Калевала

пераклад на беларускую Якуба Лапаткі

РУНА СОРАК ДЗЕВЯТАЯ

Ілмарынен робіць новы месяц і новае сонца, але яны не свецяць і не грэюць (1—74). Вяйнямёйнен варажбою ды гаданнем даведвацца, што сонца і месяц зняволеныя ўнутры горнай пячоры ў Пох’яле. Ён ідзе туды, змагаецца з людам Пох’ялы і перамагае (75 – 230). Але дабрацца да сонца і месяца ён не можа (231 – 278). Вяйнямёйнен вяртаецца дамоў, каб зрабіць зброю, з дапамогай якой, ён можа вызваліць сонца і месяц. Ілмарынен робіць яго, і гаспадыня Пох’ялы, спалохаўшыся, выпускае сонца і месяц на волю (279 – 362). Сонца і месяц зноў плывуць па небе. Вяйнямёйнен вітае іх і жадае, каб яны свяцілі вечна і прыносілі шчасце людзям (363 – 422).

Не свяціла болей сонца,
не свяціў залаты месяц
па-над Вяйнёлы дамамі,
па-над полем Калевалы.
Схаладзіў мароз пасевы
і гавяда захварэла,
замаркоціліся птахі,
ды і людзі затужылі,
не свяціла болей сонца,
не свяціў залаты месяц.
Шчупак ведаў вадакруты,
арол – пуцявіны ў небе,
ведаў вецер шлях у моры,
ды не ведалі ўсе людзі,
калі ў іх пачнецца ранне,
калі ноч пачнецца зноўку,
на імжыстым гэтым мысе,
на туманнай гэтай выспе.
Раіліся маладыя,
і старыя разам з імі,
як без месяца пражыць ім,
як без сонца ўратавацца
на зямлі гэтай убогай,
у краіне беднай, цёмнай.
Раіліся і дзяўчаты,
варажылі ды гадалі.
І пайшлі яны да кузні,
Ілмарынену сказалі:
“Уставай, каваль, зь ляжанкі,
вылязай з-за цёплай печкі!
Ты зрабі нам новы месяц,
сонца новае зрабі нам!
Кепска, што няма ў небе
ані месяца, ні сонца.”
І каваль падняўся з ложку,
вылез ён з-за цёплай печкі
ды каваць узяўся месяц,
сонца новае на неба.
Залатым рабіў ён месяц,
сонца срэбраным рабіў ён.
Падыйшоў тут Вяйнямёйнен
ды каля дзвярэй спыніўся,
так сказаў і так прамовіў:
“Гэй, кавальнік братка любы!
Што ты грукаеш у кузні,
ляпаеш без перапынку?”
Адказаў так Ілмарынен,
так сказаў і так прамовіў:
“Залаты раблю я месяц,
сонца срэбнае майструю,
каб павесіць іх у небе,
па-над поўкрыўкаю шостай.”
Тады мудры Вяйнямёйнен
вымавіў такія словы:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен!
Марную пачаў ты працу!
Золата свяціць не будзе,
серабро не стане сонцам.”
Зрабіў месяц Ілмарынен,
сонца выкаваў кавальнік
ды падняў іх беражліва,
асцярожна перанёс іх,
на яліну занёс месяц,
сонца – на сасну густую.
Пот з ілба яго каціўся,
пот струменіўся па твары
ад такой нялёгкай працы
ды ад ношы непадымнай.
І вышэй падняў ён месяц,
і ўзнёс высока сонца:
на вяршыню елкі месяц,
сонца -- на сасну высока,
ды свяціць не хоча месяц,
сонейка свяціць не хоча.
Стары Вяйнямёйнен мовіў,
словы ён сказаў такія:
“Мушу варажбу пачаць я,
каб даведацца па знаках,
дзе ад нас схавалі сонца
і куды прапаў наш месяц.”
Векамудры Вяйнямёйнен,
чаразнаўца векавечны,
трэсак нашчапаў альховых,
іх расклаў ён адмыслова,
потым іх пачаў варочаць,
перасоўваць іх паціху.
Словы ён сказаў такія,
так сказаў і так прамовіў:
“Я прашу ў Творцы знаку
і чакаю я адказу.
Божа, знак падай праўдзівы,
адкажы праўдзіва, Творца,
дзе ад нас схавалі сонца
і куды прапаў наш месяц,
калі іх няма на небе,
у нябёсах іх не бачна?
Чыстую скажы мне праўду,
не дагодлівую думку,
а праўдзіва адкажы мне,
дай надзейныя мне веды!
Калі ж знак мяне падманіць,
я яго ў гразь закіну,
выкіну яго ў печку,
каб у полымі згарэў ён.”
Быў тады адказ праўдзівы,
адказаў гасподні значак,
што схавалі сонца зь неба,
залаты схвалі месяц,
у скале далёкай Пох’і,
пад мядзянаю гарою.
Векамудры Вяйнямёйнен
словы тут сказаў такія:
“Калі ў Пох’ялу пайду я,
па сцяжыне сыноў Пох’і,
зазіхцее ў небе месяц,
зноўку сонейка заззяе.”
І адразу паспяшаўся
ў Пох’ялу, краіну змроку.
Дзень і два ішоў няспынна,
а на трэці дзень нарэшце
ён убачыў землі Пох’і,
скалы змрочныя ўбачыў.
Ён тады паклікаў гучна,
з берага ракі ў Пох’і:
“Дайце човен перабрацца,
пераехаць цераз рэчку!”
Крыку там і не пачулі,
не паслалі яму човен.
Склаў тады сухія дровы,
нанасіў сухіх галінак,
распаліў агонь ля рэчкі,
задыміў усё навокал.
Узляцеў агонь у неба,
а паветра дым напоўніў.
Лоўхі, гаспадыня Пох’і,
выглянула ў вакенца,
паглядзела на пратоку,
словы мовіла такія:
“Там які агонь палае
каля выхаду з пратокі?
Як сігнал вайны -- замалы,
а для рыбакоў – вялікі.”
Пах’яланскі хлопец выйшаў,
выскачыў у двор таропка,
азірнуўся ды паслухаў,
ды прыгледзеўся ён пільна:
“Удалечыні за рэчкай
бачу слаўнага я мужа!”
Стары Вяйнямёйнен зноўку
гучным голасам паклікаў:
“Гэй, сын Пох’ялы, дай човен,
Вяйнямёйнену дай лодку!”
Так яму сын пах’яланскі
адказаў і так прамовіў:
“Гэй, занятыя ўсе лодкі,
пальцамі вяслуй, старэча,
а далонямі кіруй ты,
так у Пох’ялу ты трапіш!”
Тут падумаў Вяйнямёйнен,
ды сказаў, памеркаваўшы:
“Той не лічыцца героем,
хто з дарогі ўцякае.”
Рынуўся, як сіг у мора,
у ваду шчупак імклівы,
пераплыў ураз пратоку,
перасек яе імгненна,
потым па вадзе пакрочыў
і ступіў на бераг Пох’і.
Пох’ялы сыны прыбеглі,
170 загарлаў натоўп лядачы:
“Ну, заходзься ў сялібу!”
Ён пайшоў сабе паважна.
Паўшабэлкі так сказалі,
загарлаў натоўп лядачы:
“Паспрабуй зайсці ў хату!”
Ён у Пох’ялы хаціну,
увайшоў сабе ў сенцы,
адчыніў спакойна дзверы
і зайшоўся ў святліцу,
у чужынскія пакоі.
Мёд пілі мужчыны ў хаце,
сок салодкі паглыналі,
усе збройныя героі,
меч у кожнага з сабою,
Вяйнямёйнену на згубу,
на пагібель калевальцу.
Чужака тут запыталі,
словы мовілі такія:
“ З якой весткаю, паганец,
што раскажаш, вадаплаўца?”
Векамудры Вяйнямёйнен,
у адказ прамовіў словы:
“Дзіва я скажу пра месяц
тое ж самае пра сонца.
Дык куды схаваўся месяц,
куды сонейка прапала?”
Дзеці Пох’ялы сказалі,
адказаў натоўп лядачы:
“Вось куды прапала сонца,
з месяцам яно прапала
у грудзях скалы стракатай,
у гары, жалезам поўнай.
Ім не выбрацца адгэтуль,
і не трапіць ім на волю.”
Тады мужны Вяйнямёйнен
у адказ ім так прамовіў:
“Калі сонца не ўзыйдзе,
у няволі будзе месяц,
сыйдземся тады ў бойцы,
даўжыню мячоў памерым.”
Выняў меч, дастаў жалеза,
выхапіў клінок бліскучы,
месяц на лязы свяціўся,
сонейка на рукаятцы,
і стаяў на спінцы конік,
і быў кот каля заклёпкі.
Мерылі мячы героі,
лёзаў даўжыню глядзелі,
быў даўжэйшы меч у Вяйнё
непрыкметна, але большы,
на зярнятка быў даўжэйшы,
на саломінку малую.
Выйшлі з хаты на падворак,
на шырокую паляну.
Так ударыў Вяйнямёйнен
ажно іскры паляцелі,
раз ударыў і другі раз
ды адсек, нібыта рэпу,
як галоўкі ільняныя,
Пох’ялы сынам галовы.
Тут сабраўся Вяйнямёйнен
паглядзець на светлы месяц,
сонца выпусціць на волю,
са скалы, грудзей каменных,
з-пад гары жалезам поўнай,
з-пад жалезнага пагорка.
Ён ішоў зусім нядоўга,
недалёкі шлях адолеў,
выспу дзіную ўбачыў,
а на выспе той бярозу.
Быў пад той бярозай камень,
і скала стаяла побач,
сотня засавак была там
а дзвярэй было там дзевяць.
На скале быў нейкі значак:
на баку скалы палоска.
Ён мячом сваім ударыў
на скале зрабіў засечку,
агнявым лязом сталёвым,
сваёй зброяй палымянай.
Надвая распаўся камень,
натрая аж разваліўся.
Векамудры Вяйнямёйнен
у расколіну заглянуў:
там пілі гадзюкі піва,
змеі сусла паглыналі,
пад скалою распісною,
пад чырвонаю скалою.
Тут прамовіў Вяйнямёйнен,
словы ён сказаў такія:
“Вось чаму тут гаспадыня
небагата піва мела:
п’юць яго ў скале гадзюкі,
змеі сусла паглынаюць.”
Ён адсек галовы змеям,
перасек у гадаў шыі,
сам сказаў такія словы,
так сказаў і так прамовіў:
“Хай ніколі аж да веку
ад сягоння назаўсёды,
тут не п’юць гадзюкі піва,
змеі сусла не хлябаюць!”
Захацеў тут Вяйнямёйнен,
векавечны чаразнаўца,
адчыніць рукамі дзверы,
засаўкі адсунуць словам,
ды не адчыніў рукамі,
не падзейнічалі словы.
Так прамовіў Вяйнямёйнен,
словы вымавіў такія:
“Муж бяззбройны – гэта баба,
няма сілы без сякеры.”
І вярнуўся ён дадому
замаркочаны, пануры,
што пакуль не ўдалося,
месяца здабыць і сонца.
Так сказаў тут Леммінкяйнен:
“Гэх, старэча Вяйнямёйнен!
Ты чаму мяне з сабою
не ўзяў спяваць замовы?
Адамкнуў бы ўсе замкі я,
засаўкі ўсе адсунуў,
выпусціў бы ў неба месяц,
сонейка пусціў на волю!”
Векамудры Вяйнямёйнен
у адказ яму прамовіў:
“Засаўкі не зрушыць словам,
не ўзяць замкі замовай,
не разбіць іх кулакамі
ды не вывернуць рукою.”
Вось да каваля прыйшоў ён,
так сказаў і так прамовіў:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен!
Выкуй мне бусак трохзубы,
тузін дзідаў ты зрабі мне
ды ключоў паболей розных,
са скалы ўзяць мне месяц,
сонца выпусціь на волю!”
І каваль той Ілмарынен,
слаўны майстра векавечны,
выкаваў усё што трэба:
тузін бусакоў трохзубых,
тых ключоў цэлую нізку,
дзідаў цэлую вязанку,
не малых і не вялікіх,
так, сярэдняга памеру.
Лоўхі, Пох’і гаспадыня,
рэдказубая старая,
прывязала сабе крылы,
у паветра ўзнялася.
Каля хаты праляцела;
паляцела яна далей,
мора Пох’ялы мінула
і да кузні прыляцела.
Адчыніў каваль акенца:
ці не бура наляцела?
Ды гэта была не бура,
шэры ястраб прыімчаўся.
Тут прамовіў Ілмарынен,
словы ён сказаў такія:
“Што ты выглядзела,птушка,
што сядзіш каля вакенца?”
Адказала яму птушка,
шэры ястраб адгукнуўся:
“Гэй, кавальнік Ілмарынен,
ты каваль самы дзівосны,
ты самы вядомы майстра,
сярод кавалёў славутых!”
Адказаў так Ілмарынен,
словы ён сказаў такія:
“Ну якое гэта дзіва,
што каваль я майстравіты,
калі я скаваў нябёсы
той высокі дах нябесны.”
Адказала яму птушка,
шэры ястраб запытаўся:
“А цяпер, скажы, кавальнік,
што майструеш ты з жалеза?”
Адказаў так Ілмарынен,
словы ён сказаў такія:
“Моцны я раблю ашыйнік
для старой бабулі з Пох’і.
На ланцуг яе пасадзім
пад жалезнаю гарою.”
Лоўхі, пох’і гаспадыня,
рэдказубая старая,
зразумела: дні ліхія,
дні нягоды, наступаюць.
Узнялася ў паветра,
паляцела прама ў Пох’ю,
выпусціла светлы месяц,
сонейка пусціла ў неба.
Узяла другое аблічча,
з выгляду галубкай стала,
ўзнялася, прыляцела
у сялібу кавалёву.
Падляцела да парогу,
села ля дзвярэй галубка.
Тут кавальнік Ілмарынен
так сказаў і так прамовіў:
“Што табе, галубка, трэба,
чаго села на парозе?”
Адказала ад парога,
ад дзвярэй, яму галубка:
“Я прысела на парозе,
вестку добрую прынесла:
выйшаў маладзік на неба,
сонейка на волю выйшла.”
Сам кавальнік Ілмарынен
паглядзець на тое выйшаў.
Дзверы адчыніў у кузні,
потым паглядзеў угору:
месяц свеціцца ў небе,
і плыве ў небе сонца.
Вяйнямёйнена ўбачыў
і сказаў такія словы:
“Гэй, старэча Вяйнямёйнен,
песнапеўца векавечны!
Паглядзі на ясны месяц,
ды на сонейка ў небе!
Зноў яны ўжо на небе,
старадаўнім сваім месцы.”
Векамудры Вяйнямёйнен
паглядзець на тое выйшаў,
галаву падняў высока,
пільна паглядзеў угору:
месяц свеціцца ў небе,
і плыве ў небе сонца.
Паглядзеў так Вяйнямёйнен
і загаварыў паважна.
Ён сказаў такія словы,
так сказаў і так прамовіў:
“Я вітаю цябе, месяц,
тваё светлае аблічча,
цябе, сонейка, у небе,
зноў ты свеціш, залатое!
Выйшаў ты зь няволі, месяц,
выйшла сонейка зь няволі,
як зязюлька залатая,
нібы срэбная галубка,
на сваё былое месца,
старадаўнюю сцяжынку.
Узыходь ўранні, сонца,
ад сягоння і навекі!
Ты нясі здароўе людзям,
каб расло наша багацце,
каб ішла да нас здабыча,
а на вуды нашы – рыба!
Небам ты ідзі шчасліва,
ты ідзі вясёлым шляхам,
радасна канчай дарогу
ды адпачывай уночы!”
↑ Змест