РУНА СОРАК ПЯТАЯ
Гаспадыня Пох’ялы насылае на Калевалу розныя хваробы (1—190). Вяйнямёйнен вылечвае людзей з дапамогай моцных заклінанняў ды зёлкаў (191—362).
Лоўхі, Пох’і гаспадыня,
як пачула тую вестку,
што квітнее Калевала,
Вяйнёла жыве багата,
5праз тыя кавалкі Сампа,
рэшткі вечка распіснога,
лютай зайдрасцю ўспалала,
апанталася задумай,
учыніць якую погань,
10ці якою згубай звесці,
Вяйнёлы народ шчаслівы,
Калевалы люд багаты.
Так звярнулася да Уккі,
так магутнага прасіла:
15“Укка, мой высокі Божа,
пагубі ты калевальцаў,
пасячы жалезным градам,
джалам пакусай сталёвым!
Пагубі хваробай лютай,
20вынішчы той род паганы,
струпяні мужчын у полі,
у хлявах забі кабетаў!”
Дачка Туані сляпая,
Лоўятар, старая баба,
25найпаганейшая зь дзевак,
што радзіліся ў Мане,
усіх бед была вытокам,
тысячы навалаў розных.
Чорнае ў яе аблічча,
30скура ў валоссях гідкіх.
Маналы дачка сляпая,
чарнаскурая дзяўчына,
пасцяліла на дарозе
посцілку ў гразі агіднай;
35і лягла яна пад ветрам,
пад халоднай непагодай,
задам да лядзянай слоты,
перадам да ўсходу сонца.
Наляцела тут віхура,
40вецер наляцеў з усходу,
плод надуў дурной дзяўчыне,
чэрава ёй абцяжарыў
на паляне без расточка,
без травінкі аніводнай.
45Чэрава яна насіла
цяжкае сваё з журбою.
Два, тры месяцы насіла
ды чацвёрты месяц, пяты,
сем і восем пранасіла,
50і прайшоў дзявяты месяц,
а бабулькі палічылі,
што дзясятага палова.
Месяц так прайшоў дзявяты,
на дзясятага пачатку
55чэрава тугое стала
і напоўнілася болем,
ды не наступалі роды,
не выходзіў плод паганы.
Вось пайшла яна адгэтуль
60ды лягла ў іншым месцы.
Блудніца радзіць хацела,
вывесці шчанят распусных,
паміж дзьюх вялізных скалаў,
у распадзіне міжгорнай.
65Ды не наступалі роды,
не выходзіў плод паганы.
Вось знайшла другое месца,
каб аблегчыць там вантробы,
каля багны непралазнай,
70там, дзе плешчылі патокі,
ды ўсё ж не удалося,
ёй пазбавіцца цяжару.
Вырадзіць дзіця хацела
ды пазбавіцца ад плода
75ў пене агнявых патокаў,
у шалёных вадакрутах,
трох вірах неўтаймавальных,
каля стромкага абрыву.
Ды не наступалі роды,
80не выходзіў плод паганы.
Тут заплакала пачвара,
зажурылася паскуда,
не магла яна прыдумаць,
куды ёй падацца зараз,
85каб пазбавіцца цяжару,
нарадзіць дзяцей паганых.
З воблака сказаў Усявышні,
Творца так прамовіў з хмары:
“Ёсць трысцен каля балота,
90каля берага закутак,
у Пох’яле краіне змроку,
у пахмурнай Сарыёле.
Вось туды і выпраўляйся,
каб нарэшце разрадзіцца!
95Там цябе з дзяцьмі чакаюць,
пільная ў іх патрэба.”
Чорная дачка Туані,
Маны гідкая дзяўчына,
падыйшла да хаты ў Пох’і,
100лазні ў цёмнай Сарыёле,
каб радзіць дзяцей паганых,
вырадзіць сваё адроддзе.
Лоўхі, Пох’і гаспадыня,
рэдказубая старая,
105завяла яе ў лазню,
патаемна ў хацінку,
каб нячутна было ў вёсцы,
не пачуў ніхто ні слова.
Напаліла хутка лазню,
110хутка ўсё падрыхтавала,
пырснула на дзверы півам,
брагай паліла завескі,
каб не зарыпелі дзверы,
каб не рыпнулі завескі.
115Потым так яна сказала,
словы мовіла такія:
“Каве, ты дачка тварэння,
з бляскам залатым красуня,
найстарэйшая жанчына,
120маці існага на свеце!
Стань ў моры па калена,
па паяс ты стань ў хвалях,
у ярша вазьмі ты слінак,
вазьмі слізі мянтузовай,
125каб нацерці паміж костак,
бакі зеллем тым намазаць,
уратаваць ад болю дзеўку,
ад пакутаў тых пазбавіць,
ад радзільных мук пякельных,
130чэрава цяжар аблегчыць.
Калі ж гэтага не хопіць,
Укка, мой высокі Божа,
ты прыйдзі на дапамогу,
паспяшайся на мой заклік!
135Ледзь трывае тут дзяўчына,
боль у чэраве нясцерпны,
у смуроднай лазні дымнай,
у вясковай цёмнай лазні.
Залатую вазьмі доўбню
140праваю рукой магутнай!
Разламай ты перапоны,
вушакі абрынь дадолу,
адамкні замок бажэсны,
засаўкі ў бок адсунь ты,
145каб малы й вялікі выйшаў,
выйшаў нават слабасільны!”
Тут агідная дзяўчына,
Туані дачка сляпая,
разрадзілася нарэшце
150ды свой вывадак злавесны
гунькай зрэбнаю накрыла,
цёплай коўдрай меднатканай.
Нарадзіла дзевяць хлопцаў,
летняй ночкаю адною.
155Пакуль пара была ў лазні,
пакуль мылася ў начоўках,
апрасталася начыста,
вырадзіла дзевяць дзетак.
Кожнаму дала мянушку,
160падабрала ім найменні,
як заўсёды робіць творца,
са стварэннямі сваімі:
болькай аднаго назвала,
колікай другі зрабіўся,
165звала трэцяга ламотай,
стаў сухоткаю чацвёрты,
пятаму імя кароста,
скула шостаму найменне,
сёмаму назоў паморак,
170восьмага чумой празвала.
Безнайменны быў дзевяты,
выпаўзень самы апошні.
І паслала яго маці
заклінальнікам на воды,
175чараваць на ўзбярэжжы
ды паўсюдна зайздрасць сеяць
Лоўхі, Пох’і гаспадыня,
склікала ўсіх да кучы,
на імжыстым дальнім мысе,
180на туманнай дальняй выспе
і паслала тое ліха,
нечуваныя хваробы,
роду Вяйнёлы на згубу,
на пагібель Калевале.
185Захварэў люд калевальскі,
Вяйнёлы ляглі героі
ад хваробаў нечуваных,
невядомых па найменню,
аж гнілі пад імі ложкі,
190зверху коўдры загнівалі.
Выйшаў мудры Вяйнямёйнен,
чарамоўца векавечны,
ратаваць людзей ад згубы,
душы ратаваць людзкія,
195ад хваробаў невядомых,
ад нашэсця з Туанелы.
Напаліў штомоцы лазню,
там расчырваніў каменні;
чыстымі паліў дрывамі:
200нацягаў з вады бярвення.
Ён хаваў з вадою вёдры,
венікаў прынёс таемна,
венікі як след распарыў,
столістовыя расправіў.
205Пары ён уздаў мядовай,
узляцела пара зь мёдам
ад распаленых каменняў,
ад палаючых кавалкаў.
Ён сказаў такія словы,
210так прамовіў чарамоўца:
“Ты сыйдзі, нябесны Ойча,
у распаленую лазню,
каб вярнуць людзям здароўе,
каб народ наш супакоіць!
215Затушы хваробы іскры,
пагасі ты боль пякучы,
схаладзі сквар нертывалы,
выгані дурную пару,
хай дзяцей тваіх не паліць,
220не калечыць тваіх дзетак!
Хай вада, што наліваю
на гарачыя каменні
зробіцца гаючым мёдам,
сокам зробіцца салодкім,
225возерам мядовым стане,
пацячэ мядовай рэчкай,
праз каменні гэтай печкі,
пасярод замшэлай лазні!
Хай бязвінныя не гінуць,
230не канаюць без хваробы,
без на тое волі боскай
ды без божага дазволу.
А хто нас, невінаватых,
пагубіць закляццем схоча,
235хай ад слоў сваіх сканае,
ад сваіх зламысных думак!
Калі ж я не надта дужы,
няма сілы ў сына Уккі,
каб перамагчы закляцці,
240знішчыць чорную навалу,
гэту сілу мае Укка,
які сам сядзіць на хмары,
ўсімі хмарамі кіруе,
воблакі ганяе ў небе.
245Укка, мой высокі Божа,
ты, ў хмарах векавечны!
Пільная ў табе патрэба,
паспяшайся з дапамогай,
знішчы нашыя пакуты,
250адгані ад нас хваробы,
адвядзі ад нас сурокі,
злыя немачы ды болькі!
Меч агністы падаруй мне,
клінок вогненны, іскрысты,
255каб перамагчы паганых,
вынішчыць ліхое племя,
на вятрах развеяць беды,
боль па пустках недасяжных!
Я тады зганю пакуты,
260заганю ўсе хваробы
у каменныя пячоры,
пад жалезныя скляпенні,
хай ад болю стогнуць скалы,
камяні ад болю млеюць.
265Толькі скалы ды каменні
не заплачуць ад пакутаў,
хоць бязлітасна катуй іх,
насылай бязмерна болю.
Дзева болю з Туанелы,
270камень болю пад табою,
каля плыні трох патокаў,
каля ростаняў струменных.
Ты хваробаў жорны круціш,
мелеш немачы ў скалах!
275Завядзі ўсе хваробы
ў пашчу сіняга камення,
ці закінь ты ў ваду іх,
утапі ў марскім бяздонні,
дзе няма ніколі ветру,
280дзе не грэе цёпла сонца!
Калі ж гэтага не хопіць,
валадарыня хваробаў
ды пакутаў гаспадыня,
тут з’явіся безмарудна,
285каб вярнуць усім здароўе,
супакоіць люд бязвінны!
Адбяры ў болю сілу
ды знясіль усе пакуты,
каб нямоглыя паснулі,
290каб паспалі ўсе спакойна,
а пасля ўсе паўсталі,
без турботаў ды пакутаў!
У чарпак збяры пакуты,
боль збяры ў медны кошык,
295занясі ўсе хваробы,
усе раны ды ламоты,
на вяршыню скалы болю,
на гару хваробаў розных!
Там звары хваробы тыя
300ў маленькім чыгуночку,
што велічынёй з напёрстак,
куды ўлезе адзін палец!
Камень ёсць сярод гарушкі,
сярод камня – свідравіна,
305што свярдзёлакам зрабілі,
што жалезам прабівалі.
Запіхай туды хваробы,
загані ўсе калецтвы,
кінь туды усе пакуты,
310дні гаротныя ўцісні,
каб сядзелі там начамі,
днямі выйсця не шукалі!”
Векамудры Вяйнямёйнен,
чаразнаўца векавечны,
315зёлкамі намазаў болькі,
раны вымазаў старанна,
дзевяць мазяў ужываў ён,
восем розных цуда-лекаў.
Сам сказаў такія словы,
320так сказаў і так прамовіў:
“Укка, мой высокі Божа,
векавечны муж нябесны!
Прыгані з усходу хмару,
з поўначы нашлі другую,
325вышлі з захада хмарыну,
каб яны вадою з мёдам,
увесь боль з хваробай змылі,
загаілі б усе раны!
Не зраблю адзін нічога
330я без дапамогі боскай.
Памажы мне, Усявышні,
ты прыйдзі на дапамогу,
а мае пабачаць вочы,
я памацаю рукамі,
335пашапчу я сам замову,
ажыўлю сваім дыханнем!
Дзе мая рука не зможа,
хай дастане рука Творцы;
дзе я пальцам не дастану,
340хай памогуць пальцы Бога!
Пальцы боскія пяшчотней
болей мяккія далоні.
Заклінаць прыйдзі, Стваральнік,
загаворваць, моцны Божа,
345лекаваць, Усемагутны!
Вылечы ўначы нядужных,
ацалі ўдзень нямоглых,
хай не адчуваюць болю,
не пакутуе хай цела,
350сэрца не сціскае болем.
Зьгінуць хай усе хваробы,
нават самыя малыя,
назаўжды, пакуль на небе,
залаты зіхцее месяц!”
355Векамудры Вяйнямёйнен,
чаразнаўца векавечны,
так прагнаў усе нягоды,
перамог усе сурокі.
Знішчыў ён бяду людзкую,
360насланнё ліхое знішчыў,
уратаваў людзей ад смерці,
Калевы народ ад згубы.