Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА СОРАК СЁМАЯ

Вяйнямёйнен грае, і месяц, а потым сонца, спускаюцца зь неба, каб паслухаць цудоўную музыку, але гаспадыня Пох’ялы, старя Лоўхі, зачыняе іх у пячоры і выкрадае з Калевалы ўвесь агонь (1—40). Галоўны бог Укка дрэнна пачувае сябе без цяпла ды святла, а таму выкрасае агонь для новых месяца і сонца (42—82). Агонь падае на зямлю, і Вяйнямёйнен з Ілмарыненам выпраўляюцца на пошукі (83—126). Ілматар, дзева паветра, расказвае ім, куды дзеўся агонь: яго праглынула рыбіна ў возеры (127—312). Героі спрабуюць злавіць рыбіну нератам, але марна (313—364).

Векамудры Вяйнямёйнен
усё на кантэле іграе,
ён іграе ды спявае,
радуе ўсё наваколле.
Паляцелі спевы ў неба,
сонца й месяц іх пачулі.
Выйшаў месяц і ўсеўся
на сагнутую бярозу,
сонейка з палаца выйшла,
на вяршыню сасны села,
кантэле ігру паслухаць
ды парадавацца спевам.
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
рэдказубая старая,
тут жа ўхапіла сонца,
месяц узяла рукамі,
сонейка з сасны зваліла,
месяц скінула з бярозы,
і дамоў сабе панесла
ў Пох’ялу, краіну змроку.
Там схвала светлы месяц
пад стракатаю скалою;
у стальной скале высокай
закляла замовай сонца,
словы мовіўшы такія:
“Не засвеціца ў небе,
болей не ўзыйдзе месяц,
ды і сонца не засвеціць,
пакуль іх забраць адгэтуль
не прыеду на запрэжцы
ў дзевяць коней цягавітых,
жарабят адной кабылы!”
Так яна схавала месяц,
сонца гэтак захавала,
ў чэраве каменным Пох’і,
у скале жалезнаруднай.
Пасля гэтага адразу
зь Вяйнёлы агонь украла,
каб цяпла не стала ў хатах,
не было святла ў хацінах.
Ноч бясконцая настала,
беспрасветная, даўгая,
Вяйнёлу ўсю ахінула,
ўсе хаціны Калевалы.
Цемра агарнула неба,
затапіла хату Ўккі.
Цяжка без агню жывецца,
цяжка і ў вечнай цемры,
зажурыліся ўсе людзі,
нават Укка зажурыўся.
Укка, гэты бог вярхоўны,
Творца існага нябесны,
сам дзівіўся той праяве.
Ён разважыў і падумаў,
што закрыла светлы месяц,
што там сонца засланіла,
і чаму не свеціць месяц,
чаму сонейка не грэе.
Краем хмары ён пакрочыў,
па нябеснаму ўскрайку,
у сваіх шкарпэтках сініх,
у стракатых чаравіках;
месяц ён шукаць падаўся,
сонейка шукаць у небе,
не знайшоў у небе месяц,
сонца не знайшоў таксама.
Высек іскру ў небе Ўкка,
полымя жывое выбіў,
вогненным лязом магутным,
паласой агністай сталі.
Ногцямі агонь той выбіў,
пальцамі здабыў пякучы,
у высокай частцы неба,
каля зорнай агарожы.
І калі агонь здабыў ён,
то схаваў яго у сумку,
у кашэль золатам шыты,
у сярэбраную торбу.
Іскру ён аддаў дзяўчыне,
каб люляла яе дзева,
каб радзіўся новы месяц,
сонца новае ўзнялося.
Дзева на высокай хмары,
панна каля небакраю,
гэту іскру калыхала,
сіні гушкала агеньчык,
у залочанай калысцы,
на сярэбраных тасёмках.
Жэрдка срэбная рыпела,
калыхалася калыска,
грымнула грымотай хмара,
дах нябесны пахіснуўся:
так люляла тую іскру,
залацісты той агеньчык.
Калыхала дзева іскру,
закалыхвала агеньчык,
лашчыла яго ў пальцах,
песціла яго ў далонях,
ды ўпусціла з рук, дурная,
бесталковая, агеньчык.
Упусціла яго нянька,
у руках не ўтрымала.
Раскалоліся нябёсы,
расчынілася паветра,
бліснула маланкай іскра,
кропелька агню зляцела,
плесканулася з вышыняў,
хмары навылёт прабіла,
працяла дзевяць нябёсаў
ды шэсць покрывак стракатых.
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен!
Пойдзем паглядзім з табою,
паглядзім ды распытаем,
які там агонь зваліўся,
полымя сыйшло якое,
з самай вышыні нябеснай
на зямлі нашай нізіны,
ці то месяца кружочак,
ці то сонейка акрайчык?”
І пайшлі двое герояў,
ідучы ўсё меркавалі,
якім шляхам карацейшым
ім дабрацца да мясціны,
дзе ўпала тая іскра,
тое полымя зляцела.
Трапілася па дарозе
рэчка з мора шырынёю.
І ўзяўся Вяйнямёйнен
лодку будаваць у лесе,
човен будаваць узяўся.
А кавальнік Ілмарынен
выразаў стырно зь яліны
ды сасновых вёсел пару.
Вось была гатова лодка,
пара вёсел ды ўключын;
на ваду спіхнулі човен
і паехалі ўперад
па Неве, рацэ шырокай
вакол неўскага мысочка.
Іламатар, красуня-дзева,
сталая дачка прыроды,
іх сустрэла па дарозе,
мовіла такія словы:
“Хто такія вы, героі,
і якія ў вас імёны?”
Адказаў тут Вяйнямёйнен:
“Гэта мы, мужы марскія,
я, старэйшы, Вяйнямёйнен,
маладзейшы – Ілмарынен.
А сама адкуль ты родам,
ды імя у цябе якое?”
Ім жанчына так сказала:
“За ўсіх жанчын старэй я,
першая дачка паветра,
першая на свеце маці,
роўная пяці жанчынам,
ды красой шасці нявестам.
Ідзяце куды, мужчыны,
і куды ваш шлях, героі?”
Адказаў так Вяйнямёйнен,
так сказаў і так прамовіў:
“Згас агонь у нашах хатах,
полымя ў печках згасла.
Без агню жылі мы доўга,
у халоднай чорнай цемры.
Нам даведацца цікава,
дзе агеньчык той нябесны,
тая іскра, што ўпала
на зямлю з высокай хмары.”
Ім жанчына адказала,
словы мовіла такія:
“Полымя знайсці нялёгка,
цяжка той агонь убачыць.
Нарабіў агонь той шкоды,
полымя – бяды нямала!
Полымя ўпала іскрай,
кропляй зыркаю зляцела,
ад палёў у паднябессі,
дзе яе сам Укка выбіў,
праз высокія прасторы,
праз нябесныя абшары
ды праз комін задымелы
на сухія кроквы хаты,
у новыя пакоі Туры,
Пайвалайнену ў хату.
Як агонь туды зваліўся,
ў новыя пакоі Туры,
зло чыніць пачаў адразу
і пачаў тварыць дурное:
апаліў дзяўчатам грудзі,
грудзі ім апёк балюча,
хлопчыку спаліў калена,
бараду спаліў старому.
Маці немаўля карміла,
гушкала ў беднай люльцы.
Кінуўся агонь у люльку,
сатварыў яшчэ злачынства,
немаўля апёк смяротна
ды спаліў матчыны грудзі.
У Маналу сыйшоў дзіцёнак,
У Туанелу, хлопчык бедны,
бо ён створаны для смерці,
для такой ліхой загубы,
у агні такім пякучым,
у пакутах невыносных.
Маці мела болей ведаў,
не сышла яна ў Ману,
заклінаць агонь умела
і прагнаць яго замовай
праз малое вушка іголкі,
праз абух сякеры вострай,
праз трубу гарачай пешні,
па аддаленых узмежках.”
Векамудры Вяйнямёйнен
запытаў яе паспешна:
“А куды агонь падзеўся,
куды іскры паляцелі
ад палёў далёкай Туры?
Можа ў лес або ў мора?
Дзева так яму сказала,
словы мовіла такія:
“Кінуўся агонь адгэтуль,
полымя ляцела хутка,
выпаліла лес і поле,
нівы, пашы ды балоты,
потым у ваду ўпала,
у хвалі возера Алуэ:
возера аж закіпела,
засвяцілася барвовым.
Тры разы летняю ноччу,
дзевяць у начы асенняй,
гэта возера ўскіпала
вышэй берагоў ды елак
ад палаючых абдымкаў,
ад пякучых пацалункаў.
Уцякала рыба з вару,
акуні прама на скалы.
І задумаліся рыбы,
акуні ўсё меркавалі,
як далей ім жыць на свеце?
Бедавалі доўга рыбы:
акуні па сваіх свірнах,
ёрш – па крэсці ў скалах.
Захацеў акунь гарбаты,
вылавіць агонь пякучы,
не дагнаў полымя злое.
Сіні сіг тады пагнаўся,
праглынуў агонь пякучы,
злавіў вогненную іскру.
Алуэ апала хутка,
у берагі свае ўступіла,
на сваё былое месца,
летняй ночкаю адною.
Час прайшоў зусім кароткі
сіг, што праглынуў пякучку,
боль адчуў, перапужаўся,
стаў заходзіцца ад болю.
Кідацца пачаў бязладна,
дзень і два ён мітусіўся,
каля выспы ласасёвай,
каля астравоў сіговых,
каля тысячы мысочкаў,
соцень выспенных затокаў.
Кожны мыс яму параіў,
выспа кожная сказала:
“Не знайсці ў гэтых водах,
у гэтым Алуэ спакойным,
праглыне хто небараку,
хто гаротнага пазбавіць
ад нявыцерпнага болю,
ад пакуты невыноснай.”
Як ласось пачуў пра тое,
праглынуў сіга адразу.
Час прайшоў зусім кароткі
і спагадлівы ласось той
боль адчуў, перапужаўся,
стаў заходзіцца ад болю.
Кідацца пачаў бязладна,
дзень і два ён мітусіўся,
каля выспы ласасёвай,
каля шчупаковых нораў,
каля тысячы мысочкаў,
соцень выспенных затокаў.
Кожны мыс яму параіў,
выспа кожная сказала:
“Не знайсці ў гэтых водах,
у гэтым Алуэ спакойным,
праглыне хто небараку,
хто гаротнага пазбавіць
ад нявыцерпнага болю,
ад пакуты невыноснай.”
Прыімчаўся шчупак шэры
і зглынуў ён небараку.
Час прайшоў зусім кароткі
і спагадлівы шчупак той
боль адчуў, перапужаўся,
стаў заходзіцца ад болю.
Кідацца пачаў бязладна,
дзень і два ён мітусіўся,
каля камянёў для чаек,
каля камянёў качыных,
каля тысячы мысочкаў,
соцень выспенных затокаў.
Кожны мыс яму параіў,
выспа кожная сказала:
“Не знайсці ў гэтых водах,
у гэтым Алуэ спакойным,
праглыне хто небараку,
хто гаротнага пазбавіць
ад нявыцерпнага болю,
ад пакуты невыноснай.”
Векамудры Вяйнямёйнен,
з ім кавальнік Ілмарынен,
тут нарэзалі ядлоўцу,
лыкавы звязалі нерат;
вадой вербнай фарбавалі,
звязвалі карой лазовай.
Векамудры Вяйнямёйнен
з нератам жанок паставіў.
Яны нерат расцягнулі,
сёстры ім дапамагалі,
веславалі, гналі човен
каля выспаў ўзбярэжных,
каля камянёў падводных,
дзе жылі сігі, ласосі,
дзе шумеў трыснёг зялёны,
чараты дзе зелянелі.
Ехалі ды рыбу гналі
заганялі яе ў нерат,
то наўкос яго кідалі,
наўскасяк яго цягнулі;
не злавілі тую рыбу,
намагаліся дарэмна.
У ваду браты палезлі,
нерат кінулі мужчыны.
Кінулі, пагналі рыбу,
заганялі яе ў нерат,
ля камення па затоках,
каля скалаў Калевалы;
не злавілі тую рыбу,
у якой патрэбу мелі.
Шэрай рыбіны не бачна
ні ў вадзе затокі ціхай,
ні ў прасторы неагляднай:
драбяза мінае нерат.
Скардзіліся рыбы ў моры,
і казаў шчупак суседу,
сіг у мянтуза пытаўся,
мовіла да сёмгі сёмга:
“Мо’ сканалі ўсе мужчыны,
Калевы сыны памёрлі,
што з ільну вязалі сеткі,
нераты вязалі зь нітак,
бусакамі рыбу гналі,
заганялі яе ў нерат?”
Пачуў тое Вяйнямёйнен
і сказаў такія словы:
“Калевы сыны не зніклі,
і героі не памёрлі.
Два памерлага заменяць,
возмуць лепшыя жардзіны,
бусакі ў іх лепей будуць,
нерат удвая жахлівей.”
↑ Змест