РУНА СОРАК ШОСТАЯ
Лоўхі насылае мядзведзя на статкі Калевалы (1—20). Вяйнямёйнен забівае мядзведзя, і ў Калевале, як гэта патрабуе старадаўні звычай, ладзяць вялікае свята (21—606). Вяйнямёйнен іграе на кантэле, спявае і жадае вечнага шчасця Калевале (607 –644).
Прыляцела вестка ў Пох’ю,
у халодныя мясціны:
ў Вяйнёле ўсе ачунялі,
і пазбегла Калевала
5ёй начараваных бедаў
ды хваробаў нечуваных.
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
рэдказубая старая,
раззлавалася страшэнна,
10словы мовіла такія:
“Ведаю я іншы сродак,
іншыя шляхі да мэты:
выганю мядзведзя зь нетраў,
касалапага нашлю я,
15у Вяйнёле на ўсю гавяду,
на худобу ў Калевале.”
Выгнала мядзведзя зь нетраў,
касалапага наслала
ў Вяйнёле на ўсю гавяду
20на худобу ў Калевале.
Стары мудры Вяёнямёйнен
тут сказаў такія словы:
“Братка любы, Ілмарынен!
Дзіду новую зрабі мне,
25з наканечнікам трохкутным,
з дзяржаком даўгім мядзяным!
Трэба ўзяць у лесе Отса,
ў каштоўнай футры звера,
каб маіх не рушаў коней,
30кабыліц не задзіраў бы,
не чапаў бы мае статкі
ды кароў маіх не рэзаў.”
Рацішча зрабіў кавальнік,
не малое, не даўгое,
35так, сярэдняга памеру;
воўк стаяў каля ўпора,
на лязы сядзеў сам Отса,
лось паўстаў каля вастрышча,
конь па дзяржаку імчаўся,
40а за ім алень капыціў.
Выпала пароша ўранні,
белы тонкі снег пушысты,
нібыта руно ўвосень,
нібыта ўзімку зайка.
45Мовіў гэтак Вяйнямёйнен,
словы ён сказаў такія:
“У мяне ўзнікла думка,
у Метсалу пайсці жаданне,
да лясных дзяўчат у нетры,
50да сініх двароў дзявочых.
Ад людзей пайду ў пушчу
я на працу ад герояў.
Лес, вітай мяне, як мужа,
як свайго героя, Тапіа!
55Памажы, пашлі мне ўдачу,
упаляваць аздобу лесу!
Міеліккі, лясная пані,
Тэллерва, дружына Тапіа!
Прывяжы свайго сабаку,
60загані свайго ты цюцьку
ў бружмелевы загончык,
пад дубовую паветку!
Отса, яблычак лясовы,
дзіва з лапаю мядовай!
65Як пачуеш, што іду я,
набліжаюся адважна,
кіпцюры схавай у футры,
ўтапі ў дзяснах зубы,
каб нікога яны болей
70у жыцці не закраналі!
Отса, братка мой адзіны,
дзіва з лапаю мядовай!
Паляжы ў траве зялёнай,
на пагорачку прыгожым,
75пад высокіх соснаў пошум,
густых елак шапаценне!
Там варочайся ты, Отса
дзіва з лапаю мядовай,
як рабцы ў сваіх гнёздах
80нібы тая гусь на яйках!”
Векамудры Вяйнямёйнен
дальні брэх пачуў сабачы,
ваўкарэза злосны віскат,
ля двара, дзе малавокі,
85тупаносы, дзе таптаўся.
Ён такія словы мовіў:
“Думаў я, што там зязюля,
птушка любая, кукуе,
ды не чутна там зязюлькі,
90птаха любага не чутна,
гэта мой сабака брэша,
голас падае, разумнік,
ля дзвярэй хаціны Отсы,
дзіва з лапаю мядовай!”
95Векамудры Вяйнямёйнен
з Отсам сам-на-сам сустрэўся,
разламаў ядвабны ложак,
на зямлю яго абрынуў
ды сказаў такія словы,
100так сказаў і так прамовіў:
“Дзякуй табе, Усявышні,
і хвала табе, і слава,
што падараваў мне Отсу,
золата аддаў лясное!”
105Ён разгледзеў залатога
ды такія словы мовіў:
“Отса, братка мой адзіны,
дзіва з лапаю мядовай!
Не сярдуй на мяне марна,
110бо не я цябе ўдарыў,
сам жа ты з крывой лясіны,
сам зляцеў з галін хваёвых,
ды падраў сваё адзенне,
летучы ўніз, аб хвою.
115Тут бывае склізка ўвосень,
тут і ўдзень бывае цёмна.
Залаценькая зязюлька
у такім раскошным футры!
Кінь халодную хаціну,
120кінь жытло сваё пустое,
дом з бярозавых галінак,
вербалозны той буданчык!
Пойдзем жа, высакародны,
рушайма, аздоба лесу,
125ідзі ў мяккіх чаравічках,
у сваіх шкарпэтках сініх,
з твайго селішча малога,
ад сцяжынак непраходных
да герояў знакамітых
130да нялічаных натоўпаў!
Будзе там табе ўтульна,
добры пачастунак будзе:
там усіх частуюць мёдам,
падаюць напой мядовы,
135тым, хто ў госці завітае,
хто з дабром ідзе ў хату.
Дык пасунемся адгэтуль,
прэч ад цеснага мярлога,
да надзейнага прытулку,
140пад страху да чалавека!
Ты плыві па белым снезе,
як па возеру гарлачкі,
шмыгай так паміж галінак,
як вавёрачка па дрэву!”
145Векамудры Вяйнямёйнен,
рунапеўца векавечны,
граючы па лесе крочыў,
песнямі напоўніў пушчу,
вёў з сабою цуда-госця
150ў прыгожым бурым футры.
Хутка спевы даляцелі
зь лесу да вясковых хатаў.
Узнялася тут гамонка,
людзі ў хатах так казалі:
155“Пошум чуецца дзівосны,
у лесе спевы раздаюцца,
гэта крыжадзюб стракоча,
дзьме ў дудку панна лесу!
Векамудры Вяйнямёйнен
160да двара дайшоў нарэшце.
Кінуліся ўсе насустрач,
людзі добрыя сказалі:
“Ці не золата ідзе там,
ці не срэбра падыходзіць?
165Можа гэта мех з грашыма
да нас крочыць па дарозе?
Мо’ ахвочую да мёду
рысс лясун падараваў нам,
што прыходзіце са спевам,
170зь песняй едзеце на лыжах?”
Векамудры Вяйнямёйнен
тут сказаў такія словы:
“Выдру я здабыў і слаўлю
гэты дар Гасподні зь лесу,
175і таму ідзем са спевам,
весела на лыжах едзем.
Ды не выдра тут са мною
і не рысь са мной лясная,
тут ідзе аздоба лесу,
180лесу тут ідзе пашана,
лесавы стары шаноўны,
у сваёй прыгожай світцы.
Калі госць ён пажаданы,
адчыняйце наўшыр дзверы,
185калі ж госцейка ня любы,
шчыльна дзверы зачыніце!”
У адказ народ прамовіў,
людзі добрыя сказалі:
“Добры дзень, шаноўны Отса,
190госцейка з мядовай лапай,
ты праходзь у двор наш чысты,
у прыбраную сядзібу!
Увесь век я спадзяваўся,
з маладых гадоў хацеў я
195дудку Тапіа паслухаць,
ды лясовую жалейку,
золата лясное ўбачыць,
срэбра пушчы непралазнай,
у падворках нашых цесных,
200нашых вузенькіх сцяжынках.
Я чакаў, як ураджаю,
нібы лета нецярпліва,
як чакаюць снега лыжы,
каб слізнуць па каляіне,
205жаніха чакае дзеўка,
суджанага маладая.
Ля вакна сядзеў я ўвечар,
ля дзвярэй чакаў уранні,
каля брамы -- цэлы тыдзень,
210цэлы месяц – у прагоне,
на двары чакаў узімку,
доўга я стаяў на снезе,
прастаяў аж да праталін,
збілася зямля ў груды,
215на пясок стаптаў я груды,
і зазелянеў пясочак.
Кожны ранак меркаваў я,
у галаве трымаў я думку,
дзе там затрымаўся Отса,
220дзе там лесу ўлюбёнец?
Ці ў Эстонію пайшоў ён,
ды ўцёк зь зямлі Суомі?”
Векамудры Вяйнямёйнен
тут сказаў такія словы:
225“Дзе тады пасадзім госця,
дзе ўладкуем залатога?
Можа завядзем у пуню
ды ўладкуем на саломе?”
У адказ народ прамовіў,
230людзі добрыя сказалі:
“Ты вядзі нашага госця,
уладкуй ты залатога,
пад гэтым гасцінным дахам,
у жытле гэтым славутым.
235Там гатовы пачастунак,
там пастаўлены напоі,
там падмецена падлога
і маснічыны памыты,
і жанкі там апранулі
240свае лепшыя ўборы,
на галовы павязалі,
свае белыя хусціны.”
Векамудры Вяйнямёйнен
тут сказаў такія словы:
245“Отса, птушачка лясная,
дзіва з лапаю мядовай!
Па зямлі яшчэ прайдзіся,
па паляне верасовай.
Паспяшайся, залаценькі,
250перайдзі гэтае поле,
у сваіх шкарпэтках чорных,
у нагавіцах добратканых,
па сцяжынцы для сінічкі,
па дарожцы вераб’інай,
255ты пад пяць высокіх крокваў ,
ды пад шэсць магутных балек!
Бедныя жанкі, падбайце,
каб не спудзіліся статкі,
не разбегліся ад страху,
260гаспадыніны каровы,
калі ў хату пойдзе Отса,
увойдзе туды калматы!
З сенцаў прэч ідзіце, хлопцы,
і дзяўчаты прэч ідзіце,
265тут герой ідзе ў хату,
уваходзіць муж магутны!
Отса, яблычак лясовы,
дзіва з лапаю мядовай!
Ты не бойся гэтых дзевак,
270не пужайся даўгакосых,
не палохайся кабетаў
у скамечаных панчохах!
Гэй, усе кабеты ў хаце!
У закутак свой ідзіце,
275калі тут герой прыходзіць,
ўваходзіць у святліцу!”
Так прамовіў Вяйнямёйнен:
“Хай дабра вам ды здароўя
Бог пашле ў гэту хату,
280у гасцінныя палаты!
Дзе мы ўладкуем госця,
дзе пасадзім залатога?
У адказ народ прамовіў:
“І табе здароўя, госцік!
285Пасадзі ты свайго птаха,
залатога птушанёнка,
на канцы сасновай лаўкі,
на краю сталёвай лавы,
каб пабачылі мы футра,
290каб маглі яго памацаць!
Не хвалюйся, любы Отса,
і не злуйся ты на тое,
што зь вялікаю увагай
мы агледзім тваё футра!
295Мы псаваць яго не будзем,
не дадзім тваё ўбранне
прайдзісветам на патрэбу,
галадранцам на анучы.”
Векамудры Вяйнямёйнен
300Отсу вызваліў ад футра,
на павець яго павесіў,
у чугун паклаў ён мяса,
у залочаны пасудак,
у мядзянае начынне.
305На агонь казан паднялі,
у полымя кацёл мядзяны,
да краёў кацёл той поўны
мяса тонкімі шматкамі,
перасыпанымі соллю;
310соль прывозілі здалёку,
аж зь Нямеччыны, з-за свету,
з-за Дзвіны вязлі паўночнай,
з-за салёнае пратокі,
караблі яе вазілі.
315А як згатавалі мяса,
з полымя катлы забралі,
павялі тую здабычу,
тую птушачку лясную,
да стала, на кут пачэсны,
320у пазалочанай пасудзе,
частавацца медавухай,
добрым півам частавацца.
Быў вялізны стол сасновы,
на стале мядзяны посуд,
325усе срэбраныя лыжкі,
ды нажы ўсе залатыя.
Чашы поўныя наліты
ды напоўнены ўсе міскі
шчодрымі дарамі лесу,
330залатою той здабычай.
Потым мудры Вяйнямёйнен
словы гэткія прамовіў:
“Дзед палёў залагруды,
Тапіа, гаспадар лясовы,
335Метсалы краса, дружына,
добрая лясная пані,
чысты Тапіа сыночак,
волат у чырвонай шапцы,
Тэллерва, краса лясная,
340лесавы народ прыязны!
Завітайце ўсе на госці,
касалапага вясялле!
У нас добры пачастунак,
ежы шмат і поўна піва,
345каб наесціся, напіцца
ды раздаць яшчэ па вёсцы.”
І народ тады прамовіў,
людзі добрыя сказалі:
“Дзе на свет з’явіўся Отса,
350і дзе рос у слаўным футры?
Можа на саломе ў лазні,
рос ў цёмным закуточку?”
Тады мудры Вяйнямёйнен
у адказ прамовіў словы:
355“Не ў лазні на саломе,
не ў асеці на мякіне!
Нарадзіўся слаўны Отса,
касалапец наш мядовы,
каля месяца ды сонца,
360дзе імчыцца Воз нябесны,
каля панначак паветра,
там, каля дачок прыроды.
Ішла дзева небакраем,
па ўскрайку неба панна,
365краем воблачка ступала,
даляглядам недасяжным,
у сваіх панчохах сініх,
у стракатых чаравічках,
у руцэ кудзелі кошык,
370кошык з воўнаю пад пахай.
Кінула ў ваду кудзелю,
воўну кінула на хвалі.
І люляў кудзелю вецер,
і паветра калыхала,
375вадзянік гайдаў паціху
і няслі на бераг хвалі,
да мядовага мысочка,
дзе мядовы бор буяе.
Міеліккі, кабета лесу,
380Тапіа мудрая дружына,
з хваляў воўну ўхапіла,
воўну тонкую сабрала.
У камок яе скруціла
і паклала куль спавіты
385у кляновы кош прыгожы,
у прыгожую калыску.
Залатымі ланцугамі
яна люльку прывязала
да яловай вершаліны,
390да галіны той зялёнай.
Калыхала там дзіцёнка,
улюбёнца там люляла,
пад зялёнаю сасною,
пад квітнеючай ялінай.
395Там расчэсавала футра,
песціла малога Отсу,
пасярод гаёў мядовых,
пасярод мядовай пушчы.
Вырастаў прыгожым Отса
400ад выдатнага дагляду:
нізканогі, таўстапяты,
касалапы, таўстаморды,
тупаносы ды лабаты,
у прыгожым мяккім футры.
405Ды не вырасталі зубы,
кіпцюры не адрасталі.
Так сказала лесавіца,
словы мовіла такія:
“Я зрабіла б яму кіпці,
410зубы прынясла б таксама,
калі б ён іх не на шкоду
людзям ужываць узяўся.”
Вось тады пакляўся Отса
на каленях перад ёю,
415перад Богам усеўладным,
Творцам існага нябесным,
што ў сваім жыцці ніколі
не наробіць шкоды людзям.
Міеліккі, кабета лесу,
420Тапіа мудрая дружына,
падалася ў лес па зубы,
кіпці папрасіць у леса:
у рабініны нязломнай,
жылаватага ядлоўца
425у карэнняў звілаватых,
у смалістага бярвення.
Толькі для зубоў ды кіпцяў,
не знайшла яна нічога.
У верасах сасна стаяла,
430расла елка на пагорку,
срэбныя ў сасны галіны,
у елкі вецце залатое.
Узяла іх лесавіца
ды зрабіла Отсу кіпці,
435зубы ў дзясны пасадзіла,
моцныя зрабіла зубы.
Адпусціла ўлюбёнца,
пахадзіць у лес паслала,
на праходку па балотах,
440па гаях і цёмных нетрах,
па ўзлесках ды палянах,
па нізінах ды ўзгорках.
Загадала каб прыстойна
ўсюды там сябе паводзіў,
445у вясёлым быў настроі,
весела дзянькі праводзіў,
на палях ды на балотах,
на палянах верасовых,
каб хадзіў улетку босы,
450і ўвосень без шкарпэтак,
каб у непагадзь хаваўся,
каб адпачывааў зімою
пад чаромхавай павеццю,
каля крэпасці хваёвай,
455пад ялінаю бухматай,
у ядлоўцавых абдымках,
і на ім было пяць коўдраў,
або восем з цёплай воўны.
Там я і ўзяў здабычу,
460там я паляваў ўдала.”
Так сказалі маладыя,
так пажылыя сказалі:
“Чаму лес такі прыязны,
шчодрая глухая пушча,
465лесавік такі ласкавы,
Тапіа такі лагодны,
аддалі табе ўлюбёнца,
падарылі скарб адзіны?
Можа дзіда ўсё зрабіла,
470ці страла сказала слова?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ на тое мовіў:
“Да мяне быў лес прыязны,
шчодраю глухая пушча,
475быў і лесавік ласкавым,
Тапіа такім лагодным.
Міеліккі, кабета лесу,
Тэллерва, краса лясная,
Тапіёлы ўсёй красуня,
480слаўнае дзяўчо лясное,
паказала мне дарогу,
абазначыла сцяжынкі,
іх усе атычкавала;
паказала шлях у лесе
485мне засечкамі на дрэвах,
значакамі на ўзгорках,
аж да самага мярлога,
да дзвярэй любага Отсы.
Калі я туды дабраўся,
490як да сховані дайшоў я,
не спатрэбілася дзіда,
стрэлы сталі без патрэбы:
сам зляцеў з крывой лясіны,
паляцеў з галін хваёвых;
495разадраў аб вецце грудзі,
разадраў жывот аб голле.”
І дадаў тут Вяйнямёйнен
словы ён такія мовіў:
“Мой адзіны любы Отса,
500птушачка мая лясная!
З галавы здымі ўбранне,
іклы мне свае аддай ты
разам з рэдкімі зубамі,
сківіцы аддай таксама!
505Толькі гневаца не трэба,
калі мы такое зробім,
што твая галоўка лусне,
заскрыгочуць твае зубы!
Забяру я нос у Отсы,
510да раней ужо здабытых,
не хачу яго знядоліць,
ні пакінуць у самоце.
Забяру я вуха Отсы,
да раней ужо здабытых,
515не хачу яго знядоліць,
ні пакінуць у самоце.
Забяру я вока ў Отсы
да раней ужо здабытых,
не хачу яго знядоліць,
520ні пакінуць у самоце.
Забяру я лоб у Отсы
да раней ужо здабытых,
не хачу яго знядоліць,
ні пакінуць у самоце.
525Забяру я морду Отсы
да раней ужо здабытых,
не хачу яе знядоліць,
ні пакінуць у самоце.
Забяру язык у Отсы
530да раней ужо здабытых,
не хачу яго знядоліць,
ні пакінуць у самоце.
Назаву таго я мужным,
назаву таго героем,
535хто ўсе іклы пералічыць,
усе зубы павыймае,
з гэтых сківіцаў сталёвых,
вырве дужымі рукамі.”
Ды такога не знайшлося,
540не было такіх герояў.
Сам пералічыў ён зубы,
сам ён зубы ўсе вырваў,
сціснуўшы каленьмі звера,
ажно косці затрашчалі.
545Ён узяў у Отсы зубы
і сказаў такія словы:
“Отса, яблычак лясовы,
пушчы слаўная аздоба!
Час табе ўжо і рушыць
550у кароткую вандроўку
з гэтага гнязда малога,
з гэтай нізенькай хацінкі,
у высокія харомы,
у прасторныя пакоі.
555Выйдзі, любы, на праходку,
пойдзем, футра залатое,
прамінаючы сцяжынкі,
дзе праходзяць парасяты,
да зарослага пагорка,
560да лясной гары высокай,
да сасны высокай гонкай,
стогалінкавай лясіны!
Будзе там табе ўтульна,
весела там зажывецца
565пад бубенчыкі гавяды,
мілагучныя званочкі.”
Векамудры Вяйнямёйнен
час кроткі быў у лесе.
Маладыя так сказалі,
570людзі добрыя спыталі:
“Ты куды аднёс здабычу,
дзе набытак свой пакінуў?
Ці не ў крыгах яго кінуў,
ці не закапаў у снезе,
575мо’ пакінуў у балоце,
або ў пяску халодным?”
Векамудры Вяйнямёйнен
так сказаў і так прамовіў:
“Я не кінуў яго ў крыгах,
580і не закапаў у снезе:
расцягалі б там сабакі,
разьдзяўбалі б яго птушкі.
Не пакінуў у балоте,
і не ў пяску халодным:
585чарвякі яго там зь’елі б,
ды мурашкі пратачылі.
Вось куды аднёс здабычу,
свой набытак невялічкі:
на вяршыню залатую,
590самы верх гары мядзянай.
На сасне яго уладзіў,
стогалінкавай лясіне,
на галіне самай моцнай,
у галлі зялёным пышным,
595на ўцеху добрым людзям,
падарожнікам на радасць.
На ўсход паставіў пашчай,
вочы скіраваў на захад;
не на самай вершаліне,
600бо ў вышыні пад небам
раскідала б іх віхура,
вецер моцны іх пашкодзіў;
да зямлі не апусціў іх,
бо каля зямлі ўнізе,
605расцягалі б усё свінні,
рыламі паразвярнулі.”
Векамудры Вяйнямёйнен
спеў завёў тады дзівосны,
каб той вечар узвялічыць,
610песняй радаснай уславіць.
Тады мовіў Вяйнямёйнен,
словы ён сказаў такія:
“Хай лучына узгарыцца—
не спяваецца ў цемры!
615Час настаў, і з маіх вуснаў
новы спеў ужо ірвецца.”
Ён іграў, спяваў цудоўна,
весяліўся ўвесь вечар.
А калі спяваць закончыў,
620напаследак так прамовіў:
“Дай нам, Божа, і надалей
назаўсёды дай, Вялікі,
радасці такой святочнай
на вяселлі незабыўным
625жаніха ў добрай футры,
медалюба залатога!
Падавай, вялікі Божа,
нам заўжды, Усемагутны,
знакі добрыя ў дарозе
630ды патрэбныя засечкі
нашым маладым героям,
гераічнаму народу!
Ты дазволь, вялікі Божа,
нам заўжды, Усемагутны,
635Тапіа рог пачуць у лесе,
слухаць дудачку лясную,
у сядзібах нашых цесных,
у прагонах нешырокіх!
Хай удзень яны іграюць,
640вечарам хай весяляцца,
на пагорках ды палянах,
нясуць радасць у Суомі,
падрастаючаму люду,
маладому пакаленню.”