Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА СОРАК ТРЭЦЯЯ

Гаспадыня Пох’ялы рыхтуе карабель, узбройвае сваіх людзей і кідаецца ў пагоню за калевальцамі, каб адабраць у іх Сампа (1—22). Паміж Калевалай і Пох’ялай завязваецца бітва, і Калевала перамагае. (23 – 248). Аднак гэтая перамога не поўная, таму што Лоўхі паспявае ўхапіць Сампа, але ўпускае яго ў мора, дзе яно разбіваецца на кавалкі (259—266). Вялікія кавалкі застаюцца на марскім дне, дзе ператвараюцца ў каштоўныя скарбы, а маленькія кавалкі хвалі выкідваюць на бераг, і Вяйнямёйнен радуецца, бо лічыць гэта прадвесцем дабрабыту (267 – 304). Раз’юшаная Лоўхі пагражае Калевале рознымі бедамі, аднак Вяйнямёйнен не баіцца, і гаспадыня Пох’ялы засмучаная вяртаецца дадому з непатрэбным ёй вечкам ад Сампа (305 – 384). Вяйнямёйнен старанна падбірае ўсе кавалачкі Сампа, садзіць іх у зямлю і жадае вечнага шчасця свайму краю (358 – 434).

Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
ваяроў сваіх сабрала,
раздала тугія лукі,
вострыя мячы мужчынам,
карабель падрыхтавала,
Пох’ялы ваенны човен.
Пасадзіла усіх у лодку,
прывяла герояў мужных,
як дзяцей прыводзіць качка,
птушанят сваіх на бераг:
прыйшлі сотні мечаносцаў,
лучнікі прыйшлі шыхтамі.
Узнялі ў чоўне мачту,
ды прыладзілі ўсе рэі,
ветразь узняслі на мачту,
палатно да моцных рэяў,
нібы воблака пад неба,
нібы хмарку ў нябёсы.
Шпарка паімчаўся човен,
птушкай паляцеў караблік,
наўздагонку калевальцам
каб забраць у Вяйнё Сампа.
Векамудры Вяйнямёйнен
кіраваў сваёю лодкай.
Ён стырно трымаў надзейна
І такія словы мовіў:
“Гэй ты, Лемпі сын вясёлы,
што з сяброў маіх найлепшы!
Ты узлезь наверх на мачту,
ускараскайся на рэю!
Спераду агледзь ты неба,
ззаду мора азірні ты,
небакрай наўкол ці светлы,
чысты кругавід, ці хмарны!”
Лёгкадумны Леммінкяйнен,
весялун той дужы, спрытны,
на любую справу здатны,
без хвалы і без падгону,
вомігам узлез на мачту,
ускараскаўся на рэю.
Азірнуў усход і захад,
паглядзеў на поўнач, поўдзень,
бераг Пох’ялы агледзеў
ды сказаў такія словы:
“Спераду ў небе чыста,
цьмянае за намі неба:
з поўначы находзіць хмара,
з поўначы плыве заходняй.”
Мовіў мудры Вяйнямёйнен:
“Ты няпраўду, кажаш, хлопча,!
Нас не хмара даганяе,
і не воблака ў небе,
ветразень ідзе за намі.
Паглядзі яшчэ раз пільна!”
Паглядзеў яшчэ раз Каўка
ды сказаў такія словы:
“Выспа нейкая ледзь бачна
удалечыні на моры,
сокалы там на асінах
ды глушцы там на бярозах.”
Мовіў мудры Вяйнямёйнен:
“Ты няпраўду кажаш, хлопча!
Сокалаў там не бывае,
не было глушцоў ніколі,
гэта з Пох’ялы героі.
Паглядзі пільней яшчэ раз!”
Лёгкадумны Леммінкяйнен
трэці раз агледзеў мора
ды сказаў такія словы,
так сказаў і так прамовіў:
“Лодка з Пох’ялы імчыцца,
сотня вёслаў б’е па моры,
сто герояў там вяслуюць,
тысяча -- адпачываюць!”
Так нарэшце Вяйнямёйнен
атрымаў адказ праўдзівы
ды такія словы мовіў:
“Ты мацней вяслуй, кавальнік,
ты, вясёлы Леммнікяйнен
ды ўсе людзі, налягайце,
каб хутчэй імчаў наш човен,
каб ляцеў хутчэй караблік!”
Слаўны майстра Ілмарынен,
лёгкадумны Леммінкяйнен,
ды ўсе людзі веславалі;
так хадзілі часта вёслы
ажно ўключыны рыпелі
і дрыжаў сасновы човен,
нос яго спяваў цюленем,
карма вірам клекатала,
вада ускіпала пенай,
віравала ўслед за лодкай.
Веславалі ўсе штомоцы,
што ёсць сілы налягалі,
ды не аддаляўся човен,
уцячы не мог сасновы,
ад той лодкі пах’яланскай,
з ветразем тугім на мачце.
Зразумеў тут Вяйнямёйнен,
што бяда ідзе па следу,
даганяе іх пагібель.
Паразважыў ён, падумаў,
што рабіць, як ратавацца
і сказаў такія словы:
“Я магу знайсці ратунак,
ведаю цудоўны сродак.”
Ён дастаў з кішэні цэру,
крэсіва сваё ўзяў ён,
крэменю дастаў кавалак,
адламаў кавалак цэры,
за спіну шпурнуў у мора,
за плячо шпурнуў налева
ды прагаварыў замову,
словы вымавіў такія:
“Вырастай скала ў моры,
пад вадой нябачны востраў!
Хай стовёсельная лодка
там аб скалы разаб’ецца
і загіне ў злосных хвалях
пад выццё шалёнай буры!”
Вырасла скала ў моры,
выспа з камянёў падводных,
шырынёй ішла на поўнач,
даўжынёй на ўсход далёка.
Шпарка бег Пох’ялы човен,
разразаў адважна хвалі,
раптам наляцеў на водмель,
на падводнае каменне,
і адразу раскалоўся,
разваліўся сторабровы:
паляцела мачта ў мора,
падхапілі ветразь хвалі.
Іх пагнаў вясенні вецер
па прасторы белапенным.
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
спрытна скочыла ў мора,
каб спіхнуць з камення човен,
зрушыць з водмелі падводнай.
Ды не зрушыць лодку з месца,
з камянёў гэтых падступных,
бо зламаліся ўсе рэбры,
усе ўключыны зляцелі.
Думала старая Лоўхі,
словы мовіла такія:
“Хто падаў бы мне параду,
што рабіць мне ў няшчасці?”
Памяняла тут аблічча,
цела новае стварыла.
Узяла пяць косаў вострых,
шэсць матыкаў непатрэбных,
ды зрабіла кіпці з косаў,
рукі дужыя з матыкаў,
узяла палову лодкі,
падвязала пад калені,
дошкі крыламі зрабіла,
а стырно – хвастом вялізным.
Сто мужоў на крылы селі,
тысяча на хвост магутны,
сотня мечнікаў адважных,
тысяча стралкоў-герояў.
Распусціла Лоўхі крылы,
птушкай узляцела ў неба,
паімчала ў паднябессі
наўздагон за чоўнам Вяйнё,
б’е адным крылом па хмарах,
а другім ганяе хвалі.
Тут красуня маці водаў
словы мовіла такія:
“Гэй, старэча Вяйнямёйнен!
Паглядзі хутчэй з-пад сонца,
азірні паўночны захад,
павярніся на імгненне!”
Векамудры Вяйнямёйнен
паглядзеў назад з-пад сонца,
азірнуў паўночны захад,
павярнуўся на імгненне:
даганяе баба з Пох’і,
птах жахлівы налятае
з галавой нібы арлінай,
быццам з сакаліным целам!
Вяйнямёйнена дагнала,
ўчапілася за мачту,
ўхапілася за рэі,
на вяршыню мачты села.
Нахіліўся той караблік,
ледзь не лёг на хвалі човен.
Тут кавальнік Ілмарынен
кінуўся маліцца Богу,
Творцы ён малітвы ўзносіў,
прамаўляў такія словы:
“Памажы, высокі Божа,
уратуй, прыгожы Творца
ад пагібелі злой сына,
матчына дзіця ад смерці!
Дай пажыць яшчэ на свеце,
між стварэннямі тваімі!
Укка, векавечны Божа,
слаўны ты жыхар нябесны!
Дай мне вогненнае футра,
палымяную кашулю,
каб мяне абараніла,
зберагла мяне ў бітве,
каб і волас не зваліўся,
галаву сваю збярог я
ў жахлівых гульнях сталі,
у звоне грознага жалеза!”
Сам жа мудры Вяйнямёйнен
вымавіў такія словы:
“Гэй ты, гаспадыня Пох’і!
Хочаш, мы падзелім Сампа
на імжыстым дальнім мысе,
на туманнай дальняй выспе?”
Лоўхі ў адказ сказала:
“Я дзяліць не буду Сампа,
напалам з табою, подлы,
муж нікчэмны Вяйнямёйнен!”
І сама ўхапіла Сампа,
пацягнула яго з чоўна.
Бесклапотны Леммінкяйнен
вырваў меч сталёвы з похваў,
ухапіў клінок свой востры
з боку левага таропка;
секануў арла па кіпцях,
па ўчэпістых ударыў.
Біў вясёлы Леммінкяйнен,
прамаўляў такія словы:
“Уніз, мужы, клінкі кідайце,
сонныя, злятайце долу,
сто герояў долу з крылаў,
зь кіпцюроў далоў дзясяткі!”
Пох’ялы тут гаспадыня
з мачты так яму сказала:
“Безгаловы Леммінкяйнен,
Каўка подлы, муж нікчэмны!
Ашукаў ты сваю маці,
схлусіў ты старой матулі,
што не будзеш болей біцца
шэсць гадоў, а можа дзесяць,
хоць і золата захочаш,
або серабра здабыць ты!”
Векамудры Вяйнямёйнен,
прадракальнік векавечны,
зразумеў – пара настала,
вырашальнае імгненне.
Выхапіў стырно з патокаў,
з хваляў бурных руль дубовы,
ім пачвару ён ударыў,
кіпцюры адбіў у птушкі,
адляцелі ўсе кіпці,
ды адзін усё ж застаўся.
З крылаў дзецюкі ўпалі,
паляцелі ў мора хлопцы:
сто герояў з крылаў дужых,
тысяча з хваста ўпала.
І сама арліца ўпала
з вышыні прама ў човен,
нібы цецярук з бярозы,
як тая вавёрка з елкі.
Ухапілася за Сампа
адным пальцам безнайменным,
Сампа у ваду зваліла,
распісное вечка ў хвалі,
скінула з чырвонай лодкі
ў глыбіню патокаў сініх.
Раскалолася там Сампа
на кавалкі распісное.
Патанула шмат абломкаў,
шмат кавалкаў велічэзных
знікла пад вадой навечна,
патанула ў чорнай твані,
стала скарбам там каштоўным
у падводным царстве Ахта.
І з тае пары ніколі,
пакуль месяц залаціцца,
не загіне вод багцце,
не збяднеюць скарбы Ахта.
А маленькія кавалкі,
невялічкія асклепкі,
паплылі па хвалях сініх,
па абшары неабсяжным,
іх люляў у моры вецер,
калыхала вадацеча.
Вецер іх гайдаў у моры,
гналі іх па моры хвалі,
па бязмежнаму блакіту,
па хрыбтах у белай пене.
Да зямлі іх неслі плыні,
гнаў да берага іх вецер.
Векамудры Вяйнямёйнен,
бачыў як віруюць плыні,
бачыў як на ўзбярэжжа,
на пясок, кідаюць хвалі
Сампа дробныя кавалкі,
рэшткі вечка распіснога.
Ён узрадваўся вельмі
і сказаў такія словы:
“Вось яны, тыя зярняты,
з якіх шчасце наша ўзыйдзе,
пойдуць пашы і палеткі,
узрасце ўсё на свеце!
Месяц зазіхцее ў небе,
сонейка засвеціць ясна
на прасторах неабдымных
Суомі, краіны любай!”
Лоўхі, Пох’і гаспадыня,
словы мовіла такія:
“Дастаткова ў мяне сілы,
я знайду надзейны сродак
супраць пашаў ды палеткаў,
супраць руні ды гавяды,
не заззяе у небе месяц,
не засвеціць сонца ў небе:
я ў гарах зняволю месяц,
сонца заганю ў пячору,
застужу ўсё марозам,
ветрам зледзяню халодным
твае пашы ды палеткі,
да расточка твае гоні;
град нашлю я свой жалезны,
вынішчу дажджом сталёвым
усе засеяныя нівы,
усе да каліва палеткі.
Разбуджу мядзведзя ў лесе,
рэдказубага ў пушчы,
хай ён губіць тваіх коней,
хай тваіх кабыл шматае,
перарэжа ўсю худобу,
усе статкі твае знішчыць.
Я звяду народ твой морам,
выведу ўвесь род пад корань,
каб ніхто яго й не ўспомніў,
пакуль свеціць месяц ясны.”
Стары Вяйнямёйнен мовіў
у адказ такія словы:
“Не баюся я замоваў
ні лапландзкіх, ні тур’янскіх!
Бог валодае надвор’ем,
і ў Яго ключы ад шчасця,
а не ў пальцах чарадзейкі,
і не ў ворага пад пахай.
Спадзяюся я на Бога,
абароніць мяне Творца:
чарвякоў з палеткаў згоніць
знішчыць шкоднікаў на нівах,
каб пасеваў не псавалі,
не губілі каб расліны,
не чапалі каб расточкаў,
ураджай наш не зжыралі.
А ты, з Пох’ялы кабета,
загані бяду ў каменне,
пахавай у скалах ліха,
пад гарой усе нягоды,
а не месяц серабрысты,
ды не залатое сонца!
Ты студзі марозам лютым,
ледзяні халодным ветрам,
свае ўласныя пасевы,
свае ўласныя палеткі!
Падае хай град жалезны
ды сталёвы дождж ліецца
на палі далёкай Пох’і,
дзе твае плугі аралі!
Разбудзі мядзведзя ў лесе,
лютага ката ў пушчы,
рэдказубага ў нетрах,
касалапага з-пад хвояў,
каб у Пох’яле ён знішчыў
усіх коней ды худобу!”
Пох’ялы тут гаспадлыня
словы мовіла такія:
“Страціла я сваю ўладу,
сваю моц я загубіла,
пад вадой маё багацце,
патанула Сампа ў моры!”
Са слязьмі пайшла дадому,
у Пох’ялу пайшла з журбою.
Здабыць Сампа не ўдалося,
дасталася адна дробязь,
толькі тое і панесла,
што ўхапіла адным пальцам:
толькі вечка распісное
ў сваю Пох’ялу панесла.
Вось таму й бядуе Пох’я,
мала хлеба ў лапландцаў.
Векамудры Вяйнямёйнен
выйшаў сам тады на бераг.
Там знайшоў абломкі Сампа,
распіснога вечка рэшткі,
на шырокім узбярэжжы,
на мяккім пяску ля мора.
Пасадзіў кавалкі Сампа,
рэшткі вечка распіснога,
на імжыстым дальнім мысе,
на туманнай дальняй выспе,
каб яны там узбуялі,
каб маглі ператварыцца
ў жыта спелае для хлеба,
у спелы ячмень для піва.
Вяйнямёйнен так прамовіў,
словы ён сказаў такія:
“Ты дазволь, высокі Божа
нам парадавацца шчасцю,
дай шчаслівае жыццё нам,
звекаваць яго пачэсна
ў Суомі, краіне любай,
у Карэліі чароўнай!
Уратуй, высокі Божа,
нас абарані, вялікі,
ад усіх мужчын зламысных,
ад усіх жанок зладумных!
На зямлі і пад вадою
утаймуй ты чарадзеяў!
Для сыноў будзь абаронай,
будзь падмогай сваім дзецям,
уначы ім будзь апорай,
удзень -- аховаю надзейнай!
Хай прыязна грэе сонца
ды прыветна свеціць месяц,
не шалеюць злыя ветры,
не сякуць дажджы шалёна,
не лютуюць хай марозы,
непагадзь нас абмінае!
Пабудуй ты плот жалезны,
ды пастаў сцяну з камення,
ты навокал майго краю,
з двух бакоў маёй старонкі,
каб ішла заслона з неба,
да зямлі каб даставала
і была нам абаронай,
нашаю была аховай,
каб не мог наслаць на нівы
вораг чорнага суроку,
да таго, пакуль на небе
залаты зіхцее месяц!”
↑ Змест