РУНА САРАКАВАЯ
Падарожнікі рушылі па Сампа. Яны дабіраюцца да вадаспада, дзе іхны човен налятае на вялізнага шчупака (1—94). Шчупака забіваюць і з’ядаюць (95—204). Вяйнямёйнен бярэ шчупаковыя сківіцы і робіць з іх новы музычны інструмант – кантэле. Шмат хто спрабуе граць, але нічога не выходзіць. Кантэле аддаюць Вяйнямёйнену (205 –342)
Векамудры Вяйнямёйнен
скіраваў свой човен далей,
удалячынь ад таго мысу,
ад той вёскі гарапашнай;
5ён са спевам плыў па хвалях,
поўны радасці па водах.
Усе дзяўчаты з узбярэжжа,
спеў пачуўшы той казалі:
”Што за радасць там на моры,
10што за спевы над вадою?
Радасці чуваць там болей,
Чым раней у гэтых песнях!”
Стары Вяйнямёйнен ехаў
дзень па сухадолых рэчках,
15на другі дзень – па балотных,
па парожыстых – на трэці.
Бесклапотны Леммінкяйнен
прыгадаў, што чуў замовы
для агністых вадаспадаў,
20для свяшчэнных вадакрутаў.
Ён сказаў такія словы,
да вады ён так прамовіў:
”Вадаспадзе, супакойся,
пену скінь, суцішы хвалі!
25Панна рэчкі, дзева пены!
Ты прысядзь сярод камення,
сярод пены палымянай!
Абдымі рукамі хвалі,
сцісні бурныя ў абдымках,
30пену ў далонях сцісні,
каб не пырскаліся хвалі
ды на грудзі нам не лезлі!
Гаспадыня хваляў лютых,
белапенная кабета!
35Ты ўзляці над гнеўнай пенай,
уздыміся па-над хваляй,
каб утаймаваць струмені,
хвалі злосныя суцішыць,
каб ніхто ад іх не згінуў
40з тых бязгрэшных ды нявінных!
Камяні сярод патоку,
сярод хваляў белапенных!
Пад ваду ілбы схавайце,
ды пад хвалямі галовы,
45на шляху чырвонай лодкі,
чоўна з чорным дном смалістым!
Валадар падводных скалаў,
Ківі-Кімма, ты, сын Каммы!
Прасвідруй у скалах дзюрку,
50ды зрабі праход шырокі
сярод камянёў падводных,
сярод скалаў ненасытных,
каб там човен не захраснуў,
там прайшоў без перашкоды!
55Калі ж гэтага не хопіць,
рэчкі валадар магутны,
ты зрабі каменні мохам,
шчупаковым дыхам човен,
каб ён праслігнуў па хвалях
60у патоку бурнапенным!
А ты, панна вадаспаду,
дзева бурнага патоку!
Ты спрадзі моцную нітку
з той імжы белатуманнай,
65працягні яе праз воды,
сінюю ўздоўж струменяў,
каб ляцеў па нітцы човен,
дном асмоленым праехаў,
каб праехаў нават слабы,
70нетутэйшы каб праехаў!
Ты, багіня вадакрутаў,
Мелатар, вядзі наш човен,
за стырно сама вазьміся,
правядзі праз гэты воды
75каля хаты чарадзеяў,
пад акном зачараваным!
Калі ж гэтага не хопіць,
Укка, мой высокі Божа,
мечам правядзі наш човен,
80як стырном, клінком сталёвым,
каб ляцеў драўляны човен,
лодка лёгкая імчала!”
Векамудры Вяйнямёйнен
скіраваў наперад лодку,
85паміж камянёў падводных,
паміж хваляў грукатлівых;
не спыніўся лёгкі човен,
лодка мудраца не стала.
А як выйшла на прасторы,
90на абшар вады бязмежны,
супыніла бег свой лодка,
човен перастаў імчацца
На адным застыў ён месцы,
з месца зрушыцца не можа.
95Тут кавальнік Ілмарынен
ды вясёлы Леммінкяйнен
вясло ў мора апусцілі
ды яловую жардзіну,
намагаліся пасунуць,
100штурхануць наперад лодку.
Не скрануўся з месца човен,
не пасунуўся наперад.
Векамудры Вяйнямёйнен
так сказаў і так прамовіў:
105” Гэй, вясёлы Леммінкяйнен!
Нахіліся, каб разгледзець,
што трымае нашу лодку,
што спыніла наш караблік
на абшары тым бязмежным,
110на спакойным ціхім плёсе?
Можа пень які, ці камень,
ці якая там завада?
Той вясёлы Леммінкяйнен
паглядзець туды схіліўся.
115Зазірнуў пад самы човен
ды такія словы мовіў:
”То не пень трымае човен
і не на каменні лодка --
на спіне на шчупаковай,
120на хрыбце рачнога звера.”
Векамудры Вяйнямёйнен
так сказаў і так прамовіў:
”У рэчках ёсць усё, што хочаш,
шчупакі ёсць і калоды.
125Калі нас шчупак трымае,
на спіне рачны сабака,
па вадзе ты лясні мечам,
каб рассекчы злую рыбу!”
Тут вясёлы Леммінкяйнен,
130зухаваты спрытны хлопец,
выхапіў свой меч магутны,
той, што косці рассякае,
па вадзе клінком ударыў
дый зваліўся вонкі з лодкі,
135з пырскамі зляцеў у хвалі,
шумна пляснуўся малойчык.
Тут кавальнік Ілмарынен
хлопцу ў валасы ўчапіўся,
з мора выцягнуў героя
140ды сказаў такія словы:
”Кожны сябе мужам лічыць,
калі моцна збарадацеў,
хоць такіх на свеце сотні,
а то й тысячы сустрэнеш!”
145Меч свой з пояса сарваў ён,
вырваў з похваў меч магутны,
шчупака клінком ударыў,
раз, другі, махнуў пад лодкай,
меч рассыпаўся на друзкі,
150а шчупак не зварухнуўся.
Стары мудры Вяйнямёнен
тут сказаў такія словы:
”Вас не хопіць на поўмужа,
а героя й на траціну,
155калі ў мужа патрабуюць
розум, а не толькі сілу!
Вось тады знікае розум,
і любая справа гіне!”
Выняў ён клінок свой з похваў,
160вострае дастаў жалеза.
Усадзіў свой меч у мора,
у ваду пад самым чоўнам,
шчупаку ў спіну штомоцы,
у рэбры вадзянога звера.
165Меч застаўся ў целе рыбы,
у целе шчупака завязнуў.
Векамудры Вяйнямёйнен
рыбіну ўзняў над морам,
шчупака падняў зь бяздоння;
170надвая шчупак зламаўся:
хвост зляцеў назад у мора,
галава ўпала ў човен.
Паляцеў наперад човен,
лодка зрушылася з месца.
175Векамудры Вяйнямёйнен
човен скіраваў да выспы,
скіраваў да ўзбярэжжа.
Павярнуўся ён і ўбачыў
галаву вялізнай рыбы,
180сам сказаў такія словы:
” Хто б тут з жаніхоў старэйшы
шчупака таго разрэзаў,
разабраў бы на кавалкі,
галаву разняў на часткі!”
185Мужы з чоўна так сказалі,
так жанкі сказалі з лодкі:
”У рыбака надзейней рукі,
і святыя ў яго пальцы.”
Векамудры Вяйнямёйнен
190выцягнуў свой ножык з похваў,
узяў халоднае жалеза;
ім і разабраў ён рыбу,
шчупака разняў на часткі,
сам сказаў такія словы:
195”Наймалодшая дзяўчына
хай мне шчупака згатуе,
зварыць рыбу на сняданак,
на абед шчупак хай будзе.
Дзесяць дзевак узяліся
200гатаваць штосілы рыбу.
Шчупака зварылі хутка,
на сняданак яго зьелі,
засталіся толькі косці,
толькі косці на каменнях.
205Векамудры Вяйнямёйнен
паглядзеў на тыя косці,
іх з усіх бакоў агледзеў
ды сказаў такія словы:
”Ці магло б што-небудзь выйсці,
210калі б зубы шчупаковы,
сківіцы марскога звера,
апынуліся б у кузні,
у руках каваля-майстра,
у дасведчанага мужа?”
215Ілмарынен так прамовіў:
”Анічога зь непатрэбных
рыбных костак тых не выйдзе,
хоць і будуць яны ў кузні,
у руках каваля-майстра,
220у дасведчанага мужа!”
Векамудры Вяйнямёйнен
так сказаў і так прамовіў:
”Можа ўсё ж такі і выйдзе
кантэле з тых рыбных костак,
225калі б тут знайшоўся майстар
ды зрабіў бы ўсё, як трэба.”
Ды той майстар не знайшоўся,
не знайшоўся той умельца,
каб звязаць рыбныя косткі.
230Векамудры Вяйнямёйнен
сам вязаць узяўся косткі,
майстраваць узяўся спрытна,
кантэле зрабіў ён з костак,
векавечную ўцеху.
235Ды адкуль узяў ён кораб?
Сківіцы ўзяў шчупаковы.
Ды адкуль калкі пад струны?
Узяў ён зубы шчупаковы.
А з чаго зрабіў ён струны?
240Конскі волас браў у Хійсі.
Вось і зроблена прылада,
кантэле ўжо змайстравана,
з костак рыбных звонкі кораб,
з рыбных шчэляпаў сабраны.
245Маладзёны тут сыйшліся
ды жанатыя мужчыны,
падыходзілі падлеткі
і дзяўчаты падбягалі,
маладзіцы ды бабулі,
250проста сталыя кабеты
паглядзець на тое дзіва,
струны звонкія паслухаць.
Векамудры Вяйнямёйнен
маладым даў і старэнькім,
255ды кабетам ужо сталым
пальцамі зайграць на струнах,
каб гудзеў той кораб звонкі,
з костак моцных шчупаковых.
Гралі хлопцы і старыя,
260веку сталага мужчыны.
Гнуліся ў падлеткаў пальцы,
трэсліся ў старых галовы,
не ўзлятала ў неба радасць,
весялосць не ўзлятала.
265Тут прамовіў Леммінкяйнен:
”Гэй вы, хлоцы-недарэкі,
безгаловыя дзяўчаты
ды бязглуздыя мужчыны!
Сярод вас няма музыкі,
270каб звінець прымусіў кораб!
Вы яго сюды мне дайце,
кантэле сюды нясіце,
пакладзіце на калені
пад дзясятак спрытных пальцаў!”
275Лёгкадумны Леммінкяйнен
кантэле ўзяў у рукі,
звонкае перад сабою,
пад дзясятак спрытных пальцаў.
Дакранаўся ён да струнаў,
280ставіў кораб так і гэтак,
толькі кантэле не грала,
не спявала ўсім на ўцеху.
Тут прамовіў Вяйнямёйнен:
“Сярод моладзі няма тут,
285і няма сярод падлеткаў,
і сярод старых не знойдзеш,
хто б зайграў усім на радасць,
кантэле спяваць прымусіў..
Можа ў Пох’яле мы знойдзем
290добрага музыку-майстра,
каб заграў усім на радасць,
калі ў Пох’ялу адправіць?”
Ён паслаў на Поўнач кораб,
кантэле ў Сарыёлу.
295Там ігралі і дзяўчаты,
і хлапчыны маладыя,
і замужныя кабеты,
і жанатыя мужчыны.
Сама Пох’і гаспадыня
300кантэле ў руках круціла,
пальцы торкала паўсюдна
аж пазногці шкрабацелі.
Да той музыкі ў Пох’і
люд усякі дачыніўся:
305не ўзлятала ў неба радасць,
весялосць не не ўзлятала.
Струны ў калдун віліся,
спяваў скаргі конскі волас,
гукі брыдкія ўзляталі,
310кепска кантэле гучала.
Спаў на печцы невідушчы,
дзед стары ляжаў на печцы.
Вось прачнуўся на ляжанцы,
у сваім кутку ўзняўся,
315забурчаў там на прыступцы,
так з кутка свайго згугнявіў:
“Ды пакіньце вы там ляпаць,
супыніце гэты вэрхал!
Ад яго баляць мне вушы,
320галава трашчыць ад болю,
валасы тырчком паўсталі,
збег надоўга сон ад дзеда!
Калі кантэле з Суомі
радасці нам не прыносіць,
325ні дрымотнай асалоды,
ні навее сон салодкі,
дык закіньце яго у мора,
утапіце яго ў хвалях,
ці назад яго аддайце,
330аднясіце звонкі кораб
прама ў рукі яго творцы,
майстру здатнаму пад пальцы!”
Праспявалі гучна струны,
кантэле ў адказ сказала:
335”Рана ў ваду ісці мне,
і не час ісці пад хвалі!
Хай раней сыграе майстра,
хай адчуе радасць творца!”
Кантэле паважна знеслі
340і з павагаю паклалі
прама ў рукі майстру кораб,
на калені рунапеўцу.