,
на ускрайку кожнай пашы,
каб піла ваду гавяда,
каб напоўнілася мёдам
145вымя ў маіх каровак,
саскі мёдам набухалі,
поўніліся сокам жылы,
бегла малако ракою,
ручаінамі сцякала,
150віравала ў парогах
ды спявала ў пратоках,
поўніла ўсе сасуды;
каб яно было заўсёды,
бегла кожны дзень патокам,
155не зважаючы на зайздрасць,
на нячысцікаў штукарствы,
каб у Маналу не збегла,
не прапаў дарунак Божы!
Ёсць ліхіх людзей багата,
160што ўдой зганяюць у Ману,
што дары кароў марнуюць,
вынішчаюць скарб каштоўны;
небагата ёсць тут добрых,
што бяруць удой ад Маны,
165сыраквашу з тых паселішч,
сырадой з краёў чужынскіх.
На сяло раней матуля
не хадзіла за парадай,
розум там не пазычала,
170брала малако ад Маны,
сыраквашу з тых паселішч,
сырадой з краёў чужынскіх.
Брала малако здалёку,
з краёў дальніх, нетутэйшых:
175з Туанелы апраметнай,
з Маналы палёў падземных,
малако цякло ўночы,
бегла ў цемнаце паціху,
каб хто дрэнны не ўбачыў,
180не заўважыў хто зайздросны,
каб хто злосны не пашкодзіў,
не згубіў які нягоднік.
Так заўжды казала маці,
і я гэтак жа прамоўлю:
185чаму ж малако звялося,
і куды яно прапала?
Мо’ яго ўзялі суседзі,
па сваіх дварах схавалі,
ці ў распусніцы пад пахай,
190ці ў зайзросніцы нікчэмнай;
мо’ яно прапала ў лесе,
заблукала дзе ў пушчы,
па гаях дзе разлілося,
па палянах верасовых?
195Малако быць не павінна
ў Манале, ці ў чужынцаў,
ні распусніцам на радасць,
ні зайздросніцам нікчэмным,
па лясах не расцякацца,
200не блукаць нідзе ў пушчы,
па гаях не разлівацца
па палянах верасовых.
Малако патрэбна дома,
ёсць заўсёды ў ім патрэба:
205гаспадыня ўжо чакае
у руках з даёнкай новай.
Дачка лета, прыгажуня,
дачка поўдня, цяпла маці!
Нагадуй мне Сюэцікі,
210напаі мне Юацікі,
Хермікі дай малака ты,
Туарыкі пачастуй мне,
Майрыкі не дай у крыўду,
Омэне дай свежых сокаў,
215з квецені травы высокай,
з мурагоў квяцістых росных,
ад зямелькі пладароднай,
з купіны затравянелай,
з меданоснай лугавіны,
220зь ягадных кустоў разлогіх,
ад паненак зь пералескаў,
каласковых гаспадыняў,
ад паненак з паднябесся,
гаспадыняў тых малочных.
225Хай заўсёды будзе вымя,
малаком салодкім поўна,
каб кароў даіла нават
недарослая дзяўчынка!
Ты паўстань зь нізіны, дзева,
230з багны, у сукенцы тонкай,
ты паўстань з крыніцы панна,
выйдзі, чыстая, з бяздоння!
Набяры вады з крыніцы,
той вадой апырскай статак,
235каб прыгожым ён зрабіўся,
рос на радасць гаспадыні,
перад тым, як яна прыйдзе,
як пабачыць іх пастушка,
гаспадыніна прыслуга,
240неруплівая наймічка.
Міелікі, лясная пані,
статкаў нашых абаронца!
Ты знайдзі вышэй служанку,
лепшую дай чалядзінку,
245каб яна глядзела статак,
даглядала мне гавяду,
гэтым светладзённым летам,
што дае вялікі Творца,
нам на шчасце пасылае
250ў літасці сваёй Усявышні.
Тапіа, красуня-панна,
Тэлерва, дзіцё лясное,
у тонкай вопратцы туманнай,
з пасмачкамі залатымі,
255абярэжніца худобы,
гаспадыня нашых статкаў
сярод Метсалы прыветнай,
у бяссоннай Тапіёле!
Сцеражы старанна статак,
260даглядай кароў рупліва!
Гладзь іх гожымі рукамі,
пальцамі пяшчотна песці,
каб ільсніліся, як рысі,
гладкімі былі, як рыбы,
265нібы поўсць марскога звера,
як руно лясной авечкі!
Калі ж ноч падыйдзе блізка
ды згусцеецца сутонне,
ты гані дамоў гавяду,
270да руплівай гаспадыні,
каб вада была на спінах,
малака ставы на сцёгнах!
Як дадому пойдзе сонца,
птах начны свой спеў зацягне,
275прамаўляў тады да статку,
так скажы маім рагулям:
“Гэй, рагатыя, дадому,
малако дамоў нясіце!
Дома вам утульна будзе,
280мякка на траве ля хаты,
страшна вам блукаць у пушчы,
тупатаць па ўзбярэжжы.
А як прыйдзеце дадому,
вогнішчы жанкі распаляць
285на мядовай лугавіне,
сярод ягаднай дзялянкі.”
Нюйрыкі, сын Тапіёлы,
ты, юнак у сіняй свіце!
Пракладзі з высокіх елак,
290з гонкіх соснаў паднябесных,
гаць па дрыгвяных балотах,
па балотнай чорнай твані,
па бяздоннай багне грузкай,
па дрыгве глыбокай зыбкай!
295Дай прайсці ім, крыварогім,
прывядзі парнакапытных
да людзкіх дымоў кудлатых,
каб прыйшлі яны без шкоды,
не загрузлі ў балоце,
300не ўтапіліся ў багне!
Не паслухаецца статак,
і на ноч дамоў не прыйдзе,
ты тады, дачка рабіны,
ты, ядлоўцу краса-дзева,
305выламай дубец з бярозы,
адламай лазіну ў лесе,
ці галінку ад рабіны,
ці зрабі бізун зь ядлоўца,
дзе палац зялёны ў Тапіа,
310за чаромхавай гарою!
Прыгані дамоў каровак,
як пачне паліцца лазня,
загані ў хлеў дамашніх,
а лясных звяроў – у пушчу!
315Отса, яблычак ты дзікі,
ты, касмач мядовалапы!
Мы дамовімся з табою,
мір з табою ўладкуем,
на ўвесь час жыцця даўгога,
320на ўсё жыццё, навечна,
каб ты не чапаў каровак,
не губіў малакадайных,
гэтым светладзённым летам,
што нам Творца пасылае!
325Як пачуеш ты бубенчык,
або гук ражка здалёку,
дык лажыся на зямельку,
падрамаць на мяккай траўцы,
у траву вушамі ўрыйся,
330ці за купіны схавайся!
У гушчар бяжы зьдзічэлы,
знайдзі сховы пад імхамі,
да другіх бяжы пагоркаў,
каб надзейна там схавацца,
335каб не чуць болей званочкаў,
перазоваў пастуховых!
Гэй ты, Отса мой шаноўны,
дружа мой мядовалапы!
Не кладу я забароны –
340пакруціся каля статку,
толькі не хапай гавяду
пашчаю сваёй гідотнай,
ды не шкуматай зубамі,
лапамі не руш каровак.
345Абмінай лужкі далёка,
абыходзь здалёк паляны,
каб званочкаў не пачуў ты,
перазоваў пастуховых!
Калі на паляне статак --
350мусіш да балота бегчы,
калі ж статак на балоце--
уцякай хутчэй у пушчу!
На ўзвышшы гурт пасецца--
заставайся ў лагчыне,
355а калі ў нізіне ходзіць,
дык караскайся на ўзгорак!
Выйдзе статак на паляну--
ты ў зараснік схавайся,
пойдзе чарада ў нетры—
360мусіш бегчы на паляну!
Паспяшайся ты зязюлькай,
галубочкам срэбнапёрым,
праслізні сігом імклівым,
баязлівай жвавай рыбкай
365клубком воўны пракаціся,
ільняной кудзелі скруткам,
кіпці ты схавай пад поўсцю,
ты схавай у дзясны зубы,
не палохаўся каб статак,
370не баяліся цяляты!
Не чапай ты майго статку,
дай спакой маім кароўкам,
каб яны хадзілі мірна,
пасвіліся без пагрозы
375на лугах ды на балотах,
на палянах сярод лесу;
не кранай ты іх ніколі,
не хапай у свае лапы!
Ты старую ўспомні клятву
380у Туанеле каля рэчкі,
ля шумлівага патоку,
там, перад вялікім Творцам!
Атрымаў тады дазвол ты
тры разы ўсяго за лета
385да званочкаў набліжацца
да бубенчыкаў з паляны.
Ды няма ў цябе дазволу,
там яго не атрымаў ты,
учыняць ліхія справы
390кепскія рабіць учынкі.
Калі ж злосць цябе апануе,
ці ахопіць зубы прагнасць,
злосць сваю закінь у пушчу,
на вяршыні соснаў квапнасць!
395Ты грызі гнілыя елкі,
ды трухлявыя бярозы,
з-пад вады цягай карчагі,
з купін ягады зьдзірай ты!
А калі захочаш есці,
400апануе цябе голад,
дык жывіся ты грыбамі,
у мурашніках капайся,
каранёў паспытай розных,
Метсалы мядовых сотаў,
405ды не еж маю гавяду,
што харчуецца травою!
А калі кадушка з мёдам
шумна ў Метсале заходзіць
на пагорках залацістых
410ды на срэбраных узвышшах,
там, галодны, нагадуйся,
смагу наталі ўдосталь,
бо не скончыцца там ежа,
там не высахнуць напоі.
415Дык давай жа назаўсёды
мы з табой да ладу прыйдзем
усё лета жыць у згодзе,
без сутычак ды без сварак,
хопіць нам з табой прасторы,
420і харчоў нам розных хопіць.
А пабіцца ты захочаш,
распачаць вайну са мною,
дык зімой вайну ўчынім,
зімняй снежнаю парою!
425А калі настане лета,
і балоты ўсе растануць,
не хадзі ды не палохай,
залатыя мае статкі!
А калі ўсё ж ты прыйдзеш
430выпадкова ў гэты пушчы,
стрэлы там цябе сустрэнуць.
А стральцоў не будзе дома --
ёсць багата жанчын смелых,
кемлівых жанок адважных,
435што цябе ў лесе спыняць
ды бяды табе наробяць,
каб не прычыніў ты шкоды,
не чапаў ты нашы статкі,
без Бажэснага дазволу,
440без на тое волі Божай!
Укка, мой высокі Божа!
Ты пачуй маю малітву,
зачаруй маіх каровак
ды ператвары ўвесь статак,
445у каменне ўсю гавяду,
у пянькі маю худобу,
калі дзікі звер падыйдзе,
як наблізіцца страшыдла!
Калі б я была тым зверам,
450касмачом мядовалапым,
не круцілася б ніколі
пад нагамі ў кабеты.
Ёсць жа і другія месцы,
ёсць далёкія мясціны,
455дзе лайдак цягацца можа,
дзе гультай можа гарэзваць,
там хоць пратапчы ўсе лапы,
можаш лыткі ўсе скрывавіць,
пасярод блакітнай пушчы,
460ў непралазных сініх нетрах.
Там, па верасах у лесе,
па жвіровых звонкіх сцежках ,
ля марскога ўзбярэжжа
пралягла твая дарога
465аж да Пох’ялы далёкай,
на лапландзкія прасторы.
Там ты жыць шчасліва зможаш,
зможаш і навек застацца,
улетку там без чаравікаў,
470а ўвосень без шкарпэтак,
зможаш тупаць па балотах,
па тых багністых прасторах.
А калі туды не пройдзеш,
шлях туды знайсці не зможаш,
475дык ідзі другой дарогай,
сцежку выберы другую
прама ў пушчы Туанелы,
ў нетры Калмы верасовай!
Знойдзеш там сабе балота,
480верасовы лес там знойдзеш,
ёсць Стракатка ды Чарнотка,
ёсць там іншыя каровы,
усе на прывязях надзейных,
усе на ланцугах жалезных.
485Там кашчавыя таўсцеюць,
сухарэбыя тлусцеюць.
Падабрэйце, гай і пушча,
будзь пяшчотным, сіні хвойнік!
Дайце мір маім кароўкам,
490каб спакойна ўся гавяда
пасвілася гэтым летам,
цёплаю парою Божай!
Куйпана, цар сініх пушчаў,
дзед лясны сівабароды!
495Супакой сваіх сабак ты,
дварнякоў разлютаваных!
Запіхні ім грыб у ноздру,
ягадзінку -- ў другую,
каб яны не ўчулі носам,
500каб не ўнюхалі худобу!
Завяжы ім вочы шоўкам,
заматай тканінай вушы,
каб яны не чулі крокаў
і не бачылі, хто ходзіць!
505Калі ж гэтага не хопіць,
не паслухаюць сабакі,
адгані сваю ты зграю,
вырадкаў, як мага далей!
Прагані іх з гэтых пушчаў,
510з узбярэжжа прагані іх,
з лугавін тых нешырокіх,
з гэтых выганаў раздольных!
Загані сабак у норы,
пасадзі сабак на прывязь,
515залатой стрымай вяроўкай,
срэбранымі ланцугамі,
каб бяды не нарабілі,
каб не прычынілі шкоды!
Калі ж гэтага не хопіць,
520не паслухаюць сабакі,
Укка, валадар мой светлы,
срэбраны мой абаронца,
пачуй словы залатыя,
шчырую пачуй малітву!
525Накладзі з рабін вярыгі
на ашчэраныя морды!
А рабіна не ўтрымае,
дык зрабі вярыгі з медзі,
калі ж медзь трымаць не будзе,
530скуй жалезныя аковы!
Калі ж трэсне і жалеза,
разляціцца на кавалкі,
тады палку залатую
ў сківіцы прасунь навылет,
535замацуй канцы надзейна,
так загні іх, каб ніколі
не расціснуліся зубы,
не разявілася пашча,
калі не развесці сталлю,
540ці жалезам не расціснуць,
калі нож там не скрывавіць,
не пусціць у ход сякеру!”
Ілмарынена кабета,
тая мудрая жанчына,
545выгнала кароў на пашу,
выпусціла іх на выган,
а раба паслала следам,
пастуха, каб пасвіў статак.