РУНА ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦЯЯ
Кулерва пасе статак. Ен збіраецца павячэраць, дастае хлеб і пачынае рэзаць. Нож ламаецца аб запечаны ў хлебе камень. Гэта вельмі засмучае яго, асабліва таму, што гэты нож быў адзіным напамінкам ад свайго роду(1—98). Раззлаваны, ён вырашае адпомсціць гаспадыні і заганяе статак у балота, а замест яго збірае воўчую згарю і медзвядзёў. Такі статак ён прыганяе дадому (99—184). Гаспадыня ідзе даіць кароў, і дзікія звяры забіваюць яе, разрываючы на шматкі (165 –296)
Калервы сын, Кулервойнен,
хлеб паклаў у сваю кайстру
і пагнаў кароў балотам,
сам пайшоў сасновым лесам.
5Ідучы, ён так прамовіў,
словы вымавіў такія:
“Вох, няшчасны я хлапчына,
бедалага я бяздольны!
Вось куды мяне занесла,
10завялі шляхі-дарогі,
за хвастом хадзіць бычыным,
за цялятамі цягацца,
валачыцца па балотах,
па глухіх бадзяцца нетрах!”
15Сеў на купіну гаротнік,
сеў на сонечным прыгорку,
заспяваў такую песню,
выказаў жаданні ў спевах:
“Грэй мяне, Божае сонца,
20сагравай, клубочак Божы,
кавалёвага падпаска,
пастуха ягоных статкаў,
ня грэй хату кавалёву,
не свяці ягонай жонцы!
25Жыве добра гаспадыня,
хлеб пшанічны наразае,
пірагі жуе бясконца,
ды намазвае іх маслам.
А пастух бярэ хлеб чорствы,
30чорную грызе скарынку,
давіцца ён чорным хлебам,
што з аўсянаю мякінай
ды з нарэзанай саломай,
напалам з карой сасновай.
35Чэрпае ваду бяростай,
ён з-пад купіны балотнай.
Паспяшайся, Божы часе,
сонейка, хутчэй садзіся!
Ты зайдзі за ельнік, сонца,
40хлебным боханам скаціся,
ты схавайся за ядлоўцам,
за алешнік закаціся,
каб пайшоў пастух дадому
ды паеў бы хлеба з маслам,
45свежага наеўся ўволю,
зь пірагоў дастаў сяродку!”
Жонка Ілмары тым часам,
пакуль пастушок той мроіў,
спяваў песню Кулервойнен,
50вычысціла з міскі масла,
з’ела з маслам хлеб ячменны,
зьела зь пірагоў сяродку;
Кулерву ж -- адну зацірку
ды халодную капусту;
55адтуль тлушч злізаў сабака,
чорны тлушч ўвесь падчысціў,
шэры добра падкарміўся,
наеўся рабы дасхочу.
Праспявала птушка з гаю,
60з-за куста малая пташка:
“Час рабу настаў паесці,
паабедаць сірацінцы.”
Калервы сын, Кулервойнен,
пазірнуў на цень ад сонца
65і сказаў такія словы:
“Так, прыйшла пара паесці,
надыйшоў час паабедаць,
пашукаць харчоў ў сумцы.”
Адпачыць прыгнаў ён статак
70на паляну сярод лесу,
сам на купіну ўсеўся,
на зялёны бугарочак.
Кайстру са спіны ён скінуў,
хлеб дастаў, каб паабедаць,
75пакруціў яго, агледзеў
і сказаў такія словы:
“Зверху часта хлеб прыгожы,
гладкая ў яго скарынка,
ды ў сярэдзіне абсеўкі
80напалам з карой сасновай.”
Выцягнуў свой ножык з похваў,
каб адрэзаць лусту хлеба,
ды наткнуўся нож на камень,
аб каменьчык ён ударыў--
85лязо вострае адляцела,
разляцеліся абломкі.
Калервы сын, Кулервойнен,
паглядзеў на на нож зламаны
і пачаў няўцешна плакаць,
90словы вымавіў такія:
“Нож мне братам быў адзіным,
быў адзінаю ўцехай,
ён ад бацькі мне дастаўся,
бацька ім раней валодаў,
95ды зламаў я нож бацькоўскі,
лязо вострае патрушчыў,
аб каменьчык, што ў хлеб мне
запякла ліхая баба!
Як за зьдзек такі адпомсціць,
100як за кпіны расплаціцца,
заплаціць за хлеб паскудны,
спечаны распуснай бабай?
Голасна груган пракаркаў,
пракрычаў крумкач з галінкі:
105“Гэй ты, залатая спражка,
Калервы сынок адзіны!
Ты чаму такі журботны,
чаму плачаш так няўцешна?
Выламай дубец у лесе,
110сук з бярозы ў лагчыне,
загані кароў у багну,
бруднаногіх у балота,
дай ваўкам палову статку,
а палову – касалапым!
115Ты згані ваўкоў у статак,
загані ў гурт мядзведзяў!
Хай ваўкі гавядай стануць,
і каровамі мядзведзі.
Іх гані дамоў, як статак,
120як худобу на падворак!
Так адпомсціш ты за здзекі
ды за кпіны лютай бабы.”
Калервы сын, Кулервойнен,
словы вымавіў такія:
125“Дык чакай, дзіцё распусты!
Калі па нажу я плачу,
ты не так яшчэ паплачаш,
па каровах пабядуеш!”
Адламаў лазіну ў лесе,
130выламаў дубец з ядлоўцу,
усіх кароў загнаў у багну,
а быкоў -- у бураломы,
каб ваўкі палову з’елі,
касалапыя – палову.
135Ён зрабіў з ваўкоў цялушак,
нарабіў кароў зь мядзведзяў,
так звяры гавядай сталі,
як худоба, мірным статкам.
Сонца ўжо ішло за поўдзень
140ужо хілілася на вечар,
на вяршыні елак села,
час настаў даіць каровак.
Раззлаваны бедалага,
Калервы сын, Кулервойнен,
145пагнаў з поля касалапых,
воўчы статак на падворак.
Навучаў ён так мядзведзяў,
так цкаваў ваўкоў калматых:
“Раздзярыце бабе сцёгны,
150лыткі бабе пакусайце,
калі прыйдзе да загона
ды кароў даіць прысядзе!”
З косці ён зрабіў жалейку,
рог зрабіў з рагоў бычыных,
155дудачку з касцей каровы,
для дуды ўзяў галёнку.
Вось падзьмуў ён у жалейку,
у пастуховы рог заграў ён
на гары ля дому тройчы,
160шэсць разоў каля прагону.
Ілмарынена кабета,
кавалёва гаспадыня,
малака даўно чакала,
летняга хацела масла.
165Вось пачулася жалейка,
даляцела зь лесу рэха,
гаспадыня так сказала,
словы мовіла такія:
“Дзякуй табе, светлы Божа!
170Грае дудка, блізка статак!
Дзе ўзяў той раб жалейку,
з чаго дудачку зрабіў ён,
што ідзе і гучна грае,
моцна дзьме ў рог бычыны,
175так дудзіць, што рвуцца вушы,
боль мазгі мне працінае?”
Калервы сын, Кулервойнен,
у адказ так прамовіў:
“Раб знайшоў ражок у багне,
180дудачку падняў з балота.
Увесь твой статак недалёка,
у загоне ўсе каровы,
распалі агонь-куродым
ды ідзі даіць каровак.”
185Ілмары тут гаспадыня
загадала так служанцы:
“Ты ідзі даіць каровак,
даглядаць ідзі гавяду,
бо сама я не паспею,
190трэба цеста яшчэ ставіць.”
Калервы сын, Кулервойнен,
вымавіў такія словы:
“Усе руплівыя жанчыны,
усе разумныя кабеты,
195самі ўсе кароў даілі
ды хадзілі за гавядай.”
Ілмары тут гаспадыня
распаліла агонь дымны
і пайшла даіць каровак.
200Статак пільна азірнула,
усю агледзела худобу,
словы мовіла такія:
“Добра выглядае статак,
гладкія бакі ў каровак,
205нібы футра ў той рысі,
як лясной авечкі воўна,
вымя малаком набухла,
малаком саскі сцякаюць.”
Вось з даёнкаю прысела,
210пачала даіць карову.
Тузанула раз, другі раз,
а як трэці пацягнула,
воўк схапіў яе зубамі,
шкуматаць мядзведзь узяўся.
215Твар балюча воўк падрапаў,
пакусаў мядзведзь ёй лыткі,
косці паламаў у сцёгнах,
адкусіў жанчыне пяткі.
Калервы сын, Кулервойнен,
220так адпомсціў ёй за зьдзекі;
за той бабскі смех ды кпіны,
адплаціў раб гаспадыні.
Ілмарынена кабета
тут заплакала ўголас,
225словы мовіла такія:
“Што ты нарабіў, нягоднік!
Ты прыгнаў у хлеў мядзведзяў
ды ваўкоў у двор ля хаты!”
Калервы сын, Кулервойнен,
230у адказ ёй мовіў словы:
“Дрэнна, як пастух зрабіў я,
ты ж, як гаспадыня – брыдка!
Запякла у хлеб мне камень,
глыж каменны дала ў хлебе:
235аб той глыж зламаў я ножык,
я зламаў свой нож аб камень!
Нож ад бацькі мне застаўся,
рода нашага ўспамінак!”
Гаспадыня так сказала:
240“Гэй ты, пастушок мой любы!
Павярні свае ты думкі,
забяры назад закляцце,
уратуй ад воўчай пашчы,
вызвалі з мядзвежых кіпцяў!
245Лепшыя аддам кашулі,
дам табе штаноў прыгожых,
будзеш есці хлеб ды масла,
запіваць іх сырадоем,
працаваць ты год не будзеш,
250два гады карміцца ўволю.
Як мяне не ўратуеш,
зь кіпцюроў мяне не вырвеш,
лютай смерцю я загіну,
я сырой зямлёю стану!”
255Калервы сын, Кулервойнен,
у адказ ёй так прамовіў:
“Памірай сабе хутчэй ты,
хай хутчэй прыйдзе пагібель!
Месца пад зямлёю хопіць
260для памерлых там, у Калме,
там і моцныя палеглі,
усе магутныя ляжаць там.”
Мовілу тут гаспадыня:
“Гэй ты, Укка, бог вярхоўны!
265Ты напні свой лук магутны,
зброю грозную вазьмі ты,
ускладзі стралу на жылу,
медную на лук агнёвы!
Вогненнай цаляй стралою,
270медную пусці штосілы,
хай яна пад пахай пройдзе,
хай праб’е яму лапатку.
Калервы сына звалі ты,
хай загіне тут нягоднік,
275ад стралы меднакаванай,
з наканечнікам сталёвым!”
Калервы сын, Кулервойнен,
сам сказаў такія словы:
“Гэй ты, Укка, бог вярхоўны!
280Не у мяне цаляй стралою!
Ты цаляй у гэту бабу,
горшую з жанчын у свеце,
каб не зрушылася з месца,
каб адразу тут сканала.”
285Ілмары тут гаспадыня,
кавалёва жонка, упала,
як з катла спадае сажа;
мёртваю на гэтым месцы,
у двары ля самай хаты,
290на сваім падвор’і вузкім.
Так памерла маладзіца,
так загінула красуня,
А чакалі яе доўга,
цэлых шэсць гадоў шукалі,
295Ілмарынену на радасць,
кавалю дзеля пашаны.