Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА СОРАК ВОСЬМАЯ

Калевальцы сеюць лён, выпрадаюць ніткі і вяжуць нерат, потым ловяць шчупака, які праглынуў агонь (1—192). Яны дастаюць агонь з рыбіны, але ўпускаюць яго, Ілмарынен атрымлівае моцныя апёкі (193 – 248). Агонь лютуе ў лесе, спусташае навакольныя землі. Яго нарэшце ловяць і прыносяць у цёмныя халодныя паселішчы Калевалы (249 – 290). Ілмарынен лякуе свае апёкі і яны загойваюцца (291 – 372).

Векамудры Вяйнямёйнен,
прадказальнік векавечны,
доўга меркаваў і думаў,
і прыйшла яму задумка
сплесці сетку ільняную,
ільняны наладзіць нерат.
Выказаў такую думку,
так сказаў і так прамовіў:
“Ці не знойдзецца араты,
што на ніве лён пасее,
дзеля сеткі стопятлёвай,
дзеля нерата другога,
каб злавіць мне тую рыбу,
зжыць, паганую са свету?”
І зямлі знайшлося трохі
на невыпаленым месцы,
на балоце велічэзным,
паміж каранёў сапрэлых.
Тут жа выкапалі корань,
пад ім семя ільняное;
пільнаваў яго падземны,
зберагаў таемна робак.
Попелу была там кучка,
жменька попелу сухога,
некалі згарэў там човен,
лодку некалі спалілі.
Лён пасеялі ў попел,
кінулі ў попел семя,
каля Алуэ ў поле,
каля возера ў гліну.
Добра парасткі ўзняліся,
узбуялі там сцяблінкі,
лён падняўся адмысловы
адной ночкаю ўлетку.
Лён пасеялі ўночы,
пад святлом маладзіковым.
Даглядалі лён, палолі,
ды палеглы падымалі,
абарвалі ўсе галоўкі,
выбралі яго на полі,
у ваду мачыць панеслі,
вымачылі вельмі хутка
і паспешліва паднялі,
і таропка падсушылі.
Перанеслі ў гасподу,
мяліцай яго прамялі,
выбілі кастру старанна,
шчолакам яго прамылі,
на часалцы прачасалі,
патрапалі на змярканні.
Атрымалася кудзеля,
і на вераценцы ніткай
ночкай летняю зматалі,
у прамежку паміж днямі.
Выпрадалі ніць нявесткі,
сёстры на чаўнок маталі,
а браты вязалі нерат,
свёкры апляталі з краю.
Шпарка чаўнакі імкалі,
петлі выпляталі спорна,
і гатова была сетка,
і вяроўкай край абвязан,
за адну летнюю ночку,
можа нават за палову.
Вось ужо гатовы нерат,
ды абвязаны вяроўкай.
Нерат быў у сто сажэняў,
па семсот -- у яго крылы.
Патапцы былі з камення,
з дрэва паплаўкі зрабілі.
Маладыя ўзялі нерат,
а старыя ўсё гадалі
ці здабудуць гэту рыбу
у вадзе такою сеткай?
Пацягнулі яны сетку,
пад вадоў цягнулі нерат,
і ўздоўж вады хадзілі,
і ўпоперак цягалі,
дробнарыбіцу злавілі:
парачку яршоў паганых,
акунёў кашчавых пару,
пару невялічкіх плотак,
не злавілі толькі рыбу,
на якую сець звязалі.
Стары Вяйнямёйнен мовіў:
“Гэй кавальнік Ілмарынен!
Трэба нам з табой закінуць,
пацягаць у моры нерат!”
І пайшлі ўдвох героі,
пацягнулі спрытна сеці.
Завялі крыло за выспу,
на шырокія прасторы.
Павялі крыло другое
да паўвыспы затравелай,
прывязалі моцна нерат
да старых прычалаў Вяйнё.
Сець туды-сюды цягалі,
пад вадой яе цягнулі,
налавілі рыбы ўдосталь:
акунёў было нямала,
былі сёмгі ды таймені,
былі тут і лешч з ласосем,
рознай налавілі рыбы,
не злавілі толькі тую,
для якой вязалі нерат,
па вадзе яго цягалі.
Да тых сетак Вяйнямёйнен
прывязаў яшчэ другія,
крылы нерата падоўжыў,
ім дадаў пяцьсот сажэняў,
на семсот яшчэ вяроўку.
Сам сказаў такія словы:
“У глыбіню закінем сетку,
занясем яе падалей,
пад вадою пацягаем,
тоню выцягнем другую!”
Кінулі глыбока нерат
і далёка адцягнулі,
пацягалі пад вадою,
зноўку выцягнулі нерат.
Тут прамовіў Вяйнямёйнен,
словы ён сказаў такія:
“Веллама, вады кабета
з травяністымі грудзямі!
Ты змяні сваю кашулю,
замяні сваё адзенне!
З чаратоў твая кашуля,
а накідка твая зь пены,
іх саткала дачка ветру,
дзева хваляў падарыла.
Падарую ільняную,
палатняную кашулю,
яе кроілі ды шылі
дочкі Месяца і Сонца.
Ахта, гаспадар глыбіняў,
валадар віроў ды хваляў!
Вазьмі кій пяцісажэнны,
ці жардзіну сем сажэняў,
перамерай усё мора,
дно перакапай марское,
абшукай да парушынкі,
прыгані рыбныя статкі
да ўвахода ў наш нерат,
нашай сеткі стопяцельнай.
Прыгані з затокаў рыбных,
з патаемных закуточкаў,
з бездані недасягальнай,
з глыбіні адвечна цёмнай,
дзе і сонца не бывае,
па пяску ніхто не ходзіць!”
Выйшаў з мора чалавечак,
гэткі волат недарослы,
стаў на грабяні марскія
ды такія словы мовіў:
“Трэба вам загоншчык рыбы.
палкаю даўгой махальшчык?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Трэба нам загоншчык рыбы.
палкаю даўгой махальшчык.”
Той асілак недарослы
выламаў сасну ў лесе,
у бару ля ўзбярэжжа,
прывязаў валун вялікі,
потым гэтак запытаўся:
“Заганяць яе штомоцы,
малаціць штодух ваду мне,
або на патрэбу боўтаць?”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Можна толькі на патрэбу,
але каб было даволі.”
Той асілак недарослы,
працаваць узяўся шчыра,
заганяў старанна рыбу,
касякі да таго месца,
дзе цягнулі добры нерат,
сотні паплаўкоў цягнулі.
Веславаць каваль узяўся.
Векамудры Вяйнямёйнен
нерат падымаў у човен,
ільняныя цягнуў сеткі.
Так прамовіў Вяйнямёйнен:
“Будзе тут багата рыбы,
цяжка рухаецца нерат,
паплаўкі аж патанулі.”
Падцягнулі яны нерат,
вытраслі яго ў човен,
Вяйнямёйнену ў лодку,
рыбіну злавілі тую,
для якой вязалі сетку,
ільняны вязалі нерат.
Векамудры Вяйнямёйнен
тут да берага пад’ехаў,
да масткоў пад’ехаў сініх,
да чырвонага прычалу.
Выкінуў на бераг рыбу,
перагледзеў усю кучу,
шчупака таго намацаў,
што яны доўга лавілі.
Тут падумаў Вяйнямёйнен
ды такія словы мовіў:
“Ці ўзяць яе рукамі,
без жалезных рукавіцаў,
ды без рукавіцаў медных,
ці іспотак тых каменных?”
Сонцаў сын, пачуўшы тое,
словы гэткія прамовіў:
“Шчупака я разабраў бы,
узяў бы я яго рукамі,
калі б меў я нож бацькоўскі,
меў бы нож ад сваіх продкаў.”
Тут зваліўся ножык зь неба,
з ручкай залатою, з хмаркі,
срэбнае лязо зляцела
сыну Сонейка на пояс.
Сонцаў сын, дзяцюк адважны,
нож узяў у свае рукі,
шчупака таго разрэзаў,
прагную разрэзаў пашчу.
У вантробе шчупаковай
ён знайшоў сіга з ласосем,
сіг у жываце ласося,
у спагадлівай той рыбы.
Ён сіга таго разрэзаў,
выцягнуў клубочак сіні,
з тонкіх рыбіных вантробаў,
з жывата дастаў клубочак.
Разматаў ён той клубочак.
З таго сіняга клубочка,
вылецеў клубок чырвоны.
Разматаў ён і чырвоны
ды з нутра таго клубочка
выняў вогненную іскру,
што ўпала зь небасхілу,
хмары навылёт прабіла,
з вышыні восьмага неба,
аж з дзевятае прасторы.
Пакуль думаў Вяйнямёйнен,
як цяпер занесці іскру
ў схаладнелыя хаціны,
ў неасветленыя хаты,
з рук у сыны Сонца раптам
іскра слізганула вонкі,
бараду спаліла ў Вяйнё,
каваля мацней спаліла,
апякла яму ўсе шчокі,
рукі моцна апаліла.
Паляцела іскра далей,
па-над Алуэ памчала,
заляцела ў ядловец
ды ўшчэнт яго спаліла,
тады ў ельнік завітала,
спепяліла лес прыгожы.
Полымя ляцела далей,
поўзямлі спаліла ў Пох’і,
зачапіла краем Сава
ды Карэліі палову.
Векамудры Вяйнямёйнен
за агнём услед падаўся,
перайшоў глухую пушчу,
па слядах ішоў агнёвых.
Вось знайшоў яго нарэшце
пад пянькамі ў карэнні,
у дупле вялікай вольхі,
пад гнілымі каранямі.
Стары Вяйнямёйнен мовіў,
словы ён сказаў такія:
“Вогнік, Божае стварэнне,
Творцы светлае дзіцятка!
Ты ў глыбіню дарэмна
ўцякаеш, каб схавацца!
Лепей бы ў людзкія печкі
ты каменныя вярнуўся,
там схаваешся ў попел,
у гарачае вуголле,
каб паліў удзень старанна
ты бярозавыя дровы,
а ўначы будзеш хавацца
за чалеснікамі ў печы.”
Вось узяў ён тую іскру,
апусціў яе на цэру,
на бярозавую губу,
у кацёл паклаў мядзяны.
У катле прынёс агеньчык,
ён прынёс яго ў бяросце,
на імжысты мысе далёкі,
на туманны дальні востраў.
Так прынёс святло ў хаты,
цяпло ў хатах завялося.
А кавальнік Ілмарынен,
кінуўся ў ваду марскую,
на падводнае каменне,
і прылёг там у пакутах
ад нявыцерпнага болю,
ад пякоты невыноснай.
Полымя суняць хацеў ён,
загасіць агонь пякучы,
сам сказаў такія словы
так сказаў і так прамовіў:
“Вогнік, Божае стварэнне,
Сонца светлае дзіцятка!
Ты чаго так узлаваўся,
што спаліў мне ўсе шчокі,
мне бакі апёк без жалю,
сцёгны апаліў балюча?
Чым агонь я супакою,
полымя як утаймую?
Як уняць тую пякоту
ды зрабіць яе лагоднай,
каб не лютавала доўга,
не паліла мяне болей?
Ты прыйдзі, дзяўчына з Тур’і,
ты, з Лапландыі дзяўчына,
у лядовых чаравіках,
у заснежаным уборы,
прынясі кацёл лядовы
ты з палойнікам лядовым,
ледзяной вадой апырскай,
халадзёнкай ледзяною,
мае страшныя апёкі,
мае вогненныя раны!
Калі ж гэтага не хопіць,
сына Пох’ялы я клічу.
Ты, Лапландыі дзіцёнак,
Піментолы муж высокі,
вышынёй зь яліну ў лесе,
ростам з сосны на балоце,
ты, у ледзяных пальчатках,
ты, ў ботах зледзянелых,
у заснежанай вушанцы,
з поясам заледзянелым!
Прынясі з Пох’ялы сцюжы
ды ільду з халоднай вёскі!
Снегу ў Пох’яле даволі
шмат ільду ў гэтай вёсцы,
на азёрах ды на рэках.
Там паветра ледзяное,
і зайцы там, і мядзведзі
ледзяныя разам скачуць,
на заснежаным пагорку,
на гарах заледзянелых;
ледзяны жыве там лебядзь,
жыве качка ледзяная,
пасярод лядзянай рэчкі,
ледзянога вадакрута.
Прывязі ільду на санках,
навязі вазамі снегу,
ты зь лядовага пагорка,
ад гары заледзянелай.
Схаладзі мяне ты сцюжай,
схаладзі ільдом халодным,
мае страшныя апёкі,
мае вогненныя раны!
Калі ж гэтага не хопіць,
Укка, мой высокі Божа,
Укка, валадар нябёсаў,
хмараў валадар магутны,
ты нашлі з усходу хмарку,
з захаду нашлі другую!
Сутыкні ты іх краямі,
іх канцамі моцна стукні,
накідай ільду і снегу,
нанясі гаючых зёлак
на балючыя апёкі,
мае вогненныя раны!”
Так кавальнік Ілмарынен
загасіў агонь пякучы,
злое полымя суцішыў.
Зноўку стаў каваль здаровы,
загаіў свае апёкі,
свае вогненныя раны.
↑ Змест