Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА СОРАК ДРУГАЯ

Падарожнікі дабіраюцца да Пох’ялы, і Вяйнямёйнен прапануе Лоўхі падзяліць Сампа, а то калі тая не згадзіцца, дык яны яны гвалтам забяруць усё (1-58). Гаспадыня Пох’ялы не згаджаецца аддаць Сампа і ўздымае супраць прыхадняў увесь народ Пох’ялы (59-64). Вяйнямёйнен пачынае граць на кантэле і сваёй чароўнай музыкай пагружае ўсіх пах’яланцаў у глыбокі сон, потым знаходзіць Сампа. Героі дастаюць яго з-пад каменнай гары і нясуць у човен (65 – 164). Яны спакойна адплываюць з Пох’ялы дадому (165 – 308). Гаспадыня Пох’ялы прачынаецца на трэці дзень і бачыць, што Сампа забралі калевальцы. Яна насылае на вандроўнікаў шчыльны туман, моцны вецер ды іншыя навалы , каб неяк затрымаць іх. Пад час буры Вяйнямёйнен упускае сваё новае кантэле ў мора (309-562).

Акселі Галлен-Калела, «Выкраданне Сампа», 1905. Грамадскі набытак.
Акселі Галлен-Калела, «Выкраданне Сампа», 1905. Грамадскі набытак.
Векамудры Вяйнямёйнен,
з ім кавальнік Ілмарынен
ды вясёлы Лемммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
паплылі раўнінай мора,
па адлогіх светлых хвалях,
да халоднай змрочнай вёскі
ў цёмнай Пох’яле марознай,
дзе героі ўсе знікаюць,
патанаюць у бяздонні.
А хто быў там веслярамі?
Спераду быў Ілмарынен.
Веславаў каваль той слаўны,
заграбаў вяслом галоўным.
А другім быў Леммінкяйнен,
веславаў вяслом апошнім.
Сам жа мудры Вяйнямёйнен
ля стырна ўладкаваўся,
скіраваў у мора човен
ды павёў яго праз хвалі,
белапенныя патокі,
срэбнаўспененыя плыні,
да прычалаў пах’яланскіх,
да тых берагоў знаёмых.
Вось да берага прысталі,
шлях закончылі далёкі,
на зямлю ўсцягнулі човен,
чорнасмолены на бераг,
на сталёвыя падстаўкі,
на вальцы з чырвонай медзі.
Потым рушылі да хаты,
увайшлі туды паспешна.
Гаспадыня Сарыёлы
ў іх адразу так спытала:
“Што нам скажаце, героі,
ды якія ў вас навіны?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ на тое мовіў:
“Гаварыць пра Сампа будзем,
пра накрыўку распісную:
падзяліць яго прышлі мы,
падзівіцца на той покрыў.”
Але тут старая Лоўхі
словы мовіла такія:
“Паміж трох дзяліць няможна
курапатку ды вавёрку.
Добра там працуе Сампа,
круціцца стракаты покрыў
у нетрах Пох’ялы каменных,
у пячоры жоўтамеднай.
Гаспадыняй быць мне добра,
добра мне валодаць Сампам.”
Векамудры Вяйнямёйнен
У адказ ёй так прамовіў:
“Калі не дасі нам частку,
ты палову не дасі нам,
дык усё дазвання возмем,
занясем сабе ў човен.”
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
у старшэнным гневе, у шале,
склікала ўсіх пах’яланцаў:
маладзёнаў мечна збройных,
усіх узброеных герояў,
Вяйнямёйнену на згубу.
Векамудры Вяйнямёйнен
кантэле ўзяў у рукі,
сеў, заграў свае напевы.
Ён пачаў іграць цудоўна,
усе заслухаліся людзі
і дзівіліся тым гукам.
Весяліліся мужчыны
ды смяяліся кабеты,
праслязіліся героі
ды ўкленчылі ўсе хлоцы.
Увесь люд знясілеў раптам,
слухачы ўсе саслабелі,
ахапіла ўсіх дрымота,
гледачы ўсе паснулі,
маладыя ды старыя,
ад дзівосных спеваў Вяйнё.
Потым мудры Вяйнямёйнен,
прадракальнік векавечны,
у сваю залез кішэню,
у гаманец засунуў пальцы,
выняў сонныя іголкі,
вочы ўсім заслаў дрымотай,
веі звёў, замкнуў павекі,
чарадзейным сном глыбокім,
усяму стомленаму люду,
усім знясіленым героям:
ён наслаў на ўсіх дрымоту,
каб яны праспалі доўга,
каб паснулі ўсе людзі,
усе насельнікі той вёскі.
Сам тады пайшоў па Сампа,
падзівіцца на той покрыў,
у нетрах Пох’ялы каменных,
у пячоры жоўтамеднай,
дзе было запораў дзевяць,
дзесяць засавак надзейных.
Заспяваў тут Вяйнямёйнен
ціхім голасам закляцці
перад меднымі дзвярыма,
каля крэпасці скалістай:
здрыганулася там брама,
усе завесы зарыпелі.
Пачаў мазаць Ілмарынен,
з дапамогаю астатніх,
засаўкі –замкі на браме.
Змазаў тлушчам ён завесы,
каб не зарыпелі дзверы,
каб не рыпнулі завесы.
Ён замок памацаў пальцам,
засаўкі ўбок адсунуў,
адамкнуў замок складаны,
адчыніў цяжкую браму.
Стары Вяйнямёйнен мовіў,
словы ён сказаў такія:
“Гэй, вясёлы хлопец Каўка,
ты з маіх сяброў найлепшы!
Ты вазьмі зь пячоры Сампа,
прынясі стракаты покрыў!”
І вясёлы Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
без прымусу, без няволі,
без хвалы рабіць гатовы,
зладзіўся пайсці па Сампа,
па стракатую накрыўку.
Адыходзячы сказаў ён,
выхваляючыся мовіў:
“Пачуваюся асілкам
дужым сынам богаУккі,
лёгка зрушу з месца Сампа,
зрушу вечка распісное,
правай пяткай варухнуўшы,
датыкнуўшыся нагою!”
Таўхаў доўга Леммінкяйнен,
націскаў з усяе моцы,
ў абдымках Сампа ціскаў,
у зямлю ўпіраў калені,
ды не зрушылася Сампа,
распісное вечка, з месца,
бо карэнні запусціла
ў глыбіню на дзевяць сажняў.
Быў магутны бык у Пох’і,
вырас дужы, моцны целам,
крутабокі ды прыгожы,
цягавіты, жылаваты;
рогі -- даўжынёй па сажню,
паўтары сажэні -- морда.
Ён узяў быка з той пожні,
плуг узяў з узмежку поля,
карані ўзадраў у Сампа
ды пасунуў яго з месца,
распісное вечка зрушыў,
скалануў стракаты покрыў.
Векавечны Вяйнямёйнен,
ды кавальнік Ілмарынен,
ды вясёлы Леммнікяйнен,
Сампа важкае забралі
з Пох’ялы гары каменнай,
з нетраў меднага пагорка,
ды занеслі яго ў човен,
у караблі сваім схавалі.
Вось нарэшце Сампа ў чоўне,
у лодцы вечка распісное;
на ваду спіхнулі човен,
той стодошкавы на хвалі.
З шумам, з пырскамі скаціўся
карабель бартамі ў мора.
Тут спытаўся Ілмарынен,
словы вымавіў такія:
“А куды звязем мы Сампа
і дзе мы яго схаваем,
каб ад Пох’ялы падалей,
ад мясцін гэтых убогіх?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Вось куды звязем мы Сампа,
Вось дзе мы яго схаваем:
на імжыстым дальнім мысе,
на туманнай дальняй выспе,
каб жыло там вечна шчасце,
каб навечна засталося.
Там жа ёсць адна мясцінка,
лапічак зямлі застаўся:
плуг яго там не парушыў,
меч яго там не наведаў.”
І паехаў Вяйнямёйнен
прэч ад Пох’ялы суровай.
Ён паехаў зь лёгкім сэрцам,
з радасцю, ў свае мясціны,
прамаўляючы пры гэтым:
“Адвярніся, лодка, ад Пох’і,
да сваіх краёў скіруйся,
да чужыны стань кармою!
Вецер, ты гайдай караблік,
падганяйце лодку, хвалі,
памажыце нашым вёслам,
стырнавому памажыце,
на разложыстых абшарах,
на прасторах неабсяжных!
А калі малыя вёслы,
весляры не маюць сілы,
стырнавы тут недарослы,
ці кіруюць чоўнам дзеці,
дай сваё вясло нам, Ахці,
вадзянік, дай нам свой човен,
вёслы новыя ты дай нам,
дай стырно ты нам другое,
сам тады сядай на вёслы,
весляром самым галоўным.
Хай бяжыць імкліва човен,
хай уключыны спяваюць,
пасярод шумлівых плыняў,
сярод хваляў белапенных!”
Стары Вяйнямёйнен далей
гоніць човен свой праз хвалі,
і каваль з ім Ілмарынен,
ды вясёлы Леммінкяйнен,
штомоц вёсламі працуюць,
каб ляцеў наперад човен
па прасторы чыстым светлым
ды па хвалях сівапенных.
Тут прамовіў Леммінкяйнен:
“У часы мае былыя
весляры ваду ўзбурлялі,
а пясняр спяваў ім песні.
Зараз жа ўсё іначай,
і нічога тут не чутна:
не звіняць у лодцы спевы,
не лятуць над морам песні.”
Векамудры Вяйнямёйнен
так сказаў і так прамовіў:
“Недарэчы ў моры спевы,
песні ў хвалях недарэчы!
Спевы толькі разлянуюць,
запаволіць бег свой човен,
залаты дзень марна страцім,
ноч заспее нас у моры
сярод роўнядзі адкрытай,
пасярод вірлівых плыняў.”
Лёгкадумны Леммінкяйнен
тут сказаў такія словы:
“Час і без таго мінае,
дзень цудоўны на сыходзе,
ноч надыйдзе неадольна,
агарне ўвесь свет сутоннем,
хоць бы ты у жыцці ніколі,
не заводзіў сваіх спеваў.”
Ехаў мудры Вяйнямёйнен
па хрыбтах разлогіх сініх,
ехаў дзень, другі дзень ехаў,
а на трэці дзень нарэшце
лёгкадумны Леммінкяйнен
зноў такія словы мовіў:
“Дык чаго ж ты, Вяйнямёйнен,
дабрадзей, не заспяваеш?
Ты ж здабыў удала Сампа
і прама дамоў шыбуеш!”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ прамовіў цвёрда:
“Не да часу будуць спевы,
радавацца нам заўчасна.
А да часу будуць спевы
і да часу будзе радасць,
як свае ўбачым брамы,
зарыпяць нашы завескі.”
Адказаў так Леммінкяйнен:
“Калі б кіраваў я лодкай,
дык спяваў бы я штомоцы,
заспяваў бы на ўсё горла,
хоць да спеваў я не здатны,
хоць ня добры голас маю.
Калі ж ты спяваць не хочаш,
сам вазьмуся я за спевы.”
Лёгкадумны Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
вусны паразмяў для спеваў,
ды як след прачысціў горла.
Заспяваў сам лёгкадумец
голасам шкадобы вартым,
голасам сваім шурпатым,
глоткаю сваёй хрыплівай.
Раскрычаўся Леммінкяйнен,
разгарлаўся Каўкаміелі,
рот і барада дрыжалі
ды трымцела падбароддзе.
Гучна спеў той раздаваўся,
разлятаўся крык над морам,
чуўся ажно ў шостай вёсцы,
аж за сёмым морам чуўся.
Пасярод балота жораў
на пяньку сядзеў спакойна,
пералічваў косці ў пальцах,
задзіраў высока ногі.
Склануўся ён ад жаху,
Леммінкяйнена пачуўшы,
закрычаў ён сам страшэнна,
напалоханы тым спевам.
Узляцеў імгненна жораў,
паляцеў на поўнач шпарка,
праляцеў праз усю Пох’ю,
на балота апусціўся,
зноў пачаў крычаць жахліва,
залемантаваў штосілы,
абудзіў народ паганы,
Пох’ялу ўзняў на ногі.
Пох’ялы тут гаспадыня
скінула зь сябе дрымоту,
кінулася хлеў агледзець,
паглядзець асець ды свіран.
Усё агледзела рупліва,
ўсё майно пералічыла,
ды стаяў у хлеве статак,
збожжа ў свіране ляжала.
Да скалы яна падбегла,
да дзвярэй гары мядзянай.
Як прыйшла туды, сказала:
“Вохці мне, якое ліха!
Пабывалі тут чужынцы,
ўсе замкі мае зламалі,
дзверы моцныя разбілі,
паламалі ўсе завесы.
Дык няўжо і Сампа знікла,
дык няўжо яго забралі?”
Так, адтуль забралі Сампа,
скралі той стракаты покрыў
з-пад скалы ў Сарыёле,
з-пад гары высокай меднай,
хоць там быў замкоў дзясятак,
дзевяць засавак надзейных.
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
чорным гневам успалала,
бо адчула: чэзне сіла
ды знікае яе ўлада.
Пачала яна маліцца:
“Утутар, дачка туманаў!
Ты прасей туман праз сіта,
нагані густыя хмары,
апусці сутонне зь неба,
змрокам агарні прасторы,
неабсяжныя абшары,
мора чыстага прасцягі,
каб спыніўся Вяйнямёйнен,
не змог плыць Уванталайнен!
А калі таго не хопіць,
Іку-Турса, сын Старога,
ўздымі з вады макушку,
высунь галаву з-пад хваляў!
Выкінь з лодкі калевальцаў,
утапі ты іх у моры,
хай нікчэмныя героі
ўсе пад хвалямі загінуць!
З лодкі забяры ты Сампа,
прынясі яго ў Пох’ю.
А калі таго не хопіць,
Укка, мой высокі Божа,
залаты кароль паветра,
срэбны валадар нябесны,
непагадзь пашлі на мора,
злыя сілы непагоды!
Хай уздыме хвалі вецер
супраць гэтай лодкі ў моры,
каб спыніўся Вяйнямёйнен,
не змог плыць Уванталайнен!”
Утутар, дачка туманаў,
усё засмужыла дыханнем,
туманоў нагнала, хмараў,
каб старэча Вяйнямёйнен
прастаяў ажно тры ночы
пасярод прастораў сініх,
каб нікуды не даехаў,
прастаяў там нерухома.
Прастаяўшы так тры ночы
пасярод прастораў сініх,
Векамудры Вяйнямёйнен
так сказаў і так прамовіў:
“Нават муж зусім нікчэмны,
ці герой знямоглы, сонны,
не сканае ад туманаў,
ад густой імжы не зьгіне.”
Разануў клінком па моры,
па вадзе лязом ударыў,
забруіўся мёд па следзе,
мёд пацёк з ляза ў мора,
і прапаў туман у небе,
хмары цёмныя расталі.
Зноўку засінела мора,
заігралі бляскам хвалі,
зноў вялізны свет адкрыўся,
неабсяжным стала мора.
Час мінуў зусім кароткі,
усяго адно імгненне,
як пачуўся шум жахлівы
побач з лодкаю чырвонай,
паляцела з хваляў пена
Вяйнямёйнену ў човен.
Тут кавальнік Ілмарынен
напалохаўся да змогі,
кроў адхлынула ад твару,
спалатнелі ў яго шчокі.
Ён пад гунькаю схаваўся,
коўдрай з галавой накрыўся,
захінуў свой твар надзейна
ды заплюшчыў моцна вочы.
Векавечны Вяйнямёйнен
навакол агледзеў воды,
мора позіркам акінуў,
дзіва дзіўнае ўбачыў:
Іку-Турса, сын Старога,
побач з лодкаю чырвонай
галаву ўзняў над морам,
з хваляў высунуў макушку.
Векамудры Вяйнямёйнен
ухапіў тады за вушы,
над вадой узняў страшыдла,
у яго спытаў сурова,
словы строгія прамовіў:
“Іку-Турса, сын Старога!
Ты навошта з мора вылез
ды над хвалямі ўзняўся
на шляху ў чалавека,
Калевы сыноў дарозе?”
Іку-Турса, сын Старога,
не ўзрадаваўся надта,
ды не надта і спужаўся,
і не адказаў ні слова.
Векамудры Вяйнямёйнен
і другі раз запытаўся,
трэці раз спытаў сурова:
“Іку-Турса, сын Старога!
Ты навошта з мора вылез
ды над хвалямі ўзняўся?”
Іку-Турса, сын Старога,
з трэцяга прамовіў разу
у адказ такія словы:
“Вось таму я з мора вылез
ды над хвалямі ўзняўся,
што была ў мяне задума
пагубіць род калевальцаў,
Сампа ў Пох’ялу аднесці.
Калі ж ты мяне адпусціш,
не пагубіш бедалагу,
я ў жыцці болей ніколі
на шляху ў людзей не стану.”
Векавечны Вяйнямёйнен
бедалагу ў мора кінуў,
сам сказаў такія словы:
“Іку-Турса, сын Старога!
Не выходзь ніколі з мора,
і ніколі не з’яўляйся
у людзей перад вачыма
ты ад сёння і давеку.”
І з тае пары не ўзнікне,
не паўстане з мора Турса
у людзей перад вачыма,
пакуль ясны месяц свеціць,
пакуль ласкавае сонца
светлую нясе пяшчоту.
Стары Вяйнямёйнен далей
човен свой пагнаў наперад.
Час мінуў зусім кароткі,
усяго адно імгненне.
Укка, грозны бог магутны,
валадар вятроў жахлівы,
ураган паслаў насустрач,
непагадзь паслаў на мора.
Узнялася навальніца,
ветры злосныя ўзняліся,
шчыравалі там штосілы:
рэзаў холадам заходні,
працінаў наскрозь паўднёвы,
хвалі гнаў штомоц усходні,
злосна выў паўночна-ўсходні
ды заходзіўся паўночны.
Вецер здуў лістоту з дрэваў,
абадраў іголкі з соснаў,
кветкі з верасоў лясовых,
з палявой травы – насенне.
Чорны глей падняў з глыбіняў
на паверхню вод празрыстых.
Люта ветры бушавалі,
ды хвасталі човен хвалі,
кантэле ўхапілі з лодкі,
скрынку з косці шчупаковай,
Велламы людзям на радасць,
дзецям Ахталы на шчасце.
Ахта ўбачыў арфу ў моры,
дзеці Ахты -- сярод хваляў,
кантэле яны схапілі,
пад ваду дамоў занеслі.
Засмуціўся Вяйнямёйнен,
слязмі вочы затуманіў
ды сказаў такія словы:
“Кантэле маё прапала,
згінула мая ўцеха,
патанула мая радасць!
Болей у жыцці ніколі,
не пачую аж да скону,
гукаў кантэле чароўных,
голас шчупакова зуба.”
Сам кавальнік Ілмарынен
тут спалохана прамовіў
у журбе такія словы:
“Дрэнна я зрабіў, гаротнік,
калі выправіўся ў мора,
у пагрозлівыя хвалі,
на бярвеннях гэтых хісткіх,
гэтых жэрдачках дрыготкіх!
Валасы мае зазналі
злых вятроў ды непагоды,
дасталіся дні ліхія
барадзе маёй у моры,
і не бачыў я ніколі
буры гэтакай жахлівай,
такіх лютых пенных хваляў
ды вятроў неўтамавальных.
Злітуйся з мяне, вятрыска,
пашкадуйце мяне, хвалі!”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Нечага ў лодцы плакаць,
бедаваць у добрым чоўне.
Ад бяды плач не ўратуе,
слёзы ў бядзе не помач.”
Потым зноў прамовіў слова,
Так сказаў і так прамовіў:
“Утаймуй дачок, вадзіца,
ўгамані дзяцей гарэзных,
Ахта, супакой ты хвалі,
гэтых Веллама дзіцёнкаў,
каб не рушылі мой човен,
маю лодку не хвасталі!
Ты ўзляці ў неба, вецер,
узніміся аж за хмары,
да свайго вярніся роду,
у сям’ю сваю вярніся!
Не валі ты нашу лодку,
не гайдай драўляны човен!
Ты ламай у лесе дрэвы,
валі елкі на пагорках!”
Тут вясёлы Леммінкяйнен,
прыгажун той Каўкаміелі,
словы гэткія прамовіў:
“Прыляці, арол тур’янскі!
Прынясі мне крыху пер’я,
ты, крумкач дай яшчэ колькі,
каб падвысіць бакі ў лодцы,
у гэтым чоўне ненадзейным!”
Сам бакі надставіў лодцы,
дошкі новыя прыладзіў,
так усе барты падвысіў,
іх вышэй зрабіў на сажань,
каб не залівалі хвалі,
не лілася вада ў човен.
Добра зладзілася лодка,
вышыні бакоў хапала,
не баяцца каб гайданкі,
хваляў бурных не баяцца
на бягу ў марскіх прасторах,
сярод пеннагрывых хваляў.
↑ Змест