Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА СОРАК ЧАЦВЁРТАЯ

Вяйнямёйнен бядуе, што згубіў сваё кантэле і ідзе шукаць яго у моры, але марна (1—76). Потым вырашае зрабіць з бярозы новае кантэле. Ён пачынае граць, і увесь свет захапляецца чароўнымі гукамі (77—334).

Векамудры Вяйнямёйнен
так памеркаваў, падумаў:
“Як было б нядрэнна зараз
тут як след павесяліцца,
у жыцці шчаслівым, новым,
пасярод сядзібаў слаўных!
Ды Вось кантэле прапала
і навекі знікла радасць
у харомінах падводных,
дзе жыве лассь у скалах,
вадзянік дзе валадарыць,
людам Велламы кіруе.
Не аддасць яго мне Ахта,
кантэле сабе пакіне!
Гэй кавальнік Ілмарынен!
Шчыра працаваў ты ўчора,
папрацуй жа ты і сёння!
Ты зрабі з жалеза граблі,
граблі з частымі зубамі,
зубы частыя з грабільнам,
каб я мог у вадацечы
згрэсці ў ахапак хвалі,
чараты марскія ў копы
наўсцяж берага марскога,
каб знайсці сваю уцеху,
кантэле дастаць з глыбіняў,
з тых харомінаў падводных,
дзе жыве ласось ў скалах!”
І каваль той Ілмарынен,
векавечны майстра слаўны,
выкаваў з жалеза граблі,
меднае зрабіў грабільна;
зубы там па сто сажэняў,
пяцікроць даўжэй грабільна.
Тады мудры Вяйнямёйнен,
граблі на плячо ўскінуў
і прайшоў зусім нядоўга,
змерыў шлях зусім кароткі:
да каткоў прыйшоў сталёвых,
да мядзянага прычалу.
Каля берага дзве лодкі,
два чаўны стаялі побач
на качулках тых сталёвых,
ля мядзянага прычалу:
ветразень адзін быў новы,
другі ветразень стары быў.
Так прамовіў Вяйнямёйнен,
так сказаў да новай лодкі:
“У ваду спусціся, човен,
ветразень, сыйдзі на хвалі,
каб рукой цябе не рушыць,
не крануць цябе і пальцам!”
На ваду спусціўся човен,
ветразень сыйшоў на хвалі.
Векамудры Вяйнямёйнен
на самай карме ўсеўся,
падмятаць паехаў мора,
грэсці хваляў вадакруты.
Кветкі ён сабраў у плынях,
перабраў па ўзбярэжжу
чарацінкі ды травінкі,
усе водарасцяў рэшткі,
пашукаў у рыбных сховах,
паміж скалаў і камення,
ды нідзе знайсці не змог ён
скрынку з косці шчупаковай;
так прапала назаўсёды
кантэле, яго ўцеха.
Векамудры Вяйнямёйнен
невясёлы йшоў дадому,
галаву ў маркоце звесіў,
збілася на вуха шапка;
словы сам казаў такія:
“Назаўсёды знікла радасць,
скрынка з косці шчупаковай,
кантэле, мая ўцеха!”
Па лясной ішоў паляне,
па ўскрайку леса крочыў
і пачуў: бяроза плача,
звілаватая бядуе.
Падыйшоў бліжэй да дрэва,
зусім блізка падступіўся,
і спытаў так у бярозы:
“Што, краса-бяроза плачаш,
што, зялёная, рыдаеш,
што бядуеш, белы пояс?
На вайну цябе не гоняць,
ваяваць не прымушаюць.”
Так прамовіла бярозка,
так, зялёная, сказала:
“Можа хто-небудзь і скажа,
ці падумае хто-небудзь,
што ў радасці жыву я,
весялюся бесклапотна.
Я ж, бяздольная, ў турботах,
у журбе свой век вякую,
у гароце дні праходзяць,
поўныя жальбы і скрухі.
Я ўсё плачу, небарака,
ды аб тым усё бядую,
што жыву я без надзеі,
тут стаю без абароны,
на паганым гэтым месцы,
гэтым выгане шырокім.
Ёсць шчаслівыя на свеце,
бо яны надзею маюць,
што надыйдзе хутка лета,
іх цяплом сваім сагрэе.
Я ж, няшчасная бярозка,
мушу ўвесь час баяцца,
што зьдзяруць маю бяросту,
абламаюць мне галінкі.
Часта да мяне пяшчотнай,
далікатнай, вельмі часта,
дзеці ўвесну прыбягаюць,
каб вясеннім днём кароткім,
мне кару нажом параніць
ды зь мяне напіцца соку.
Злыя пастухі ўлетку
белы пояс мой зьдзіраюць,
плятуць похвы, робяць чашы,
берастовачкі для ягад.
Часта да мяне пяшчотнай,
далікатнай, вельмі часта,
чарадой ідуць дзяўчаты,
весяляцца ў карагодзе
ды маё зразаюць вецце,
вяжуць венікі з галінак.
Часта бедную бярозку,
бедалажную нярэдка,
падсякаюць без літосці,
спальваюць у печы трэскі.
Тройчы ўжо і гэтым летам,
цёплай сонечнай парою,
падыходзілі мужчыны
ды сякеры тут вастрылі
на бяду маёй галоўцы,
на жыцця майго загубу.
Вось такая ўлетку радасць,
сонечнай парой уцеха,
ды і ўзімку тут нялёгка ,
снежнаю парой не лепей.
Скруха чорная заўчасна
мне знявечвае аблічча,
хіліць галаву дадолу,
палатнеюць мае шчокі,
калі толькі прыгадаю
цёмную пару ліхую.
Прынясе пакуты вецер,
сцюжа прынясе турботы,
знясе вецер маё футра,
сцюжа знішчыць мае строі.
Застаюся небарака,
я, гаротная бяроза,
без зялёнага ўбрання,
распранутая начыста,
трэсціся пад золкім ветрам,
калаціцца пад завеяй.”
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Ты не плач, мая бярозка,
не сумуй, расток зялёны,
не журыся, белы пояс!
Цябе шчасце напаткае
у жыцці прыгожым, новым;
ты ад радасці заплачаш,
заспяваеш ты ад шчасця.”
І ўзяўся Вяйнямёйнен
выразаць з бярозы кораб.
Цэлы летні дзень ён рэзаў,
працаваў без адпачынку,
на імжыстым дальнім мысе,
на туманнай дальняй выспе.
Зрабіў кантэле аснову,
скрынку спеўную наладзіў,
новую зрабіў уцеху,
ён з бярозы звілаватай.
“Вось і кантэле аснова,
кораб радасці адвечнай.
Дзе калкоў здабыць магу я,
дзе знайду цвічкоў патрэбных?”
За сялібай дуб магутны
рос, высокі, на задворку;
роўныя раслі галінкі,
на галінцы кожнай -- жолуд,
венчык залаты -- на кожным,
а на венчыку – зязюля.
Кукавала там зязюля,
на пяць галасоў спявала,
золата лілося зь дзюбкі,
срэбраны ручай бруіўся,
на ўзвышша залатое,
на сярэбраны ўзгорак;
Вось для кантэле калочкі
ды цвічкі для ўцехі спеўнай!
Стары Вяйнямёнен мовіў,
словы ён сказаў такія:
“Ёсць для кантэле калочкі
ды цвічкі для ўцехі спеўнай,
ды драбніцы не хапае,
тут бракуе пяцёх струнаў.
Дзе ж узяць языкі-струны,
дзе здабыць кантэле голас?”
Струны ён шукаць пусціўся,
па лясной пайшоў паляне,
на паляне той дзяўчына,
ў даліне там сядзела.
Не ў слязах была дзяўчына,
дый не ў радасці вялікай;
яна песеньку спявала,
бавіла са спевам вечар:
жаніха свайго чакала,
любага ў хуткім часе.
Векамудры Вяйнямёйнен
басанож пабег па лесе,
паляцеў нячутнай хмаркай.
Падыйшоў ён да дзяўчыны,
папрасіў у дзевы волас,
сам сказаў такія словы:
“Дай мне пасмачку, дзяўчына,
валасоў тваіх пяшчотных,
струны звонкія наладзіць,
голас для ўцехі вечнай!”
Падала яму дзяўчына
пасму валасоў пяшчотных,
падала пяць залацістых,
шэсць і сем сваіх дзявочых
аддала яму на струны,
на голас уцехі вечнай.
Было кантэле гатова.
Векавечны Вяйнямёйнен
сеў на самы ніжні камень,
на прыступку каля брамы,
кантэле ўзяў у рукі,
да сябе сваю ўцеху.
Павярнуў да неба выгін,
на калені ўзяў аснову,
каб наладзіць звонкі голас,
струны гучныя настроіць.
Вось наладзіў звонкі голас,
струны гучныя настроіў,
кантэле ўзяў у рукі,
да сябе сваю ўцеху.
Жвава замільгалі пальцы,
весела ўсе пяць скакалі,
па тугіх дрыготкіх струнах,
па пяшчотных звонкіх ніцях.
Граць узяўся Вяйнямёйнен,
загучаў чароўны кораб.
Спрытна пальцы там імкалі,
узлятаў вялікі ўгору,
заспявала тут бяроза,
зазвінеў тут белы пояс,
золатам вяла зязюля,
радаваўся тонкі волас.
Хутчэй заімкалі пальцы,
мацней зазвінелі струны,
скалануліся пагоркі,
задрыжалі горы й скалы,
луснула ў вадзе каменне,
паплыла жарства па хвалях,
распачалі скокі сосны,
пні скакалі на палянах.
І жанчыны Калевалы,
вышыванне пакідалі
і на спевы ручайкамі,
рэчкамі туды пабеглі.
Смеючыся ішлі дзеўкі,
весела ішлі жанчыны,
каб ігру тую паслухаць,
каб парадавацца спевам.
А мужчыны ўсе паблізу
у руках трымалі шапкі,
і жанчыны ў акрузе
ўсе рукой падпёрлі шчокі.
Праслязіліся дзяўчаты,
хлопцы сталі на калені,
струны кантэле гучалі,
чаравалі ўсіх навокал.
Нібы вуснамі аднымі,
адным языком сказалі:
“Не даводзілася слухаць,
нам такой ігры цудоўнай,
не было такой ніколі,
колькі у небе свеціць месяц!”
Звон чароўны разлятаўся,
па шасці далёкіх вёсках.
Не было й малой звярынкі,
што не чула тыя спевы,
струны дзіўныя не чула,
голас кантэле пяшчотны.
Усе жывёліны лясныя,
кіпцюры схаваўшы, селі,
каб паслухаць тыя гукі
ды як след павесяліцца.
Паднябесны ўсе птахі
на галінкі пасядалі,
усе падводныя стварэнні
каля берагоў пасталі.
Падзямельныя ўсе чэрві
выпаўзлі са сваіх нораў,
на паверхню ўзняліся,
каб паслухаць цуда-гукі,
голас кантэле пяшчотны,
Вяйнямёйнена ўцеху.
Векамудры Вяйнямёйнен
граў на кантэле дзівосна,
цуда-музыка ўзлятала.
Ён іграў два дні спадраду
без супынку, без спачыну,
адзін раз паеў уранні,
адзін раз падперазаўся,
адзін раз надзеў кашулю.
Калі ён іграў у хаце,
у сваім сасновым доме,
радасна звінела гонта,
усе маснічыны спявалі,
балькі радасна гудзелі,
весяліліся вакенцы,
печ цагляная скакала,
шулы дружна падпявалі.
Калі ельнікам праходзіў,
па бары ішоў сасновым,
кланяліся яму елкі,
сосны галаву схілялі,
на зямлю зляталі шышкі,
падала на глебу хвоя.
Калі гаем ён праходзіў,
светлаю ішоў палянай,
спеў заводзіла лістота,
весяліліся паляны,
карагод вадзілі кветкі,
нахіляліся галінкі.
↑ Змест