РУНА ТРЫЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТАЯ
Вяйнямёйнен прапануе Ілмарынену паехаць з ім у Пох’ялу па Сампа. Ілмарынен дае сваю згоду, і мужчыны выпраўляюцца ў дорогу на чоўне(1—330). Леммінкяйнен, згледзўшы падарожнікаў, просіцца да іх. Героі з радасцю прыймаюць яго ў сваю грамаду (331-426).
Векамудры Вяйнямёйнен
словы вымавіў такія:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен!
Трэба ў Пох’ялу нам ехаць,
5здабываць адгэтуль Сампа,
цуда-накрыўку пабачыць!”
Тут кавальнік Ілмарынен
у адказ яму прамовіў:
“Сампа мы забраць не зможам,
10распісное тое вечка,
зь цёмнай Пох’ялы туманнай,
зь вечна змрочнай Сарыёлы!
Сампа ў Пох’яле схавалі,
вечка ў сховішчы надзейным,
15пад каменнаю скалою,
у медных нетрах Сарыёлы
на дзевяць замкоў замкнёна.
Карані пайшлі ад Сампа
ў глыбіню на дзевяць сажняў,
20адзін корань у зямельку,
а другі -- ў бераг патоку,
трэці -- ў горку каля хаты.”
Вяйнямёйнен так прамовіў:
“Гэй каваль, мой братка любы!
25Трэба ў Пох’ялу паехаць
дый забраць адгэтуль Сампа!
Зробім карабель вялікі,
Каб змясцілася там Сампа,
тое вечка распісное
30з-пад гары суровай Пох’і,
з медных нетраў Сарыёлы,
з-пад замкоў замкнёных моцна!”
Адказаў так Ілмарынен:
“Па зямлі было б надзейней,
35хай па моры езьдзіцьЛемпа,
смерць па хвалях хай вандруе!
Вецер наляцець там можа,
можа наляцець віхура,
будзем веславаць рукамі,
40кіраваць далоняй будзем.”
Вяйнямёйнен так прамовіў:
“Па зямлі было б надзейней,
ды было б зусім нялёгка,
шлях завілісты, далёкі.
45На чаўне прыемней ехаць,
добра ў караблі па хвалях,
па шырокіх плыць прасторах,
па храбтах марскіх высокіх:
вецер гойдае караблік
50ды калышуць яго хвалі,
вецер з поўдня падганяе,
ды заходні вецер гоніць.
Але хай будзе, як будзе,
калі ты не хочаш морам,
55па зямлі тады паедзем,
па ўзбярэжжы пададзімся!
Новы меч мне зараз выкуй,
агнявы клінок зрабі мне,
каб сабак я разагнаў ім,
60народ Пох’і напалохаць,
калі будзем браць мы Сампа,
у вёсках, марозам поўных,
у Пох’яле, краіне змроку,
у туманнай Сарыёле!”
65Вось кавальнік Ілмарынен,
векавечны той стваральнік,
кінуў у агонь жалеза,
сталі кінуў на вуголле,
золата насыпаў жменю
70прыгаршчы насыпаў срэбра,
да мяхоў рабоў паставіў,
гэткіх парабкаў падзённых.
Паддзімаць рабы ўзяліся,
парабкі з усяе моцы:
75нібы цеста сталь размякла,
кашаю жалеза стала,
пацякло вадою срэбра,
хваляй золата ўзнялося.
Тут кавальнік Ілмарынен,
80векавечны той стваральнік,
паглядзеў у горан пільна,
у палаючую печку,
дзе магутны меч ствараўся,
з залатою рукаяткай.
85Ён дастаў з полымя сумесс,
перанёс метал цудоўны
з горана ды на кавадла,
пад чароўны молат майстра.
Меч зрабіў так, як задумаў,
90самы лепшы меч на свеце,
золатам яго аздобіў,
упрыгожыў светлым срэбрам.
Векамудры Вяйнямёйнен
паглядзець прыйшоў на працу.
95Прыняў меч зь лязом агністым,
узяў праваю рукою,
павярнуў яго, агледзеў,
словы вымавіў такія:
“Ці пасуе меч герою,
100ці падыйдзе мечаносцу?”
Даспадобы меч прыйшоўся,
падыйшоў ён мечаносцу,
на канцы свяціўся месяц,
на клінку зіхцела сонца,
105зорны бляск на рукаятцы,
знізу звонка іражў жарэбчык,
зверху кацяня крычала,
з похваў чуўся брэх сабачы.
Вяйнямёйнен, меч узяўшы,
110секануў гару з жалеза
ды такія словы мовіў:
“Гэтакім лязом я змог бы
скалы надвая рассекчы,
надвая рассекчы горы!”
115Сам кавальнік Ілмарынен
тут сказаў такія словы:
“Чым жа я змагу, няшчасны
ад бяды абараніцца,
апаясацца, прыкрыцца,
120ад бяды зь зямлі ды з мора?
Апрануць кашулю з косці,
ці жалезную кальчугу,
пас жалезны апаясаць?
У даспехах муж дужэйшы,
125пачувае сябе лепей
у сталёвым апаяску.”
Рушыць час прыспеў героям,
выпраўляцца ў шлях далёкі.
Ехаў стары Вяйнямёйнен,
130з ім кавальнік Ілмарынен.
Вось каня шукаць узяліся,
жаўтагрывага ў лесе.
Узялі аброці ў рукі,
збрую ўсю падрыхтавалі,
135паміж дрэў каня шукалі,
у лясным зялёным змроку,
у далёкіх сініх пушчах,
па ўзлесках верасовых.
А знайшлі яго ў дуброве,
140жаўтагрывага ў нетрах.
Векамудры Вяйнямёйнен
і кавальнік Ілмарынен
на каня аброць надзелі,
ды надзейна зацуглялі.
145Вершкі на каня паселі
і паехалі ўзбярэжжам.
З берага пачуўся лямант,
крыкі нейкія з прычала
Векамудры Вяйнямёйнен
150Тут сказаў такія словы:
“Так дзяўчына толькі плача,
птушаня рыдае горка!
Можа мы бліжэй падыйдзем,
Паглядзім, што там такое?”
155Сам жа слаўны Вяйнямёйнен
на кані бліжэй пад’ехаў.
Плакала там не дзяўчына
і не птушаня рыдала:
гучна плакала там лодка,
160човен там рыдаў штомоцы.
Стары Вяйнямёйнен мовіў,
Стоячы ля самай лодкі:
“Што, дашчаны човен, плачаш,
ты, з уключынамі лодка?
165Можа кепска збіты дошкі,
важкія крукі ўключын?
Адказаў дашчаны човен,
лодка так яму сказала:
“Да вады імкнецца човен
170з тых вальцоў, смалой пакрытых,
да мужа імкнецца дзеўка
з родных церамоў высокіх.
Я і плачу, човен бедны,
лодка ўбогая бядую,
175каб мяне ў ваду штурхнулі,
на марскі прастор пусцілі.
Калі мяне будавалі,
дык спявалі і казалі,
што ваенным чоўнам буду,
180буду лодкаю для бітвы,
што вазіць буду здабычу,
скарбаў поўны буду плаваць,
але ж на вайну не трапіў,
не вазіў яшчэ здабычу!
185Горшыя бываюць лодкі
на вайне ў бітвах грозных,
увесь час на бітвы ходзяць,
не адзін раз адплываюць,
можа разы тры за лета
ды вяртаюцца дадому
190скарбаў поўныя ды грошай.
Я ж, выдатна збіты човен,
я, стодошкавая лодка,
на сваіх згніваю трэсках,
тут, на беразе мярцвею.
195Чэрві брыдкія пад кілем
у незлічонасці гнязьдзяцца,
птушкі гідкія на мачце
пазвівалі свае гнёзды,
усе жабы з гэтай пушчы
200поўзаюць па мне без страху.
Удвая было б мне лепей,
нават утрая прыемней
у бары сасной застацца,
гонкаю стаяць на горцы,
205бегала б па мне вавёрка,
ды сабака ўнізе гаўкаў.”
Векамудры Вяйнямёйнен
тут сказаў такія словы:
“Ты не плач, дашчаны човен,
210не сумуй добрая лодка!
На вайну ты хутка трапіш,
паплывеш насустарч бітвам.
Калі ты збудова Бога,
калі Госпада стварэнне,
215слізгані ў ваду ты бокам,
бокам выслізні на хвалі,
каб цябе рукой не кратаць,
не крануць цябе далонню,
не штурхаць цябе плячыма,
220не таўхаць цябе штосілы.”
Так дашчаны човен мовіў,
лодка ў адказ сказала:
“Мой вялікі род ніколі,
ні браты мае, ні сёстры,
225на ваду не сходзяць самі,
не выслізваюць на хвалі,
калі не штурхнуць рукою,
ды не таўхануць штосілы.”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
230“На ваду цябе спіхну я.
Ці паедзеш ты без вёслаў,
калі веславаць ня буду,
калі ветразь не напнецца
і стырна ў цябе не будзе?”
235Так дашчаны човен мовіў,
лодка ў адказ сказала:
“Мой вялікі род ніколі,
ні браты мае, ні сёстры,
з месца зрушыцца не могуць,
240калі веславаць не будуць,
калі ветразь не напнецца,
і стырно служыць не будзе.”
Векамудры Вяйнямёйнен
тут сказаў такія словы:
245“Ці паедзеш з веслярамі,
калі вёслы будуць рухаць,
калі ветразі напнуцца,
і стырно кіраваць будзе?”
Так дашчаны човен мовіў,
250лодка ў адказ сказала:
““Мой вялікі род заўсёды,
і браты мае, і сёстры,
з вёсламі плывуць ахвотна,
весела па хвалях пойдуць,
255калі ветразі напнуцца
і стырно кіраваць будзе.”
Тады стары Вяйнямёйнен
на пяску каня пакінуў,
прывязаў яго да дрэва,
260лейцамі за голле моцна,
у ваду штурхнуў караблік,
спевамі спіхнуў на хвалі
і спытаў тады ў лодкі,
словы вымавіў такія:
265“Выгнуты прыгожа човен,
ты, з уключынамі лодка!
Ты ці так прыгожа пойдзеш,
як прыгожа выглядаеш?”
Так дашчаны човен мовіў,
270лодка ў адказ сказала:
“Так магу выдатна плаваць,
гэтак жа, як выглядаю,
сто я весляроў змяшчаю,
тысячу вазьму без вёслаў.”
275Векамудры Вяйнямёйнен
тут завёў замовы-спевы.
На адзін бок таго чоўна
наспяваў малойцаў слаўных
у прыгожых новых ботах,
280усе з магутнымі рукамі.
На другі бок таго чоўна
наспяваў дзяўчат прыгожых
у паясах з аздобай меднай,
усе ў залатых пярсцёнках.
285Спяваў далей Вяйнямёйнен,
на ўсе лаўкі ў тым чоўне
наспяваў людзей пажылых,
што ўвесь век свой там сядзелі;
а дзе месца засталося --
290наспяваў туды падлеткаў.
Сам жа за стырно ўзяўся,
сеў на лавачку з бярозы,
скіраваў наперад човен,
так сказаў і так прамовіў:
295“Ты ляці па хвалях, чоўнік,
па бязлеснаму абшару,
быццам бурбалка па моры,
нібы кветка ў ручаіне!”
Веславаць прымусіў хлопцаў,
300а дзяўчат сядзець пакінуў,
Дзецюкі зьгіналі вёслы -
шлях не карацеў далёкі.
Веславаць дзяўчат прымусіў,
а сядзець пакінуў хлопцаў.
305Дзеўкі пазбівалі пальцы –
шлях не карацеў далёкі.
Пасадзіў дзядоў на вёслы,
маладых сядзець пакінуў.
Да знямогі веславалі –
310шлях не карацеў далёкі.
Тут кавальнік Ілмарынен
веславаць адзін узяўся.
Паляцеў дашчаны човен,
шлях далёкі скарачаўся,
315чуўся толькі пляскат вёсел
ды рыплівы плач уключын.
Спрытна веславаў кавальнік,
ажно гойдаліся лаўкі
ды драчом стагналі вёслы,
320ручкі – быццам курапаткі
лопасці – нібы цяцеркі
лодкі нос крычаў, як лебедзь,
карма каркала варонай,
ды ўключыны крахталі.
325Сам жа мудры Вяйнямёйнен
кіраваў чаўном майстэрскі,
хватка лодкаю чырвонай,
ля стырна заняўшы месца.
Мыс наперадзе ўзняўся,
330вёсачка была мысе.
Ахці жыў на гэтым мысе,
Каўка каля гэтай бухты.
плакаў ад бязрыб’я Каўка,
ад бясхлеб’я Леммінкяйнен,
335свіран быў зусім маленькі --
прайдзісвет аб гэтым плакаў.
Ён вычэсваў борт для лодкі,
дно драўлянае для чоўна,
на сваім галодным мысе,
340каля вёскі гарапашнай.
У яго быў слых выдатны,
вока вострае ў хлопца.
Кінуў ён на поўнач позірк,
потым пазірнуў пад сонца
345і вясёлку ў небе згледзеў,
хмарку там, на небасхіле.
Ды была гэта не хмарка,
не вясёлка там зіхцела,
гэта плыў па моры човен,
350весела ляцеў караблік
па храбтах марскіх празрыстых,
па прасторы неагляднай;
ля стырна герой пажылы,
дужы муж сядзеў на вёслах.
355Тут прамовіў Леммінкяйнен:
“Гэта човен незнаёмы,
дзіўная будова ў лодцы,
што плыве да нас з Суомі,
што да нас з усходу едзе
360і кіруецца на захад.”
Гучна ён тады паклікаў,
загукаў са свайго мыса,
загарлаў герой румяны,
што ёсць моцы закрычаў ён:
365“Чыя лодка там імчыцца,
човен чый ляціць па хвалях?”
Адказалі так мужчыны,
а жанчыны падтрымалі:
“Нейкі лесавік ты дзіўны,
370ты, дзікун з далёкай пушчы,
калі човен не пазнаў ты,
Вяйнямёйнена караблік,
весляра пазнаць не змог ты,
не пазнаў і стырнавога!”
375Леммінкяйнен так прамовіў:
“Пазнаю я стырнавога,
весляра пазнаў таксама:
Векамудры Вяйнямёйнен,
ля стырна сядзіць, кіруе,
380а вяслуе Ілмарынен.
Куды едзеце, героі,
куды шлях вядзе далёкі?”
Адказаў так Вяйнямёйнен:
“Мы кіруемся на поўнач,
385па бурлівых грозных хвалях,
па ўспененым патоку.
Здабываць мы едзем Сампа,
тое вечка распісное,
з медных нетраў Сарыёлы,
390з-пад гары суровай Пох’і.”
Леммінкяйнен так прамовіў:
“Гэй, старэча Вяйнямёйнен!
Ты вазьмі с сабой героя,
вазьмі трэцяга асілка,
395калі едзеш ты па Сампа
за той накрыўкай чароўнай.
Буду не апошнім мужам,
калі біцца давядзецца.
Папрацуюць добра рукі,
400плечы добра дапамогуць.”
Векамудры Вяйнямёйнен
узяў героя ў вандроўку,
запрасіў яго ў лодку.
Тут вясёлы Леммінкяйнен
405паспяшаўся сесці ў човен,
подбегам прыйшоў да лодкі
і прынёс з сабою дошкі
Вяйнямёйнену для лодкі.
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
410“У мяне ўдосталь дошак,
каб барты ўсе залапіць,
назапашана, як трэба.
Ты навошта дошкі носіш,
ды бярвенне нам у човен?”
415Адказаў так Леммінкяйнен:
“Запас човен не пагубіць,
не паваляць стог падпоркі.
Часта ў Паўночным моры
зносіць вецер борт высокі,
420адрывае дошкі з лодкі.”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Для таго ў ваенным чоўне
нос жалезам абкаваны,
у латы моцныя закуты,
425каб не паддавацца ветру,
устаяць супраць віхуры.”